Аляксандар Ярашук: “Галоўныя эканамічныя праблемы яшчэ наперадзе”

2007 2007-06-21T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У сераду 20 чэрвеня на сайце Радыё Свабода адбылася онлайн-канфэрэнцыя са старшынём Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандрам Ярашуком. "Спалідарнасць" прапануе найбольш цікавыя вытрымкі з гэтай размовы:

Ці будзеце вы балатавацца на наступных выбарах прэзідэнта? Вы чалавек партыйны?

Я беспартыйны. Што датычыць удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, дык насамрэч, на мой погляд, у іх ёсьць сэнс удзельнічаць толькі ў тым выпадку, калі ёсьць магчымасьць праводзіць свабодныя і справядлівыя выбары. У нашым выпадку гэта абсалютна нерэальна, маючы на ўвазе існуючую палітычную сыстэму і сыстэму ўлады. Гэта тое самае, што гуляць з напарстачнікам у напарсткі. Я лічу, што гэта проста ня мае ніякага сэнсу.

Спадар Ярашук, ці былі да вас звароты ад уладаў каб вы зьмякчылі пазыцыю, спробы знайсьці кампраміс з іх боку?

Я ня буду крывіць душой — было такое. І былі нават кулюарныя сустрэчы. Дарэчы, я да гэтага станоўча стаўлюся. Калі выяўляецца пазыцыя людзей, якія можа хоць у нейкай ступені пачалі адчуваць адказнасьць за тое, што можа адбыцца. Калі нават яны і ня маюць ніякай адказнасьці, але, тым ня менш, захваляваліся, занепакоіліся — гэта ўсё станоўчы вынік, яго трэба, канешне, належным чынам ацэньваць. У мяне была сустрэча са спадарыняй Пяткевіч, і я пра гэта адкрыта казаў, каб не было маніпуляцый ніякіх. Гэта было недзе ў сярэдзіне траўня. Я наўпрост заявіў пра сваю пазыцыю і сказаў, што толькі тады магу плячо падстаўляць, калі дзеяньні сёньняшняй улады будуць скіраваныя ў бок дэмакратызацыі палітычнай сыстэмы. І сказаў, што мне ня верыцца абсалютна, што штосьці яны будуць рабіць. Яны не падобныя ні на самазабойцаў, каб дэмакратызаваць палітычную сыстэму, ні на вялікіх рэфарматараў, каб увайсьці належным чынам у гісторыю, стаўшы на шлях палітычных і эканамічных рэформаў, маючы на ўвазе, што гэтым самым выносяць сабе прысуд. Вось такі быў зьмест размовы з прадстаўнікамі ўлады.

Як вы будзеце адказваць на крытыку ўладаў, што вы нанеслі шкоду краіне?

Ведаеце, з майго пункту гледжаньня, як у прымаўцы — сабака брэша, а караван ідзе. Дарэчы, у іх сёньня своеасаблівы момант ісьціны, як і што рабіць. Будзе абсалютна яскрава відавочна, ці то яны кіруюцца насамрэч інтарэсамі справы, інтарэсамі краіны, інтарэсамі народа, і пачнуць выконваць рэкамэндацыі МАП. Ці то яны абвесьцяць нас, асабліва на фоне наплываючых цяжкасьцяў, "пятай калонай", а МАП, Эўразьвяз — зьнешнімі ворагамі. Аглядвацца на ўс гэта — дык навошта тады было займацца справай? І дарэчы, той факт, што ніколі на працягу апошніх гадоў маё прозьвішча і назва нашай арганізацыі не гучала ў тэлеэфіры, у дзяржаўных СМІ, таксама шмат пра што кажа. І справа ня ў тым, што яны нас больш баяцца, а палітычнай апазыцыі — менш. Справа ў тым, што насмрэч яны ведаюць, што рабіць з людзьмі, якія выходзяць на вуліцы з палітычнымі патрабаваньнямі, але ня ведаюць, што рабіць з рабочымі, які выходзіць, не атрымоўваючы належныя заробкі і маючы нізкі ўзровень жыцьця. І ў гэтым яшчэ адна праблема сёньняшняй палітычнай сыстэмы. Але хай галава за яе баліць у тых, хто такую сыстэму стварыў.

Сколько членов объединяет ваш конгресс?

Абсалютна дакладная лічба — восем з паловай тысяч. Менавіта столькі ўваходзіць у склад нашых трох прафсаюзаў — Беларускага незалежнага прафсаюзу, Свабоднага прафсаюзу беларускага і Свабоднага прафсаюзу мэталістаў. Мы лічым, што для ўмоў нашай краіны гэта вельмі і вельмі ўнушальная лічба — восем з паловай тысяч свабодных грамадзян, якія ўжо ніколі ня будуць рабамі. Гэта добра падрыхтаваны атрад рабочых, якія зрабілі свой выбар на карысьць свабоды і дэмакратыі.

Спадар Ярашук, як бы вызначылі ўзровень галечы, які небясьпечны для ўлады, калі ўзьнікне пагроза сацыяльнай базе рэжыму?

Я мяркую, што не павінна дасьці людзі да такога стану, калі б яны, як кажуць, “пачалі грызьці падваконьнікі”. Дастаткова, каб былі нейкія перабоі з выплатай заробкаў, і тады людзі пачнуць хвалявацца. Прыклад — калі тры гады таму стыхійна выйшаў мотавелазавод і перакрыў Партызанскі праспект. Ці нядаўні веснавы страйк у адным з калгасаў Астравецкага раёну. А такая сітуацыя, з майго пункту гледжаньня, досыць верагодная ў нашых абставінах. Галоўныя эканамічныя праблемы яшчэ наперадзе.

Ці выйгравалі вы калі судовыя справы для сваіх членаў?

Выйгравалі, і неаднойчы. Хачу распавесьці, што датычыць працоўнага заканадаўства ці яго парушэньняў, то ў большасьці выпадкаў там нагэтулькі красамоўныя парушэньні з боку адміністрацыі, што нават суд ня можа вынесьці прысуд, інакш як падтрымаць чалавека, супраць якога былі ганеньні. І таксама ў якасьці прыкладу, апошні выпадак, веснавы — калі на “Кока-Коле” нашыя актывісты стварылі першасную ячэйку Свабоднага прафсаюзу беларускага, і імгненна звольнілі чалавека, які там узначальваў гэтую справу. Мы яго праз суд узнавілі на працы, іншая справа, што ён сам вымушаны быў звольніцца. Супраць яго пачалося адкрытае паляваньне з боку транс-нацыянальнай карпарацыі (ТНК), а мы ведаем, што ТНК праводзяць актыўную антыпрафсаюзную палітыку. Выснова: для таго, каб прафсаюзы маглі свабодна стварацца і дзейнічаць, павінна зьмяніцца ў цэлым палітычная сытуацыя ў краіне.

Не дрогнет ли Запад и не введет ли снова льготы через 2-10 месяцев, как поступило преславутое ООН? Ведь каких-либо уступок в сторону независимых профсоюзов со стороны власти нет и не может быть. ?#152; готовитесь ли Вы к новым волнам репрессий в связи с отменой льгот?

Тое, што прэфэрэнцыі будуць вернутыя, як Вы кажаце, праз некалькі месяцаў, — абсалютна выключана. Рашэньне прынятае, і да яго Эўразьвяз можа вяртацца толькі ў адным выпадку. Гэта калі беларускі урад будзе выконваць рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы. Я пра гэта кажу абсалютна адказна, добра ведаючы “унутраную кухню” эўрапэйскай камісіі, і Міжнароднай арганізацыі працы, і міжнароднага прафсаюзнага руху. Менавіта дзякуючы спалучэньню трох гэтых фактараў і стала магчымым прыняцьце рашэньня аб прэфэрэнцыях. Таму звароту назад проста так, за прыгожыя словы з вуснаў беларускага ўраду, — ня будзе.

Пра сутнасьць нашай улады нам добра вядома, і яны даўно б сьцерлі нас у парашок, калі б маглі. Ня могуць і ня змогуць. Па-першае, не такія ў нас людзі, каб кагосьці баяцца, і мы гэта даказалі неаднойчы. Па-другое, мы ўвесь час адчуваем вельмі моцную падтрымку з боку міжнароднай супольнасьці. Перш за ўсё — міжнароднага прафсаюзнага руху. Прафсаюзная салідарнасьць — гэта не пустыя словы.

Як Вы ставіцеся да публікацыі ў "Нашай Ніве", дзе прапануецца апазыцыі прыкласьці ўсе намаганьні, каб вярнуць прэфэрэнцыі для Беларусі?

Ведаеце, гледзячы які сэнс укладаць у гэтыя паняцьці. Калі гэта рабіць праз прымус ураду выканаць рэкамэндацыі МАП, а гэта значыць, у нейкай ступені дэмакратызаваць палітычную сыстэму краіны, то чаму б і не? Я, можа, адкрыю адну невялікую таямніцу, калі некалькі гадоў таму мы з прадстаўнікамі Міжнароднага Бюро працы распачыналі гэты працэс у адносінах прэфэрэнцый, дык мы мелі на ўвазе ня толькі праблемы прафсаюзнага руху у краіне, а і праблемы палітычнай сыстэмы краіны ўвогуле. І менавіта такім чынам былі сфармуляваныя рэкамэндацыі. Іншая справа, што гэтая тэма нашу апазыцыю ня вельмі кранае і цікавіць. Я лічу, больш па суб’ектыўных прычынах. Але я лічу, што насамрэч мы зараз маем які-ніякі інструмэнт для сур’ёзнага ўзьдзеяньня на палітычную сыстэму і існуючую ўладу у Беларусі. І маем яго разам з краінамі Эўразьвязу.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international