Віцебскія актывісты падалі заяўку на шэсце ад помніка, якога яшчэ няма

2014 2014-06-22T00:33:00+0300 2014-06-23T00:36:51+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-garvykankam.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віцебскі гарвыканкам

Віцебскі гарвыканкам

Гарадскія ўлады ўжо чацьвёрты год абяцаюць ўсталяваць у абласным цэнтры помнік князю Альгерду – славутаму дзеячу ВКЛ, падчас кіравання якога сярэднявечны Віцебск дасягнуў найвышэйшага росквіту. Апошняе абяцанне гарвыканкаму – усталяваць помнік 27 чэрвеня, а праз месяц, 27 ліпеня, актывісты хочуць правесці каля яго масавую акцыю.

Хрыстафор Жаляпаў, каардынатар па Віцебскай вобласці ПАГА «Рух« За Свабоду », Аляксей Гаўруцікаў - давераная асоба колішняга кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, а цяпер палітвязня Статкевіча Мікалая Віктаравіча, Ян Дзяржаўцаў, сябра КХП БНФ,і Канстанцін Смолікаў, намеснік Віцебскай абласной рады Партыі БНФ падалі заяву ў Віцебскі гарвыканкам аб правядзенні вулічнага шэсця і мітынга. Імпрэзы запланаваныя на 27 ліпеня, і шэсце арганізатары хацелі б распачаць ад помніка Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду, які гарадскія ўлады ўжо паабяцалі паставіць насупраць Свята-Уваскрасенскай царквы. Канцавы пункт шэсця - парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў, дзе ў раёне цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі і з 13:00 да 14:30 плануецца правесці мітынг.
Мэта масавага мерапрыемства, паводле словаў аднаго з заяўнікаў Аляксея Гаўруцікава, гэта аб'яднанне грамадзян для адстойвання гісторыка-культурных каштоўнасцяў, суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. А таксама падтрымка рашэння гарадскіх уладаў аб усталяванні ў Віцебску помніка Вялікаму князю Літоўскаму Альгерду.

Заяўка была пададзена 18 чэрвня, калі ўжо прагучала чарговае абяцанне ўсталяваць гэты помнік у Дзень горада. Ён адзначаецца 27 чэрвеня, адкрыццё помніка значыцца ў афішы святкаванняў, але дасюль не відаць прыкмет падрыхтоўкі да ўсталявання коннай скаульптуры князя. Паводле афіцыйнай інфармацыі, яна ўжо гатовая. Аднак пастамент, падрыхтаваны некалькі гадоў таму, так і стаіць пусты.

Сітуацыя з усталяваннем помніка складаная. Конкурс на лепшую выяву князя Альгерда прайшоў 4 гады таму, быў абраны пераможца – віцебскі скульптар Валеры Магучы. Але цяпер высветлілася, што да ўсталявання падрыхтавана скульптура іншага творцы – мінскага скульптара Сяргея Бандарэнкі. Чаму так адбылося, гараджанам не патлумачылі.

Між тым жыхары Віцебску неабыякавыя да ўсталявання гэтага манументу: шмат хто з гараджан удзельнічаў у грамадскім абмеркаванні праектаў і ў спрэчках, якія нечакана разгарнуліся вакол пытання, ці трэба такі помнік увогуле. У горадзе, дый увогуле ў Беларусі ёсць нямала праціўнікаў гэтай ідэі, якія лічаць, што палітыка князя Альгерда была антырасійскай, а таму помніка ён не варты. Прычым тыя, хто супраць, актыўна пішуць лісты ў розныя інстанцыі, аж да Адміністрацыі Прэзідэнта, патрабуючы адмяніць рашэнне Віцебскага гарвыканкама аб ушанаванні ў горадзе памяці пра гэтага дзеяча. Гэтыя скаргі, падобна, замаруджваюць ажыццяўленне праекта, які падтрымлівае большасць гараджан. Таму і паўстала пытанне пра выказванне падтрымкі ініцыятывы па ўсталяванні помніка віцебскаму князю, лічаць арганізатары акцый.

Цяпер яны чакаюць адказу ад уладаў наконт шэсця ад пакуль што не ўсталяванага помніка.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international