Міністэрства адукацыі не падтрымала заклік гомельскай праваабаронцы перагледзець «Праграму», якая тычыцца дзяцей у сацыяльна-небяспечным становішчы

2014 2014-06-25T11:30:53+0300 2014-06-25T11:30:53+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dzen-abarony-dziacej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельская праваабаронца, сябра БХК Марыя Клімовіч атрымала адказ на свой зварот у Міністэрства адукацыі. У звароце праваабаронца заклікала перагледзець «Праграму выхавання і абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы». Па меркаванні праваабаронцы, дадзены дакумент стварае глебу для злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі з боку нядобрасумленных чыноўнікаў.

У дадзеным дакуменце ўтрымліваюцца крытэрыі сямейнага недабрабыту, многія з якіх, на думку Марыі Клімовіч, не вытрымліваюць крытыкі. Напрыклад, такія крытэрыі, як «доўгатэрміновае беспрацоўе аднаго з бацькоў, нежаданне працаваць, а таксама частая змена месца працаўладкавання», «доўгатэрміновы статус малазабяспечанай сям'і ці нізкі матэрыяльны дабрабыт», «частыя звароты ў сацыяльныя службы і дабрачынныя арганізацыі за матэрыяльнай дапамогай». Крытэрыем недабрабыту таксама вызначана запазычанасць па камунальных плацяжах.

Зыходзячы з гэтых і іншых пунктаў Праграмы, Марыя Клімовіч прасіла міністра перагледзець дадзены дакумент, зыходзячы з пастулатаў: умяшальніцтва дзяржавы ў прыватнае жыццё грамадзян дапушчальна толькі ў крайніх выпадках, дзіцяці лепш жыць з беднымі і неадукаванымі бацькамі, чым у казённых сценах.

Адказ з міністэрства, падпісаны намеснікам міністра Віктарам Якжыкам, утрымлівае агульную інфармацыю пра забеспячэнне правоў дзіцяці ў Рэспубліцы Беларусь праз ратыфікацыю Канвенцыі пра правы дзіцяці, прыняцце адпаведнага нацыянальнага закону. Пра «Праграму» ж, на якую звяртае ўвагу Марыя Клімовіч, у адказе гаворыцца лаканічна: дадзены дакумент прыняты на падставе Інструкцыі, зацверджанай пастановай Міністэрства адукацыі. Пастанова ж «узгоднена з міністэрствамі працы і сацыяльнай абароны, аховы здароўя, унутраных спраў, ЖКГ, Мінскім гарадскім, абласнымі выканкамамі, і прайшла абавязковую юрыдычную экспертызу ў Міністэрстве юстыцыі».

«Калі я выступіла з крытыкай дадзенай праграмы, я прывяла шэраг довадаў, якія спецыялісты міністэрства адукацыі нават не спрабавалі разбіць. Як гаворыцца, слана яны і не заўважылі, адмахнуліся адпіскай, ды і ўсё. Намеснік міністра спасылаецца на тое, што праграма ўзгоднена з шэрагам міністэрстваў. Ахвотна веру. Для большасці людзей дзеці – ахілесава пята, і дзякуючы гэтай праграме, працаўнікі ЖКГ, напрыклад, атрымалі магчымасць аказваць ціск на тых, хто мае запазычанасць па кватэрнай аплаце. Маўляў, не заплаціце ў тэрмін – будзеце пастаўлены на ўлік як праблемная сям'я. Але ж калі людзі не плацяць за кватэру, гэта не абавязкова азначае, што ім няма чым карміць дзяцей», - каментуе адказ з міністэрства праваабаронца.

Па яе словах, дадзеная Праграма мае свае «выгоды» і для супрацоўнікаў сферы сацыяльнай абароны, якія зацікаўлены, каб бедныя сем'і менш турбавалі іх, звяртаючыся за дапамогай. Бо ў Праграме ёсць такі крытэрый сямейнага недабрабыту, як «частыя звароты за дапамогай у сацыяльныя службы, грамадскія арганізацыі».

«Гэты дакумент складзены ў першую чаргу ў інтарэсах чыноўнікаў, але ніяк не дзяцей», - прыйшла да высновы Марыя Клімовіч.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international