У Бялыніцкім раёне ўлады прыхоўваюць інфармацыю пра афрыканскую чуму свінняў?

2014 2014-06-18T12:03:31+0300 2014-06-18T12:03:31+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/svinni.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Многія жыхары Бялыніцкага раёна ўсхваляваныя шматлікімі чуткамі пра тое, што ў раёне быццам бы былі зафіксаваныя выпадкі падзяжу свінняў ад інфекцыйнай хваробы – афрыканскай чумы свінняў. Мясцовыя ўлады ніяк не каментуюць гэтыя чуткі, адмаўляючыся даваць хоць нейкую канкрэтную інфармацыю занепакоеным вяскоўцам.

За апошнія тыдні выпадкі падзяжу свінняў ад невядомай хваробы былі зафіксаваныя ў аграгарадках Цяхцін і Вялікая Машчаніца, а таксама і ў вёсцы Лебедзянка Бялыніцкага раёна. Ва ўсіх такіх выпадках на месца здарэнняў выязджалі спецыялісты Бялыніцкай райветсанцыі, якія закопвалі загінуўшую жывёлу і праводзілі маштабную дэзінфекцыю. Пры гэтым ветырынарныя спецыялісты адмаўляліся даваць хоць нейкую інфармацыю наконт хваробы, ад якой загінулі свінні, спасылаючыся на тое, што гэта ім быццам бы забараніла рабіць непасрэднае кіраўніцтва.

Жыхары Бялыніччыны звярталіся за тлумачэннямі непасрэдна ў органы мясцовай ўлады на месцах і ў Бялыніцкую райветстанцыю, аднак так і не змаглі дамагчыся нейкага канкрэтнга адказу наконт таго, ці зафіксаваныя ў Бялыніцкім раёне выпадкі афрыканскай чумы свіней. Між тым артыкул 34 Канстытуцыі РБ кажа пра тое, што “грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя. Дзяржаўныя органы, грамадскія аб'яднанні, службовыя асобы абавязаны даць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы”.

Многія з жыхароў Бялыніцкага раёна ўпэўнены, што мясцовыя ўлады спецыяльна прыхоўваюць выпадкі захворанняў жывёлаў афрыканскай чумой свінняў, каб інфармацыя не патрапіла ў СМІ. Сітуацыя вельмі хвалюе вяскоўцаў, бо многія з іх трымаюць свойскую жывёлу, якая дапамагае ім выжыць у складаных умовах, і не ведаюць, што ж ім рабіць далей.

“На жаль, бялыніцкія ўлады парушаюць правы грамадзянаў на атрыманне інфармацыі з афіцыйных крыніц і гэта дае падставы для самых разнастайных чутак, - выказвае меркаванне журналіст з Бялыніцкага раёна Барыс Вырвіч. – Да мяне таксама звярталіся за парадай, што ж ім рабіць і якія меры прадпрымаць у дадзенай сітуацыі цэлы шэраг бялынічан. Аднак гэта не мая кампетэнцыя, рэкамендацыі і парады павінны даваць менавіта мясцовыя ўлады і ветэрынарныя спецыялісты. Наколькі мне вядома, спачатку ў Бялыніцкім раёне лесанарыхтоўшчыкі знайшлі некалькі мёртвых дзікоў у лесе каля вёскі Барок, пасля былі зафіксаваныя выпадкі падзяжу свінняў ў асабістых дапаможных гаспадарках грамадзян у шэрагу аграгарадкоў і вёсак Бялыніцкага раёна. Паўсюдна выязджалі ветэрынарныя спецыялісты, якія закопвалі загінуўшую жывёлу і праводзілі комплексныя мерапрыемствы па дэзінфекцыі. Пры гэтым людзям адмаўляліся даваць хоць нейкую інфармацыю аб прычынах гібелі жывёлы. У прыватных гутарках на падставах захавання ананімнасці ветэрынарныя спецыялісты казалі, што ў Бялыніцкім раёне зафіксаваныя выпадкі захворвання і гібелі свінняў ад афрыканскай чумы, аднак ім забаронена нешта казаць на гэты конт. Я не ведаю дакладна, ці сапраўды эпідэмія афрыканскай чумы свіней дайшла да тэрыторыі Бялыніцкага раёна, аднак сваімі безадказнымі дзеяннямі па прыхоўванні дакладнай інфармацыі ад уласных грамадзян мясцовыя ўлады толькі ствараюць падставы для разнастайных чутак і панікі сярод насельніцтва”.

У Бялыніцкім раёне ўсё пагалоўе свіней у гаспадарках і ў фермераў раёна было ліквідавана яшчэ ў мінулым годзе, зараз свінагадоўляй займаюцца толькі прыватнікі. Між тым на тэрыторыі суседніх з Бялыніцкім Шклоўскага, Магілёўскага і Бярэзінскага раёнаў дзейнічаюць буйныя свінагадоўчыя комплексы.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international