viasna on patreon

Максім Вінярскі: Узровень адчувальнасці, які зараз праяўляе маскоўская паліцыя, паказвае, што шызафрэнія прагрэсуе

2014 2014-07-22T12:50:02+0300 2014-07-22T13:19:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viniarski-maskva-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Максім Вінярскі і Ілля Дабратвор у Маскве. Фота facebook.com/evgenij.batura

Максім Вінярскі і Ілля Дабратвор у Маскве. Фота facebook.com/evgenij.batura

Група грамадскіх актывістаў з Беларусі прыняла ўдзел у жалобе з нагоды заўчаснай смерці вядомай расійскай праваабаронцы і палітыка Валерыі Навадворскай. Сярод тых, хто праводзіў у апошні шлях Навадворскую быў і актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі. Максім неаднаразова прымаў удзел у самых розных акцыях у Расіі, і таму грамадска-палітычную сітуацыю ў гэтай краіне ён раскусваў, як кажуць, на свой уласны зуб. Яго некалькі разоў затрымлівалі і прыцягвалі да адміністратыўнага арышту. Не абыйшлося без прыгодаў і пад час гэтай паездкі, але ўсё скончылася паспяхова. Сваімі думкамі актывіст падзяліўся з сайтам Праваабарончага цэнтра "Вясна".

 Максім, разам з групаю беларускіх актывістаў ты нядаўна пабываў ў Маскве, на жалобным развітанні Валерыяй Навадворскай. Кім гэты чалавек быў асабіста для цябе?

 – Для ўсіх беларусаў, не толькі для мяне, Валерыя Іллінічна Навадворская заўсёды была даволі блізкім палітыкам, паколькі яна ніколі не замыкалася на ўнутрырасійскім коле нейкіх падзей, яна заўсёды ішла далей. Больш за тое, калі нешта наогул здараецца, кожны з нас мерае гэта у суадноснасці з сабой. І здаецца, што калі ты грамадзянін іншай краіны, калі ты ў іншым палітычным полі, і нешта там адбываецца, значнае, важнае, мы нават спачуваем, але здалёк. А Валерыя Навадворская была яскравым выключэннем, бо для яе ніколі не было здалёк. Усё роўна, калі нешта адбывалася побач, далей, бліжэй, гэта было важна, на гэта звярталася пільная ўвага, яна ўсё роўна пра гэта выказвалася, давала сваю ацэнку, незалежна ад таго, ці прыносіла гэта шкоду, альбо несла нейкую карысць асабіста яе пазіцыі, яе руху. Тое ж самае, калі яе краіна рабіла нешта не так, Валерыя Іллінічна ад іншых палітыкаў адрознівалася тым, што мерала гэта нават карысцю для сваіх бліжэйшых паплечнікаў. Так, мы заўсёды за сваіх балеем, гэта праўда, ад гэтага нікуды не падзецца, але дзеля гэтага мяняць сваю палітычную і грамадзянскую пазіцыю яна была не гатовая і за гэта ёй павага ня толькі мая, паколькі ведаю, што мноства людзей ва ўсім свеце, нават тыя, хто ў чымсці былі з ёй нязгодныя, тыя, хто лічыць, што дзесці было жорстка, рэзка, груба, усё адно паважаюць яе за тое, што чалавек ніколі не паддаваўся падманнай паліткарэктнасці.

 – Некаторыя афіцыйныя расійскія сродкі масавай інфармацыі паспяшаліся паведаміць, што жалобнае развітанне з Навадворскай прайшло ў Расіі амаль незаўважна. Ты сам быў на месцы, і ведаеш, як усё было насамрэч…

 – Я, на жаль, прыехаў да Сахараўскага цэнтру тады, калі ўжо людзі пачалі садзіцца па аўтобусах, каб ехаць на развітанне на могілкі, але нават там была бачная вялікая колькасць людзей, якія прыйшлі аддаць даніну павагі. Сапраўды, сярод іх было небагата палітычных ці медыяфігур гэткага сённяшняга расійскага спектру. Але там быў амаль увесь сучасны “шчыры актыў”, там стаялі ўсе тыя людзі, якія нават можа і не падзяляюць тыя думкі, з якімі PussyRiot шлі ў храм, там быў амаль поўны склад лагеру ОккупайСуд, там былі людзі, якія выходзілі за “балотных” зняволеных не толькі таму, што падзяляюць іхныя погляды, а таму, што трэба выходзіць за тых, хто зараз рэпрэсаваны па палітычных матывах. Я не падзяляю погляды спадара Уладзімера Акіменкава з “Левага фронту”, я тым больш не падзяляю асабліва сённяшнюю пазіцыю спадара Сяргея Удальцова, але калі зараз яго спрабуюць асудзіць на 8 год зняволення за тыя дзеянні, якіх проста не  было, дзеля застрашэння іншых грамадзян, то менавіта з-за гэтага трэба выходзіць, з-за іх прыходзіцца падымацца. Я пабачыў там менавіта такіх людзей. Для Навадворскай жа, наколькі я ведаю з яе афіцыйна агучанай пазіцыі, заўсёды было важна нават не тое, хто прыйдзе да яе на развітанне, не тое, колькі прыйдзе людзей, для яе было важна, што калі нешта здарыцца, каб прыйшлі наступныя і занялі яе месца, яе пазіцыю.

 – Кажуць, што гэты ваш прыезд у Маскву быў заўважаны мясцовымі праваахоўнікамі, не абыйшлося і без прыгод, як кажуць?

– Ну так, пасля пахавання, ужо ў Аляксандраўскім скверы, які па той бок Крамля, праз чырвоную сцяну, там дзе траурная стужка з назвамі гарадоў, жыхары якіх змагаліся ў Другой сусветнай вайне, мы фатаграфаваліся з бел-чырвона-белым сцягам. Да нас адразу падыйшлі паліцыянты з 2-га аператыўнага палка, іхні АМАП, якія паведамілі, што мы парушаем Федэральны закон №53, які забараняе разгортваць любыя сцягі, акрамя дзяржаўнага, каля сценаў урадавых будынкаў. Мы ім патлумачылі, што такая забарона для нас з’яўляецца дзіўнай,  бо тут у вялікай колькасці ходзяць турысты, а паколькі я раней неаднаразова быў у Маскве, то  ведаю, што з такімі прэтэнзіямі звычайна  ні да кога не падыходзяць.  Па-другое, яны прычапіліся за тое, што на адным з нашых, гэта быў Яўген Батура, была апранутая цішотка з выяваю Пуціна ў перакрэсленым коле.

– І тут на выручку прыйшоў піджак Дабратвора?

Сапраўды, так атрымалася, што калі паліцыянтаў стала двое і падбег яшчэ нейкі ў цывільным, то яны пачалі казаць, што мы парушаем грамадскі парадак. На маё запытанне “Чаму парушаем?”, пачалі тлумачыць, што маўляў, ня ўсе людзі падзяляюць вашае стаўленне да Пуціна. Гэта нешта дзіўнае, бо калі справа йдзе пра тое, што ня ўсе падзяляюць нашае стаўленне, дык мы ж нікога не прымушаем апранаць на сябе агітацыю супраць Пуціна. Але, прабачце, казаць: “здыміце з сябе нешта, паколі мы не падзяляем гэтую пазіцыю”, гэта ўжо сапраўдная праява рэпрэсіўнага рэжыму.  Нас паставілі перад фактам, што калі мы паспрабуем пайсці на Чырвоную плошчу, то хлопец у гэтай майцы будзе дакладна затрыманы, а паколькі мне вядомыя падобныя варункі, дык затрыманыя мы будзем усе разам. Знайшоўся кампрамісны варыянт: схаваць гэтую майку пад нечым. І тут Ілля Дабратвор даў свой піджак, каб апрануць яго паверх цішоткі.

Адзначу, што яшчэ мінулай восенню у Маскве такога не было і можна было хадзіць амаль у любой цішотцы і ніхто на гэта не звяртаў аніякай увагі. Асабіста я хадзіў з надпісам “Расія без Пуціна” і ніхто мяне не чапаў. Той узровень адчувальнасці, які зараз праяўляе маскоўская паліцыя, паказвае, што шызафрэнія не стаіць на месцы, яна прагрэсуе. Раней такога не было.

Аднак жа твае папярэднія паездкі ў Маскву не заўсёды завяршаліся без прыгодаў, былі і затрыманні, і нават арышты…

– Так, здараліся і суткі. Напрыклад, за акцыю каля суду над PussyRiot, калі патрабавалі неадкладнага вызвалення дзяўчат з флаерамі насупраць будынку суду, былі арышты за Чырвоную плошчу, быў арышт адзін нават у Ніжнім Ноўгарадзе пасля “Грамадзянскага маршу”.

Удзел у недазволенай акцыі для паліцыі хоць нейкая юрыдычная зачэпка для затрымання, а ў Беларусі можна сесці простатак, прэвентыўна. Як там наконт падобнай магчымасці?

– Асабіста ў мяне прэвентыўных пасадак не здаралася. Але наколькі я ведаю, наогул у Расіі таксама практыкуюцца падобныя затрыманні. Іншая справа, што гэта выкарыстоўваецца толькі да лідэраў груп пратэсту. Напрыклад, некаторыя з вядомых палітыкаў проста не здолелі 15 снежня 2012 года дайсці да Салавецкага каменя, дзе была прызначаная акцыя. Акцыя была недазволеная і людзей заклікалі проста ўскласці да каменя кветкі і туды проста не дайшлі некаторыя з вядомых асобаў: Яшын, Сабчак, яшчэ нехта. Іх проста затрымалі паблізу. Ці калі паліцыяй здзяйсняліся спробы канчаткова спыніць грамадзянскі рух “Стратэгія-31”, то Касякіна, Лімонава і відаць Удальцова, як актыўных арганізатараў і ўдзельнікаў, некалькі разоў затрымлівалі проста на выхадзе на акцыю. Але ў адрозненне ад нас, беларусаў, гэта не адыграла ніякай ролі, паколькі затрыманне лідэраў, якія павінны быць цэнтрам акцыі, ніяк не ўплывае на праслойку грамадзянскіх актывістаў, якія ўсё роўна пойдуць на акцыю. А вось пайсці на той варыянт, які выкарыстоўваўся ў Беларусі перад Чэмпіянатам свету па хакеі, яны пакуль што не рашаюцца. У адрозненне ад нас у іх ёсць грамадзянскі кантроль за дзейнасцю сілавікоў. Ён вельмі слабы, ён вельмі абмежаваны, але ён ёсць, і ў параўнанні з намі – гэта неба і зямля, паколькі нашым міліцыянтам нават нельга патлумачыць сутнасць ГНК (Грамадскай назіральнай камісіі). Гэта нейкія грамадзкія праваабаронцы, якія ў любы час могуць патрабаваць паказаць ім, што адбываецца, у любы час могуць прайсці куды заўгодна і ты, супрацоўнік міліцыі, павінен іх туды прапусціць. У нас такое немагчыма, тут зусім іншая сітуацыя. А ў Расіі з гэтым пакуль лягчэй.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства