Да працэсу люстрацыі беларускае грамадства неабходна рыхтаваць загадзя

2014 2014-07-23T11:49:08+0300 2014-07-23T14:02:49+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/liustracyia-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Чарговы круглы стол «Актуальнасць люстрацыі на сучаснай постсавецкай прасторы. Фота Радыё Свабода.

Чарговы круглы стол «Актуальнасць люстрацыі на сучаснай постсавецкай прасторы. Фота Радыё Свабода.

Чарговы круглы стол «Актуальнасць люстрацыі на сучаснай постсавецкай прасторы», правяла на мінулым тыдні грамадская ініцыятыва “Люстрацыя для Беларусі”. Кола пытанняў, прапанаваных для абмеркавання, досыць шырокае і ўключала ў сябе азнаямленне з найноўшым украінскім досведам (ад Майдану да цяперашняга часу), а таксама прыклады люстрацыі ў іншых постсавецкіх краінах і магчымыя варыянты развіцця Канцэпцыі люстрацыі для Беларусі.

Як паведаміў сябра Рабочай групы Асамблеі НДА Вацлаў Арэшка, створаная тры гады таму назад ініцыятыва, у якую ўваходзяць эксперты, журналісты і прадстаўнікі розных дэмакратычных арганізацый, ад самага пачатку не ставіла на мэце стварыць нейкі  канчатковы дакумент, і не праект будучага закону, а сабраць “матэрыялы да канцэпцыі люстрацыі”.

Гісторык і даследчык перыяду сталінскіх рэпрэсій Ігар Кузняцоў люстрацыю разглядае як працэс ачышчэння і палітычную практыку, якая мусіць уключаць у сябе забарону на пэўныя прафесіі і пасады, а таксама зняцце забароны на прыватнае жыццё (паколькі ў ходзе люстрацыі дапушчаецца публічны распаўсюд інфармацыі кшталту супрацоўніцтва са спецслужбамі).Ён нагадаў, што першы праект беларускага закона аб люстрацыі быў прапанаваны на разгляд яшчэ ў 1991 годзе дэпутатам Галінай Старавойтавай, аднак не быў прыняты.

 

Люстрацыя (ад лац. Lustratio - ачышчэнне з дапамогай ахвярапрынашэнняў) - комплекс заканадаўчых мер і практыка, якая складаецца ў абмежаванні правоў некаторых катэгорый асоб (выдзяляюцца па прафесійных, партыйных, рэлігійных або іншых прыкметах) і недапушчэння такіх на выбарныя пасады, у апарат кіравання, праваахоўныя органы, на іншыя важныя пасады і ва ўстановы сістэмы адукацыі і дзяржаўных фінансаў.

 

Асаблівую ноту сёлетняй сустрэчы задавалі падзеі ва Украіне, якая ў свой час прамінула працэс люстрацыі і гэта істотна паўплывала на сённяшюю сітуацыю ў паўднёвай суседкі Беларусі. Менавіта таму на дыскусію быў запрошаны ўкраінскі праваабаронца Ўладзімір Яворскі, які з’яўляецца адным з распрацоўшчыкам варыянту законапраекту аб люстрацыі, які зараз знаходзіцца на разглядзе ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны.

“Наш заканапраект, адзін з чатырох, якія былі пададзеныя ў Вярхоўную Раду, базуецца на прынцыпах Еўрапейскага суду па правах чалавека, стандартах Рады Еўропы і разглядае люстрацыю не ў якасці пакарання, а як забарону займаць шэраг кіруючых пасадаў у органах дзяржаўнай улады, не кранаючы прыватны сектар з вызначэннем перыяду такіх абмежаванняў цягам 10 год. Праваабаронцы разглядаюць люстрацыю, як умову дэмакратыі і гарантыі невяртання мінулага”, - адзначыў Яворскі.

На яго думку, люстрацыя павінна ахапіць не толькі апошнія гады праўлення Віктара Януковіча, але і савецкі час, у адрозненне ад беларускай канцэпцыі, якая папануе вызначыць пачатак люстрацыйнага перыяду ад ліпеня 1994 года, моманту прыхода да ўлады Аляксандра Лукашэнка.

З такой пазіцыяй катэгарычна не згодзен грамадскі актывіст Вінцук Вячорка: “Зразумела, што з аднаго боку ня трэба надта запалохваць людзей, а люстрацыю разглядаць праз яе маральны ўплыў на грамадства”.   

Аднак аналізуючы вопыт Польшчы, дзе люстрацыя насіла “мяккі” варыянт, што сёння прыводзіць гэтую краіну да пэўных праблем, Вячорка катэгарычна не згодны з часавымі рамкамі працэсу люстрацыі. На яго думку нельга па-за ўвагай пакідаць перыяд камуністычнага таталітарызму, паколькі “былыя савецкія ды імперскія агенты, якіх яшчэ шмат засталося на поставецкіх абшарах, чакаюць свайго часу” і адзначыў, што грамадзтву трэба ствараць атмасфэру маральнай патрабавальнасьці да тых, хто прагне ўлады ці мае яе. І тут жа прапанаваў: “Апазыцыйныя палітыкі маглі б самі паказваць прыклады адкрытасці, не прыхоўваючы складаных эпізодаў свае біяграфіі”.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Грыб заявіў, што рана “ісці ў народ з канцэпцыяй і праектам закона, што патрэбна спачатку прыйсці да ўлады” і прапанаваў ініцыятарам і распрацоўшчыкам канцэпцыі не агучваць загадзя свае планы па люстрацыі ў Беларусі, каб тыя, хто зараз ва ўладзе не кансалідаваліся яшчэ болей, каб не рабілі контрзахадаў.

Пад час дыскусіі Вацлаў Арэшка зазначыў, што многія структуры, асаблівая сілавыя, пасля дэмакратычных пераменаў у краіне прасцей будзе стварыць з нуля, а  Яворскі на гэта прывёў прыклад Грузіі: “Напрыклад у Грузіі ў суды набралі людзей з замежнай адукацыяй, маладых нармальных, якім гадоў па 30, і якія з ахвотай вярнуліся з-за мяжы, каб сумленна выконваць гэтую працу”.

Старшыня камісіі па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў Анатоль Гуляеў прапанаваў, абапіраючыся на канкрэтныя прыклады, што люстрацыі павінны падлягаць ня толькі тыя, хто прэтэндуе на пасады ў дзяржаўным сектары, але і прадстаўнікі прыватных кампаній і арганізацый.

Журналіст Марат Гаравы перакананы, што люстрацыя патрэбная ў любым выпадку, а людзям важна патлумачыць, навошта яна, каб ня думалі, што вось мы прыйдзем кампаніяй ды будзем судзіць і вешаць на слупах.

Удзельнікі круглага стала у ходзе дыскусіі асобна закранулі тэму масавых фальсіфікацый пад час выбараў і магчымыя варыянты люстрацыі для ўдзельнікаў гэтых фальсіфікацый, а таксама  пытанні абавязковага размежавання працэсу люстрацыі і крымінальнай адказнасці за пэўныя злачынствы, напрыклад за знікненне палітыкаў і журналіста з Беларусі.

Падсумоўваючы дыскусію, арганізатары абмеркавання канцэпцыі люстрацыі для Беларусі прыйшлі да высновы, што да працэсу люстрацыі беларускае грамадства неабходна рыхтаваць загадзя ды запрасілі да сумеснай працы прысутных, заявіўшы, што дзейнасць ў гэтым накірунку будзе працягвацца і надалей. 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international