viasna on patreon

Прадстаўнік АБСЕ наведала ў турме праваабаронцу Азімжона Аскарава

2014 2014-08-05T20:24:53+0300 2014-08-05T20:26:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/azimzhon_askarau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца з Кыргызстану Азімжон Аскараў. Фота: svoboda.org

Праваабаронца з Кыргызстану Азімжон Аскараў. Фота: svoboda.org

Вядомага праваабаронцу і журналіста Азімжона Аскарава, асуджанага да пажыццёвага зняволення, у турме ў Бішкеку 30 ліпеня наведала кіраўнік дэпартамента БДІПЧ па правах чалавека Сняжана Бакуліч.

Пра гэта паведамляе сайт БДІПЧ АБСЕ.

"Сп. Аскараў выказаў абурэнне і крыўду ў дачыненні да сваёй сітуацыі", сказала спн. Бакуліч. "Ён не скардзіўся на ўмовы знаходжання ў турме, але адзначыў, што пакутуе на болі ў спіне, бяссонніцу, а часам і дэпрэсіі. Ён таксама падкрэсліў, што ўдзячны ўсім тым, хто не забыўся на яго, і што яму было асабліва прыемна атрымліваць паведамленні і малюнкі ад дзяцей з розных краінаў". 

 

Накід Азімжона Аскарава, зроблены ім у турме ў Бішкеку (АБСЕ)

Азімжон Аскараў, этнічны узбек з Базар-Каргона, быў арыштаваны ў чэрвені 2010 года, у перыяд пасля міжэтнічнага гвалту на поўдні Кыргызстана, і абвінавачаны ў здзяйсненні шэрагу злачынстваў, у тым ліку арганізацыі масавых беспарадкаў і распальванні міжнацыянальнай варожасці, а таксама ў саўдзеле у захопе закладнікаў і забойстве. Ён быў прызнаны вінаватым і асуджаны да пажыццёвага зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

"Арышт, затрыманне і правядзенне судовага разбіральніцтва па справе Аскарава выклікалі сур'ёзную заклапочанасць сярод юрыстаў і праваабарончых групаў датычна стандартаў справядлівага судовага працэсу і гарантый правоў чалавека, якія Кыргызстан абавязаўся выконваць як дзяржава-ўдзельнік АБСЕ", заявіла спн. Бакуліч. "Без новага расследавання гэтай справы застанецца моцнае падазрэнне ў тым, што асуджэнне і прысуд у дачыненні да сп. Аскарава непасрэдна звязаны з яго праваабарончай дзейнасцю".

Назіральнікі судовага разбіральніцтва ў першай і другой інстанцыях, у тым ліку ад АБСЕ, паведамілі аб сур'ёзных парушэннях нормаў вядзення справядлівага судовага працэсу, такіх як празмерна даверлівае стаўленне да доказаў, прадстаўленых міліцыяй, няздольнасць уладаў адэкватна рэагаваць на запалохванне сведак абароны і адвакатаў, на разгляд доказаў невінаватасці і эфектыўна прадпрымаць наступныя меры пры наяўнасці бачных прыкметаў катаванняў.

Сп. Аскараў працаваў з БДІПЧ па маніторынгу правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі на поўдні Кыргызстана і выказваўся ў многіх выпадках супраць жорсткасці міліцыі.

У Кіруючых прынцыпах, якія тычацца абароны праваабаронцаў, апублікаваных у чэрвені, БДІПЧ падкрэсліў, што ўсе дзяржавы-ўдзельніцы ўзялі на сябе абавязацельствы абараняць праваабаронцаў, у тым ліку іх права на справядлівае судовае разбіральніцтва, і гарантаваць аператыўнае, эфектыўнае і незалежнае расследаванне ўсіх заяваў датычна катаванняў у дачыненні да праваабаронцаў.

Накід Азімжона Аскарава, зроблены ім у турме ў Бішкеку (АБСЕ)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства