У Віцебску забаранілі пікет да 60-годдзя Аляксандра Лукашэнкі

2014 2014-08-27T23:27:23+0300 2014-08-27T23:27:23+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/luka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заяўку на акцыю ў адміністрацыю Кастрычніцкага раёну падаваў "урач-праўдаруб" Ігар Пастноў. Ён выканаў усе патрабаванні, рэгламентаваныя рашэннем гарвыканкаму "Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску", але дазволу так і не атрымаў.

У лісце з Кастрычніцкай раённай адміністрацыі напісана, што патрабаванні рашэння гарвыканкаму №881 заяўнік выканаў не ў поўным аб'ёме. Паводле Ігара Пастнова, ён зрабіў усё, што ад яго патрабавалася. Падаў заяўку на акцыю, але сутыкнуўся з даўняй праблемай арганізатараў масавых масавых мерапрыемстваў – неадпаведнасцю патрабаванняў выканкаму рэальнай сітуацыі.

"Заяўнік мусіць прадставіць раённай адміністрацыі дамовы на абслугоўванне пікету супрацоўнікамі ЖКГ, гарадской паліклінікай і міліцыяй. Я звярнуўся ва ўсе гэтыя структуры па дамовы, але станоўчы адказ атрымаў толькі ад камунальшчыкаў: прадпрыемства "Зеленгас", якое займаецца ўборкай гарадской тэрыторыі, заключыла са мной дамову.

З паліклінікі мне адказалі дзіўна – што не займаюцца арганізацыяй масавых мерапрыемстваў, хаця я і не прасіў іх нічога арганізоўваць. Мне параілі звярнуцца ў раённую адміністрацыю – маўляў, акцыямі займаюцца яны. Накіравалі зноў туды, куды я і мусіў прадставіць дамову. З міліцыі адказалі яшчэ больш дзіўна: напісалі, што аховай правапарадку ў любой якасці займаюцца без усялякіх дамоў, бо гэта прафесійны абавязак міліцыянераў. Такім чынам, з паліклінікай і міліцыяй, якія згаданы ў рашэнні выканкаму як другі бок, з якім трэба заключыць дамову, супрацоўніцтва не атрымалася. Але – не па маёй віне, я зрабіў усё, што прапісана ў рашэнні аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў", -- распавёў Ігар Пастноў.

Ён збіраўся 30 жніўня або ў бліжэйшы пасля гэтай даты выходны дзень правесці аднаасобную акцыю - выйсці з плакатам "Спасибо Батьке за нашу счастливую жизнь!". Апрача гэтага, на плакаце ён хацеў размясціць фотаздымак свайго разлікловага квітка з сумай заробку, а таксама фотаздымкі палат у віцебскіх шпіталях.
Гэтая ідэя, відавочна, не магла быць упадабанай раённай адміністрацыяй. Але забаранілі акцыю не па ідэалягічных, а па фармальных прычынах. Па тых самых, што ў апошнія некалькі гадоў перыядычна пералічваюцца ў забаронах іншым віцебскім актывістам, - на падставе адсутнасці дамоў з медыкамі, міліцыяй і камунальнікамі.

Давесці чыноўнікам, што рашэнне выканкаму невыканальнае, бо дамовы з актывістамі заключаць не хочуць менавіта згаданыя службы, не ўдаецца ні праз суды, ні падчас сустрэч з прадстаўнікамі ўлады, ні іншым чынам. Прыкладам, два месяцы таму некалькі дзесяткаў жыхароў абласнога цэнтру падпісаліся пад калектыўным лістом у Савет Міністраў з просьбай паспрыяць змяненню рашэння Віцебскага гарвыканкама №881 "Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску" ды ініцыяваць зварот у Канстытуцыйны суд дзеля праверкі адпаведнасці гэтага дакумента Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Але Саўмін адмовіў без аніякіх тлумачэнняў. Абласному каардынатару Руху "За Свабоду"Хрыстафору Жаляпаву, які атрымаў адмову як ініцыятар збору подпісаў, прыйшоў і яшчэ адзін ліст – з Міністэрства юстыцыі. Там гаворыцца, што мясцовыя ўлады могуць самі ўсталёўваць парадак звароту па дазволы на вулічныя акцыі. Таму ў розных рэгіёнах прадугледжаны ўладамі парадак адрозніваецца, і няблага было б унесці нейкія змены і больш дакладныя фармулёўкі ў закон аб масавых мерапрыемствах. Але нічога не сказана, ці будзе міністэрства ініцыяваць гэтыя змены. А пакуль віцябляне ўжо пяты год не могуць рэалізаваць свае правы на публічнае выказванне меркаванняў і свабоду мірных сходаў.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international