Пададзена заяўка на святкаванне 500-х угодкаў Бітвы пад Оршай

2014 2014-08-18T17:43:07+0300 2014-08-18T17:43:07+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/arshanskaja-bitva.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аршанская бітва

Аршанская бітва

Сябры Аргкамітэту па арганізацыі святкаваньняў звярнуліся ў Аршанскі райвыканкам з заяўкай на ўрачыстая імпрэзы, запланаваныя на 6 верасня на Крапівенскім полі. "Просім Аршанскі раённы выканаўчы камітэт забяспечыць грамадскі парадак на свяце і гарантаваць выкананне святочнай праграмы," – гаворыцца ў дасланай мясцовым уладам заяўцы.

Чальцы аргкамітэту просяць дазволу на правядзенне набажэнства і публічнага свята, апелюючы да гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь правоў: " На падставе артыкула 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў адпаведнасці з патрабаваньнямі артыкулаў 4 і 5 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” просім дазволіць правядзенне масавых культурных мерапрыемстваў, прысвечаных 500-гадоваму юбілею Вялікай Перамогі беларускіх войскаў пад Воршай 8 верасня 1514 года".

У праграме святкавання – экскурсія па Оршы і мерапрыемствы ўласна на Крапівенскім полі: набажэнства, ускладанне кветак да памятнага знаку, выступы прадстаўнікоў замежных амбасадаў і канцэрт.

Мастак Мікола Купава, ураджэнец Оршы і прадстаўнік Аргкамітэту па арганізацыі святкаванняў, неаднаразова заяўляў, што мясцовыя ўлады не мусяць ствараць перашкодаў для адзначэння юбілею гістарычнай падзеі.

Тым не менш, паводле рашэння гарвыканкаму №74 "Аб некаторых пытаннях арганізацыі масавых мерапрыемстваў у горадзе Орша", усе заяўнікі масавых мерапрыемстваў мусяць прадстаўляць разам з заяўкай на мерапрыемствы яшчэ і дамовы на абслугоўванне акцыі супрацоўнікамі службы ЖКГ, міліцыі і гарадской паліклінікі. Праз тое, што дамовіцца з гэтымі службамі немагчыма, аршанскія ўлады на працягу апошніх 4 гадоў не дазволілі ніводнага масавага мерапрыемства паводле ініцыятывы мясцовых актывістаў. Не дапамаглі нават звароты ў суд, каб змусіць адказныя службы да заключэння дамоў: як высветлілася на адным з судовых працэсаў, ні міліцыя, ні паліклініка, ні прадпрыемства ЖКГ "Спецаўтабаза" ніколі не заключалі дамоў з фізічнымі асобамі, і зрабіць гэта не ў стане, бо такія кшталту паслугі для іх не зацверджаны.

Чальцы аргкамітэту лічаць, што спрыянне ў такой справе, як святкаванне 500-х угодкаў гістарычнай бітвы пад Оршай – гэта справа гонару і абавязку для мясцовых уладаў, незалежна ад любых бюракратычных пастаноў.

Паводле заяўкі, ва ўрачыстых імпрэзах прымуць удзел да 450 чалавек. Усе імпрэзы на Крапівенскім полі, замоўленыя Аргкамітэтам, мусяць скончыцца а 19 гадзіне. Пра бардаўскі фэст "Аршанская бітва", які штогод праводзіцца ў ноч з суботы на нядзелю ў першыя выходныя верасня, у заяўцы нічога не сказана. Аднак менавіта гэтае мерапрыемства ў апошнія гады выклікала рэпрэсіўныя захады супраць удзельнікаў і слухачоў. Некалькі гадоў таму правядзенне і ўдзел у фэсце сталі праблемай: міліцыя пачала забараняць праход на Крапівенскае поле, дзе традыцыйна ставіліся намёты, удзельнікаў і слухачоў адвозілі ў пастарункі, а то і проста гвалтам рассаджвалі па цягніках і адпраўлялі з Оршы. Таму апошнія разы фэст праводзіўся ў "падпольных" умовах пры надзвычай невялікай колькасці гасцей і ўдзельнікаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international