viasna on patreon

Бабруйск: Прафсаюзы аб'ядналіся дзеля асветніцкай дзейнасці

2014 2014-07-11T14:25:36+0300 2014-07-11T14:25:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prafsajuzz.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Бабруйску стартавала кампанія "Нашы правы", дзеля рэалізацыі якой аб'ядналіся мясцовыя прадстаўнікі Свабоднага прафсаюза Беларускага, прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці, моладзевай сеткі РЭП, Беларускай асацыяцыі журналістаў, жаночай сеткі Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў і Беларускага аб'яднання працоўных жанчын.

-Да мяне часта звяртаюцца працоўныя дзеля вырашэння сваіх праблем, і кожны раз я здзіўляюся, наколькі людзі не валодаюць элементарнымі ведамі, якія маглі б ім дапамагчы, - кажа старшыня бабруйскай суполкі РЭП Галіна Смірнова. - У першую чаргу гэта тычыцца аховы працы. Гэтай "наіўнасцю" працоўных часта карыстаюцца іх працадаўцы. Напрыклад, да нас звярталіся людзі, якія атрымоўвалі траўмы на вытворчасці, а ім прапаноўвалі падпісаць паперкі, дзе гаварылася, што гэта бытавыя траўмы. І ўявіце сабе - яны падпісваліся!

Асноўныя накірункі, па якіх будзе працаваць кампанія, гэта правы працоўных, адказнасць наймальнікаў за невыкананне гэтых правоў, прынцыпы абароны ад самавольства адміністрацыі, кароткатэрміновыя кантракты, ахова працы, працоўны час (перапынкі на абед, тэхналагічныя перапынкі, у тым ліку, на прыватных фірмах) і гэтак далей.

-Наша кампанія працягнецца да канца восені, таму мы можам абмеркаваць кожнае пытанне падрабязна. У тым ліку такія рэчы, як тэмпература навакольнага асяроддзя ў летні перыяд на працоўным месцы. Бо людзі неяк звыкліся працаваць у любых умовах і нават не задумваюцца над тым, што і на гэты конт існуюць прапісаныя правілы, - адзначае Галіна Смірнова.

Ініцыятары кампаніі "Нашы правы" спадзяюцца, што да іх далучацца не толькі сябры незалежных прафсаюзаў, а ў першую чаргу шэраговыя бабруйчане, якім неабходныя такія веды.

-Плануем правесці тэматычныя семінары, створым інфармацыйныя буклеты, таксама будзем інфармаваць нашу мэтавую групу праз інтэрнэт. Плануецца, што людзі, якія пройдуць у нас навучанне, працягнуць інфармаваць калег у сваіх працоўных калектывах. Бо каб змагацца за свае правы, трэба ведаць праўду, - тлумачыць сутнасць кампаніі старшыня бабруйскай суполкі РЭП.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства