Ілля Дабратвор: “Два суддзі адмовіліся мяне судзіць, а Мотыль зазвычай пагадзілася”

2014 2014-08-13T13:26:06+0300 2014-08-13T13:30:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dabratvor_u_viasnie.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілля Дабратвор

Ілля Дабратвор

Актывіст грамадскага аб’яднання “Альтэрнатыва” Ілля Дабратвор, які 12 жніўня выйшаў на свабоду пасля 14-суткавага арышту, распавёў Праваабарончаму цэнтру “Вясна” пра сваё “загадкавае” затрыманне, асуджэнне, а таксама чаму гэты арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкаму стаў самым цяжкім для яго.

- Ілля, усе былі вельмі здзіўленыя, калі даведаліся пра Вашае затрыманне ў Доме правасуддзя 29 ліпеня. Як так апынулася, што ні адзін чалавек не бачыў, як Вас затрымлівалі?

- У Дом правасуддзя я пайшоў разам журналістам Радыё Свабода Алегам Груздзіловічам. Там на ўваходзе два турнікеты, я пайшоў да аднаго, ён да другога. У яго спыталі пасведчанне, пачалі з ім размаўляць, а ў мяне тым часам узялі пашпарт і папрасілі прайсці для асабістага дагляду. Я пагадзіўся, пайшоў. Мне ўсё казалі, што пакой для дагляду знаходзіцца “далей”. У выніку вывелі ва ўнутраны дворык і там адразу пасадзілі ў машыну. Перад гэтым правялі дагляд, забралі тэлефон. (Гэта пасля ўжо патэлефанаваць жонцы мне дазволілі канвойныя, а амапаўцы не даюць такой магчымасці). Яшчэ калі вялі, спыталі наконт саколкі – ці іншай у мяне няма [на саколцы быў надпіс “Свабоду палітвязням” – рэд.]. Завезлі ў Маскоўскі РАУС, цягам гадзіны-паўтары аформілі дакументы і прывезлі ў Маскоўскі суд.

- Асудзілі таксама хутка?

- Спачатку мы сядзелі каля аднаго кабінета – той суддзя адмовіўся мяне судзіць, павялі да другога суддзі – той так сама адмовіўся. І ўжо Мотыль [суддзя суда Маскоўскага раёна Таццяна Мотыль вядомая сваімі цынічнымі падыходамі падчас судовых працэсаў над грамадскімі актывістамі – рэд.], як звычайна, пагадзілася. Яна, па-першае, адразу адправіла на дапрацоўку пратакол, тут вось бачна, што ўносіліся змены, у маёй копіі дапісвалі таксама [паказвае копію пратакола – рэд.]. Я напісаў у пратаколе, што не згодны з унесенымі зменамі і запатрабаваў адваката. Але адвакат, які звычайна абараняе мяне, быў заняты, ад іх адваката я адмовіўся. І тут Мотыль кажа, маўляў, давайце заслухаем сведкаў. На гэта я сказаў, што не хачу слухаць хлуслівыя паказанні, няхай яна сама выносіць прысуд. Яна пагадзілася. Пры гэтым я паказаў пашпарт, што у мяне на ўтрыманні пяцёра дзяцей, каб яна ўнесла гэта ў справу. Суддзя дала мне падпісаць дзве паперы і дзесьці праз гадзіну вынесла прысуд – 14 сутак арышту [7 сутак – па артыкуле 17.1 КаАП “дробнае хуліганства” і 7 сутак – па артыкуле 23.4 КаАП “непадпарадкаванне патрабванням службовай асобы” – рэд.]. Па шчырасці, я спадзяваўся, што хаця б скіне да 10 сутак – не скінула. Літаральна праз гадзіну я ўжо быў у ЦІПе. Прычым іншыя людзі распавядаюць, што знаходзяцца па двое-трое сутак у РАУС, міліцыянты звычайна кажуць, што няма паліва, і збіраюць як мага болей арыштантаў, каб адвезці на Акрэсціна, а на мяне паліва адразу знайшлося.

- Вам давялося адбываць арышт у анамальна спякотныя дні. Якія ўмовы ў ЦІПе?

- Умовы там вельмі цяжкія, таму што не было халоднай вады, не адчынялі “кармушкі” ў дзвярах, было адчыненае толькі невялікае вакенца, а ў камеры, як звычайна, шэсць чалавек – дыхаць у такую спякоту не было чым. І паколькі чамусьці разбураны прагулачны дворык, ніякіх прагулак не было. І ты сядзіш, сядзіш, сядзіш… Пры такім надвор’і вельмі цяжка было сядзець, па начах спаць не маглі. Сярод нас быў чалавек, які не курыць, то яму наогул было невыносна. 

На ўсе заўвагі супрацоўнікі ЦІПу амаль не звяртаюць увагі. То бок, калі мне бялізну змянілі, то тыя, хто сядзеў побач, чатыры дні пісалі заявы на імя Сакалоўскага [І.Ю. Сакалоўскі  – выконваючы абавязкі начальніка ЦІП ГУУС Мінгарвыканкаму - рэд.], каб ім змянілі бялізну. Там сядзеў хлопец, якому 15 сутак бялізну не мянялі. Потым, са страўнікам пачаліся праблемы, прычым ва ўсёй камеры. І калі я звяртаўся па медыцынскую дапамогу, то адказалі мне толькі праз суткі. А ў чалавека ў нашай камеры былі прыступы эпілепсіі, але супрацоўнікі ЦІПу толькі праз вакенца давалі нам указанні накшталт “трымайце яго”, нават не заходзілі ў камеру. Пасля здарыўся другі прыступ – мы, як маглі, трымалі гэтага чалавека, толькі затым яны выклікалі “хуткую”, якая прыехала дзесьці праз гадзіну і забрала яго.    
І ўвогуле людзі ў камерах сядзяць фактычна адзін на адным - робяць рамонт, месцаў не хапае. Калі хто выязджаюць з камеры, напрыклад, аб 11-й вечара, то новых на гэтае месца закідваюць яшчэ днём, і ўсе вымушаныя чакаць у такіх вось умовах. Я ужо думаў зрабіць зварот да Сакалоўскага аб тым, каб не бралі столькі людзей, калі няма ўмоваў для іх утрымання.
Напэўна, з усіх “сутак”, якія мне давялося адседзець у ЦІПе, гэтыя былі самыя цяжкія.  

- А ці адчувалі да сябе як “палітычнага” нейкае асаблівае стаўленне з боку супрацоўнікаў ЦІПУ?

- Я там вось што заўважыў: міліцыянты пачалі пераносіць свае метады працы з “палітычнымі” на простых затрыманых. Я бачыў некаторыя пратаколы – там таксама хлусня. І гэта зразумела. Бо калі міліцыі дазволілі беспакарана хлусіць у пратаколах “палітычных”, то, безумоўна, яны пачалі карыстацца гэтым дазволам шырэй. Даўно зразумела, што па адміністратыўных артыкулах 17.1 і 23.4 можна амаль любога асудзіць. Але цікавая рэч зараз з “нецвярозым станам”. Напрыклад, амаль ні ў кога, хто быў затрыманы ў “нецвярозым” стане, у пратаколе няма медыцынскага заключэння, гэта ўказваецца проста са слоў супрацоўнікаў міліцыі, іншых пацверджанняў няма. Праўда, са слоў саміх жа затрыманых яны былі цвярозыя, будзем з доляй скепсісу ставіцца да гэтага. Тым не менш, калі ў мяне ўсё распісана, то ў іх пратаколах нават не ўказваецца, дзе яны здзяйснялі правапарушэнне, дзе іх затрымлівалі. І гэта праходзіць у судах, суд дае арышты на падставе такіх пратаколаў.

- Як самі лічаце, што стала прычынай Вашага затрымання?

- У дзень вызвалення я даведаўся, што быў затрыманы актывіст “Альтэрнатывы” Алег Кераль, які прынёс мне перадачу. Затрымалі Алега Корбана, які ішоў мяне сустракаць. Як адзін з каардынатараў “Альтэрнатывы”, я лічу, што ўлада баіцца моладзевай арганізацыі, якая штосьці робіць, і такім чынам спрабуе яе знішчыць.   

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international