viasna on patreon

Пасля скаргі актывіста ў МУС хоцімскага міліцыянера прыцягнулі да адказнасці

2014 2014-08-01T10:14:03+0300 2014-08-01T10:14:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/supracounikmus.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч 30 ліпеня атрымаў ліст з УУС Магілёўскага аблвыканкама аб выніках службовай праверкі, якая праводзілася супрацоўнікамі ўпраўлення пасля скаргі спадара Каранкевіча на імя міністра ўнутраных спраў.

У адказе, які падпісаў часова выконваючы абавязкі на пасадзе начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Магілёўскага аблвыканкама А. Петрусевіч, у прыватнасці, паведамляецца: “За дапушчаныя парушэнні нормаў адміністрацыйнага заканадаўства, павярхоўны разгляд вашага звароту часова выконваючы па пасадзе абавязкі начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Хоцімскага РАУС Курленкоў П. А. прыцягнуты да адказнасці. Першаму намесніку начальніка Хоцімскага РАУС Семачкіну Д. М. строга ўказана на адсутнасць належнага кантролю за працай падначаленых супрацоўнікаў, а таксама апошні папярэджаны, што ў выпадку паўтора падобных фактаў ён будзе прыцягнуты да адказнасці”.

Па словах Валерыя Каранкевіча, ён спадзяецца, што зараз супрацоўнікі Хоцімскага РАУС усё ж будуць больш уважліва ставіцца да скаргаў простых грамадзян.

“Безумоўна, для мяне нашмат большае задавальненне прынесла б, каб супрацоўнікі міліцыі проста знайшлі інтэрнэт-паклёпнікаў, а не іх прыцягненне да нейкай адказнасці, - кажа Валерый Каранкевіч. – Аднак я ўсё ж спадзяюся, што зараз хоцімскія міліцыянеры будуць больш уважліва ставіцца да скаргаў простых грамадзянаў. Тым больш што, згодна неафіцыйнай інфармацыі, у Хоцімскім РАУС ужо ў бліжэйшы час павінен змяніцца начальнік”.

Нагадаем, што жыхар Хоцімска Валерый Каранкевіч 10 чэрвеня накіраваў скаргу на імя міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у якой ён прасіў міністра адмяніць пастанову начальніка Хоцімскага РАУС (ліст №ЕК-506 ад 16.04.2014 г.) і пастанову ад 23.05.2014 г. намесніка начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама (ліст № 19/К-33 от 23.05.2014 г.) аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні па яго заяве ў міліцыю.

Валерый Каранкевіч вымушаны быў звярнуцца да міністра, бо супрацоўнікі Хоцімскага РАУС і Магілёўскага УУС не змаглі гэтага зрабіць і фактычна распісаліся ва ўласнай бездапаможнасці ў пошуках інтэрнэт-паклёпнікаў.

У адказе з міністэрства за подпісам часова выконваючага па пасадзе начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадка і прафілактыкі МГБ МУС А. Г. Каразея Валерыю Каранкевічу паведамілі, што ў адпаведнасці з п. 1 ч. 1 арт.7.6 КоАП РБ у дадзены час скончыўся двухмесячны тэрмін для вынясенны адміністрацыйнага пакарання , прадугледжанага арт. 9.3 (паклёп) КаАП, па факту распаўсюджання звестак, закранаючых яго гонар і годнасць, што з’яўляецца падставай для спынення адміністрацыйнай вытворчасці па справе.

Разам з тым супрацоўнікі міністэрства паведамілі Валерыю Каранкевічу, што супрацоўнікі Хоцімскага РАУС і УУС Магілёўскага аблвыканкама дапусцілі асобныя парушэнні пры разглядзе яго скаргаў. Па выніках дадзенай праверкі прынятае рашэнне аб правядзенні службовай праверкі і кіраўніцтву УУС указана на неабходнасць больш якаснага кантроля за арганізацыяй адміністратыўнага працэса. Спадара Каранкевіча паабяцалі праінфармаваць аб выніках службовай праверкі дадаткова.

Нагадаем, што напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы на інтэрнэт-рэсурсе voskresinfo.com рэгулярна пачалі з’яўляцца публікацыі паклёпніцкага зместу пра цэлы шэраг дэмакратычных актывістаў і незалежных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў Магілёўскай вобласці.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства