Уладзімір Хільмановіч: "Права на жыццё"

2014 2014-09-03T09:49:10+0300 2014-09-03T09:49:10+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/hilmanovich_uladzimer.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Хільмановіч. Фота: svaboda.org

Уладзімір Хільмановіч. Фота: svaboda.org

Тыдні паўтары таму мне давялося забіраць рэчы расстралянага чалавека. Забіраць разам з яго маці, ад чаго гэта было асабліва цяжка псіхалагічна. Забойства аднаго чалавека нельга выправіць смерцю іншага. Гэта ў старым запавеце быў прынцып “вока за вока, зуб за зуб”. Цяперашні хрысціянскі свет жыве пераважна паводле евангельскіх прынцыпаў Новага запавету. Смяротнае пакаранне ліквідавана ў Еўропе ўсюды. І толькі Рэспубліка Беларусь застаецца апошняй выспай дзікай расправы над злачынцамі, узорам сярэднявечнага дзікунства.
Мабільныя тэлефоны, пустое партманэ, плыты і касеты расстралянага, нарэшце ягоныя дзяга і пантофлі… Дзве кардонныя скрынкі рэчаў, якія застаюцца маці. Сама яна дагэтуль не верыць, што яе сын здзейсніў такое страшнае злачынства. У гэта сапраўды цяжка паверыць, калі чытаеш ягоныя лісты, якія ён пісаў ужо ў зняволенні, чакаючы спярша найгоршага прысуду, а пасля непазбежнага яго выканання. “Убыл по приговору” – так гэта называецца на іхняй нялюдскай мове, якая заўсёды камуфлюе і скрывае сапраўдны сэнс з’явы. Дзейснае заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае ня толькі расстрэл за асабліва цяжкія злачынствы, у ім закладзены таксама фактычнае катаванне блізкіх падсуднага. Цела расстралянага паводле яшчэ сталінскага палажэння закону сваякам не аддаецца, а месца яго пахавання таксама не паведамляецца. У дзяржаве, якую цяжка назваць прававой, гэта можа спараджаць розныя домыслы – ці сапраўды расстралялі чалавека, ці не выкарысталі яго цела для нейкіх доследаў, у анатамічных мэтах? А з іншага боку спараджае ў сваякоў асуджанага на смерць ілюзорную надзею на тое, што ён жывы. Сапраўды вельмі жорсткі від псіхалагічнага катавання!..
Ня ведаю як вялося следства ў канкрэтным выпадку, але нават беглы агляд зместу калекцыі музыкі гэтага засуджанага на смерць маладога хлопца прыводзіць да высновы, што з псіхікай у яго былі праблемы, што здаровы чалавек такога слухаць ня будзе. А псіхічна хворых нельга забіваць, іх трэба ізаляваць ад грамадства, але ніяк не забіваць. Але закон фактычна не пакідае выбару суддзю.
Пакаранне смерцю ніколькі не змяншае зло, а толькі памнажае яго і павялічвае нянавісць. Як адчувае сябе пасля абвешчання такога прысуду суддзя, які нібыта ўсяго толькі выканаў заканадаўства, што яму сніцца, як адбіваюцца на ім праклёны іншых? А нехта ж мусіць яшчэ націснуць курок, скіраваўшы рулю агнястрэльнай зброі ў патыліцу засуджанага да смерці. Колькі такіх прысудаў выканае гэты чалавек, што будзе ўрэшце з яго псіхікай праз пэўны час? Ну і канешне імавернасць судовых памылак. Аднаго гэтага аргуманту, як мне падаецца, дастаткова для таго, каб адмяніць смяротнае пакаранне, ц прынамсі абвесціць на яго мараторый. Ужо наколькі адладжаная судовая сістэма ЗША, дзе таксама ў многіх штатах дагэтуль практыкуецца смяротнае пакаранне. Але і там было афіцыйна агучана, што за 80 гадоў на электрычнае крэсла паслалі каля 20 нявінных ахвяраў.
Еўропа сапраўды адмовілася юрыдычна ад смяротнага пакарання. Толькі такая прырода чалавечай супольнасці, што яна ніяк ня можа навучыцца жыць без знішчэння сабе падобнага. З’явіліся вычварэнскія плыні, якія наўпрост ідуць супраць усіх законаў прыроды, супраць Божага провіду, супраць звычайнай чалавечнасці. І вось ужо на поўным сур’ёзе цягнуць на разгляд законапраекты, якія прадугледжваюць забарону жанчынам нараджаць да дасягнення пэўнага тэрміну гадоў. Прапаноўваецца стэрылізацыя і іншыя злачынствы. Пра аборты тут ужо і не кажу – тыя, што некалі нарадзіліся самы адмаўляюць у праве з’явіцца на свет іншаму чалавеку. Маштабы гэтай з’явы проста прыводзяць у жах. Так што, на жаль, нічога не мяняецца ў прыродзе чалавека праз стагоддзі. Людзі, якія самы хочуць жыць і жыць доўга, адмаўляюць у гэтым праве іншым. Але думаць пра гэта звычайна не хочуць…

З блогу Уладзіміра Хільмановіча на Радыё Рацыя.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international