Алесь БЯЛЯЦКІ: Паехаў варыць сочыва, а патрапіў у турму…

2014 2014-08-01T22:53:00+0300 2014-08-01T12:08:36+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_na_voli-21.06.14a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі па дарозе ў Мінск у дзень вызвалення 21.06.2014 Фота: svaboda.org

Алесь Бяляцкі па дарозе ў Мінск у дзень вызвалення 21.06.2014 Фота: svaboda.org

Праваабаронца і нядаўні палітвязень Алесь БЯЛЯЦКІ распавёў “Народнай Волі” пра замежныя рахункі, сваё турэмнае жыццё, сям’ю і пра тое, чаму не хоча балатавацца ў прэзідэнты.

 

АСАБІСТАЯ СПРАВА

Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года і прыгавораны за ўтойванне даходаў у асабліва буйным памеры да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Падставай для крымінальнага пераследу стала наяўнасць у яго замежных банкаўскіх рахункаў, сродкі з якіх выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці.

Праваабаронца адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі №2 Бабруйска, сусветнай грамадскасцю ён прызнаны вязнем сумлення. Выйшаў на волю па амністыі 21 чэрвеня 2014 года.

У 2006--2007 і 2012--2014 гадах Бяляцкі вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру.

У маі 2013 года ён быў пераабраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH).

 

“Спачатку цябе выпіхваюць з легальнага поля, а затым садзяць у турму…”

-- Давайце з самага пачатку расставім кропкі над “і” ў гісторыі з вашымі замежнымі рахункамі, якія і сталі падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы. Літоўскае Міністэрства юстыцыі і польская пракуратура перадалі беларускай фінансавай міліцыі інфармацыю аб гэтых рахунках… Іх нельга было адкрыць у Беларусі?

-- Безумоўна, нельга. Трэба згадаць сітуацыю, што ліквідаваны ўладамі ў 2003 годзе праваабарончы цэнтр “Вясна” не меў права весці ў Беларусі нейкую легальную дзейнасць. Хоць да 2003 года, пакуль была рэгістрацыя, у нас быў афіцыйны рахунак і мы спраўна плацілі падаткі. Апроч гэтага, уся замежная грашовая дапамога павінна рэгістравацца ў Дэпартаменце па гуманітарнай дапамозе пры Адміністрацыі прэзідэнта, але пры гэтым такога віду дзейнасці, як праваабарончая, у прынцыпе няма. Ты ніяк не можаш атрымаць дапамогу, хоць у многіх краінах праваабарончыя праграмы наогул вызваляюцца ад падаткаў. Але ж і пасля таго, як нас зачынілі, мы не маглі кінуць на самацёк тыя праблемы і пытанні, якімі займаліся. Дапамагалі ахвярам палітычных рэпрэсій, займаліся асветніцкай дзейнасцю, пытаннямі смяротнага пакарання… Мы шукалі выйсце са складанай сітуацыі, а таму і было вырашана адкрыць рахункі за мяжой. На гэты конт з фондамі была дамова, у саміх раздрукоўках, якія патрапілі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў, пазначалася, на якія мэты патрачаны грошы. Адным словам, тут цэлы комплекс праблем. Спачатку цябе выпіхваюць з легальнага поля, а затым кажуць: “Ты ж крымінальны з усіх бакоў!” І садзяць у турму. Дарэчы, падчас суда нашы замежныя партнёры пацвердзілі, што грошы былі выдадзены менавіта на праваабарончую дзейнасць, ёсць адпаведныя справаздачы. Але ж гэта ўжо нікога не цікавіла… Беларускія ўлады, у якіх былі пагадненні з польскімі і літоўскімі калегамі, проста выкарысталі іх, каб разабрацца з унутранымі апанентамі. Я разумеў, што рашэнне па маёй справе будзе прымацца ў высокіх кабінетах. Калі ты займаешся грамадскай дзейнасцю, то ўжо знаходзішся ў зоне рызыкі, бо з’яўляешся для ўлады пэўнай праблемай.

-- Пасля вашага арышту дзяржаўныя СМІ білі на тое, што парушэнне падатковага заканадаўства жорстка караецца ва ўсім свеце. Пісалі, што вы маеце дзве кватэры ў цэнтры Мінска, лецішча ў Ракаве, шыкоўны аўтамабіль. І задаваліся пытаннем: “Чаму рабочы трактарнага завода павінен плаціць падаткі, а праваабаронца грамадзянін Бяляцкі не?”

-- Я са свайго заробку плаціў падаткі, і падатковая інспекцыя мела ўсе паперы. Але чаму трэба было плаціць яшчэ і не са сваіх грошай? Паводле беларускага заканадаўства, калі ты з’яўляешся асобай, якая не карыстаецца фінансамі, а перадае іх на іншую дзейнасць, то не павінен плаціць падаткі. Калі дзяржава хоча, каб мы іх плацілі, то ніхто ж не супраць. Зарэгіструйце арганізацыю і дайце магчымасць праваабаронцам працаваць у легальным полі, а не спіхвайце ў падпольны стан.

Што тычыцца кватэр, лецішча і машыны… На судзе гэтыя выпадкі разбіраліся. Адна з кватэр, якую, дарэчы, канфіскавалі, належала фактычна праваабарончаму цэнтру -- там на працягу больш як 10 гадоў быў наш офіс. Паколькі мы прадбачылі праблемы з рэгістрацыяй, з агульнай згоды кватэру запісалі на мяне яшчэ ў 2000 годзе. У другой кватэры мы зараз жывём, а ў мястэчку -- звычайная вясковая хата. Што тычыцца машыны: калі набыты з рук у памятым стане “Сітраен” 2001 года выпуску, які быў у нашай сям’і, і ёсць той самы “шыкоўны аўтамабіль”, дык тут, як кажуць, без каментарыяў. Застаецца толькі парадавацца за сябе, што набыў такі цуд тэхнікі, як напісалі.

-- Дарэчы, якія заробкі ў праваабаронцаў? З чаго вы плацілі падаткі?

-- Зарабляў на перакладах тэкстаў і падрыхтоўцы матэрыялаў журналісцкага і літаратурнага плана. Як я казаў, у падатковай інспекцыі ёсць усе паперы.

 

“Забралі мяне і 12 слоікаў…”

-- Вы чакалі арышту? Былі да гэтага маральна падрыхтаваны?

-- Пасля таго як у падатковай інспекцыі ў чэрвені 2011 года (за паўтара месяца да арышту) мне паказалі раздрукоўкі з літоўскага банка, я пракансультаваўся з адвакатам наконт таго, як далей можа развівацца справа. Той коратка сказаў: “Яна скончыцца арыштам”. Затым паўтара месяца я разам з адвакатам абгрунтоўваў сваю невінаватасць, юрыдычную нікчэмнасць дакументаў, але… Справай займаліся і падаткавікі, і следчыя Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) па Мінску, а таму “закрыць” мяне маглі ў любы момант. Проста палічылі б, што банкаўскіх раздруковак дастаткова, -- і ўсё. Аднак мяне не чапалі, за гэты час я шэсць разоў спакойна выязджаў за мяжу, бо выкладаў у праваабарончай школе ў Вільнюсе. Улады проста выціскалі мяне з краіны, чакалі, напэўна, што я спалохаюся і застануся ў замежжы. Гэта для іх быў бы цудоўны падарунак лёсу – і поўная дыскрэдытацыя мяне, і цень на беларускі праваабарончы рух.

-- Хто-небудзь раіў папрасіць палітычнага прытулку за мяжой?

-- Так, бо сітуацыя ўяўлялася дастаткова сур’ёзнай. Але было сто аргументаў за тое, каб застацца і змагацца на радзіме, і ніводнага супраць. Уцякаць было б няправільна.

-- Вас затрымалі 4 жніўня 2011 года. Памятаеце той дзень?

-- Безумоўна, хоць прайшло ўжо тры гады. У жніўні я меркаваў адпачыць пасля таго вялізнага аб’ёму працы, што мы, праваабаронцы, зрабілі, праводзячы назіранне за выбарамі, а пасля снежаньскіх падзей 2010 года -- баронячы палітычных зняволеных. 4 жніўня паехаў на метро на працу, але калегі патэлефанавалі, што каля офіса круцяцца нейкія падазроныя асобы ў цывільным. Тады я развярнуўся і паехаў дадому. У гэты дзень я збіраўся на вёску варыць сочыва (варэнне), таму зайшоў у кватэру, узяў 12 маленькіх слоікаў… Так разам са слоікамі каля метро мяне і забралі. Паказалі ордар, затым цэлы дзень былі вобыскі -- у кватэры, на офісе, на лецішчы.

-- І што шукалі?

-- Следчых цікавілі паперы, можа быць, шукалі які кампрамат і грошы. Але нічога з таго, што было апісана ці забрана, не фігуравала падчас суда як доказ маёй “злачыннай дзейнасці”. На наступны дзень пасля затрымання быў першы допыт у ДФР, а ўжо ўвечары я апынуўся ў СІЗА на Валадарскага.

-- Рэзкая змена дэкарацый…

-- Так, збіраўся варыць сочыва, а апынуўся ў ізалятары. (Смяецца.) Перад табой адчыняецца легендарная брама Валадаркі, праз якую ў свой час прайшлі нашыя славутыя Дунін-Марцінкевіч, Якуб Колас, рэпрэсаваныя беларускія пісьменнікі 1930-х гадоў… Я быў падрыхтаваны да таго, што арышт можа адбыцца ў любую хвіліну, але калі трапляеш у такую сітуацыю -- гэта заўсёды стрэс… Таму першыя два-тры дні я заўважаў, што знаходжуся ў затарможаным стане. Затым прайшла адаптацыя, і я выразна ўсвядоміў, што адбылося ў маім жыцці. Усё засталося па другі бок кратаў -- сям’я, сябры, планы, недаваранае сочыва і кошка Кася… Ты жыў на Зямлі, а апынуўся на Месяцы. Турма адразу вельмі моцна б’е па чалавеку.

 


Святое месца пустым не бывае

-- У свой час многія палітвязні, якія прайшлі такія ж этапы ў сваім жыцці, распавядалі, што да “палітычных” ва ўсіх зняволеных абсалютна нармальнае стаўленне. Гэта так?

-- Паўсюль, дзе я быў за гэтыя тры гады, бачыў толькі павагу з боку іншых калег па няшчасці. Людзі разумелі, што ты сядзіш за свае перакананні, за ідэю. Іншая справа, што ёсць зняволеныя, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй установы. Вось ад іх можна было чакаць рознага кшталту правакацый. У некаторых маглі быць вялікія тэрміны зняволення, і ім патрэбна было зарабіць сабе на невялікія прывілеі. Камусьці паабяцалі перавод на “хімію”. Вось і рабіліся негалоснымі "стукачамі". Але я хутка зразумеў адно: нічога кепскага са мной там здарыцца не магло без канкрэтных указанняў тых, хто курыраваў маё адбыванне тэрміну. Гэта нават не адміністрацыя калоніі -- у іх сваіх праблем хапае. Куратары палітычных зняволеных знаходзяцца ў Мінску, і інструкцыі пішуць яны, хоць я і не ведаю, якое канкрэтна ведамства гэтым займаецца. Індывідуальны рэжым утрымання кожнага “палітычнага” распісвалі менавіта там. Дарэчы, на Валадарцы я сядзеў у дастаткова прыстойнай камеры -- было восем нар і не больш за васем чалавек на іх. Мяне перавялі якраз на тую “шконку”, дзе да гэтага знаходзіўся былы кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус. Яго адправілі ў калонію, але, як бачым, святое месца пустым не бывае.

-- Алесь, давайце вернемся да судовага працэсу над вамі. Якія былі чаканні ад суда? Якое ўражанне пакінуў сам працэс?

-- Калі я пазнаёміўся са справай і ўбачыў, што ўсё пачыналася з ліста намесніка старшыні КДБ, які пісаў у КДК, што ёсць раздрукоўкі, атрыманыя аператыўным шляхам, зразумеў, што ад пачатку да канца справа мая кантралявалася камітэтчыкамі. Па-чалавечы мяне гэта нават здзівіла, бо сітуацыя нагадвала 1970--1980-я гады, калі такім самым чынам распраўляліся з праваабаронцамі ў СССР. Атрымлівалася, што праверка замежных рахункаў -- гэта ініцыятыва не падаткавікоў, а зусім іншых структур. Таму для мяне было прынцыпова важна паказаць на судзе сваю невінаватасць і абсурднасць абвінавачанняў. І тыя мэты, што я ставіў, як мне падаецца, выканаў. На судзе абвінавачванне рассыпалася. Па меншай меры я не прайграў, нягледзячы на вялікі тэрмін, які атрымаў. Чатыры з паловай гады -- багата нават для гэтага артыкула, бо ён прадугледжвае і “хімію”.

-- Узнікае лагічнае пытанне: ці патрэбны Беларусі праваабаронцы, якія не могуць абараніць сябе?

-- Праваабаронцы ўзнімаюць праблемы ўсяго грамадства. І калі народ не мае чагосьці законнага, у чымсьці абдзелены, то мы пра гэта гучна гаворым, пішам, прыцягваем увагу, і так проста рот нам не заткнуць. Гэта шырокі ўзровень праваабарончай дзейнасці. Але ж было і багата выпадкаў, калі мы канкрэтна дапамагалі простым людзям. Яскравы прыклад: у свой час, дзякуючы менавіта нашай працы, Вярхоўны суд адмяніў адзін з смяротных прысудаў. Былі сотні і тысячы спраў, у якіх нам удавалася дабіцца хоць чагосьці станоўчага. Так, я згодны, што ў аўтарытарнай дзяржаве палітычную справу супраць цябе могуць завесці ў любы час. І ў гэтым выпадку змагацца з судамі цяжка. Але ж калі не грукацца ў дзверы, то яны не адчыняцца.

 

“У каранціне мне сказалі: “У вас знайшлі сіфіліс…”

-- У калоніі былі лягчэйшыя ўмовы жыцця, -- працягвае Бяляцкі. -- Таму што жыццё ў заканурку, у зачыненай прасторы СІЗА -- гэта дастаткова цяжка, хоць там і менш ціску з боку адміністрацыі. У Бабруйскай калоніі, куды мяне прывезлі, адразу ж адправілі ў каранцін. Канец лютага -- мароз быў жудасны! Ноччу даходзіла да мінус 20 градусаў на вуліцы, а ў вокнах у секцыі -- адна шыбка. Пол памылі, вада заледзянела. Можа, плюс два было ў той казарме, я ўжо думаў спаць не давядзецца. Але людзей напіхалі шмат, неяк надыхалі, стала цёпла. Такія былі мае першыя ўражанні… Сяджу ў каранціне, паздаваў аналізы, падыходзіць размеркаванне па атрадах. Мне кажуць: “Ты адзін застаешся ў каранціне”. Я здзівіўся: “Што здарылася?” -- “У цябе сіфіліс знайшлі”, -- адказваюць. Адразу зразумеў, які гэта "сіфіліс". Адміністрацыя вагалася, што са мной рабіць, таму і затрымала ў каранціне. Затым усё ж вырашылі "падняць" у атрад, і ўжо праз тыдзень паўторныя аналізы крыві былі добрыя.

-- А яшчэ вы былі ў калоніі злосным парушальнікам рэжыму…

-- Турэмныя правілы ўнутранага распарадку няпэўныя і даюць магчымасць пакараць любога зняволенага за кожнае дробнае парушэнне, пазбавіць яго спаткання, пасылкі, накіраваць у ШЫЗА. Пытанне, што рабіць са мной, перад адміністрацыяй стаяла востра, але асабіста я з-за гэтага моцна не перажываў. Спакойна ўспрыняў сітуацыю, калі ў 2012 годзе, перад амністыяй, мне літаральна за паўтара месяца намалявалі тры парушэнні. Я стаў злосным парушальнікам рэжыму і, нягледзячы на тое, што стаў ганаровым грамадзянінам Парыжа, праляцеў з амністыяй, як тая фанера над ім. Гэтыя парушэнні выпісваліся рэгулярна, а ў тым жа 2012 годзе ледзь не патрапіў у ШЫЗА. З волі жонка перадала абутак, яго на кантролі прапусцілі. Але, як толькі абуўся, адразу ж атрымаў парушэнне за “абутак нестатупнага ўзору”. Ужо рыхтаваўся ў ШЫЗА, прайшоў абавязковае ў такім выпадку медыцынскае абследаванне, і раптам -- не садзяць. А праз дзень -- 50-гадовы юбілей. І вось акурат у свой Дзень нараджэння даведваюся, што да мяне завітаў Апостальскі нунцый Клаўдыё Гуджэроці. Дапусцілі, так бы мовіць, адзінага прадстаўніка міжнароднай супольнасці. Сустрэча праходзіла ў кабінеце начальніка калоніі ў прысутнасці аднаго з кіраўнікоў Дэпартамента выканання пакаранняў. Расказваць нунцыю пра сваю справу не хацелася, таму што не бачыў, якім чынам ён можа дапамагчы. Сам арцыбіскуп -- гуманітарый па адукацыі, выкладаў ва ўніверсітэце, таму ў нас гутарка ішла ў асноўным пра італьянскую і беларускую літаратуру.  Для мяне гэта было незабыўным, выдатным сюрпрызам, чалавек падтрымаў маральна. Зразумеў тады, чаму не накіравалі ў ШЫЗА. Уяўляю, як бы там выглядала сустрэча з нунцыем. Увогуле, за ўвесь час я атрымаў 12 парушэнняў, і такі рэжым утрымання цягнуўся да студзеня гэтага года. Пасля гэтага парушэнняў я больш не атрымліваў.

-- Зарабілі грошай у калоніі? Вы ж там працавалі пакавальшчыкам прадукцыі…

-- Апошні мой заробак за май гэтага года склаў 44 тысячы рублёў. З іх 33 тысячы пайшлі на аплату ўтрымання. Такім чынам, на рахунак пералічылі 11 тысяч, на якія я мог пайсці ў турэмную лаўку і, як кажуць, ні ў чым сабе не адмаўляць. Хоць, натуральна, мне дасылалі грошы з волі. Зрэшты, і тая крама -- як бедная вясковая лаўка. Дзякуй Богу, не палю, таму на цыгарэты не траціўся. Што мне, дарэчы, вельмі дапамагала, бо быў такі час, калі з-за парушэнняў я восем месяцаў не атрымліваў перадачы. А што асабліва купіш на 100 тысяч у месяц (раней была такая норма, хоць зараз яе павялічылі ў два разы)?

 

“Сям’я -- той падмурак, на якім я стаяў, калі сядзеў...”

-- ----- Як ваша сям’я перажывала гэтую складаную сітуацыю?

-- Сям’я ў мяне цудоўная. Для мяне, як і для любога зняволенага, важна было адчуваць падтрымку блізкіх. Тады больш упэўнена і спакойна. Сям’я мяне падтрымлівала на ўсе сто, гэта быў падмурак, на якім я стаяў, калі сядзеў (вось такі каламбур атрымаўся). Але неўзабаве пасля майго арышту ў бацькі знайшлі рак лёгкіх. Праз чатыры месяцы ён памёр. З жодзінскага СІЗА мяне прывезлі на развітанне, зараз вось быў на могілках…

-- Чым займаюцца вашы жонка і сын?

-- Сын закончыў Акадэмію мастацтваў (факультэт рэжысуры) і зараз працягвае навучанне па сваёй спецыяльнасці ў магістратуры ў Польшчы. А вось жонка, хутчэй за ўсё, таксама пацярпела ад маёй дзейнасці. У Акадэміі навук зацвердзілі яе кандыдацкую работу на тэму “Ювелірныя ўпрыгажэнні сярэднявечча”, яна прайшла навуковы савет, але на ўзроўні ВАК напрыканцы мінулага года яе “зарэзалі”. Гэта была праца яе жыцця. Наталля разглядала старажытныя ўпрыгажэнні з пункту гледжання іх мастацкай  каштоўнасці для беларускай культуры.

-- Наколькі вядома, вы за кратамі досыць актыўна далучыліся да літаратурнай дзейнасці…

-- Пісаў я паўсюль, дзе меў магчымасць. Папера была для мяне лепшым суразмоўцам. Пісалася лёгка, кожны дзень -- па старонцы-дзве. Улічваючы, колькі дзён у годзе… За тры гады зняволення я напісаў столькі, колькі, можа быць, за апошнія 25 гадоў. Гэта быў стымул не сядзець склаўшы рукі. Своеасаблівая форма грамадзянскага супраціву. Ёсць, дарэчы, тэксты, якія яшчэ трэба дапісваць на волі.

-- А чыталі што?

-- У калоніі была даволі нармальная бібліятэка. Я прачытаў Салжаніцына, Гросмана, Талстога і яшчэ шмат каго… Выпісваў “Народную Волю”, іншыя незалежныя выданні. Праўда, даваць камусьці яшчэ пачытаць гэтыя газеты забаранялася, а тых, хто браў у мяне прэсу, пераводзілі ў іншыя атрады. Дарэчы, перад тым, як мяне перавялі з каранціну ў атрад, адтуль чатырох чалавек, якія былі падпісаны на “Народную Волю”, раскідалі па іншых атрадах. Напэўна, палічылі, што пяць чалавек, якія чытаюць "Народную Волю", -- гэта ўжо арганізацыя.

-- Алесь, у гісторыі ёсць прыклады той жа Чэхіі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, калі палітзняволеныя выходзілі на свабоду і затым рабіліся прэзідэнтамі сваіх краін. У вас не было думкі паспрачацца за прэзідэнцкае крэсла?

-- Ні на волі, ні ў турме я пра гэта не думаў. Таму што не маё. Трэба, каб чалавек імкнуўся да такой мэты, каб гэта яму падабалася. Гэта абранне жыццёвага шляху, але такі шлях я для сябе ніколі не бачыў. Я праваабаронца, грамадскі дзеяч, крыху пісьменнік. Плюс яшчэ адзін фармальны момант -- я ж нарадзіўся не ў Беларусі, а ў Расіі, у Карэліі. А, згодна з Канстытуцыяй, прэзідэнтам краіны можа стаць чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі.

-- Якія ўрокі вы зрабілі для сябе з турэмнага жыццёвага этапу?

-- Барацьба працягваецца. Турма -- гэта сур’ёзны кавалак майго жыцця, але не самы вялікі, які я правёў у грамадскай дзейнасці. Чым займаўся раней, тое буду рабіць і далей. А набытыя ў калоніі вопыт і лепшае разуменне адносін паміж уладамі і людзьмі, думаю, абавязкова дапамогуць працаваць яшчэ больш эфектыўна.

Алесь СІВЫ

Алесь Бяляцкі па дарозе ў Мінск у дзень вызвалення 21.06.2014 Фота: svaboda.org
Палітвязень Алесь Бяляцкі ў бабруйскай ПК-2

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international