«Небяспека заключаецца ў тым, што многія лідэры грамадзянскай супольнасці ў Данецк не вернуцца»

2014 2014-09-08T15:22:09+0300 2014-09-08T16:40:59+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sergey_tkachenko_kiu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Ткачэнка, праваабаронца і грамадскі дзеяч (Данецк)

Сяргей Ткачэнка, праваабаронца і грамадскі дзеяч (Данецк)

Сяргей Ткачэнка, кіраўнік Данецкай абласной арганізацыі Камітэта выбаршчыкаў Украіны - адной з самых аўтарытэтных НДА вобласці, у інтэрв'ю ПЦ "Вясна" распавёў, як зачышчалася грамадзянскае поле рэгіёну, дзякуючы чаму сепаратызм авалодаў розумам насельніцтва і якія крокі мусіць распачаць грамадзянская супольнасць пры вяртанні рэгіёну да звычайнага жыцця.

 

- Сяргей, Майдан ў Кіеве стаў кропкай адліку ў найноўшай гісторыі Украіны, паставіўшы перад кожным новыя выклікі. Распавядзіце, чым займалася Ваша арганізацыя да гэтых падзей.

- Наша арганізацыя працуе ў Данецкай вобласці з 1996 года. І калі да 2000-га асноўнай нашай мэтай было назіранне за выбарамі, праца, звязаная з выбарчымі кампаніямі, то з 2002 года ў нашых стратэгіях з'явілася праца па развіцці органаў мясцовага самакіравання, з іншымі дэмакратычнымі працэсамі, з'явіўся медыя-кірунак, была створана рэдакцыя грамадска-палітычных навінаў і гэтак далей. То бок выбары - гэта адзін з галоўных прыярытэтаў, але ўжо не адзіны. Безумоўна, за гэтыя гады мы сталі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх працэсаў, якія развіваліся на тэрыторыі Данецкай вобласці і да і пасля ўсіх гэтых падзей.

Тут трэба сказаць, што Данецкая вобласць вельмі спецыфічная, і гэтая спецыфіка адлюстравалася ў перыяд Майдана і вылілася ў працэсы, якія мы назіраем на ўсходзе Украіны ў дадзены момант. Гэтая спецыфіка, у першую чаргу, тлумачылася тым, што ў Данецкай, Луганскай абласцях сфармаваўся кангламерат мясцовых элітаў, сімбіёз органаў мясцовага самакіравання, дзяржаўнай улады, міліцыі, пракуратуры (я кажу пра перыяд да Майдана), палітычных партый, якія падтрымлівалі гэты працэс. Практычна супрацьстаяць сістэме ціску простыя грамадзяне і многія грамадскія арганізацыі папросту не маглі. Гэтая сістэма вельмі многіх выціскала з тэрыторыі рэгіёну і папросту забівала актыўнасць, матывацыю людзей што-небудзь мяняць, змагацца за ўласныя правы.

- Наколькі Ваша праца змянілася з пачаткам Майдана, што гэтыя падзеі прынеслі ў Вашу дзейнасць?

- Спецыфіка нашай працы заключалася ў тым, што ўсе праграмы, датычныя назірання за выбарамі, развіцця дэмакратычных працэсаў, на працягу апошніх некалькіх гадоў сутыкаліся з жорсткім супрацьстаяннем, мы пастаянна ўваходзілі ў канфлікт з органамі дзяржаўнай улады ў Данецкай вобласці. Яшчэ задоўга да гэтых падзей у нас былі праграмы, якія мелі значную падтрымку на ўзроўні органаў мясцовага самакіравання гарадоў і раёнаў вобласці, мы праводзілі конкурсы міні-грантаў для грамадскіх арганізацый і ініцыятыўных групаў грамадзян. То бок сацыяльныя праекты, якія не ўваходзіліў разрад супрацьстаяння, не выяўлялі ўсялякія карупцыйныя схемы і да таго падобнае, віталіся органамі мясцовага самакіравання, органамі дзяржаўнай улады. Таму першае, што адбылося, - усе гэтыя сацыяльныя праграмы спыніліся.

Адбылася рэзкая катэгарызацыя грамадства, дзяржорганы сталі рэзкімі ў дачыненні да большасці грамадскіх арганізацый, вярнулася старое пазіцыянаванне нас як грантажораў, агентаў замежных спецслужбаў. Гэтая рыторыка вельмі моцна прагрэсавала, укаранялася ў сродках масавай інфармацыі. Казаць пра тое, што ў нас былі нейкія агульныя падыходы, узаемаразуменне, ужо не даводзілася. Калі ты не быў прадзяржаўнай грамадскай арганізацыяй - ты быў ворагам. Адбылося рэзкае дзяленне на сваіх і чужых. І тут ужо казаць пра нейкія сацыяльныя праграмы не выпадала, наша асноўная ўвага сканцэнтравалася на барацьбе з рэжымам. Майдан, затым лютаўскія законы, што прызнавалі нас шпіёнамі, замежнымі агентамі, і далей - гэта ўжо было супрацьстаянне.

- Як гэта адбілася на стаўленні насельніцтва да Вашай арганізацыі?

- Гэтая катэгарызацыя з боку органаў дзяржаўнай улады моцна паўплывала на стаўленне да нас насельніцтва. Тут таксама адбыўся нейкі разлом. Людзі, якія падтрымлівалі дзеючую ўладу, трымаліся за Януковіча і Партыю рэгіёнаў як за знешнюю апору, былі напалоханыя сітуацыяй, якая склалася. Зноў-такі, чым Данецкая вобласць адрозніваецца ад іншых: жыхары рэгіёну вельмі моцна прывыклі разлічваць на знешнія апоры. У свой час, пасля Савецкага Саюза і Камуністычнай партыі, гэтымі апорамі былі кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў, на якіх яны працавалі, такімі былі мясцовыя мэры. Гэта значыць, людзі перасталі думаць самастойна, увесь час чакалі, што ім пакажуць, каго трэба любіць, каго трэба слухаць. Сістэма, якая скалалася, пастаянна насаджала такія стэрэатыпы, і людзі ўспрымалі іх натуральна, ведалі, што за іх растлумачаць, як неабходна паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі. І калі Януковіч уцёк, а Партыя рэгіёнаў рухнула, зніклі гэтыя знешнія апоры - насельніцтва перастала разумець, каму давяраць, на каго арыентавацца, а знайсці апору ў сабе не магло, таму што ніколі гэтага не рабіла. Давяраць уласным меркаванням, рабіць уласны аналіз сітуацыі не атрымліваецца, а звонку ўжо ніхто не даваў арыенціраў. Такім чынам унутры большасці людзей арганізавалася чорная дзірка, якую заняў сепаратысцкі рух, што мы зараз назіраем на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей. У большай ступені гэтым тлумачыцца той факт, што частка насельніцтва ўспрыняла ідэі сепаратызму.

- У часы Майдана ў Данецку таксама праходзілі акцыі...

- На жаль, яны былі не настолькі шматлікія, як у іншых рэгіёнах. Падчас кіеўскага Майдана мясцовыя эліты яшчэ былі ў росквіце сілаў - яны пераважалі, яны вызначалі парадак дня, яны прыкладалі ўсе магчымыя намаганні (у прыватнасці, абласная адміністрацыя і губернатар Шышацкі), каб дыскрэдытаваць удзельнікаў грамадскіх рухаў, якія прымалі ўдзел у данецкіх акцыях у падтрымку Майдана. І супрацьстаяць на той момант гэтай машыне было даволі складана. Таму што мясцовыя эліты - гэта спайка крыміналітэту, органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання, сілавых ведамстваў. Ганенні на ўдзельнікаў праўкраінскіх акцый у Данецкай вобласці былі з боку Службы бяспекі Украіны, пракуратуры, падлучаліся ўсякія крымінальныя элементы, якія збівалі актывістаў, аблівалі зялёнкай і гэтак далей. Вядома, псіхалагічна быў вельмі дзікі прэсінг, калі ты разумеў, што не абаронены нікім і разлічваць можна толькі на сябе, сваіх сяброў і калегаў.

- Наколькі змянілася сітуацыя ў рэгіёне пасля перамогі кіеўскага Майдана?

- Калі казаць пра нейкія пераломныя моманты, то сітуацыя ў сакавіку-месяцы прадэманстравала, наколькі гэтая дзяржаўная рэпрэсіўная машына – якая ўяўлялася вельмі моцнай, маналітнай, са ўседазволенасцю паглыналаўсюсвабодную прастору - эфемерная. Усё рухнула вельмі хутка. І пачалася мімікрыя. Прадстаўнікі дзяржорганаў і мясцовага самакіравання, якія да гэтага душылі ўсё іншадумства, у першую чаргу пачалі прыстасоўвацца пад сітуацыю. Ціск на грамадзянскіх актывістаў з іх боку рэзка зменшыўся. Але ўзнікла іншая паніка. Многія лідэры органаў мясцовага самакіравання пачалі спрабаваць маніпуляваць натоўпам, насаджаючы ў дачыненні да Кіева фармулёўку "хунта". Псіхоз з нагоды «Правага сектара», які прыедзе і будзе захопліваць органы дзяржаўнай улады, абладміністрацыі, доўжыўся некалькі тыдняў. Тады міліцыя, актывісты стаялі ў ачапленні абласной адміністрацыі, а іх увесь час кармілі інфармацыяй у стылі «едуць восем аўтобусаў«Правага сектара»з Кіева і цяпер яны захопяць адміністрацыю». Масавы псіхоз нагнятаўся, нагнятаўся, нагнятаўся, але ў выніку лопнуў, як мыльная бурбалка. І на глебе гэтых застрашаючых чаканняў, маральнага, псіхалагічнага знемажэння пачалі прарастаць ідэі сепаратызму. У часткі прадстаўнікоў мясцовых элітаў з’явіліся мэсэджы аб федэралізацыі. Што тычыцца праўкраінскі сілаў, то ў лютым - пачатку сакавіка яны нядрэнна кансалідаваліся. Даволі маштабныя праўкраінскі мітынгі пачалі праходзіць па ўсёй Данецкай вобласці. І калі ўзяць непасрэдна Данецк, то ў пачатку сакавіка там быў росквіт кансалідацыі праўкраінскі сілаў. На плошчы Леніна ў цэнтры Данецка збіралася да 10 тысяч чалавек з украінскай сімволікай - для Данецка гэта было нечувана з часоў незалежнасці. І на гэты момант пад украінскімі сцягамі ўжо выходзілі і бізнесмены, і сябры Партыі рэгіёнаў, і грамадскія арганізацыі - усе, хто разумеў, у чым заключаецца пагроза для Данбаса, для ўсёй Украіны. Так было да трагічных падзей, калі пачалося непасрэднае супрацьстаянне з прарасійскімі актывістамі, якія заехалі ў масавай колькасці з тэрыторыі Расіі.

- Як дзейнічалі НДА ў Данецкай вобласці да абвяшчэння ДНР і пры якіх абставінах былі вымушаныя згарнуць сваю працу?

- Як я ўжо сказаў, Данецкую вобласць вельмі складана параўноўваць з усёй Украінай. Лік грамадскіх арганізацый праваабарончага плана, якія займаліся пытаннямі дэмакратызацыі, ішоў не на сотні, што можна сказаць аб іншых рэгіёнах краіны, гэта былі дзясяткі па тэрыторыі ўсёй вобласці. На момант, калі большая частка грамадскіх актывістаў засяродзілася на правядзенні вулічных масавых мерапрыемстваў, пікетаў, мітынгаў, ужо пачалася агрэсія і многія з іх пачалі пакутаваць фізічна. 13 сакавіка ў сутыкненнях з прарасійскімі актывістамі пасля мітынгу на плошчы Леніна быў забіты грамадскі актывіст Зміцер Чарняўскі, больш за 35 чалавек атрымалі калецтвы. І з гэтага моманту людзі сталі з'язджаць. Спачатку нешматлікія, таму што ўзровень псіхалагічнай абароненасці ў кожнага розны.

Дэканцэнтрацыя грамадзянскіх актывістаў у Данецкай вобласці адбывалася ў некалькі этапаў. У сярэдзіне сакавіка была першая хваля - з'язджалі ў асноўным тыя, хто пацярпеў на плошчы Леніна, стоячы ў ачапленні народнай самаабароны. Многія актывісты з'ехалі на працягу красавіка-траўня, таму што ўжо не адчувалі сябе ў бяспецы і асцерагаліся за свае сем'і.

Працяг інтэрв'ю - 9 верасня.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international