viasna on patreon

У Віцебску прэзентавалі кнігу Алеся Бяляцкага "Іртутнае срэбра жыцця" (фота)

2014 2014-09-14T00:17:00+0300 2014-09-15T00:24:02+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-ales-srebra-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аўтар прыехаў у Віцебск разам з укладальніцай кнігі Аленай Лапцёнак. На сустрэчы ў "Еўрапейскім клубе" яны распавялі гісторыю стварэння зборніка эсэ, што былі напісаны ў зняволенні ў Бабруйскай калоніі, куды аўтар трапіў за праваабарончую дзейнасць.

 Кніга „Іртутнае срэбра жыцця. Пралог. Нататкі праваабаронцы” прысвечана праваабарончаму беларускаму і міжнароднаму руху, а таксама падзеям 2010 года ў Беларусі. У выданне ўвайшлі лісты з успамінамі ды развагамі, апісаныя працоўныя будні, а таксама падзеі, што папярэднічалі арышту праваабаронцы, міжнародныя паездкі.

Падчас сустрэчы Алесь Бяляцкі расказаў, што магчымасць пісаць гэтую кнігу істотна падтрымлівала яго ў турме: хоць часу на творчасць было няшмат, але сістэматызацыя падзеяў, што адбыліся пасля выбараў 2010 года, дапамагала яму засяродзіцца на рэчах, больш істотных для праваабаронцы, чымсьці наўкольны турэмны побыт. Паводле ўкладальніцы кнігі Алены Лапцёнак, свае нарысы Алесь Бяляцкі накіроўваў на волю ў выглядзе лістоў, і ўжо потым іх рыхтавалі да друку. Фактычна макет кнігі быў гатовы да канца 2013 года, але выдаць яе так хутка не ўдалося. Першую прэзентацыю зборніка эсэ планавалі арганізаваць у чэрвені гэтага года, і вялікай радасцю для сябраў і аднадумцаў стала тое, што аўтар 21 чэрвеня выйшаў на волю.

Як распавёў Алесь Бяляцкі, за час зняволення – амаль за 3 гады – ён атрымаў 40 тысяч лістоў ад сваіх аднадумцаў. Сярод тых, хто ліставаўся з былым палітвязнем, быў і гарадоцкі актывіст Леанід Гаравы. На прэзентацыю кнігі ён прыехаў таксама, і не з пустымі рукамі: прывёз слоік марынаваных грыбоў, згадаўшы, што ў адным з лістоў Алесь Бяляцкі пісаў пра тое, як хацелася б яму пахадзіць з кошыкам па грыбным лесе…

Прэзентацыя кнігі прайшла ў цёплай сяброўскай абстаноўцы, ахвотныя задавалі пытанні праваабаронцу, кожны прысутны атрымаў зборнік   "Іртутнае срэбра жыцця" у падарунак, і аўтар з задавальненнем раздаваў аўтографы старым і новым віцебскім сябрам.

А напрыканцы сустрэчы Алеся Бяляцкага папрасілі падпісаць плакат з уласным партрэтам і надпісам "Чакаем на волі", які вісіць у "Еўрапейскім клубе". Замест подпісу праваабаронца напісаў чырвоным маркерам усяго адно слова – "Вольны!" І сфатаграфаваўся на памяць пра гэтую віцебскую сустрэчу.

„Іртутнае срэбра жыцця. Пралог. Нататкі праваабаронцы” -- гэта другая кніга Бяляцкага, якая выйшла за час яго зняволення. Першая – «Асвечаныя Беларушчынай», за якую праваабаронцу 13 траўня ўзнагародзілі прэміяй імя Алеся Адамовіча. Рыхтуецца да выдання зборнік ягоных публіцыстычных твораў «Халоднае крыло Радзімы».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства