viasna on patreon

Брэст: улады знаходзяць новыя прычыны, каб не дазволіць “непажаданыя” акцыі

2014 2014-09-12T13:45:34+0300 2014-09-12T13:45:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vialichkin_uladzimir.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Правабаронца Уладзімір Вялічкін

Правабаронца Уладзімір Вялічкін

Паводле слоў мясцовага правабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, сёлета працэдура падачы заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства спрасцілася, аднак зладзіць пікет, лозунгі якога не даспадобы ўладам, прасцей не стала.

Зацверджаны Брэсцкім гарвыканкамам новы парадак правядзення масавых мерапрывемстваў ужо не прадугледжвае заключэнне дамовы з міліцыяй, калі арганізатары абавязуюцца самастойна забяспечыць правапарадак. Уладзімір Вялічкін лічыць, што дамагчыся гэтага атрымалася пасля скаргаў праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў на працягу мінулага года і сёлета.

Разам з тым, адзначае Вялічкін, застаюцца яшчэ дзве ўстановы, з якімі ахвотныя правесці мерапрыемства ў Брэсце мусяць заключыць дамову. Гэта - цэнтральная гарадская бальніца “хуткай дапамогі” і адміністрацыя парку культуры і адпачынку (калі справа тычыцца правядзення акцыі ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў). Такім чынам, паводле меркавання праваабаронцы, хаця працэдура падачы заяўкі сапраўды спрасцілася, аднак мясцовыя чыноўнікі ўсё роўна знаходзяць прычыны, каб не дазваляць “непажаданыя” акцыі. У прыватнасці, падчас падачы заяўкі на пікет, мэта якога была ў тым, каб прыцягнуць увагу да існавання палітычных вязняў у Беларусі, Уладзімір Вялічкін сутыкнуўся з абсурднай  сітуацыяй. “Я выканаў патрабаванні беларускага заканадаўства: падаў заяўку, далучыў дамову з медыкамі, але не змог атрымаць дамову за подпісам дырэктара парку. Ён адмовіўся гэта рабіць і напісаў на маёй заяве: "Падрыхтаваць дамову пасля дазволу на яго правядзенне гарадскім выканаўчым камітэтам", - кажа праваабаронца.

У выніку дазвол на тое, каб ладзіць пікет, не быў атрыманы, хаця адказ дырэктара парку супярэчыць самой працэдуры афармлення заяўкі на правядзенне масавага мерапрыемства. Затое фармальна ў гарвынканкаме спасылаюцца менавіта на адсутнасць дамовы з кіраўніцтвам парку, што нібыта з’яўляецца перашкодай, каб даць магчымасць правесці запланаваную акцыю. Уладзімір Вялічікн не выключае, што такі механізм улады будуць выкарыстоўваць і далей, каб пазбегнуць грамадскай актыўнасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства