viasna on patreon

Журналіст Аляксей Мацука: «У Данецку любы прахожы можа трапіць пад абстрэл снайпэра»

2014 2014-08-13T14:49:09+0300 2014-08-13T14:49:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/macuka.jpg
Украінскі журналіст Аляксей Мацука

Украінскі журналіст Аляксей Мацука

У Данецку працягваюцца баі, ноч з 12 на 13 жніўня прайшла вельмі напружана, снарадамі пашкоджаныя жылыя дамы, у Пятроўскім раёне паранена 5 мірных жыхароў.

Пашкоджаныя газаправод і падстанцыя. Сытуацыя надзвычай складаная. Пра яе Радыё Свабода распавёў мясцовы журналіст Аляксей Мацука:

«У Данецку любы прахожы можа трапіць пад абстрэл снайпэра. Як правіла, агонь адкрываюць не на паражэньне, а папераджальны — у зямлю каля ног, каб аказаць псыхалягічны ціск. Стабільнасьці няма, людзей на вуліцах усё менш і менш.

Такая ж сытуацыя ў Горлаўцы. Людзі кажуць, што калі ідуць на працу, перасоўваюцца вельмі асьцярожна, уздоўж сьцен, стараюцца не выходзіць на адкрытую прастору, бо паўсюль снайпэры ДНР».

У горадзе ўвесь час перабоі з вадой і сьвятлом. У такую сьпякоту людзі мусяць абыходзіцца безь лядоўняў. Шмат у якіх раёнах вада зьяўляецца толькі ўначы.

У людзей, якія засталіся ў горадзе, проста няма грошай — ні каб выехаць у бясьпечныя месцы, ні на харчаваньне. Бо ў горадзе не выплачваюцца ні пэнсіі, ні заробкі. Не працуе банкаўская сыстэма.

Некаторыя кавярні, рэстарацыі арганізавалі бясплатныя абеды, валянтэрскія арганізацыі раздаюць бясплатна хлеб. І робяць гэта актывісты, якія былі на Эўрамайдане, але дакладна не прадстаўнікі ДНР і не арганізацыя «Наваросія».

— А куды зьяжджаюць у асноўным жыхары Данецку, Луганску? У Расею, ва Ўкраіну?

«Зьяжджаюць у асноўным у іншыя рэгіёны Ўкраіны. У той жа Славянск, дзе сытуацыя стабілізавалася, прыяжджаюць з Данецку і Луганску, таксама едуць у Заходнюю Ўкраіну».

— Аляксей, вы цяпер у Славянску. Якая там сытуацыя? Ужо няма такой напружанасьці, як пару месяцаў таму?

«У Славянку сытуацыя больш-менш стабілізавалася. Шмат што зьмянілася ў грамадзка-палітычным жыцьці. Манаполія Партыі рэгіёнаў зьнікла, зьяўляюцца новыя грамадзкія арганізацыі, новыя рухі, якія вельмі актыўныя,прыходзяць на ўсе паседжаньні гарадзкой рады, вядуць палеміку, дыскутуюць. Працэс дэмакратызацыі адчуваецца нават у паветры.

Сам горад, безумоўна, пацярпеў ад дзеяньняў узброеных груповак. Прычым у Славянску іх было некалькі: групоўка Панамарова — былога мэра, так званага „народніка“; другая групоўка — Гіркіна-Стралкова, яны былі ў СБУ; тут быў яшчэ Абвэр — таксама лідэр узброеных тэрарыстаў. І горад быў падзелены на зоны ўплыву. Адпаведна, яны ваявалі паміж сабой і ваявалі з украінскай арміяй. Асабліва пацярпелі ўскраіны, у прыватнасьці Сямёнаўка. Цяпер там ідуць аднаўленчыя працы. Гэта ўсё знаходзіцца на кантролі грамадзтва, тэрытарыяльнай грамады, мясцовых уладаў. І, вядома, людзі стараюцца сваімі сіламі нешта рабіць. Учора прыяжджаў губэрнатар Данецкай вобласьці Тарута, які паабяцаў людзям, што ўсе затраты на аднаўленьне і рамонт сваіх дамоў будуць кампэнсаваныя з адмысловага фонду».

— Ва Ўкраіне цяпер мабілізацыя. Ці ахвотна мужчыны ідуць у войска, зь якімі настроямі?

«Па маіх назіраньнях (засяроджваю ўвагу, што гэта мае асабістыя ўражаньні, якія не грунтуюцца на нейкіх сацыялягічных дасьледаваньнях) — з усіх рэгіёнаў, акрамя Данецку і Луганску, у войска людзі ідуць з энтузіязмам, з надзеяй і верай, што Ўкраіна пераможа. А што тычыцца жыхароў Данецкай і Луганскай абласьцей, якія падпадаюць пад мабілізацыю, то яны стараюцца зьехаць, дзесьці адседзецца, але толькі не пайсьці ваяваць.

— Ці ёсьць у вас надзея, што становішча хутка нармалізуецца?

«Сытуацыя абавязкова нармалізуецца. Таму што немагчыма ўзброеным сэпаратыстам так доўга ўтрымліваць Данецк. Горад фактычна ў блякадзе. Доўга так працягвацца ня можа. Я спадзяюся, што сэпаратысты самі будуць вымушаныя пакінуць Данецк».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства