Суд Клімавіцкага раёна рашэнне адміністрацыйнай камісіі адмяніў, але ацэнку дапушчаным парушэнням не даў

2014 2014-06-17T14:49:01+0300 2014-06-17T14:49:01+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pravasuddzee.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Клімавіцкага раёна 17 чэрвеня адмяніў пастанову адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама і спыніў адміністрацыйную справу ў адносінах да жыхаркі вёскі Дамамерычы Алены Марчанкі. Разглядала скаргу Алены Марчанкі суддзя суда Клімавіцкага раёна Таццяна Іваненка.

Падставай для адмены пастановы і справы паслужыла тое, што адміністрацыйная камісія Клімавіцкага райвыканкама няправільна афармляла ў прадугледжаным заканадаўствам парадку прыпыненні адміністрацыйнай справы ў адносінах Алены Марчанкі. Суд палічыў, што ў выніку такога недакладнага афармлення тэрмін разгляду адміністрацыйнай справы Алены Марчанкі даўно скончыўся, таму пастанова адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама падлягае адмене, а адміністрацыйная справа – спыненню.

Сама Алена Марчанка такім рашэннем суда Клімавіцкага раёна не вельмі задаволеная.

“Безумоўна, добра тое, што суд адмяніў пастанову адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама аб пакаранні штрафам у памеры 15 базавых велічынь (2 250 000 рублёў) за парушэнне ветэрынарных, ветэрынарна-санітарных правіл і спыніў адміністрацыйную справу ў адносінах да мяне, - кажа Алена Марчанка. – Аднак суд ніякім чынам не выказаўся наконт цэлага шэрагу парушэнняў, якія дапусціла адміністрацыйная камісіія Клімавіцкага райвыканкама пры разглядзе маёй адміністрацыйнай справы, разглядах адміністрацыйных спраў іншых людзей. Таму адназначна я буду кансультавацца з праваабаронцамі і дабівацца, каб райвыканкамаўскія чыноўнікі самі выконвалі нормы беларускага заканадаўства”.

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, які прысутнічаў на судовым пасяджэнні пры разглядзе скаргі Алены Марчанкі ў судзе Клімавіцкага раёна, таксама лічыць, што суд чамусьці не звярнуў увагу на шматлікія парушэнні ў дзейнасці адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама пры разглядзе ёй справы Алены Марчанкі.

“У мяне няма 100% задавальнення, хаця мы і дабіліся адмены пастановы адміністрацыйнай камісіі і спынення адміністрацыйнай справы ў адносінах Алены Марчанкі, - гаворыць Барыс Бухель. – На мой погляд, суд вывярнуўся, спыніўшы справу з-за няправільнага афармлення адміністрацыйнай камісіяй рашэнняў аб яе прыпыненнях і ўхіліўшыся ад вынесення прыватнага вызначэння на адрас адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама наконт шматлікіх парушэнняў у яе дзейнасці. Таксама пакуль Алене Марчанка не вярнулі дзяржпошліну, таму мы будзем змагацца далей”.

Нагадаем, што пастановай па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ад 13.05.2014 г. адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама Алена Марчанка была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 15 КаАП у выглядзе штрафа ў памеры 15 базавых велічынь (2 250 000 рублёў) за парушэнне ветэрынарных, ветэрынарна-санітарных правіл.

З пастановай Алена Марчанка не пагадзілася, бо палічыла, што адміністрацыйная камісія Клімавіцкага райвыканкама, прызначыўшы ёй штраф у памеры 15 базавых велічынь пры паўторным разглядзе пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, проста адпомсціла ёй за прынцыповую пазіцыю і за сам факт падачы скаргаў на папярэднюю пастанову і незаконныя дзеянні адміністрацыйнай камісіі, за якія кіраўніцтва Клімавіцкага райвыканкама і адміністрацыйнай камісіі былі прыцягнуты да адказнасці.

Папярэдняй пастановай па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ад 08.01.2014 года адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама спадарыня Марчэнка была прыцягнутая да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт.15.38 КаАП у выглядзе папярэджання за парушэнне ветэрынарных і ветэрынарна-санітарных правіл.

Суд Клімавіцкага раёна 5 лютага адмяніў пастанову адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама і пастанавіў накіраваць адміністрацыйную справу Алены Марчанкі на новы разгляд. Спадарыня Марчанка абскарджвала пастанову суда Клімавіцкага раёна з мэтай дабіцца канчатковага спынення разгляду адміністрацыйнай справы ў адносінах да яе з-за шматлікіх парушэнняў заканадаўства службовымі асобамі ў Магілёўскім абласным і Вярхоўным судах, аднак станоўчага выніку ёй дасягнуць не ўдалося.

Супрацьстаянне спадарыні Марчанкі з мясцовымі ўладамі пачалося пасля таго, як яна выступіла супраць знішчэння сваіх свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы.

Алена Марчанка займаецца свінагадоўляй, каб былі грошы аплочваць лячэнне і навучанне сына, які з’яўляецца інвалідам з дзяцінства.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international