viasna on patreon

Хоцімск: грамадскі актывіст абскарджвае незконнае затрыманне ў Генеральнага пракурора

2014 2014-07-29T08:42:18+0300 2014-07-29T08:42:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prakuratuta-shylda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч, былы кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў вясной гэтага года, 28 ліпеня падаў скаргу ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь.

Валерый Каранкевіч скардзіцца на дзеянні службовых асоб Хоцімскага РАУС і звяртаецца да Генеральнага пракурора з просьбай прызнаць незаконнымі і неабгрунтаванымі адказы Хоцімскай пракуратуры №37д-2014/19ж-67 ад 11.04.2014 г. і пракуратуры Магілёўскай вобласці №0700/58-2014 ад 21.07.2014 г., правесці расследванне ўказаных парушэнняў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці згодна Закона.

Па словах Валерыя Каранкевіча, ён адмыслова ездзіў у Мінск, каб асабіста падаць скаргу.

“Я падрыхтаваў скаргу на імя Генеральнага пракурора з дапамогай праваабаронцы Барыса Бухеля і 28 ліпеня асабіста паехаў у Мінск, каб падаць яе ў Генральную пракуратуру, - распавядае Валерый Каранкевіч. – Таксама я хацеў запісацца на асабісты прыём да Генеральнага пракурора ці каго-небудзь з яго намеснікаў. Маю скаргу ў Генеральнай пракуратуры прынялі і зарэгістравалі, аднак адразу ж паведамілі, што дашлюць яе ў Магілёў на разгляд пракурору Магілёўскай вобласці. І толькі тады, калі я і пасля разгляду скаргі пракурорам Магілёўскай вобласці не пагаджуся з яго высновамі, я змагу падаць яшчэ адну скаргу ў Генеральную пракуратуру і запісацца на асабісты прыём да яе кіраўнікоў.

Шчыра кажучы, я не вельмі веру ў справядлівы разгляд маёй скаргі пракурорам Магілёўскай вобласці, аднак усё ж буду чакаць яго адказу і ўжо ў залежнасці ад яго зместу планаваць далейшыя дзеянні”, - кажа Валерый Каранкевіч.

23 сакавіка каля 20-00 кандыдат у дэпутаты Валерый Каранкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС на Інтэрнацыянальным выбарчым участку №3 у Хоцімску. Двумя супрацоўнікамі мясцовай міліцыі ў чыне маёра кандыдат у дэпутаты быў дастаўлены ў Хоцімскі РАУС, дзе яго ўтрымлівалі каля 40 хвілін без складання пратакола затрымання, а пасля адпусцілі. Падставай для тэрміновага затрымання супрацоўнікі назвалі заяву на адрас Каранкевіча з боку сябра акруговай выбарчай камісіі Хоцімскай выбарчай акругі №54 Мікалая Тамашова. З-за незаконнага затрымання Валерый Каранкевіч не змог прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэней.

Былы кандыдат у дэпутаты неаднаразова спрабаваў абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў Хоцімскага РАУС у пракуратуры Хоцімскага раёна і Магілёўскай вобласці, аднак тыя прыходзілі да высновы, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі “з’яўляліся правамернымі і не супярэчылі дзеючаму заканадаўству”.

Сам Валерый Каранкевіч лічыць, што супрацоўнікі хоцімскай міліцыі затрымлівалі яго неабгрутавана і незаконна з мэтай перашкодзіць яму прысутнічаць пры падліку галасоў выбаршчыкаў, а таксама з мэтай запалохвання грамадскіх актывістаў Хоцімскага раёна.

Грамадскі актывіст мяркуе, што супрацоўнікі пракуратуры Хоцімскага раёна і Магілёўскай вобласці адмыслова закрылі вочы на парушэнні заканадаўства, якія былі дапушчаны пры яго затрыманні і знаходжанні ў Хоцімскім РАУС.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства