У Магілёве абмяркоўвалі пытанні росту карупцыйных злачынстваў у галіне сельскай гаспадаркі

2014 2014-08-11T14:32:10+0300 2014-08-11T14:32:10+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/karupc-krugly-stol-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Магілёве ў грамадскім цэнтры “Кола” 10 жніўня адбыўся круглы стол, на якім былі абмеркаваны праблемы росту карупцыйных злачынстваў у галіне сельскай гаспадаркі Магілёўскай вобласці, а таксама факты парушэння правоў працаўнікоўсельскагаспадарчых прадпрыемстваў пры рэфармаванні сельгаспрадпрыемстваў, калі меркаванні простых працаўнікоў гаспадарак ігнаруюцца чыноўнікамі.

Удзел у круглым стале прынялі спецыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі і незалежныя журналісты з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны. У якасці арганізатара мерапрыемства выступіў выдавецкі цэнтр Магілёўскай рэгіянальнай кааліцыі дэмакратычных сіл. Падтрымку ў арганізацыі правядзення круглага стала таксама аказала і Магілёўская філія ГА “БАЖ”.

Падчас круглага стала былі заслуханы выступленні чатырох экспертаў у галіне сельскай гаспадаркі, якія распавялі пра сваё бачанне рашэння праблемы карупцыйных злачынстваў у сельскагаспадарчай сферы, прывёўшы канкрэтныя прыклады такіх правапарушэнняў у розных рэгіёнах Магілёўшчыны.

Асаблівая ўвага была нададзеная парушэнню правоў працаўнікоў вёскі ў святле нядаўна прынятых кіраўніком краіны 4-х указаў аб рэфармаванні ў галіне сельскай гаспадаркі.

Як падкрэсліў адзін з выступоўцаў, былы дырэктар саўгаса “Іскра” Рыгор Кастусёў, “адначасовым прыняццем ажно 4-х Указаў па сельскай гаспадарцы (чаго ў гісторыі Беларусі яшчэ не назіралася), кіраўніцтва краіны практычна ўзаконіла рабаўніцтва сялянства, якое працягваецца ў нашай краіне пад выглядам правядзення рэформаў ужо больш 10 апошніх гадоў. Больш дзесяцігоддзя ў нашай краіне пад выглядам рэфармавання сельскай гаспадаркі інтэнсіўна ідуць працэсы зліцця двух-трох суседніх гаспадарак у адну і перавод новаствораных гаспадарак у гаспадаркі з новай формай уласнасці. Былыя калгасы, саўгасы ператвараюцца ў ААТ (Адкрытыя акцыянерныя таварыствы), ЗАТ (Закрытыя акцыянерныя таварыствы), сельскагаспадарчыя кааператывы, якія надалей перадаюцца ў распараджэнне або ўласнасць новым гаспадарам. Праз прыняцце новых заканадаўчых актаў, што не прадугледжваюць роўныя правы для грамадзян Беларусі па прыватнай ўласнасці на зямлю, як і ў гады існавання савецкай улады, беларуская дзяржава імкліва выбівае з селяніна апошнія рэшткі пачуцця ўласніка, гаспадара свайго жыцця. Як і ў далекія 20-ыя, 30-ыя гады мінулага стагоддзя ў часы калектывізацыі , калі сялянства сілай пазбаўлялася прыватнай уласнасці на зямлю, на сродкі вытворчасці і заганялася ў калгасы, беларускія ўлады зноўку прымаюць рашэнні па рэфармаванню сельгаспрадпрыемстваў, нават не цікавячыся меркаваннямі сённяшніх калгаснікаў і бессаромна пазбаўляюць сялян іх калектыўнай уласнасці”.

Іншы выступоўца, кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі, засяродзіў увагу удзельнікаў круглага стала на неабходнасці падвышэння грамадскага кантролю за органамі выканаўчай улады і праваахоўнымі органамі ў пытаннях барацьбы з карупцыяй.

“Ці можна спадзявацца ў навядзенні парадку на эканамічнай прасторы вобласці на сілавыя структуры – органы МУС, КДБ, КДК, Следчы камітэт? Так, але ж, напрыклад, справа “адкатаў” на дзяржпрадпрыемствах зайшла так далёка, што большасць “саплівых” маркетолагаў нават і не ўтойваюць свае “левыя” крыніцы ўзбагачэння. Ды і да саміх “барацьбітоў” ёсць пытанні: арыштаваны па артыкулу “карупцыя” “перавертні ў пагонах” з Клімавічскага РАУС, шклоўскі начальнік ДФР КДК, магілёўскі суддзя, якія самі павінны былі стаяць на ахове правапарадку. Ёсць пытанні і да прыватнага бізнэсу, але ж ён працуе ў квазірынкавых умовах і не можа быць у дадзеным выпадку цывілізаваным. Таму ўсе спробы ўлад падвысіць эфектыўнасць эканомікі будуць разбівацца аб камяні своеасаблівых адносін “прыватнае-дзяржаўнае”. Яшчэ больш “адкатная” хвароба распаўсюджана ў бюджэтнай сферы. Закупка абсталявання ў адукацыйныя і медыцынскія ўстановы (асабліва за валюту), іх капітальны рамонт – гэта бязмерныя магчымасці для чыноўнікаў, якія рэгулююць таварныя і фінансавыя патокі для забяспячэння іх функцыявання. Ды ці мала другіх магчымасцяў у нячыстых на руку чыноўнікаў – ЖКГ, арэндныя адносіны, сельская гаспадарка. На пытанне, ці дазваляюць зараз супрацоўнікам сілавых ведамстваў правяраць начны развоз малочных і мясных прадуктаў па крамах з адпаведных перапрацоўчых прадпрыемстваў, адказныя асобы разводзяць рукамі.

Вось таму і ўражанне, што ніхто зараз са злодзеяў-карупцыянераў нікога не баіцца і не зважае на маральныя нормы і грамадскую думку. Дзяржаўныя СМІ стараюцца абыходзіць шматлікія факты, суды над карупцыянерамі праходзяць у закрытым рэжыме. Агалосцы даюцца толькі крымінальныя справы, якія выгадныя ўладзе. Нават кіраўнік дзяржавы, які раз пораз аб’яўляе барацьбу карупцыі, бяссільны ў гэтай справе барацьбы, не разумеючы, што самы надзейны заслон злодзеям можа паставіць толькі дэмакратычны дзяржаўны лад. Як жа да карупцыйных праблем ставіцца мясцовая ўлада? У справаздачы Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта за 2012,2013 гады слова “карупцыя” не згадана ні разу, такія ж адносіны да карупцыйных праблем як у Магілёўскім гарвыканкаме, так і ў шклоўскіх вертыкальшчыкаў. Адзін раз пра карупцыю згадалі ў справаздачы прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў – відаць і ў аблсавеце не вельмі шануюць гэту тэму. Вось чаму ў тым ліку грамадскасць павінна больш крытычна адносіцца да тэмы карупцыі і шукаць прычыны замоўчвання праблемы выканаўчай уладай. Але можа з карупцыяй у Магілёўскай вобласці даўно пакончана ці ёсць дадатныя зрухі ў праваахоўных органаў? Не, гэта не так. Напрыклад, у 2012 гаду ў Магілёўскай вобласці выяўлена і пастаўлена на ўлік 209 злачынстваў карупцыйнага напрамку, не палепшылася становішча ў 2013 годзе – колькасць карупцыйных злачынстваў павялічалася на 30,5% у параўнанні з папярэднім годам і склала на 1,2% больш сярэдняга паказчыка па Беларусі. Толькі за 5 месяцаў 2014 года выяўлена 101 карупцыйнае злачынства. Пры гэтым, абласная пракуратура канстатуе, што за апошнія 5 гадоў іх колькасць не памяншаецца. Яшчэ на слыху гучныя затрыманні службовых асоб у Магілёўскай вобласці: генеральнага дырэктара “Крычаўцементашыферу”, галоўнага ўрача Касцюковічскай бальніцы, дырэктара “Магілёўдрэва”, заведзеная крымінальная справа на кіраўніка “Строммашыны”.

Але чаму мясцовая “вертыкаль” так індэферэнтна адносяцца да гэтай тэмы? Справа ў тым, што болей за траціну (35%) ад агульнай колькасці карупцыйных злачынстваў рэгіструецца ў сістэме органаў мясцовай улады і падначаленых ім структурных падраздзяленняў. А найбольшую ўдзельную вагу займаюць крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (34%), дача хабару (33%), атрыманне хабару (11%), злоўжыванне ўладай (9%). Згадзіцеся, радаваму грамадзяніну ў радах карупцыянераў месца проста няма”, - выказаў сваё меркаванне Пётр Мігурскі.

Адбылася працяглая дыскусія ўдзельнікаў сустрэчы наконт прыняцця неабходных мер для пераадолення такой прыкрай з’явы, як карупцыя ў галіне сельскай гаспадаркі Магілёўскай вобласці. Удзельнікі круглага стала таксама практычна аднагалосна выказаліся за тое, каб улада максімальна ўлічвала інтарэсы і абараняла правы простых працаўнікоў вёскі пры рэарганізацыі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, змене іх формы ўласнасці, а таксама за пастаянны кантроль з боку грамадзянскай супольнасці за органамі ўлады.

Удзельнікі сустрэчы ў Магілёве прыйшлі да высновы, што падобныя круглыя сталы, прысвечаныя праблемам карупцыі і парушэнняў правоў працоўных пры рэарганізацыі сельгаспрадпрыемстваў, павінны праводзіцца кожны квартал.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international