Як віцебскі гарвыканкам арганізаваў сход жыхароў

2014 2014-08-19T12:56:43+0300 2014-08-19T12:56:43+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-paliklinika-podpisy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прыхільнікі стварэння партыі БХД напісалі скаргу ў Міністэрства аховы здароўя наконт "фармальнага і недабрасумленнага выканання віцебскімі ўладамі даручэння Міністэрства аб правядзенні сустрэчы з зацікаўленымі бакамі па пытанні будаўніцтва паліклінічнага комплекса ў мікрараёне Білева, якая мелася адбыцца 30.07.2014г."

Каардынатар аргакамітэту па стварэнні партыі БХД Таццяна Севярынец абураная:

"Нашы актывісты і простыя гараджане сабралі 4108 подпісаў жыхароў мікрараёнаў Білева наконт няспраўджаных абяцанняў пабудаваць паліклінічны комплекс. Калектыўныя лісты накіравалі ў розныя інстанцыі, у тым ліку і ў Міністэрства аховы здароўя. Атрымалі адказ з віцебскага гарвыканкаму. Нам адказалі толькі тое, што мы ведалі і дагэтуль: маўляў, распрацаваны архітэктурны праект, ён прайшоў экспертызу і на яго ўвасабленне патрабуецца шмат грошай - 5600,0 млн. рублёў. Нам распавялі, што існуе Праграма ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя Віцебска і раёна на 2011-2015 гады, у адпаведнасці якой прадугледжана і фінансаванне аб'ектаў. Праўда, ніякіх прыкмет будаўніцтва за паўтары гады да завяршэння дзеяння той праграмы ніхто не бачыць… Чаму? Гэтае пытанне мы і хацелі задаць прадстаўнікам улады, якія, паводле заканадаўства, мусілі арганізаваць сход жыхароў – як гэта робіцца пры ўмове, што калектыўны ліст падпісалі больш як 30 чалавек."

Але, як вынікае з адказу гарвыканкаму, такая сустрэча ўжо адбылася, але ініцыятарак збору подпісаў Тацяну Севярынец і Алену Шабуню на сход, які быццым бы прайшоў у памяшканні СШ №46, чамусьці не запрасілі.

"Мы паспрабавалі знайсці хоць якія прыкметы таго, што сустрэча ўсё ж адбылася: наведалі СШ №46, дзе нібыта яна праходзіла. Але ні намеснік дырэктара, ні супрацоўнікі, ні прадстаўнікі гаспадарчых служб школы нічога пра сустрэчу не ведалі. Апытвалі жыхароў-мінакоў у Білева: з 28 чалавек, апытаных намі, толькі адна жанчына паведаміла, што бачыла абвестку пра сход на сваім пад'ездзе, але ўжо пасля прызначанага тэрміну. Тое ж мы чулі і ад амаль 100 падпісантаў звароту, якіх абтэлефанавалі, як толькі даведаліся, што сход быццам бы прайшоў. Што яшчэ смешна, а найбольш – крыўдна: у лісце з упраўлення аховы здароўя аблвыканкаму, датаваным 30.07.2014г, напісана, што сход жыхараў ужо адбыўся – у той самы дзень 30 ліпеня а 18 гадзіне, і што на ім прысутнічалі ажно 25 чалавек. Цяжка паверыць, але атрымліваецца, што ў аблвыканкаме дачакаліся сканчэння імпрэзы, і ўжо па завяршэнні працоўнага дня накіравалі нам адказ, што сход прайшоў, і абодва бакі разышліся задаволеныя", - працягвае Тацяна Севярынец.

Актывістка распавяла, што аб'яў пра сустрэчу не было ні на сайтах гарвыканкаму і гарсавету, ні ў мясцовых газетах. Многія з тых, хто падпісаў калектыўны ліст, даведаліся пра сход ужо пасля прызначанай даты, а большасць з іх – не ведалі ўвогуле. Гэта недапушчальна, лічыць Тацяна Севярынец, бо толькі падпісаўшыхся насельнікаў мікрараёнаў Білева – больш за 4 тысячы чалавек. А колькасць тамтэйшага насельніцтва сягае пад 20 тысяч, і ўсе яны – і малыя, і дарослыя – мусяць ехаць у іншыя мікрараёны Віцебску, каб трапіць на прыем у паліклінікі, і без таго перапоўненыя "бліжэйшымі" жыхарамі. Таму грамадскія актывісты патрабуюць арганізаваць новую сустрэчы з іх удзелам, як ініцыятарамі калектыўнага звароту. Таксама яны патрабуюць разабрацца з недабрасумленнымі віцебскімі чыноўнікамі: пікеты па пытанні будаўніцтва паліклінічнага комплексу актывістам не дазваляюць, парушаючы іхнае права на мірныя сходы і свабоду выказвання грамадзянскай пазіцыі, а сходы "ад імя дзяржавы" прымудраюцца правесці такім чынам, што людзі на іх трапіць не могуць.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international