Сутычка вакол нелегалаў

2014 2014-08-28T13:41:32+0300 2016-05-26T21:34:01+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/lojka_nasta.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Наста Лойка

Праваабаронца Наста Лойка

Даклад «Аспекты ўтрымання затрыманых мігрантаў у Беларусі», які ўказаў на балючыя кропкі становішча мігрантаў у нашай краіне, прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта назваў «аналітычным махлярствам».

Сярод асноўных праблемных пытанняў, адзначыла ў інтэрв'ю сайту Naviny.by юрыст "Вясны" Наста Лойка, - абмежаваны доступ да інфармацыі, звязанай з становішчам мігрантаў, зняволеных перш за ўсё па нормах міграцыйнага заканадаўства; дрэнныя ўмовы і працяглы тэрмін утрымання мігрантаў ва ўстановах разам з іншымі арыштаванымі; непразрыстасць працэдурных момантаў і абмежаванасць у працэсуальных правах; закрытасць ад грамадскасці дзейнасці дзяржорганаў і спецыялізаваных арганізацый, як мясцовых, так і міжнародных.

Прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка ў каментары для БелаПАН назваў даклад «павярхоўным, далёкім ад праблемаў і нюансаў». «Людзі, якія склалі яго, далёкія ад тэмы, яны не ўяўляюць, што яны аналізуюць. Дадзеных няма - ні фактычных, ні статыстычных. Трэба было хаця б пагутарыць з міжнароднымі і грамадскімі арганізацыямі, якія займаюцца гэтай праблематыкай, калі няма даверу да дзяржаўных структураў», - заявіў Цішчанка.

Паводле яго, пра якую прэзумпцыі невінаватасці замежнікаў можа ісці гаворка, калі іх «здымаюць з сігналізацыйных комплексаў пры спробе незаконнага перасячэння мяжы», калі затрымліваюць ва ўнутраных рэгіёнах без дакументаў, без рэгістрацыі, як парушальнікаў міграцыйнага заканадаўства. Прэтэнзіі адносна працяглага знаходжання затрыманых ва ўстановах тыпу Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску ён таксама называе абсалютна неабгрунтаванымі. Цішчанка падкрэслівае, што тэрмін знаходжання там нелегальных мігрантаў у першую чаргу залежыць ад аператыўнасці прадастаўлення звестак аб нелегалах, якія, як правіла, не маюць дакументаў, з краін іх зыходу.

Пасля затрымання замежнікаў інфармацыя пра іх накіроўваецца ў амбасады і міжнародныя арганізацыі. «Усё залежыць ад таго, як аператыўна спрацуе адміністрацыйная машына дзяржавы-зыходу, - адзначыў прэс-сакратар Дзяржпамежкамітэта. - Ніхто не зацікаўлены ўтрымліваць іх тут за дзяржаўны кошт».

А адносна ўмоў утрымання мігрантаў Цішчанка задаўся пытаннем: чаму, калі яны з'яўляюцца правапарушальнікамі, умовы для іх, напрыклад, у ЦІП, павінны быць лепш, чым для мясцовых хуліганаў, якія з'яўляюцца такімі ж правапарушальнікамі?

Наста Лойка кажа, што, мяркуючы па «бурнай рэакцыі, высновы дакладу тычацца нейкіх балючых момантаў». З некаторымі заўвагамі Дзяржпамежкамітэта яна гатовая пагадзіцца, бо аўтары дакладу сапраўды не прыводзілі статыстычных дадзеных і не згадвалі канкрэтныя факты: "Не ставілася задача прааналізаваць усе аспекты, якія датычацца затрымання нелегальных мігрантаў у Беларусі, паколькі у цяперашні момант гэта немагчыма. Мы спыніліся на працэдуры затрымання і на тым, з-за чаго залежыць, колькі затрыманыя прабудуць у ЦІП, які іх статус. Мы сутыкнуліся з тым, што затрыманым мігрантам немагчыма перадаць перадачу, атрымаць пра іх інфармацыю. Умовы ўтрымання іх вельмі дрэнныя, іх можна расцэньваць як нечалавечыя".

Што тычыцца праблемы несвоечасовага прадастаўлення інфармацыі з боку іншых дзяржаў, то Лойка адзначыла, што гэта сапраўды мае месца. Аднак цяжка пагадзіцца, сказала яна, з тым, што замежных грамадзян, якіх затрымліваюць як нелегалаў, можна параўноўваць са звычайнымі правапарушальнікамі: «Вельмі часта гэтых людзей спыняюць па прыкмеце нетыповай знешнасці, не знаходзяць пры іх дакументаў і затрымліваюць да высвятлення асобы. Да гэтага часу па нашых дадзеных у цэнтры часовага ўтрымання правапарушальнікаў утрымліваюцца грамадзяне Бангладэш, затрыманыя ў траўні падчас Чэмпіянату свету. Незразумела, што страшнага яны здзейснілі, каб для высвятлення асобы знаходзіцца ў такіх дрэнных умовах больш за тры месяцы».

Спецыяльных цэнтраў для ўтрымання замежных грамадзян у Беларусі няма. Тое, што іх ўтрымліваюць у дрэнных умовах, «безумоўна, віна дзяржавы», - кажа праваабаронца.

Лойка падкрэсліла, што не можа служыць апраўданнем заява, што ў такіх жа дрэнных умовах трымаюць і беларускіх правапарушальнікаў: «Сам факт перамяшчэння асобаў не можа расцэньвацца як правапарушэнне. Безумоўна, у выпадку незаконнага перасячэння мяжы Рэспублікі Беларусь неабходна разбіральніцтва, аднак не трэба гэтых людзей прыраўноўваць да злачынцаў». Юрыст таксама канстатавала, што ў ЦІП правы замежных грамадзян значна абмяжоўваюцца, «бо людзі часта не ведаюць мовы, да іх няпроста трапіць як перакладчыкам, так і адвакатам». Затрыманыя замежнікі ў такой сітуацыі не могуць нешта патрабаваць, пісаць скаргі - яны папросту не ведаюць сваіх правоў.

«Мы лічым, што для паляпшэння ўмоў утрымання і забеспячэння замежным грамадзянам хаця б такіх правоў пры затрыманні, як беларускім, у Беларусі нічога не робіцца. Гэта можна расцэньваць як стварэнне для замежных грамадзян дыскрымінацыйных умоваў», - склала Наста Лойка.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international