“Вясна” перадала амбасадару Азербайджана заяву з асуджэннем арыштаў вядомых праваабаронцаў краіны

2014 2014-08-06T12:54:31+0300 2014-08-06T13:17:36+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vagabzade.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Амбасадар Азербайджана ў Беларусі Ісфандзіяр Вагабзадэ

Амбасадар Азербайджана ў Беларусі Ісфандзіяр Вагабзадэ

6 жніўня Праваабарончы цэнтр “Вясна” перадаў у амбасаду Азербайджана ў Мінску заяву з асуджэннем рэпрэсіяў рэжыму прэзідэнта Аліева ў дачыненні да вядомых праваабаронцаў краіны.

Заяву ў сябраў Рады ПЦ “Вясна” Таццяны Рэвяка і Уладзіміра Лабковіча прыняла супрацоўніца амбасады, якая сказала, што перадасць яе амбасадару Ісфандзіяру Вагабзадэ.

Зварот з нагоды ўзяцця пад варту 30 ліпеня дырэктара Інстытута міра і дэмакратыі Лэйлы Юнус, а таксама ранейшага асуджэння да турэмнага тэрміну кіраўніка Цэнтра маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі Анара Мамедлі падтымалі іншыя праваабарончыя арганізацыі і актывісты грамадзянскай супольнасці - Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Праваабарончы альянс, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Дар'я Корсак, Аляксандр Атрошчанкаў, Лявон Садоўскі і Марына Адамовіч.

У звароце на адрас афіцынага Баку канстатуецца, што ў Азербайджане сістэматычна парушаюцца грамадскія і палітычныя правы, ажыццяўляецца палітычна матываваны пераслед дэмакратычных актывістаў, грамадскіх дзеячоў і праваабаронцаў, якія па сфабрыкаваных справах прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці. Што падчас зняволення правы палітычных вязняў груба парушаюцца, у дачыненні да іх ўжываюцца катаванні і іншыя віды бесчалавечнага абыходжання. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі выказваюць абурэнне тым, што Азербайджан пераследуе праваабаронцаў, маючы статус старшыні ў Камітэце міністраў Савета Еўропы – арганізацыі, прызванай садзейнічаць пашюрэнню міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека і дэмакратычнага развіцця.

Таксама беларускія праваабаронцы заклікалі ЕС і ЗША, нягледзячы на эканамічныя кантакты з Азербайджанскай Рэспублікай, прыняць усе магчымыя захады для аказання ціску на ўрад краіны з патрабаваннем неадкладнага вызвалення палітычных вязняў. 

Паводле інфармацыі адваката, якая з’явілася 5 жніўня, пад арыштам пагоршыўся стан здароўя Лэйлы Юнус, яна пакутуе вострай формай цукровага дыябету. А ў дачыненні да яе мужа, супрацоўніка Інстытута міра і дэмакратыі Арыфа Юнуса зменена мера стрымання – з падпіскі аб нявыездзе на ўзяцце пад варту на тры месяцы.   

Тым часам улады Азербайджана ўжо пракаментавалі заяву камісараў ЕС у сувязі з арыштам праваабаронцы Лэйлы Юнус, назваўшы асуджэнне ў свой адрас “неабгрунтаваным і непрымальным”. “Падобныя заявы адпрэчваюцца і ацэньваюцца як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Азербайджана і ў працу судовай сістэмы, як спробы мэтанакіравана палітызаваць дзеянні злачыннага характару. Аказанне палітычнага ціску на Азербайджанскую рэспубліку падобнымі шляхамі абсалютна бессэнсоўнае”, - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы МЗС краіны.   

Нагадаем, што па эканамічных абвінавачаннях, аналагічных прад’яўленым Лэйле Юнус, 2 жніўня быў узяты пад варту на тры месяцы кіраўнік незарэгістраванага ўладамі Клуба па правах чалавека Расул Джафараў, а ў траўні 2014 года па падобных абвінавачваннях былі асуджаныя адпаведна да 5,5 і 3,5 гадоў пазбаўлення волі кіраўнік Цэнтра маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі Анар Мамедлі і выканаўчы сакратар гэтай арганізацыі Башыр Сулейманлы.    

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international