Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Ліпень 2014 года

2014 2014-08-10T15:55:00+0300 2014-08-20T16:21:58+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У ліпені захоўвалася стабільна цяжкая сітуацыя з правамі чалавека, нязменным заставаўся сістэмны і сістэматычны характар іх парушэнняў. Скрайне лімітаванымі былі магчымасці рэалізацыі грамадзянскіх і палітычных правоў, сярод якіх найбольшыя праблемы фіксаваліся са свабодай выказвання меркаванняў і свабодай сходаў, ужываліся адвольныя затрыманні і арышты, судовая сістэма заставалася залежнай ад выканаўчай улады.

 

Прынцыпова нявырашанай заставалася праблема палітычных зняволеных, нягледзячы на заўважнае пацяпленне ў стасунках Еўрапейскага Саюза і беларускага афіцыйнага боку, пачатак перамоваў па некаторых пытаннях пры захаванні ранейшай рыторыкі пра праблеме палітвязняў. 9 ліпеня адбылося скарачэнне санкцыйнага спісу адносна васьмі беларускіх службовых асоб, уезд якім на тэрыторыю Еўрасаюза быў забаронены. Адначасова ў спіс быў дададзены суддзя шклоўскага раённага суда Віталь Волкаў, які ў студзені 2012 года прыняў рашэнне аб пераводзе экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча ў турму закрытага тыпу ў Магілёве на падставе таго, што Статкевіч нібыта парушаў правілы зняволення ў папраўчай калоніі № 17 Шклова. "Дадзенае рашэнне прывяло да парушэння правоў Статкевіча, у тым ліку пазбаўлення сну і пагрозе здароўю", - адзначалася ў афіцыйным паведамленні ЕС. Кіраўнік дэпартамента палітыкі, інфармацыі і прэсы прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Рудольф Рышар заявіў, што выключэнне шэрагу чыноўнікаў з абмежавальнага спісу не азначае змены палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі. На прамое пытанне, ці звязана скарачэнне чорнага спісу з нядаўнім вызваленнем праваабаронцы Алеся Бяляцкага, Рышар адказаў адмоўна. Адмену санкцый у дачыненні да васьмі чалавек еўрапейскі дыпламат растлумачыў так: "Больш няма прычын для знаходжання гэтых асоб у спісе асоб і арганізацый, на якіх распаўсюджваюцца абмежавальныя меры". "Рашэнне аб выключэнні гэтых асоб не адлюстроўвае якое-небудзь змяненне ў палітыцы ЕС у адносінах да Беларусі, як яна выкладзена ў Высновах Савета ЕС ад 15 кастрычніка 2012 года: ЕС працягвае палітыку крытычнага ўзаемадзеяння з Беларуссю, уключаючы палітыку абмежавальных мер, з тым каб спрыяць захаванню правоў чалавека, вяршэнства закона і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі ", - падкрэсліў Рышар. Паводле яго слоў, ЕС па-ранейшаму патрабуе ад беларускіх уладаў "вызваліць усіх палітычных зняволеных і аднавіць іх у іх грамадзянскіх і палітычных правах". На пытанне, ці вядуцца ў цяперашні час кансультацыі з беларускім бокам аб далейшых кроках па выкананні патрабаванняў ЕС, Рышар адказаў: "Абмеркавання з беларускім бокам ідуць рэгулярна. У ходзе гэтых абмеркаванняў ЕС нагадвае пра сваю пазіцыю па пытанні палітычных зняволеных".
У гэтым жа рэчышчы выказаўся і міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус 25 ліпеня падчас працоўнага візіту ў Беларусь, мэтай якога была магчымасць абмеркаваць беларуска-літоўскія адносіны і «той дыялог, які вядзецца паміж Беларуссю і Еўрасаюзам». Л. Лінкявічус адзначыў, што паміж ЕС і беларускімі ўладамі захоўваюцца “такія праблемы, якія доўгі час не вырашаюцца. Але ўсё ж ёсць некаторыя пазітыўныя, скажам, моманты з нашага пункту гледжання. Усё яшчэ не вырашанае пытанне палітзняволеных, якое мы заўсёды ўздымаем, але вызваленне Алеся Бяляцкага мы лічым крокам у пазітыўны бок». Як паведаміў Лінкявічус, пытанне аб вызваленні беларускіх палітзняволеных уздымалася на яго сустрэчах з прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. «Трэба яшчэ некалькі захадаў зрабіць, каб зняць важную перашкоду (наяўнасць палітзняволеных), якая замінае дыялогу і таму, каб мы маглі выкарыстоўваць нашы адносіны на карысць, для эканамічных, культурных і іншых сувязяў». 
Такім чынам, найбольш важкі ў пытанні палітвязняў знешні фактар прынцыпова не змяніў сітуацыю з палітычнымі зняволенымі. За кратамі працягвалі ўтрымлівацца Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч і Васіль Парфянкоў. Беларускія ўлады не прадэманстравалі палітычнай волі адносна іх вызвалення, а прававыя інструменты заставаліся для іх недаступнымі.

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

 

5 ліпеня Марына Лобава паведаміла пра тэлефанаванне яе сына, палітвязня Эдуарда Лобава, з івацэвіцкай калоніі. Падчас званку дамоў Эдуард Лобаў распавёў, што завершыў навучанне на электра-газа-зваршчыка, паспяхова здаў экзамен і атрымаў дыплом, які ў яго адразу забралі. Паводле ўнутраных правілаў, дакументаў у зняволеных на руках не можа быць, дыплом павінны аддаць падчас вызвалення. 17 ліпеня адбылося кароткатэрміновае спатканне Марыны Лобавай з сынам цягам дзвюх гадзін праз шкло па тэлефоне. Эдуард на ўмовы ўтрымання не скардзіўся. Яму была перададзены прадуктовая перадача, у тым ліку -- гародніна і садавіна.

 

7 ліпеня актывістка і рэжысёр Вольга Мікалайчык паведаміла са спасылкай на ліст палітвязня Васіля Парфянкова, што яго пакаралі ШЫЗА на 5 сутак за адмову выйсці на «добраахвотныя працы». Паводле звестак ад Васіля Парфянкова, ён шмат чытае, слухае радыё, а тэлевізара ў ягонай камеры няма. Палітвязню забаронена атрымліваць газеты па падпісцы, але яму дасылаюць свае выданні рэдакцыі «Нашай Нівы» і «Новага часу». 26 ліпеня бацька В. Парфянкова паведаміў, што сям'я мае праблемы з перапіскай са зняволеным. У апошнім лісце, атрыманым у сярэдзіне ліпеня, Васіль Парфянкоў напісаў, што апошні ліст ад бацькоў атрымаў 30 красавіка, а адпраўленыя 5 траўня заказным лістом газеты не атрымаў увогуле.

 

12 ліпеня Валерыя Хоціна, жонка палітвязня Мікалая Дзядка, паведаміла, што яе муж перанёс аперацыю ў магілёўскай турме -- яму вырвалі пазногаць, які вырывалі ўжо двойчы, але калі ён зноў адрастае, то ўзнікае запаленне. Палітвязень папрасіў родных даслаць яму новы англійска-рускі слоўнік. В. Хоціна адзначыла таксама, што М. Дзядок у турме вучыць арабскую мову, ужо вывучыў 200 слоў, але не ведае, ці дакладна вымаўляе.

 

15 ліпеня ў магілёўскай папраўчай калоніі № 15 палітвязень Арцём Пракапенка сустрэўся з бацькамі. Доўгатэрміновае спатканне з асуджаным сынам у Віялеты і Анатоля Пракапенка было скарочана да адных сутак, паколькі Арцём лічыцца злосным парушальнікам рэжыму і на даўжэйшае спатканне не мае права. Маці зняволенага адзначыла, што ён дужа змяніўся, схуднеў на 5 кілаграмаў і мусіў абмежаваць заняткі спортам, бо з’явіліся праблемы з суставамі, узніклі праблемы і з зубамі. А. Пракапенка паведаміў бацькам, што з прапановамі напісаць просьбу аб памілаванні да яго не звяртаюцца, а таксама што за два тыдні да спаткання атрымаў новае спагнанне, што замацавала статус злоснага парушальніка рэжыму (апошняе спагнанне было вынесена ў верасні 2013 года).

 

21 ліпеня Марына Адамовіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча, са спасылкай на ліст мужа паведаміла пра пагаршэнне ўмоў атрымання карэспандэнцыі ў магілёўскай турме: газеты прыносяць з вялікім спазненнем і толькі пасля патрабаванняў, кнігі з бібліятэкі прыносяць выключна тыя, якія зняволены ўжо чытаў. Зафіксаваны выпадкі затрымання лістоў палітвязня, напрыклад, у адным з якіх пісалася, што памер турэмнага дворыка 5 на 7 крокаў, ісці да яго ад камеры вязню 35 крокаў, але і на гэтай адлегласці яго сцерагуць ахоўнікі з двума сабакамі. 26 ліпеня Марына Адамовіч паведаміла, што падчас тэлефанавання Мікалай Статкевіч распавёў, што ў турме пачасціліся дробныя правакацыі, звязаныя з карэспандэнцыяй і магчымасцямі атрымліваць газеты, а таксама што з ім часцей сталі праводзіць выхаваўчыя гутаркі. Вязень таксама адзначыў, што за апошнія 4 месяцы ўпершыню далі бігас, і хаця ён быў прыгатаваны з капусты мінулагодняга ўраджаю, гэта была адна з нешматлікіх страваў з гародніны.

 

21 ліпеня бацька палітвязня Ігара Аліневіча Уладзімір Аліневіч паведаміў, што ягонага сына перавялі з наваполацкай калоніі ў калонію Віцьба-3, якая знаходзіцца непадалёк ад Віцебска. Пра гэта родныя палітвязня атрымалі афіцыйнае паведамленне з Дэпартаменту выканання пакаранняў. 26 ліпеня бацькі атрымалі першы ліст ад Ігара Аліневіча з новага месца адбыцця пакарання. Палітвязень адзначыў лепшы экалагічны стан у Віцьбе-3 у параўнанні з Наваполацкам. Ён таксама паведаміў, што згодна з правіламі калоніі ён зможа раз на тры месяцы тэлефанаваць дадому (у наваполацкай калоніі за 4 гады ён атрымаў толькі 5 званкоў, што тлумачылася адсутнасцю тэхнічных магчымасцяў).

 

Смяротнае пакаранне

 

2 ліпеня Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун, выступаючы ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку на спецыяльным мерапрыемстве, прысвечаным перадавой практыцы і выклікам у рэалізацыі мараторыя на смяротнае пакаранне, заявіў, што смяротнаму пакаранню не павінна быць месца ў XXI стагоддзі. «Дваццаць пяць гадоў таму толькі чвэрць дзяржаў-членаў ААН забаранілі смяротнае пакаранне. Сёння больш за чатыры з пяці дзяржаў, прыкладна 160 дзяржаў-членаў, альбо ўвялі забарону на смяротнае пакаранне, альбо не звяртаюцца да яе на практыцы». Пан Гі Мун заклікаў усе дзяржавы ратыфікаваць Другі Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, накіраваны на адмену смяротнага пакарання; падтрымаць рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі ААН аб увядзенні мараторыя на ўжыванне смяротнага пакарання; а таксама прыняць канкрэтныя крокі па адмове ад смяротнага пакарання на нацыянальным узроўні.

15 ліпеня з асуджаным да смяротнага пакарання жыхаром Гомеля Аляксандрам Груновым сустрэўся адвакат Сяргей Красноў. Па словах адваката, паколькі старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала асабіста пакінуў без задавальнення ягоную наглядную скаргу, абмяркоўвалася магчымасць падачы яшчэ адной нагляднай скаргі на імя старшыні Вярхоўнага суда непасрэдна ад самаго Грунова. Гэта апошняя магчымасць звярнуць увагу на змякчаючыя віну абставіны, пра якія ў гэтай справе заявіла судовая калегія па крымінальных справах ВС, адмяніўшы першы смяротны прысуд. Аляксандр Груноў і яго маці таксама звярнуліся з прашэннем аб памілаванні непасрэдна да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Аднак у выніку адмоўнага разгляду прашэння асуджанаму нічога не паведамляецца, рашэнне яму зачытваецца непасрэдна перад выкананнем прысуду. Разам з тым, пасля рэгістрацыі праваабаронцамі ў Камітэце па правах чалавека ААН індывідуальнай скаргі Аляксандра Грунова, ураду Беларусі накіравана просьба не прыводзіць смяротны прысуд у выкананне да моманту разгляду скаргі па сутнасці. Стала вядома, што Аляксандра Грунова ў камеры смяротнікаў рэгулярна наведвае святар.

Ужыванне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

 

1 ліпеня афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Юлія Ганчарова паведаміла, што факту гвалтоўнай смерці ў СІЗА N1 г. Мінска асуджанага Ігара Пцічкіна не ўстаноўлена. "З матэрыялаў крымінальнай справы фактаў ужывання ў дачыненні да І.Пцічкіна гвалту, фізічнай сілы і спецсродкаў, як супрацоўнікамі ізалятара, так і іншымі асобамі, у перыяд знаходжання яго ў СІЗА N1 не бачыцца". Яна таксама адзначыла, што следствам атрыманы доказы сістэматычнага ўжывання загінулым курыльных сумесяў, якія змяшчаюць наркатычныя і псіхатропныя рэчывы, у перыяд з 2011 па 2013 год. "Следствам устаноўлена, што праз некалькі дзён знаходжання ў следчым ізалятары ў І.Пцічкіна пачалі выяўляцца і нарастаць прыкметы вострага псіхічнага расстройства, выяўленыя ў галюцынацыі, трызненн і, адмове ад ежы і пітва, маніі пераследу. З гэтай прычыны апошні быў шпіталізаваны ў медычную частку ізалятара, дзе праз некаторы час наступіла яго смерць", - паведаміла прадстаўнік СК. Яна таксама адзначыла, што ў моманты абвастрэння стану асуджанага яго цела фіксавалася рамянямі. Гэта, як і пашкоджанні, атрыманыя самім асуджаным ў моманты нарастання псіхічнага расстройствы, выкліканага сіндромам адмовы, тлумачыць выяўленыя на целе памерлага раны і гематомы. Эксперты вызначылі, што названыя пашкоджанні характарызуюцца як лёгкія цялесныя i не знаходзяцца ў прычынна-следчай сувязі са смерцю. Паводле слоў прадстаўніка СК, у дачыненні да медыцынскага персаналу следчага ізалятара аб неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, якія прывялі па неасцярожнасці смерць асуджанага, расследаванне крымінальнай справы працягваецца. "Прызначаныя комплексная камісійная, паўторная судова-медыцынская, судова-псіхіятрычная экспертызы і судова-медычная экспертыза правільнасці выканання прафесійных абавязкаў медыцынскімі работнікамі. Вынікі гэтай экспертызы ўстановяць прычыны смерці І. Пцічкіна, а таксама правільнасці аказання медыцынскай дапамогі медыцынскім персаналам следчага ізалятара". Раней Галоўнае следчае ўпраўленне СК прыняло да вытворчасці крымінальную справу ў дачыненні да работніка медыцынскай часткі СІЗА N1 дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Мінску і Мінскай вобласці, які падазраецца ў неналежным выкананні прафесійных абавязкаў, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць асуджанага І. Пцічкіна. Інфармацыя пра тое, што ў СІЗА памёр мінчанін, з'явілася ў Інтэрнэце са спасылкай на маці зняволенага, якая паведаміла, што на целе яе сына "выяўленыя шматлікія сінякі і гематомы". Сваякоў памерлага апавясцілі, што па выніках ускрыцця папярэдняй прычынай смерці мінчука з'яўляецца спыненне сэрца. Маці нябожчыка Жана Пцічкіна звяртае ўвагу, што прычыны гэтага спынення не выяўлены і не названы следчымі.

 

10 ліпеня стала вядома, што старшыня Гомельскага абласнога суда Сяргей Шаўцоў адмовіў у задавальненні нагляднай скаргі жыхарцы Светлагорска Валянціне Акуліч, якая больш за два гады дамагаецца пакарання для супрацоўнікаў міліцыі, датычных да смерці яе сына. Яшчэ ў траўні Светлагорскі райнны суд адхіліў скаргу на чарговую пастанову следчага аддзела Следчага камітэта аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў Светлагорскага РАУС. Жанчына настойвае, што дзеянні Сцешанкова Р.І. і Бачко А.А. злачынныя, паколькі замест своечасовага выкліку медыкаў для аказання дапамогі яе сыну, у якога праявіліся часовыя парушэнні ў псіхіцы, дзяжурныя па ІЧУ «супакойвалі» яго з дапамогай дубінак. «26 мая 2012 года, знаходзячыся ў ІЧУ Светлагорскага РАУС, Акуліч А.А. сканаў. Прычынай яго смерці, як устаноўлена заключэннямі судова-медыцынскіх экспертызаў, у тым ліку і комплекснай ад 20 траўня 2013 года за № 169, з'явілася хранічная алкагольная інтаксікацыя, якая ўскладнілася развіццём стану адмены алкаголю з дзелірыем і ацёкам галаўнога мозгу. Акрамя гэтага, былі выяўленыя цялесныя пашкоджанні ў выглядзе шматлікіх ранак і сінякоў, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх і якія ў прычыннай сувязі са смерцю Акуліча А.А. не знаходзяцца...» - адказаў старшыня аблсуда Шаўцоў, адмаўляючы ў задавальненні скаргі. Цягам году на сапраўдную прычыну смерці А. Акуліча ні следства, ні суд зважаць не жадаюць. Перад  імі ставілася пытанне: чаму дзяжурныя па ІЧУ Сцешанкоў Р.І. і Бачко А.А. не панясуць пакарання за свае злачынныя дзеянні, бо замест своечасовага выкліку медыкаў для аказання дапамогі адміністратыўна арыштаванаму, у якога праявіліся часовыя парушэнні ў псіхіцы, яны паўгадзіны “супакойвалі” яго з дапамогай дубінак, а “хуткую” выклікалі толькі тады, калі ў яго спынілася дыханне.

18 ліпеня Людміла Кучура -- жонка асуджанага Пятра Кучуры паведаміла, што пасля правядзення праверкі, якой яна доўга дамагалася, Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце неправамоцных дзеянняў супрацоўнікаў адміністрацыі ПК-15 г.Магілёва. Праверка па факце атручвання асуджанага Пятра Кучуры ў камеры ШЫЗА магілёўскай калоніі парамі хлоркавай вапны была прызначана ў канцы траўня Упраўленнем СК па Магілёўскай вобласці пасля таго, як з дапамогай праваабаронцаў у Камітэт па правах чалавека ААН была накіравана скарга, у якой паведамлялася пра верагоднасць наўмыснага прымянення персаналам калоніі хлоркавай вапны як сродку катавання, жорсткага, бесчалавечнага абыходжання. Да таго ж, УСК абяцала, што падчас праверкі будзе праведзена судова-медыцынская экспертыза для выяўлення наступстваў атручвання ў арганізме Пятра Кучуры. У выніку старэйшы следчы Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта П.Л. Скавародкін адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Сваё рашэнне следчы Скавародкін патлумачыў адсутнасцю ў дзеяннях супрацоўнікаў адміністрацыі ПК-15 складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 426 КК РБ «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў». Людміла Кучура абскардзіла гэтае рашэнне гарадскому пракурору. У скарзе яна паведаміла, што калі б праверка была праведзеная своечасова, то абставіны справы высвятляць было б прасцей. Яна лічыць неабходным дапоўніць матэрыялы праверкі і прызначыць судова-медыцынскую экспертызу, даследуючы не медыцынскія дакументы, а непасрэдна пацярпелага П. Кучуру на прадмет наяўнасці ў яго слядоў уздзеяння хімічнага рэчыва. Той факт, што яму не было аказана своечасова неабходнай медыцынскай дапамогі і не было праведзена абследаванне, як раз і быў прадметам скаргаў. Таму, лічыць Л. Кучура, абгрунтоўваць адсутнасцю запісаў пра цялесныя пашкоджанні адсутнасць саміх пашкоджанняў няправільна. Пракурор горада Магілёва, разгледзеўшы скаргу Л. Кучуры на адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў ПК-15, адмяніў дадзеную пастанову Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта. «Пракуратурай г. Магілёва матэрыял праверкі вывучаны, 22.07.2014 пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адменена, матэрыял накіраваны ў Магілёўскі міжраённы аддзел следчага камітэта для правядзення дадатковай праверкі», - паведаміў пракурор Мікалай Вульвач.

 

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

 

8 ліпеня праваабаронцу Тамару Сяргей выклікалі ў Генеральную пракуратуру да намесніка начальніка аддзелу за выкананнем правоў і свабодаў грамадзян Паўла Елісеева. Супрацоўнік пракуратуры цікавіўся, ці зарэгістравалася Грамадзянская ініцыятыва супраць беззаконня ў судах і пракуратуры, а таксама тым, у якія дзяржаўныя структуры апошнім часам звярталіся сябры ініцыятывы. Затым Павел Елісееў нагадаў, што 23 красавіка мінулага года Генпракуратура вынесла Тамары Сяргей афіцыйнае папярэджанне аб крымінальнай адказнасці па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэксу за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання. Праваабаронца перадала Паўлу Елісееву свае пісьмовыя тлумачэнні і адмовілася падпісваць пратакол размовы. У сваіх пісьмовых тлумачэннях Тамара Сяргей звярнула ўвагу на тое, што права звяртацца да чыноўнікаў, у тым ліку калектыўна, забяспечана Канстытуцыяй. Тамара Сяргей лічыць чарговы выклік у Генпракуратуру актам запалохвання, які павінен прымусіць яе адмовіцца ад сваіх канстытуцыйных правоў і свабод. З 22 ліпеня падпісантаў калектыўных зваротаў ў Адміністрацыю прэзідэнта — актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры – пачалі выклікаць на апытанні ў Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Міністэрства ўнутраных спраў. Так, 22 ліпеня на працягу дзевяці гадзін без перапынку на абед — з 10.00 да 19.00 — супрацоўнік упраўлення, старэйшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах, маёр міліцыі апытаў чатырох жанчын. Прычым трое з апытаных ужо на пенсіі, а дзвюм — больш за 75 гадоў. Сярод апошніх была і мінчанка Ларыса Сіняўская. 24 снежня 1999 года быў забіты яе сын, і па сённяшні дзень жанчына не можа дабіцца ўзбуджэння крымінальнай справы па гэтым трагічным факце. Падчас апытання Ларысы Сіняўскай, якое доўжылася больш за тры гадзіны, жанчыне заявілі, што яна можа быць прыцягнута да крымінальнай адказнасці, калі і надалей будзе падпісваць калектыўныя звароты. Выклікі грамадзян у міліцыю звязаны з праверкай, якую праводзіць Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС у сувязі з даручэннем Генеральнай пракуратуры па ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць юрысткі Тамары Сяргей згодна артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу.

 

30 ліпеня намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч атрымаў ліст ад старшыні Мінскага гарадскога суда П. Каршуновіча, у якім было сказана, што той не бачыць падставы для прынясення пратэсту і задавальнення скаргі праваабаронцы на рашэнне суда Цэнтральнага раёна, датычнага ўключэння Генпракуратурай інтэрнэт-рэсурса spring96.org у спіс абмежаванага доступу. Праваабаронца настойваў, што такімі дзеяннямі Генпракуратура парушыла ягоныя правы як аўтара і чытача сайта на свабодны распаўсюд і атрыманне інфармацыі, а таксама на свабоднае выказванне свайго меркавання. Нагадаем, што суд Цэнтральнага раёна спыніў вытворчасць па справе ў сувязі з яе непадведамаснасцю суду, абгрунтаваўшы такое рашэнне тым, што Стэфановіч не з'яўляецца ўласнікам сайта spring96.org. і не мае права абскарджваць рашэнне Генеральнай пракуратуры аб уключэнні гэтага сайта ў спіс абмежаванага доступу. Суд Цэнтральнага раёну прызнаў Валянціна Стэфановіча неналежным заяўнікам. Судовая калегія Мінгарсуда падтрымала пазіцыю раённага суда, а адказ старшыні Мінгарсуда П. Каршуновіча слова ў слова паўтарыў ранейшыя вызначэнні: “Паколькі вы не з’яўляецеся ўладальнікам названага інтэрнэт-рэсурсу, суд прыйшоў да правільнай высновы аб адсутнасці ў Вас правоў на абскарджанне пастановы Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і абгрунтавана спыніў вытворчасць па справе ў сувязі з яе непадведамаснасці суду". Валянцін Стэфановіч мае намер звярнуцца з нагляднай скаргай у Вярхоўны суд, а пры адмоўным рашэнні – у міжнародныя інстанцыі. Пазіцыя Генпракуратуры была заснаваная на тым, што на сайце spring96.org была размешчаная інфармацыя аб дзейнасці арганізацыі - ПЦ "Вясна", якая не прайшла дзяржаўную рэгістрацыю ва ўстаноўленым законам парадку, а значыць, размяшчэнне такой інфармацыі таксама з'яўляецца парушэннем закона.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

2 ліпеня актывіста “Альтэрнатывы” Алега Корбана супрацоўнікі міліцыі  забралі з кватэры раніцай і адвезлі ў Партызанскі РУУС Мінска. У гэты ж дзень быў затрыманы яшчэ адзін сябра гэтай моладзевай арганізацыі – Уладзімір Сяргеенка. 3 ліпеня ва ўласным доме быў затрыманы сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Антон Жылко. Толькі 7 ліпеня высветлілася, што судовыя працэсы над затрыманымі адбыліся 4 ліпеня ў судзе Партызанскага раёна Мінска. Адміністратыўныя справы па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) разглядала суддзя Вольга Паўлоўская, якая пакарала кожнага з актывістаў 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Прэвентыўныя затрыманні і арышты звязваюцца са святкаваннем у Мінску 3 ліпеня афіцыйнага Дня незалежнасці.

2 ліпеня ў Баранавічах быў затрыманы індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Чарнавус пасля візіту ў гарвыканкам і сустрэчы з журналістам раённай газеты. Яго адвезлі ў гарадскі аддзел міліцыі, дзе начальнік аховы грамадскага парадку і прафілактыкі правапарушэнняў маёр міліцыі Аляксей Гетмам пачаў складаць на актывіста адміністрацыйны пратакол за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства індывідуальных прадпрымальнікаў 1 ліпеня на гарадскім каапрынку і ў вялікай зале гарвыканкама. Гэты працэс зацягнуўся амаль на 5 гадзін. Падчас складання пратаколу Мікалаю Чарнавусу (інвалід II-ой групы) стала кепска, і ён неаднаразова прасіў аб дапамозе, але маёр міліцыі Аляксей Гетмам адмаўляўся выклікаць хуткую дапамогу. Пасля складання адміністрацыйнага пратакола Мікалай Чарнавус не быў вызвалены, а яго накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе яму стала зусім кепска. У грамадскага актывіста рэзка павялічыўся ціск і здарыўся гіпертанічны крыз. У гэтых умовах супрацоўнікі міліцыі вымушаны былі выклікаць хуткую дапамогу і даставіць Мікалая Чаравуса ў гарадскі шпіталь, дзе ён знаходзіўся пад наглядам 2-х супрацоўнікаў міліцыі. 3 ліпеня яго наведаў у бальніцы супрацоўнік гарадской міліцыі. Па словах М. Чарнавуса, супрацоўнік міліцыі прасіў яго падпісаць паперу, згодна з якой актывіст дае асабістую згоду, што суд над ім можа прайсці 7 ліпеня ў яго адсутнасць. Аднак грамадскі актывіст катэгарычна не пагадзіўся са зместам такой паперы, таму накіраваў 5 ліпеня ліст на імя старшыні гарадскога суда, у якім прасиў яго не праводзіць суд 7 ліпеня без яго прысутнасці. Адначасова Мікалай Чарнавус накіраваў заяву гарадскому пракурору з просьбай адрэагаваць на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія адмаўляліся выклікаць хуткую дапамогу па просьбе інваліда II-ой групы на працягу 5 гадзін. 21 ліпеня Баранавіцкі гарадскі суд прызнаў Мікалая Чарнавуса вінаватым ў парушэнні артыкула 23.34 ч.3 КаАП – арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства і прыцягнуў яго да адказнасці ў выглядзе адміністрацыйнага штрафу ў памеры 30 базавых велічынь. Вёў судовае паседжанне суддзя Яўген Брэган, сакратар – Вольга Ячнік. З трох сведкаў, пазначаных у пратаколе, з’явіўся толькі дырэктар каапрынку Віталь Рахмеджанаў, які не змог падцвердзіць у судзе, што менавіта Мікалай Чарнавус быў арганізатарам несанкцыянаванага мерапрыемства 1 ліпеня.

 

22 ліпеня ўдзень у цэнтры Гомеля быў затрыманы мясцовы грамадскі актывіст, сябра АГП Уладзімір Няпомняшчых. Актывіст праходзіў праз двары і ўбачыў двух міліцыянтаў. Калі ён праходзіў побач, сяржанты спынілі яго і запатрабавалі паказаць фотаапарат - ім здалося, што актывіст іх здымаў. У. Няпомняшчых паказаў, на камеры здымкаў з міліцыянтамі не было, тады яны запатрабавалі, каб актывіст паказаў пашпарт. У адказ ён папрасіў іх прадставіцца, яны дасталі свае пасведчанні, але У. Няпомняшчых не паспеў нічога разглядзець, таму свой пашпарт таксама адмовіўся паказаць. У выніку сяржанты даставілі актывіста ў апорны пункт. Уладзімір Няпомняшчых звязвае прэтэнзіі міліцыянераў з майкай, у якой ён апрануты, на якой напісана з аднаго боку «За Беларусь без Лукашэнкі», з другога - «Хватит, достал!». Праз тры гадзіны Уладзімір Няпомняшчых быў вызвалены з апорнага пункту без складання пратаколу затрымання і правапарушэння.

25 ліпеня ў Мінску людзьмі ў цывільным быў затрыманы Мікіта Броўка. Актывіста даставілі ў аддзяленне міліцыі Савецкага раёна, дзе з ім правялі размову, знялі адбіткі пальцаў, а таксама прапанавалі адказаць на некалькі пытанняў праз дэтэктар хлусні, ад чаго актывіст адмовіўся. Праз некаторы час ў аддзяленне прыехаў ваенны камісар Мінскага раёна, які ўручыў Мікіту Броўку позву на медыцынскае абследаванне. Мікіта Броўка з’яўляецца каардынатарам грамадска-культурнай ініцыятывы Арт-Сядзіба, а таксама журналістам газеты «Новы час». Апошнім часам займаўся арганізацыяй беларускіх канцэртаў.

 

27 ліпеня ўвечары ў Мінску супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы актывіст прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў за тое, што падчас традыцыйнага малебену каля Чырвонага касцёлу на плошчы Незалежнасці падняў бел-чырвона-белы сцяг за вызваленне палітвязняў. А. Макаеў быў дастаўлены ў РУУС Маскоўскага раёна, дзе на яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйнам правапарушэнні па двух артыкулах: непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП) і дробнае хуліганства (арт.17.1 КаАП). 28 ліпеня суддзя суда Маскоўскага раёна Максім Сушко прызнаў Алеся Макаева вінаватым і шляхам частковага складання вынес рашэнне пра адміністрацыйны арышт на 15 сутак. Сведкам выступаў супрацоўнік міліцыі Язэпаў.

 

27 ліпеня ўдзельнікаў летніка “За еўрапейскую інтэграцыю Беларусі” затрымалі на польска-беларускай мяжы на памежным пераходзе ў Баброўніках. Прычынай сталі беларускія выданні: асобнікі кнігі пра палітычных зняволеных у Беларусі “Palitviazni.info”, тыднёвік беларусаў у Польшчы “Ніва”. Супрацоўнікі мытні канфіскавалі літаратуру для праверкі.

 

29 ліпеня ў другой палове дня актывіст грамадзкай ініцыятывы «Альтэрнатыва» Ілля Дабратвор змог пазваніць дадому і паведаміў жонцы, што яго асудзілі на 14 сутак. У гэты дзень зраніцы Іллю Дабратвора бачылі ў Доме правасуддзя ў Мінску, дзе ў гэты час пачаўся працэс над праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам. Ільля Дабратвор быў у чорнай майцы з Пагоняй і надпісам «Свабоду палітвязням», апранутай пад пінжак. Паплечнікі выказалі меркаванне, што за гэты надпіс яго і затрымалі. Яшчэ адной падставай для затрымання магла стаць акцыя «Альтэрнатывы» ў Дзяржынску 26 ліпеня. Па горадзе тады былі расклеены плакаты з надпісамі «За незалежную Беларусь!», «Беларусь — не Расія». Ілля Дабратвор быў асуджаны судом Маскоўскага раёна па двух артыкулах Адміністрацыйнага кодэкса: непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП) і дробнае хуліганства (арт.17.1 КаАП).

30 ліпеня ў Магілёве быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Алесь Сердзюкоў за збор подпісаў у падтрымку “Народнага рэферэндума”. Збор подпісаў ажыццяўляўся “ад дзвярэй да дзвярэй”, і нехта з жыхароў выклікаў міліцыю. Калі А. Сердзюкоў выходзіў з пад’езда дома 72А па вуліцы Маўчанскага, унізе яго чакалі міліцыянты, якія займаюцца аховай кватэр. Міліцыянты сказалі, што трэба дачакацца ўчастковага, якога яны выклікалі. Участковы хацеў забраць сабраныя подпісы, але актывіст сказаў, што нічога яму не аддасць, і той не стаў настойваць: склаў пратакол і сказаў, каб актывіст чакаў верагоднага выкліку ў міліцыю ў бліжэйшы час. Міліцыянтаў у першую чаргу хвалявала, ці з’яўляецца А. Сердзюкоў распаўсюднікам газет “Народны рэферэндум”, і ці ёсць у яго з сабой гэтыя газеты. Яны даглядзелі рэчы актывіста і нічога не знайшлі. Сказалі, што ім паступіла інфармацыя, што акрамя збору подпісаў А. Сердзюкоў можа распаўсюджваць падобнага кшталту літаратуру.

 

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

 

9 ліпеня была здзейснена атака на паштовы адрас віцебскага лекара Ігара Пастнова. Прыйшоўшы з працы і ўключыўшы кампутар, ён атрымаў паведамленне пра тое, што пароль ягонага акаўнта ў Google быў зменены. Каманда паштовага сэрвісу папярэдзіла карыстальніка, што хутчэй за ўсё акаўнт быў узламаны, і прапанавала зноўку змяніць пароль. Калі Ігар Пастноў зноўку атрымаў кантроль, высветлілася, што знікла ўся перапіска. Сам “лекар-праўдаруб”, які стаў вядомы крытыкай мясцовага медычнага начальства, за што паспытаў на сябе захады карнай псіхіятрыі, лічыць, што нагодай для ўзлому магла стаць новая акцыя, якую ён не так даўно распачаў на рэгіянальным віцебскім сайце “Свабодны рэгіён” (http://freeregion.info/). І. Пастновым праз Фэйсбук і інтэрнет-сайт быў абвешчаны заклік дасылаць на ягоную паштовую скрыню фотаздымкі і сведчанні пра безгаспадарчасць і парушэнні ў сферы медыцыны на Віцебшчыне. У выніку, сцвярджае ён, людзі насамрэч актыўна сталі дасылаць фотаздымкі бальнічных палат, дзіцячых аддзяленняў, сведчанні пра збітых у міліцыі сваякоў і г.д. Частка гэтых матэрыялаў, што не паспела трапіць на старонкі інтэрнет-выдання, знікла.

 

16 ліпеня ноччу, у 0-20 быў прыпынены аўтамабіль, у якім знаходзіліся экс-кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Барысаў. Супрацоўнікі ДАІ праверылі дакументы і сказалі, што ім з Магілёўскага РАУС паступіла арыенціроўка на аўтамабіль “Мэрсэдэс” чорнага колеру, які нібыта здзейсніў хуліганства ў Бялынічах. Для разбіральніцтва інспектары прапанавалі праехаць ў Магілёўскі РАУС. Усе дакументы на аўто былі ў парадку. Інспектары праверылі багажнік, атрымалі адказ, што там знаходзіцца друкаваная прадукцыя ў пакунках, аднак адкрываць і глядзець не сталі -- проста суправадзілі ў РАУС. Адметна тое, што ў Бялынічы па дарозе не заязджалі. У РАУСе склалі пратаколы апытанняў і пратакол агляду аўтамабіля, пасля чаго канфіскавалі да судовага разбіральніцтва друкаваную прадукцыю. Агулам было канфіскавана амаль 12 тысяч незалежных газет: бюлетэнь “Сацыял-дэмакрат”, які быў цалкам прымеркаваны пытанням “Народнага рэферэндума”, і газета “НАШ Магілёў” -- прысвечаны інфармацыйнай кампаніі “Захаваем стары Магілёў”. У міліцыянтаў дэмакраты прабылі амаль тры гадзіны. 23 ліпеня Ігар Барысаў быў выкліканы ў РАУС Магілёўскага раёна, дзе маёр Сяргей Галянтаў склаў на яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Ігара Барысава абвінавацілі ў парушэнні арт. 22.9 ч.2 КаАП РБ, у адпаведнасці з якім ён, не з’яўляючыся распаўсюднікам СМІ, у парушэнне арт.17 Закона “Аб СМІ” 16 ліпеня на аўтатрасе Мінск-Магілёў здзяйсняў дастаўку “улётак” “Сацыял-дэмакрат” і “НАШ Магілёў” у агульнай колькасці 11 800 асобнікаў на сваім уласным аўтамабілі, што з’яўляецца, у адпаведнасці з арт.1 Закона “Аб СМІ”, распаўсюдам прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. Маёр Галянтаў сказаў, што ў гэты ж дзень перадасць справу ў суд. Ігар Барысаў адзначыў, што зусім не згодзен з абвінавачаннем, бо не распаўсюджваў друкаваную прадукцыю, а проста перавозіў яе.

 

19 ліпеня гродзенскі журналіст-фрылансер Віктар Парфёненка, які супрацоўнічае з Беларускім Радыё Рацыя і за апошнія гады ўжо 6 разоў падаваў паперы ў Міністэрства замежных спраў Беларусі на афіцыйную акрэдытацыю і кожны раз атрымліваў адмовы, падаў ужо сёмы раз пакет дакументаў у МЗС. У апошняй адмове было ўказана, што Віктар Парфёненка нібыта не прыклаў копію свайго пашпарту, хаця такая копія была. Цяпер журналіст дадаткова зрабіў пісьмовы пералік усіх прыкладзеных папер. Паралельна Парфёненка накіраваў скаргу на МЗС і атрымаў на яе адказ з Савету міністраў, які скіраваў яе на разгляд у той жа МЗС.

 

31 ліпеня, у другі дзень працэсу над праваабаронцам Андрэем Бандарэнкам, прадстаўнікоў СМІ, якія ўваходзяць у будынак Дома правасуддзя, сустракалі супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Не пытаючыся, якое выданне яны прадстаўляюць, міліцыянеры цікавіліся прозвішчам, імем, імем па бацьку, месцам жыхарства прадстаўнікоў СМІ і запісвалі гэтыя звесткі. На пытанне карэспандэнта БелаПАН да чалавека ў цывільным, які запісваў звесткі, навошта гэта патрэбна, той нічога не адказаў і дазволіў прайсці. Перад тым, як запісаць звесткі, чалавек у цывільным перагортваў чыстым бокам уверх іншы аркуш паперы, што ляжаў побач, на якім былі адсканаваныя фатаграфіі журналістаў з нейкай інфармацыяй.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

5 ліпеня адмову ў правядзенні пікету атрымалі грамадскія актывісты Гомеля. Ініцыятыва «Народны кантроль» праводзіць у Гомелі акцыю «Чыстая вада», накіраваную на паляпшэнне стану азёр у абласным цэнтры. 18 чэрвеня актывіст кампаніі «Народны кантроль» Андрусь Мельнікаў накіраваў у Гомельскі гарвыканкам заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства. Пікет з мэтай звярнуць увагу грамадскасці на незадавальняючы стан вадаёмаў у межах Гомеля планавалася правесці 3 ліпеня. Актывіст планаваў правесці пікет у дазволеным рашэннем гарвыканкама месцы – на пляцоўцы каля скрыжавання вуліц Барыкіна і Вайсковай, прыклаў да заяўкі пісьмовае абавязацельства аплаціць выдаткі – паслугі «хуткай дапамогі» і камунальных службаў. Аднак адказу ў вызначаны заканадаўствам тэрмін заяўнік так і не дачакаўся. Адказ з традыцыйнай для гомельскай дэмакратычнай супольнасці адмовай прыйшоў па пошце толькі 5 ліпеня. Прычым на самім дакуменце стаяла дата рашэння гарвыканкама «26 чэрвеня», на канверце быў штэмпель «2 ліпеня» (адпраўленне) і «4 ліпеня» (атрыманне). У адмове на пікет былі пералічаны пункты рашэння гарвыканкама аб масавых мерапрыемствах, прычым без тлумачэння – на якой менавіта падставе забаранілі правесці акцыю.

 

8 ліпеня БХД паведаміла, што з больш чым 100 пікетаў, замоўленых у 41 горадзе Беларусі, быў дазволены толькі адзін -- 18 ліпеня ў Клічаве. Мэтай пікетаў была абарона дзяцей ад алкагалізму. Прадстаўнікі БХД планавалі на пікетах збіраць подпісы ў падтрымку зменаў у заканадаўства за дэалкагалізацыю насельніцтва, меркавалася распавесці пра антыалкагольную кампанію. Праз некалькі дзён быў фактычна забаронены пікет і ў Клічаве. Ужо пасля выдачы дазволу мясцовыя ўлады даслалі ліст аб неабходнасці заключыць дамовы з міліцыяй, медыкамі, камунальнымі службамі, а таксама атрымаць дазвол ва ўладальніка крамы, побач з якой планавалася акцыя. Арганізатар пікета Святлана Грыцэнка звязалася з уладальнікам крамы, аднак ён свайго дазволу не даў. Такім чынам правядзенне пікету было сарванае.

 

11 ліпеня ў Брэсце быў забаронены пікет супраць росту коштаў на тавары і паслугі, заяўка на які была пададзена кіраўніком мясцовай арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Людмілай Дзенісенка. Акцыю планавалася правесці 17 ліпеня на працягу гадзіны (з 13.00 да 14.00) на пляцоўцы каля сцэны ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў. У лісце за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Генадзя Барысюка падставай для адмовы пікета быў названы той факт, што ў гэты час у парку будуць адбывацца іншыя мерапрыемствы, якія былі запланаваны раней.

 

15 ліпеня брэсцкія актывісты абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі атрымалі адмову ў правядзенні пяці пікетаў, асноўнай мэтай якіх была заяўлена актуалізацыя ў грамадстве каштоўнасці незалежнасці і суверэнітэту дзяржавы, выказванне салідарнасці з украінскім народам у яго памкненні захаваць цэласнасць і незалежнасць Украіны. Прычынай для адмовы ў правядзенні пікетаў стала іх заяўка ў шматлюдных месцах горада - ля Брэсцкага цэнтральнага ўнівермага, кінатэатра "Беларусь" і гандлёвага цэнтра "Усход", якія не прадугледжаны рашэннем выканкаму для правядзення масавых мерапрыемстваў. Прадстаўнікі ўлады спаслаліся на тое, што мерапрыемствы такога характару можна праводзіць толькі ў спецыяльна адведзеных месцах: парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і на стадыёне "Лакаматыў".

 

15 ліпеня грамадскі актывіст Рыгор Грык атрымаў ліст за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча, у якім паведамлялася, што ўлада не дае згоды на правядзенне пікета 27 ліпеня, прысвечанага гадавіне прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Чыноўнік лічыць, што заяўнікі пікету Рыгор Грык, Сяргей Гоўша і Вячаслаў Болбат парушылі п. 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30.12.1997г. № 114-З “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь" (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 08.11.2011г. № 308-З) і п. 4 рашэння гарвыканкама ад 16.06.2009г. № 1497 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Баранавічы” (у рэд. рашэння Баранавіцкага гарвыканкама ад 05.10.2009г. № 2497). У чым заключаецца парушэнне, заяўнікам не паведамлялася, хаця яны выканалі ўсе патрабаванні закона, а таксама заключылі пісьмовыя дамовы з міліцыяй, паліклінікай і ЖКГ.

 

16 ліпеня стала вядома, што сябра слонімскай суполкі БХД Іван Бедка атрымаў адмову на правядзенне пікета, які павінен быў прыцягнуць увагу насельніцтва да праблемаў празмернага ўжывання алкаголю і тытуню на Слонімшчыне. У адказе за подпісам старшыні Слонімскага райвыканкама Алега Таргонскага паведамлялася, што ў правядзенні пікета яму адмовілі, паколькі “адсутнічаюць звесткі аб крыніцы фінансавання, а таксама не вызначаны маршрут руху ўдзельнікаў даннага мерапрыемства”.

 

21 ліпеня Гомельскі гарвыканкам не даў дазвол на правядзенне ў абласным цэнтры 40 пікетаў, якія планаваліся 27 ліпеня, у гадавіну прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце. Гарвыканкам адказаў, што заяўнікі не выканалі патрабаванні мясцовага рашэння, паводле якога кожны арганізатар мерапрыемства павінен папярэдне заключыць дамовы і аплаціць паслугі хуткай дапамогі і камунальных служб. Таксама ў адмове чыноўнікі спаслаліся на тое, што заяўнікі планавалі правесці мерапрыемствы ў найбольш людных месцах абласнога цэнтру, у той час як рашэнне дазваляе праводзіць пікеты ды іншыя мерапрыемствы толькі ў двух месцах – у аддаленым раёне, каля прамысловых збудаванняў і каля стадыёна на ўскраіне горада. Дамовы заключыць з «хуткай» і камунальнымі службамі немагчыма. «Хуткая» адказвае, што не хапае аўтамабіляў, а камунальнікі спасылаюцца на недахоп кадраў. У гэты ж дзень атрымалі таксама адмову на сваю заяўку праваабаронцы, якія хацелі правесці пікет 4 жніўня з мэтай нагадаць грамадскасці пра наяўнасць у краіне палітвязняў.

 

23 ліпеня стала вядома, што тры акцыі 27 ліпеня, у дзень прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, забаронены ў Оршы. Мерапрыемствы планавалі аршанскія актывісты АГП – у Парку герояў, на пляцоўцы перад уваходам у кавярню "Аронія" і ў парку культуры і адпачынку тэкстыльшчыкаў. Усе тры месцы вызначаныя ўладамі для правядзення масавых мерапрыемстваў. За апошнія 3 гады аршанскія ўлады не далі ніводнага дазволу на масавыя акцыі паводле ініцыятывы грамадскіх актывістаў. Прычына адна – і падчас ранейшых спробаў, і цяпер – адсутнасць дамоў на абслугоўванне пікетаў з міліцыяй, медыкамі і службамі ЖКГ. Гэтыя структуры адмаўляюцца заключаць дамовы, апелюючы да розных прычын. Аднак на адным з судовых працэсаў, калі актывісты спрабавалі адстаяць сваё права на выказванне ўласных меркаванняў, высветлілася, што ні міліцыя, ні паліклініка, ні прадпрыемства ЖКГ "Арыён" не мае права заключаць дамовы на абслугоўванне акцый з прыватнымі асобамі. Хаця менавіта такая ўмова прапісана ў рашэнні Аршанскага гарвыканкаму, якое рэгламентуе правядзенне ў горадзе масавых акцый.

 

25 ліпеня бярозаўскія праваабаронцы Сяржук Русецкі, Тамара Шчапёткіна і грамадская актывістка Таццяна Тарасевіч паведамілі пра атрыманне адмовы ў пікеце, які планаваўся 27 ліпеня. Мэтай пікету было нагадаць бярозаўчанам пра тое, што менавіта 27 ліпеня 24 гады таму была падпісана Дэкларацыя аб суверэнітэце Беларусі, і гэтая дата адзначалася як Дзень незалежнасці. Актывісты таксама планавалі нагадаць бярозаўчанам пра размяшчэнне расійскіх вайсковых баз на тэрыторыі Беларусі і існаванне ў краіне палітвязняў. Прычына адмовы: не ў адзін дзень з заявай на пікет прынеслі дамовы з арганізацыямі, якія павінны абслугоўваць пікет - бальніцай і жыллёва-камунальнай гаспадаркай.

 

31 ліпеня ў Магілёве быў забаронены пікет у падтрымку палітвязняў. Пікет быў запланаваны 4 жніўня ў цэнтры горада недалёка ад гарадской адміністрацыі. Намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Андрэй Кунцэвіч у сваім адказе ў чарговы раз паведаміў праваабаронцам Аляксею Колчыну і Барысу Бухелю, што месца для правядзення пікета – пляцоўка каля д.31 па вуліцы Першамайскай -- не з’яўляецца дазволеным месцам для правядзення падобных мерапрыемстваў. Для правядзення масавых мерапрыемстваў у Магілёве адведзена месца па адрасе – вул. Чалюскінцаў 64В, якая знаходзіцца на ўскрайку горада. З пазіцыяй чыноўніка магілёўскія праваабаронцы нязгодныя і лічаць, што мясцовыя ўлады штучна абмяжоўваюць права грамадзянаў на свабоду мітынгаў і сходаў.

 

Абмежаванне свабоды асацыяцый

 

11 ліпеня актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Уладзімір Андрашчук паведаміў, што намераны праз суд дамагчыся выплаты 15 мільёнаў рублёў ад кіраўніцтва прадпрыемства “Савушкін прадукт”. Гэтыя грошы кампрэсаршчык аміячных установак 6 разраду Уладзімір Андрашчук павінен быў атрымаць пры выхадзе на пенсію згодна калектыўнай дамовы. Але, прапрацаваўшы ў гэтай вытворчасці 39 гадоў, выплаты не атрымаў. Гэта звязана з тым, што ў калектыўнай дамове запісана, што гэтыя грошы выплочваюцца з хадайніцтва непасрэднага начальніка работніка і са згоды генеральнага дырэктара. Андрашчук лічыць, што адмовай у выплаце кіраўніцтва адпомсціла яму за тое, што ён выйшаў з афіцыйнага прафсаюзу і выступаў супраць кантрактаў.

 

21 ліпеня каардынатар юрыдычнай кансультацыі Моладзевай прафсаюзнай групы “Студэнцкая рада” Марына Штрахава паведаміла, што маніторынг парушэння правоў і акадэмічных свабод студэнтаў, які праводзіўся арганізацыяй у рамках дзейнасці Грамадскага Балонскага камітэту, выявіў узмацненне ціску на студэнтаў за ўдзел у арганізацыях грамадзянскай супольнасці. Падчас маніторынгу фіксаваліся выпадкі, калі дэканы ці іншыя прадстаўнікі адміністрацыі ВНУ праводзілі са студэнтамі індывідуальныя гутаркі пра тое, што дзейнічаць у арганізацыях грамадзянскай супольнасьці непажадана, і раілі адмовіцца ад такой дзейнасці, заклікалі задумацца пра магчымыя нядобрыя наступствы.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international