Берлінскія студэнты: Маладыя беларусы мусяць змагацца за свае правы і не губляць надзею (фота)

2014 2014-08-19T10:58:47+0300 2014-08-19T10:58:47+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/students_from_berlin-vilnius-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Студэнты Свабоднага ўніверсітэта Берліна Алена Гетцэль, Сацік Агекян і Алена Пуліч у Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні

Студэнты Свабоднага ўніверсітэта Берліна Алена Гетцэль, Сацік Агекян і Алена Пуліч у Беларускім Доме правоў чалавека ў Вільні

Студэнты Свабоднага ўніверсітэта Берліна, адной з найбуйнейшых нямецкіх вну, прыязджалі ў Вільню, каб пазнаёміцца з удзельнікамі Летняй школы па правах чалавека, а таксама са студэнтамі з ЕГУ. Алена Пуліч, Сацік Агекян і Алена Гетцэль у рамках Інстытута ўсходнееўрапейскіх даследванняў абралі для сябе Беларусь - па іх прызнанні, рэдкі накірунак. А паўплывала на гэты выбар акалічнасць, якая іх вельмі ўразіла, - што да сёння беларуская дзяржава карае людзей смерцю, грэбуючы правам на жыццё. Падчас іх сустрэчаў з беларускай моладдзю тэма смяротнага пакарання знаходзілася ў цэнтры абмеркавання праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі.

У інтэрв’ю сайту ПЦ “Вясна” дзяўчаты распавялі пра сутнасць свайго даследвання ды падзяліліся ўражаннямі ад знаёмства з маладымі беларусамі.

- Раскажыце, калі ласка, якім чынам Беларусь апынулася ў цэнтры вашай увагі.

Алена Гетцэль: У рамках нашай вучобы ў Інстытуце ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Свабоднага ўніверсітэта ў Берліне ў нас ёсць праект-курс, галоўная тэма якога - грамадзянскае непаслушэнства. І мы абралі Беларусь, каб прааналізаваць, якія праявы непаслушэнства магчымыя ў гэтай краіне. Таму што ўсім зразумела, і ў нас у СМІ пра гэта часта кажуць, што Беларусь - гэта апошняя дыктатура Еўропы, але шырэй гэтай інфармацыі няма, пра краіну мы нічога не ведаем. Таму нам было цікава паглыбіцца ў беларускую тэматыку.  

Сацік Агекян: Я ўжо шэсць гадоў у Германіі, і я заўсёды была зацікаўленая дапамагаць людзям, калі я магу чым-небудзь дапамагчы, нешта зрабіць для іх. І гэта мая асноўная мэта. І гэты праект пра правы чалавека ў Беларусі і смяротнае пакаранне выклікаў у мяне цікавасць.

- Што вам было вядома пра сітуацыю ў Беларусі да сустрэчы з беларускай моладдзю?

Алена Пуліч: Да таго, як мы пачалі гэтым займацца, я проста ведала пра рэжым Лукашэнкі, што ён абмяжоўвае правы чалавека ... Тры гады таму ў нашым універсітэце былі развешаныя ўлёткі Amnesty International, у якіх я прачытала, што ў Беларусі яшчэ ўжываецца смяротнае пакаранне, і гэта для мяне было наогул вельмі дзіўна, вельмі здзівіла, што смяротнае пакаранне існуе яшчэ на тэрыторыі Еўропы.

Алена Гетцэль: Да прыезду на гэтую Школу ў мяне ўжо былі знаёмыя студэнты з Беларусі. І, сутыкнуўшыся з імі, я ўпершыню пачула, што ў вашай краіне ёсць такія абсурдныя рэчы, як, напрыклад, тое, што на вуліцах нельга пляскаць у далоні, што на вуліцах ну вельмі чыста і няма бамжоў - "ідэальны" парадак, што неяк насцярожвае. І таксама распавядалі, што калі студэнты займаюцца палітыкай, то да іх прыязджаюць з КДБ і праводзяць нейкія апытанні ... І, як ужо сказала Лена, пра лукашэнскаўскі рэжым, што ў 2010-м годзе былі вялікія праблемы ...

- Кожная з вас назвала праблему смяротнага пакарання ў Беларусі. Якое стаўленне да гэтай праблемы сярод нямецкай моладзі?

Алена Гетцэль: Увогуле ў Германіі да смяротнага пакарання ставяцца адмоўна. Прынамсі, у нашым асяродку студэнты, якія атрымліваюць вышэйшую адукацыю, яны супраць смяротнага пакарання, і ўсім ясна, чаму трэба быць супраць: таму што могуць быць юрыдычныя памылкі і таму што смяротнае пакаранне нікому не дапаможа. Вядома, ёсць людзі, якія выказваюцца за смяротнае пакаранне, але ўсім зразумела, што людзі з гарачкі так кажуць, што гэта эмацыйная рэакцыя.

- Дзякуючы чаму, на ваш погляд, такое стаўленне да смяротнага пакарання сфармаванае?

Алена Гетцэль: Мяркую, у нас вельмі адкрыта пра гэта кажуць у школах, ва ўніверсітэтах, у СМІ. Ніхто не баіцца выказвацца на гэтую тэму.

Сацік Агекян: Я думаю, такое стаўленне пачынаецца з агульнай палітычнай сітуацыі. У Нямеччыне дэмакратыя, і там людзі, калі на вуліцы бачаць паліцыю, яны не баяцца, яны ведаюць, што абароненыя, а не так, як, напрыклад, у Беларусі...

Алена Гетцэль: І ёсць доступ да інфармацыі. Калі камусьці тэма смяротнага пакарання цікавая і людзі хочуць атрымаць дадатковую інфармацыю, яны могуць вельмі проста знайсці яе. Самае галоўнае - гэтая інфармацыя ёсць і даступная для ўсіх. І я думаю, што калі чалавек адукаваны і праінфармаваны, то гэта ўжо вельмі вялікі плюс.

- Перад сваёй паездкай вы, напэўна, азнаёміліся з інфармацыяй пра смяротнае пакаранне ў Беларусі. Ці былі нейкія нечаканыя для вас моманты ў параўнанні з іншымі краінамі, напрыклад?

Алена Гетцэль: Усе мы ведаем, што ў Еўропе смяротнай кары няма, акрамя Беларусі, а ў ЗША яна ёсць. Але ў Беларусі яна больш жорсткая, таму што прысуджаныя да смяротнага пакарання людзі не ведаюць, калі іх будуць расстрэльваць. І сваякам таксама не паведамяць, калі пакаралі смерцю, дзе іх сын ці брат пахаваны... Гэта вельмі страшна.

Сацік Агекян: Гэта жахліва ў дачыненні да бацькоў...

Алена Пуліч: І яшчэ такі момант: дзяржава можа выкарыстоўваць смяротнае пакаранне для расправы з апазыцыянерамі, каб трымаць грамадства ў страху.

Маладыя даследчыкі пазнаёміліся з экспертам у пытаннях смяротнага пакарання Тамарай Чыкуновай, якая сёлета брала ўдзел у працы Школы па правах чалавека

- Праблема смяротнага пакарання будзе адной з цэнтральных ў даследаванні, над якім вы зараз працуеце. У чым яго асноўнае прызначэнне?

Алена Гетцэль: Мы хочам напісаць артыкул і апублікаваць яго на онлайн-партале, таму што, з аднаго боку, у нас вельмі часта кажуць пра смяротную кару ў Беларусі, але, з іншага боку, вельмі мала інфармацыі пра саму краіну. І гэта цікава. Таму што ў Інстытуце ўсходнееўрапейскіх даследаванняў мы займаемся гэтымі пытаннямі і нам зразумела, што гэта і дзе гэта - Беларусь. Але ёсць людзі, якія нават не ведаюць, дзе гэтая краіна знаходзіцца, і тым больш уяўлення не маюць, што ў гэтай краіне адбываецца. Мы хочам вынікамі сваёй працы, сваім артыкулам праінфармаваць людзей, паказаць, што мы новага даведаліся пра Беларусь.

Алена Пуліч: Распавесці, што беларуская моладзь думае пра праблему смяротнага пакарання, пра правы чалавека ў цэлым, паказаць, што ёсць альтэрнатыўныя думкі на гэты конт...

Сацік Агекян: І, нарэшце, зразумець, ці ёсць надзея на тое, што сітуацыя ў Беларусі зменіцца да лепшага. Мы вось пагутарылі з беларускай моладдзю, і мне здаецца, што такая надзея ёсць.

- Так, у вас была магчымасць некалькі дзён пагутарыць з беларускімі студэнтамі. Якія ўражанні склаліся?

Алена Гетцэль: Зразумела, што ўдзельнікі гэтай Школы па правах чалавека больш актыўныя, ім праваабарончая тэматыка цікавая і яны тут, таму што хочуць яшчэ больш даведацца пра правы чалавека. Але таксама мы дасылалі анкеты іншым студэнтам, якія вучацца ў ЕГУ ​​ў Вільні, і ў гэтых анкетах нам вельмі часта пісалі, што правы чалавека - не самае галоўнае, смяротнае пакаранне - гэта не самая галоўная праблема ў Беларусі, ёсць іншыя цяжкасці ў краіне, "гэта мяне не тычыцца","гэта не мая асабістая праблема". То бок, гэтыя студэнты апынуліся больш пасіўнымі, паказалі, што для іх праблемы з правамі чалавека не важныя. Я думаю, што ў нас у Германіі такога б не было, нам дакладна зразумела - што такое правы чалавека і чаму дзяржава павінна іх выконваць, чаму не павінна быць смяротнага пакарання ў краіне.

- Чаму, па-вашаму, у Беларусі сітуацыя такая, якой вы яе зараз акрэслілі?

Алена Гетцэль: Па-першае, таму што ў Беларусі СМІ кантралююцца. І я думаю, гэта самая галоўная праблема.

Сацік Агекян: Так, у Беларусі людзі практычна нічога не ведаюць пра правы чалавека праз адсутнасць інфармацыі. Я магу параўноўваць сітуацыю з іншымі краінамі былога Савецкага Саюза. Напрыклад, у Арменіі такая ж сітуацыя - людзі мала разумеюць, што адбываецца ў палітыцы, у іх няма інфармацыі, неабходнай, каб змагацца за свае інтарэсы. І я думаю, што гэтая Школа па правах чалавека вельмі важная для беларускай моладзі. Размаўляючы з удзельнікамі на працягу некалькіх дзён, я бачу, што людзі пачынаюць параўноўваць, аналізаваць тое, што адбываецца ў сваёй краіне - тое, што яны ведалі і разумелі дагэтуль, і з улікам тых ведаў, якія атрымалі падчас заняткаў.

Алена Гетцэль: Гаворачы аб тым, чаму беларуская моладзь больш пасіўная за нямецкую, я б дадала, што вашыя ўлады прыкладаюць для гэтага пэўныя намаганні. Бо калі чалавек расце ў асяроддзі, дзе мала свабоднай інфармацыі, то ён паступова прызвычайваецца і ўспрымае такую ​​сітуацыю як нармальную, супакойваецца - як бы, я большага не ведаю, але мне гэта і не трэба.

Алена Пуліч: Гаворачы пра маладых людзей, з якімі мы пазнаёміліся на Школе, адзначу, што мне было прыемна назіраць, як ім цікава даведвацца больш, і пачуць розныя матывацыі... Для мяне было крута даведацца, што ёсць у Беларусі маладыя людзі, якія цікавяцца правамі чалавека, якія разумеюць, якія правы чалавека парушаюцца і што гэта няправільна. Таму для мяне зносіны з імі былі цікавымі.

З каардынатарам "Праваабаронцаў супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэем Палудам, Тамарай Чыкуновай і Ірынай Смяян-Семянюк

- Што б вы параілі беларускім студэнтам з тым, каб умацаваць надзею на лепшую будучыню іх краіны?  

Сацік Агекян: Трэба змагацца за дэмакратыю, як гэта ў Германіі. Вельмі добры прыклад: калі ў нас ва ўніверсітэце штосьці не так, устаюць ўсе студэнты і заяўляюць, што яны хочуць змяніць. І няхай іх патрабаванні не выконваюцца ў бягучым годзе, але ў наступным годзе гэта адбываецца, яны дасягаюць таго, чаго хочуць. Я думаю, у Беларусі гэта таксама магчыма, калі моладзь не будзе абыякавай да сваіх правоў, будзе іх адстойваць. Гэта будзе складана. Вельмі складана. Але яны павінны змагацца за тое, чаго хочуць.

Алена Пуліч: І пры гэтым не губляць надзею. Мне здаецца, гэта вельмі складана, таму што, як людзі з Беларусі казалі, там у нас страх, мы баімся рэжыму... Але ім не варта забываць, што ў краіне ёсць такія арганізацыі, як "Вясна", якія працуюць, каб нешта змяніць. І таму ніколі не варта адмаўляцца ад сваіх ідэй, сваіх ідэалаў - трэба верыць.

Алена Гетцэль: Мне здаецца, вельмі яркі прыклад - гэта падзеі ў Кіеве. Бо беларусы і ўкраінцы - гэта славяне з постсавецкіх краінаў, у іх ёсць агульная гісторыя... Але чаму такая вялікая розніца ў менталітэце? Чаму ўкраінцы нічога не баяцца і выйшлі на Майдан абараняць свае правы? І чаму беларусы такія спакойныя, ціхія і ўсё трымаюць у сабе? Можа быць, трэба ўзяць прыклад з суседзяў, якія больш актыўна сябе паводзяць...

З Андрэем Палудам, Тамарай Чыкуновай і Ірынай Смяян-Семянюк
З Тамарай Чыкуновай
З Тамарай Чыкуновай
Сацік Агекян і Алена Гетцэль
Алена Пуліч
Алена Пуліч, Сацік Агекян, Тамара Чыкунова і Алена Гетцэль

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international