Адмена смяротнага пакарання. Што могуць зрабіць журналісты?

2014 2014-06-20T13:05:12+0300 2014-06-20T15:54:52+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sciepanenka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Паліна Сцепаненка

Паліна Сцепаненка

Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль практыкуецца пакаранне смерцю. Гэты факт не сыходзіць са старонак беларускіх медыя. За апошнія 17 гадоў здзейснена каля 400 расстрэлаў, вядомы толькі адзін выпадак, калі смяротны прысуд заменены на турэмнае зняволенне. Хто сёння ў Беларусі павінен змагацца супраць смяротнага пакарання: праваабаронцы, журналісты, альбо ўсё беларускае грамадства? Якое месца тут журналістаў? Пра смяротнае пакаранне ў праекце “Месца для прэсы” на Беларускім Радыё Рацыя разважае пісменніца, сцэнарыстка, актывістка кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Паліна Сцепаненка.

Паліна Сцепаненка: Праблема ў тым, што ў беларускім грамадстве сёння адсутнічае дыялог на гэтую тэму. Яна не абмяркоўваецца, вельмі шмат людзей, якія проста не ведаюць, што ў нас існуе смяротнае пакаранне. На гэту тэму павінны гаварыць і праваабаронцы, і журналісты, якія павінны інфармаваць грамадства і ініцыяваць гэты дыялог. Тут ёсць, канешне, праблема, што праваабаронцы не маюць доступа да дзяржаўных СМІ. І вымушаныя гэта трэба рабіць праз вулічныя акцыі, якія таксама часам заканчваюцца затрыманнямі. 

РР: Паліна, як Вы лічыце, ці не пераацэньваем мы ролю журналістаў у гэтай размове з грамадствам? Бо часам таксама варта канстатаваць той факт, што незалежныя медыя маюць невялікі ахоп аўдыторыі, а дзяржаўныя проста імкнуцца тэму смяротнага пакарання не заўважаць.

Паліна Сцепаненка: Гэтая тэма мусіць быць у медыяпрасторы, яе пачыналі яшчэ ў 90-ыя гады. Першы грунтоўны артыкул быў у газеце “Свабода”, калі там быў рэдактарам Ігар Герменчук. І гэта адна з такіх тэмаў, якія не вельмі любяць абмяркоўваць. Яна нязручная, яна страшная, яна непрыемная, але гэтую тэму трэба ўздымаць, таму што, як паказвае практыка, чалавек, які не ведае, што ў нас існуе смяротнае пакаранне, задумваецца пра яго толькі ў той момант, калі гэта закранае яго асабіста. Маю добры прыклад. Святлана Жук, маці Жука, расстралянага ў 2011 годзе, з якой мы рабілі стужку “Прычына смерці – прочырк” (таму што менавіта ў пасведчаннях пра смерць расстраляных не пішуць прычыну смерці, а ставяць прочырк), яна ўвесь час спрабавала згадаць, як жа яна галасавала ў 1996 годзе на рэфэрендуме.

РР: Што яна тады думала на гэтую тэму?

Паліна Сцепаненка: Яна проста сядзела, абхапіўшы галаву рукамі і казала: “Я не магу ўзгадаць, як жа я тады галасавала”. Мы маўчалі. Але выглядала на тое, што яна галасавала хутчэй “за”. Смяротнае пакаранне ўяўляецца мерай справядлівасці. Але ніхто не думае, як яго выконваюць, і што адбываецца ўвогуле ў гэтых камерах смяротнікаў.

РР: А тэма, нязручная для журналістаў, чаму? Таму што кожны чалавек не хоча станавіцца на нейкі пэўны бок, абараняць чалавека, якога быццам бы ўсе лічаць злачынцам?

Паліна Сцепаненка: Гэты момант таксама існуе, але яшчэ ёсць праблема ў тым, каб здабыць гэтую інфармацыю, таму яна заўсёды была закрытая. Мы памятаем, што ў сталінскія часы гэтыя расстрэлы заўсёды здзяйсняліся ўначы. Таму што людзі, якія здзяйсняюць смяротнае пакаранне, гэтыя прафесійныя каты, разумеюць, што яны ўсё ж такі забойцы. Яны гэта разумеюць лепш, чым прыхільнікі смяротнага пакарання, якія крычаць, што ўсіх збачэнцаў, педафілаў трэба караць. Людзі, якія сапраўды трымаюць у руках гэты расстрэльны пісталет, дакладна разумеюць, што яны робяць. І гэтая тэма закрытая. Вакол яе ёсць заслона таямнічасці. І як казаў нам Алег Алкаеў, (былы начальнік менскага следчага ізалятару, які з прычыны сваёй былой службы прысутнічаў пры выкананні смяротных прысудаў, аўтар кнігі «Растрэльная каманда» - рэд.) калі мы ездзілі да яго на здымкі фільму “Убыў па прысудзе”, гэта таксама такая фраза, якая замяняе слова “расстрэл”. Стандартная фраза. То бок нават слова “расстрэл” не прамаўляецца. І ён казаў, што вашы ўсе інтарэсы разаб’юцца аб сцены турмы. Гэта закрытая тэма. Пра яе не любяць гаварыць ні суддзі, якія абвяшчаюць прысуды, ні людзі, якія здзяйсняюць гэта, і ніхто іншы, датычны да гэтай тэмы.

РР: Калі мы гаворым пра грамадства, то я, як журналіст, магчыма магу паўплываць на грамадскую думку, якая сёння пануе ў Беларусі. Але Вы, як праваабаронца, з якімі аргументамі параілі б мне ісці ў народ, пра што людзям гаварыць? Чаму мы мусім быць супраць смяротнага пакарання сёння?

Паліна Сцепаненка: Усе аргументы супраць смяротнага пакарання ўжо даўно вядомыя, так як і вядомыя аргументы “за” яго. Колькі існуе чалавецтва, столькі існуе смяротнае пакаранне, а асноўныя аргументы былі сфармуляваныя Чэзарыем Бекарыя яшчэ ў 18 стагоддзі, і застаюцца да нашага часу нязменнымі. Мы павінны даносіць да людзей такія рэчы, што існуюць людзі, якім дзяржава выдае, фактычна, гэтае права на забойства. Прафесійныя каты, якія забіваюць ад імя дзяржавы. Мы павінны гаварыць пра тое, што не толькі крымінальных злачынцаў караюць смерцю, але ёсць і кары за палітычныя погляды. Мы не павінны забываць пра масавыя рэпрэсіі. Гэта таксама смяротнае пакаранне. У нас часам аддзяляюць тое ж самае смяротнае пакаранне – расстрэл у Курапатах. Мы павінны памятаць, што смяротнае пакаранне з’яўляецца катаваннем для сваякоў расстраляных. Цела не выдаецца сваякам для пахавання, і час, калі адбываецца кара, таксама не паведамляецца. І гэтыя людзі ўвесь час жывуць у такім стане, што кожную хвіліну гэта можа адбыцца. Мы павінны памятаць і пра судовую памылку.

РР: Я пра гэта таксама хацеў сказаць, што мы павінны памятаць пра тое, што ні кожны можа сёння верыць суду, і, здаецца, у Беларусі ўжо быў такі прыклад, калі расстралялі невінаватага чалавека.

Паліна Сцепаненка: Так, гэта класічны прыклад, калі за забойства, які здзяйсняў ман’як Міхасевіч, было 13 чалавек асуджана, а адзін з іх, Цярэня, расстраляны. І яшчэ - неэфектыўнаць смяротнага пакарання, таму што ўжо даўно даказана, што ў момант здзяйснення злачынства чалавек не думае пра смяротнае пакаранне, а ў нашай сітуацыі вельмі часта ён нават і не ведае, што яно ў нашай краіне існуе.

РР: Калі мы будзем працягваць гаварыць пра беларускае грамадства, як Вы лічыце, ці гатовае яно сёння да абмеркавання тэмы смяротнага пакарання? Ці гатовае яно сёння слухаць вось гэтыя аргументы, які мы толькі што пералічылі?

Паліна Качаткова: Так, да абмярквання гатовае. Гэта паказвае, што кожны фільм, ці кожны праект, які звязаны са смяротым пакараннем, выклікае шмат каментароў як “за”, так і “супраць”. Тэма гэтая цікавіць грамадства, але прымаць рашэнне пра адмену смяротнага пакарання – гэта ўсё ж такі не тэма рэфэрэндума, гэтае рашэнне павінна прымацца палітычнымі элітамі. Ёсць яшчэ адзін аргумент за адмену смяротнага пакарання – яно перашкаджае руху Беларусі ў цывілізаваны свет, у Еўропу, там, дзе ўжо даўно адмовіліся ад смяротнага пакарання.

РР: Вы сказалі пра каментары ў інтэрнэт-форумах. Можаце неяк апісаць атмасферу гэтых каментароў? Якія яны?

Паліна Сцепаненка: Вельмі часта яны бываюць агрэсіўныя. Калі чалавек проста выплёсквае агрэсію на форум. І яны, калі ўвесь час адсочваеш, уражваюць сваёй стандартнасцю. Заўсёды фігуруе: “пасадзіць на кол”, “педафіл” і “на галоўнай плошчы”. У пазітыўных каментарах пішуць, што гэта забойства, што яно нічога не вырашае. Вельмі важным з’яўляецца яшчэ рэлігійны аргумент: “Не забі!”

РР: За апошнія 17 гадоў у Беларусі было здзейснена каля 400 расстрэлаў. Што, на Вашую думку, перашкаджае Беларусі адмяніць смяротнае пакаранне?

Паліна Сцепаненка: Пытанне ўвогуле тычыцца выканання правоў чалавека ў Беларусі. Любы таталітарны рэжым захоўвае смяротнае пакаранне, якое, з аднаго боку, застрашае людзей, а з іншага – паказвае, што дзяржава моцная і можа абараніць кожнага грамадзяніна ад злачынцы. Гэтую праблему трэба асвятляць рознымі сродкамі, трэба паказваць гэта і праз мастацкія творы. На сайце Праваабарончага цэнтра “Вясна” можна знайсці шмат міністужак. Зараз мы працуем над праектам “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання”.

 

racyja.com

Адмена смяротнага пакарання. Што могуць зрабіць журналісты?

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international