Пракурор Магілёўскай вобласці лічыць, што кандыдата ў дэпутаты на выбарчым участку затрымлівалі правільна

2014 2014-09-04T12:19:29+0300 2014-09-04T12:19:29+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/karankevich-hocim.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч 3 верасня атрымаў адказ на сваю скаргу, якую ён накіроўваў у Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь, перанакіраваную ў пракуратуру Магілёўскай вобласці.

У лісце за подпісам пракурора Магілёўскай вобласці Аляксандра Чадзюка актывісту паведамілі, што яго скарга на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў Хоцімскага РАУС па затрыманні і дастаўцы ў раённы аддзел унутраных спраў, разгледжана пракуратурай Магілёўскай вобласці з вывучэннем матэрыялаў праверкі.

“Устаноўлена, што 23.03.2014 каля 20-00 Вы былі затрыманы і дастаўлены супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС у памяшканне раённага аддзела ўнутраных спраў для апытання падчас праверкі па заяве Тамашова М. В. аб прыцягненні Вас да адказнасці за паклёп.

Указаныя дзеянні былі выкліканы тым, што Вы ўхіляліся ад законных патрабаванняў аб яўцы ў РАУС для дачы тлумачэнняў па сутнасці выкладзенага ў звароце Тамашова М. В. факта”, - піша Аляксандр Чадзюк.

Па выніках разгляду скаргі спадара Каранкевіча пракурор Магілёўскай вобласці прыйшоў да высновы, што падстаў для вынясення актаў пракурорскага нагляду не маецца. Ён таксама паведаміў актывісту, што той мае права абскардзіць прынятае рашэнне ў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

“Я не вельмі верыў у справядлівы разгляд маёй скаргі пракурорам Магілёўскай вобласці ад самага пачатку, - кажа Валерый Каранкевіч. - Я падаваў скаргу на імя Генеральнага пракурора, бо спадзяваўся, што хоць там адбудзецца нейкі яе справядлівы разгляд, аднак скаргу перанакіравалі ў пракуратуру Магілёўскай вобласці. Што ж, пасля разгляду скаргі пракурорам Магілёўскай вобласці я не магу пагадзіцца з яго высновамі, зараз буду падаваць яшчэ адну скаргу ў Генеральную пракуратуру і запісвацца на асабісты прыём да яе кіраўнікоў”.

Валерыя Каранкевіча вельмі абурае тое, што Аляксандр Чадзюк у чарговы раз паўтарае аргумент пра неабходнасць яго тэрміновай дастаўкі ў РАУС непасрэдна з выбарчага ўчастка.

“Я ні ад каго не хаваўся, не ўхіліўся ад сустрэчы з супрацоўнікамі міліцыі, яны мяне нікуды не выклікалі да гэтага інцыдэнта, а тут яны хуценька забіраюць мяне непасрэдна з выбарчага ўчастка проста перад пачаткам падліку галасоў, і пракурор Магілёўскай вобласці пры гэтым лічыць дзеянні супрацоўнікаў хоцімскай міліцыі правільнымі, - абураецца Валерый Каранкевіч. – Я ж лічу, што ўсё гэта скіравана на тое, каб запалохаць актывістаў і запэўніць супрацоўнікаў міліцыі ў іх беспакаранасці, бо ў наступным годзе павінны адбыцца прэзідэнцкія выбары. Супрацоўнікі хоцімскай міліцыі без усялякіх падстаў затрымлівалі мяне і на парламенцкіх выбарах 2012 года, і на выбарах у мясцовыя Саветы ў гэтым годзе, і пракуратура пастаянна лічыць іх дзеянні законнымі, я ж магу гэтаму толькі здзіўляцца”.

Нагадаем, што 23 сакавіка каля 20-00 кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 Валерый Каранкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС на Інтэрнацыянальным выбарчым участку №3 у Хоцімску. Двумя супрацоўнікамі мясцовай міліцыі ў чыне маёра кандыдат у дэпутаты быў дастаўлены ў Хоцімскі РАУС, дзе яго ўтрымлівалі каля 40 хвілін без складання пратакола затрымання, а пасля адпусцілі. Падставай для тэрміновага затрымання супрацоўнікі назвалі заяву на адрас Каранкевіча з боку сябра акруговай выбарчай камісіі Хоцімскай выбарчай акругі №54 Мікалая Тамашова. З-за незаконнага затрымання Валерый Каранкевіч не змог прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэняў.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international