Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Травень 2014 года

2014 2014-06-10T17:18:00+0300 2014-06-16T17:22:26+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У траўні стабільна цяжкая сітуцыя з правамі чалавека абвастрылася ў сувязі з масавымі адвольнымі затрыманнямі і арыштамі актывістаў разнастайных грамадска-палітычных груп і рухаў, якія былі праведзены напярэдадні і падчас чэмпіянату свету па хакеі (адбыўся ў Мінску з 9 па 25 траўня). Праваабаронцы зафіксавалі 39 такіх фактаў. Дадзеная практыка сведчыць пра арганізаваную ўладамі кампанію па адвольным затрыманні асоб, якія раней вызначыліся пэўнымі актыўнымі дзеяннямі. Адной з асаблівасцяў кампаніі па ізаляцыі стала складанне адмінстрацыйных пратаколаў адразу па некалькіх складах правапарушэнняў, што давала магчымасць прыцягнуць да адказнасці на больш працяглы тэрмін – да 25 сутак арышту. Зафіксаваны факты паўторнага прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці актывістаў адразу пасля вызвалення. Суды па дадзеных справах насілі выключна абвінаваўчы характар, рашэнні выносіліся з мэтай максімальнай ізаляцыі, што дазваляе казаць пра поўную залежнасць судовай сістэмы ад выканаўчай улады, выкананне імі палітычнай замовы на стэрылізацыю грамадска-палітычнага фону падчас спартыўнага мерапрыемства і ўключэнне судоў у агульны механізм рэпрэсій.

Рэакцыяй за масавыя арышты сталі публічныя заклікі як беларускіх праваабаронцаў, так і міжнароднай праваабарончай супольнасці аб спыненні гвалту ў адносінах да актывістаў, інфармацыя пра факты ізаляцыі была перададзена ў Рабочую групу па адвольных затрыманнях ААН. 16 траўня адвольныя затрыманні актывістаў у Беларусі ў адмысловай заяве асудзіла Еўрапейская служба знешнепалітычнай дзейнасці Еўрапейскага Саюза. “Мы занепакоеныя пераследам, адвольнымі арыштамі і зняволеннем некалькіх дзясяткаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных арганізацый напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў Беларусі. Мы асуджаем ужыванне беларускімі ўладамі адміністратыўных арыштаў у якасці інструмента, накіраванага на стварэнне ціску, страху і няўпэўненасці сярод маладога пакалення Беларусі. Мы заклікаем улады Беларусі неадкладна спыніць гэтыя дзеянні і вызваліць усіх асоб, несправядліва затрыманых, зняўшы ўсе абвінавачванні супраць іх. Мы таксама паўтараем наш заклік пра неадкладнае і безумоўнае вызваленне і рэабілітацыю ўсіх палітычных зняволеных. Гатоўнасць ЕС да далейшага развіцця адносінаў з Беларуссю па-ранейшаму залежыць ад канкрэтных крокаў Беларусі ў кірунку дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона”.

Улады займалі пазіцыю адмаўлення палітычна-матываванага і адвольнага пераследу актывістаў. 14 траўня міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч, размаўляючы з журналістамі ў Палаце прадстаўнікоў, заявіў, што ўсе затрыманыя перад адкрыццём чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні. "Няма і быць не можа такой дэфініцыі як "прэвентыўнае затрыманне". Затрыманні былі тых асоб, якія здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні - хуліганства, непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі і гэтак далей. Такія затрымання былі, ёсць і будуць працягвацца".

Ізаляцыі былі падвергнуты не толькі іншадумцы, але і “асацыяльныя элементы” -- асобы без пэўнага месца жыхарства, прастытуткі, хворыя на алкагалізм і наркаманію, прычым апошняя катэгорыя людзей не толькі арыштоўвалася на кароткі тэрмін, але і накіроўвалася ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі на тэрмін да года.

Сітуацыя з адвольнымі затрыманнямі прадэманстравала безадказную дзейнасць зладжанага рэпрэсіўнага механізму, у які ўключаны розныя дзяржаўныя органы, і ягоную гатоўнасць да выканання рознага кшталту кан’юнктурных палітычных задач.

 

У траўні не адбылося прынцыповых зменаў у вырашэнні праблемы палітычных зняволеных. Вызваленне 8 траўня Андрэя Гайдукова не можа расцэньвецца як прыкмета пазітыўнай дынамікі, паколькі выхад на волю палітвязня адбыўся не ў сувязі з прадпрынятымі ўладамі крокамі і палітычнай воляй, а ў сувязі са сканчэннем тэрміну адбыцця пакарання. У месцах пазбаўлення волі працягвалі ўтрымлівацца 8 палітычных зняволеных: Алесь Бяляцкі, Мікалай Статкевіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Ігар Аліневіч і Васіль Парфянкоў. Не засталося ілюзіяў на магчымасць змены іх лёсу праз такі прававы механізм, як амністыя: ніхто з іх не падпадае пад дзеянне адпаведнага законапраекта, ухваленага ў першым чытанні дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў 14 траўня (амністыя абвешчана ў сувязі з 70-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў). Законапраект прадугледжвае, што амністыя не распаўсюджваецца на зняволеных, якія маюць спагнанні за парушэнні ўмоваў адбыцця пакарання, а на ўсіх палітвязняў падобныя спагнанні накладаліся. Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, каментуючы прыняты законапраект, заняў пазіцыю адмаўлення наяўнасці асуджаных па палітычных матывах і адзначыў: “Такога тэрміна, як “палітвязень”, у дадзеным законе няма і быць не можа. Падпадуць пад амністыю тыя, хто здзейсніў злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі”.

У траўні не адбылося змякчэння пазіцыі дзяржавы адносна ўжывання смяротнага пакарання. 12 траўня Магілёўскі абласны суд паведаміў, што ў адносінах да Рыгора Юзэпчука смяротны прысуд, вынесены 23 красавіка 2013 года, прыведзены ў выкананне. Пытанні адносна абставінаў забойства Р. Юзэпчуком сукамерніка ў турме, дзе прадугледжаны асабліва ўзмоцнены нагляд за асуджанымі, засталіся без адказаў.

 

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

 

2 траўня прадстаўнікі аргкамітэту партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” паведамілі, што палітвязня Яўгена Васьковіча, якога ў апошні час адміністрацыя Магілёўскай турмы № 4 цкавала праз іншых асуджаных, пасля агалоскі гэтых фактаў перавялі у адзіночную камеру. Палітвязень Мікалай Статкевіч, які адбывае пакаранне ў гэтай жа турме, паведаміў у лісце сваёй жонцы Марыне Адамовіч, што змяшчэнне ў адзіночную камеру Яўгена Васьковіча звязана з няўдалай спробай адміністрацыі атрымаць ад яго прашэнне аб памілаванні.

 

8 траўня палітвязня Андрэя Гайдукова вызвалілі з віцебскай папраўчай калоніі “Віцьба-3” у сувязі са сканчэннем тэрміну адбыцця пакарання. Яму загадалі пачаць збіраць рэчы а 6-й раніцы, хоць звычайна з калоніі выпускаюць аб 11-й, а 7-й яго пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль, адвезлі на вакзал у Віцебску, далі 20 тысяч рублёў, каб ён змог даехаць да сваякоў у Наваполацк. У дзень вызвалення А. Гайдукова паставілі на прафілактычны ўлік у КДБ і міліцыі. 14 траўня былому палітвязню ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Упраўлення ўнутраных спраў Наваполацка паведамілі, што яму забаронены выезд з Беларусі. Прычыны забароны пакідаць краіну Андрэю Гайдукову не патлумачылі, адзінае, што паведамілі – тое, што выезд з краіны яму забараніў КДБ.

 

11 траўня стала вядома, што палітвязня Эдуарда Лобава ў калоніі ў Івацэвічах наведаў святар. Айцец Дзмітрый не ўпершыню сустракаецца з маладафронтаўцам ў турме. Як і былыя сустрэчы, гэта адбывалася ў прысутнасці ахоўніка калоніі. Маці палітвязня Марына Лобава нагадала, што яе сын мае статус злоснага парушальніка рэжыму, які яму рэгулярна працягваюць з-за новых пакаранняў за нібыта здзейсненыя ім парушэнні.

 

13 траўня палітвязень Алесь Бяляцкі быў уганараваны літаратурнай прэміяй імя Алеся Адамовіча за кнігу «Асьвечаныя Беларушчынай». Гэтая прэмія была заснавана ў 1995 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам і ўручаецца за найлепшую публіцыстычную кнігу. За А. Бяляцкага прэмію атрымала ягоная жонка Наталля Пінчук. Яна паведаміла, што зняволены праваабаронца ўжо ведае пра ўзнагароду. Наталля Адамовіч, дачка Алеся Адамовіча, у гонар якога была заснавана прэмія, заявіла, што Бяляцкі стаў 34-м лаўрэатам гэтай ўзнагароды. «Раней кнігі спальвалі, а цяпер — новая форма: забарона на ўвоз», -- адзначыла яна, маючы на ўвазе рашэнне суда, згодна з якім кніга ўтрымлівае матэрыялы, якія могуць нанесці шкоду эканамічным і палітычным інтарэсам краіны, у сувязі з чым была прынята пастанова рээкспартаваць кнігі ў Літву. 14 траўня выйшла кніга Алеся Бяляцкага “Іртутнае срэбра жыцьця” пра падзеі 2010-2011 гадоў. Кніга напісана Алесем Бяляцкім падчас ягонага зняволення: з верасня 2012 па чэрвень 2013 года. Выданне ўключае ў сябе лісты з успамінамі, рэфлексіямі і развагамі, тут апісаны і звычайныя працоўныя будні, падзеі, што папярэднічалі арышту праваабаронцы, міжнародныя паездкі.

 

13 траўня грамадзкая актывістка Вольга Нікалайчык са спасылкай на апошнія лісты палітвязня Васіля Парфянкова паведаміла, што ён быў змешчаны ў штрафны ізалятар у канцы красавіка-пачатку траўня. Пра тэрмін змяшчэння ў ШЫЗА палітвязень не напісаў, як і пра прычыны вынясення дадзенага пакарання. Васіль Парфянкоў знаходзіцца ў калоніі № 9 у Горках з лютага, у ШЫЗА правёў ужо больш за 40 сутак.

 

Смяротнае пакаранне

 

12 траўня Магілёўскі абласны суд паведаміў, што ў адносінах да Рыгора Юзэпчука выкананы смяротны прысуд, вынесены 23 красавіка 2013 г. 45-гадовы мужчына быў асуджаны за забойства сукамерніка, які нібыта прайграў сваё жыццё ў даміно. У гэтай справе некалькі важных пытанняў засталіся без адказаў. Забойства было здзейснена ў турме, што прадугледжвае асабліва ўзмоцнены нагляд за асуджанымі. Азартныя гульні строга забароненыя. Паведамлялася, што ў дзень забойства ахоўнік двойчы падыходзіў да дзвярэй камеры і бачыў, што вочка на дзвярах, праз якое наглядчыкі сочаць за парадкам, залеплена газетай. Дэпартамент выканання пакаранняў так і не паведаміў, ці быў прыцягнуты да адказнасці нехта з адміністрацыі турмы за тое, што там адбылося забойства.

 

14 траўня стала вядома дата расстрэлу 23-гадовага студэнта гістфаку БДУ Паўла Селюна, абвінавачанага ў забойстве двух асоб з асаблівай жорсткасцю. Маці асуджанага атрымала пасведчанне аб смерці. 18 красавіка адвакат Паўла Селюна з’явілася на спатканне з падабаронным у СІЗА на Валадарскага. Там ёй паведамілі, што Селюн «убыл по приговору», што на звычайнай мове значыць расстрэл. Аднак афіцыйных дакументаў, які б гэта пацверджвалі, ні абаронцу, ні сваякам Паўла не дасылалі. 8 траўня маці асуджанага Тамара Сялюн звярнулася за тлумачэннямі ў СІЗА, адтуль яе накіравалі ў Вярхоўны суд. На асабістым прыёме намеснік старшыні ВС Валеры Калінковіч пацвердзіў: прысуд прыведзены ў выкананне. У атрыманым маці Паўла Селюна пасведчанні аб смерці сына ў Вілейскім ЗАГСе дата смерці ўказана – 17 красавіка. Прычына – “невядомая”. Раней у пасведчаннях расстраляных у графе “прычына смерці” ставілі проста прочырк.

 

Ужыванне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

 

6 траўня актывіст Максім Вінярскі, які днямі вызваліўся з-пад адміністрацыйнага арышту, распавёў, што 12 дзён знаходзіўся ў адной камеры з цемнаскурым мужчынам па імені Патрык, верагодна жыхаром адной з афрыканскіх краін, які працяглы час знаходзіцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Пры гэтым ён не валодае ні рускай, ні англійскай мовамі, што пазбаўляе яго цалкам камунікатыўных сувязяў з адміністрацыяй ізалятара. Патрык адмаўляецца ад вячэры, а на абед бярэ толькі першую страву. Па словах М. Вінярскага, 2 траўня Патрык адмовіўся заходзіць у камеру пасля ранішняй паверкі. Яго паспрабавалі завесці з прымяненнем фізічнай сілы, ён пратэставаў і паўтараў слова “амбасада”. Пасля незразумелай слоўнай перапалкі, супрацоўнікі міліцыі павалілі яго ў калідоры на падлогу, амяне запхнулі ў камеру, каб не замінаў, і зачынілі дзверы, Далейшыя падзеі М. Вінярскі назіраў праз шчыліну у вакенцы  “кармушкі”. Патрыку закруцілі рукі за спіну і начапілі кайданкі. Затым ногі ззаду падсунулі пад рукі, атрымалася “ластаўка”. Патрык, прыціснуты да падлогі, пры гэтым крычаў “Расісто!”. Праз некаторы час яны адыйшлі, і Патрык стаў паволі вызваляць ногі. Тады яго зноў скруцілі і да канца сняданка ён ляжаў на калідоры. Затым яго досыць энергічна ўкінулі ў камеру. Ніводная змена ахоўнікаў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў з затрыманым нармальна гаварыць не можа, ды і не немерваецца: ляжыць сабе ў камеры, ну і няхай ляжыць далей. З-за гэтай прычыны ён не можа патрапіць у душ, на прагулку, паколькі не ведае, што ад яго патрабуюць. Па словах намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, праблема неналежнага абыходжання з мігрантамі набывае асаблівую актуальнасць у святле маючых адбыцца перамоваў МЗС Беларусі і Еўракамісіі па пагадненню аб спрашчэнні візавага  рэжыму і рэадмісіі паміж ЕС і нашай краінай. У сувязі з гэтым важным з’яўляецца пытанне стварэння адмысловых цэнтраў для ўтрымання такой катэгорыі замежных грамадзян, якія б адпавядалі міжнародным стандартам і не прыводзілі да жорсткага і бесчалавечнага абыходжання з гэтымі людзьмі, якія ў большасці выпадкаў не здзяйснялі ніякіх злачынстваў у Беларусі. Важным з’яўляецца і пытанні падрыхтоўкі персаналу, які б валодаў замежнымі мовамі і мог растлумачыць падлягаючым дэпартацыі замежным грамадзянам адпаведныя прававыя працэдуры, іх правы і абавязкі. Магчыма, што некаторым з іх небяспечна вяртацца на радзіму і ім неабходна растлумачыць права на атрыманне прытулку ў Беларусі.

 

6 траўня Валянціна Акуліч паведаміла, што 18 карасавіка суд Светлагорскага раёна пад старшынствам І. Прадун адхіліў яе скаргу на смерць сына ў ІЧУ. Скарга была пададзена на чарговую пастанову следчага аддзела Следчага камітэта аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. У скарзе было ўказана, што высновы следчага аб правамернасці прымянення фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў супрацоўнікамі ІЧУ з'яўляюцца памылковымі, бо Аляксандр Акуліч меў патрэбу ў медыцынскай дапамозе, аднак супрацоўнікі міліцыі замест своечасовага аказання дапамогі і неадкладнага выкліку медыкаў «супакойвалі» з дапамогай дубінак чалавека з часовымі парушэннямі ў псіхіцы. Такія дзеянні з'яўляюцца актам забароненага жорсткага, бесчалавечнага абыходжання. Пры гэтым суддзю цікавіла выключна інфармацыя аб ступені маральнага падзення нябожчыка: як даўно той злоўжывае спіртным, якое ягонае асабістае жыццё і ўзаемаадносіны з роднымі, хаця гэта не мела значэння для расследавання правамернасці дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі. Так, Акуліч быў неаднаразова судзімы, злоўжываў спіртным, і асабістае жыццё не ладзілася, але загінуў ён не ў п'янай бойцы і не ў алкагольным чадзе, а ў сценах ізалятара, там, дзе адказнасць за яго жыццё, здароўе і бяспеку прыняла на сябе дзяржава ў асобе супрацоўнікаў міліцыі. У ходзе абвяшчэння матэрыялаў праверкі прагучала некалькі вельмі цікавых момантаў, якія раней былі невядомыя, бо азнаёміцца ​​з матэрыялам праверкі ў маці Аляксандра Акуліча да падачы скаргі ў суд не атрымлівалася. Як высветлілася, агрэсіўныя паводзіны Акуліча, на якое ў апраўданне прымянення гвалту спасылаліся міліцыянты, што дзяжурылі ў ІЧУ, выяўлялася  у асноўным, у тым, што ён хаваўся за сваімі сукамернікамі і клікаў на дапамогу ... міліцыю. Фельчар "хуткай дапамогі",  якая прыбыла па выкліку, убачыла мёртвага Акуліча, які ляжыць на жываце з рукой, загкручанай за спіну; гэта неяк не адпавядала тлумачэнням міліцыянтаў, якія сцвярджалі, што рабілі штучнае дыханне і масаж сэрца. Следчы так і не дамогся ўцямнага адказу ад міліцыянтаў, у сувязі з чым так дзіўна аказвалася медыцынская дапамога. Васемнаццаць траўматычных кантактаў - вось вынік правамерных, на думку следства, дзеянняў ахоўнікаў ІЧУ. Дзеянні міліцыянтаў былі прызнаныя адпаведнымі Закону "Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь». Пастанова суда канчатковая і можа быць абскарджана толькі ў парадку нагляду. Гэта значыць, паўнавартаснага перагляду справы ўжо не будзе, гэта не прадугледжана крымінальна - працэсуальным законам.

 

17 траўня паход на канцэрт гуртоў Korn і Soulfly у мінскі Палац спорту для Паўла Панамарэнкі скончыўся на бальнічным ложку. Лекары дыягнаставалі ў яго страсенне мозгу. Павел сцвярджае, што яго ўдарыў спецназавец. Бацькі напісалі заяву, патрабуючы пакараць вінаватага. У Паўла быў квіток на танцпол, ён знаходзіўся ля самай сцэны, каля агароджы. У канцэртнай мітусні хлопца некалькі разоў штурханулі ў спіну, ён пры гэтым ссунуў агароджу. Амапавец, які побач стаяў, двойчы зрабіў яму заўвагу, а потым падышоў, схапіў за майку і ўдарыў галавой у твар. Хлопец стаў патрабаваць у міліцыянта назваць імя і прозвішча, сказаўшы, шо пасля канцэрту паведаміць пра ягоныя дзеянні начальніку аховы. Па словах Паўла, да іх падышоў іншы амапавец (старшы за па званні), выслухаў яго. Пасля гэтага спецназаўцы параіліся, і старшы па званні прапанаваў яму выйсці на вуліцу для размовы. Там быў міліцэйскі начальнік, якому Павел распавёў пра здарэнне. Пасля гэтага хлопцу было прапанавана прайсці медыцынскі агляд. Ён сказаў, што без бацькоў нікуды не паедзе, у выніку яго проста схапілі і пацягнулі ў машыну. Адзін з амапаўцаў сказаў, што калі ён не перастане супраціўляцца, то яго патопяць у рацэ. Паўла спачатку завезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна за накіраваннем. Затым на агляд, і пасля гэтага вярнулі зноў у РУУС. Прыкладна ў дзве гадзіны ночы Паўлу стала дрэнна, яго ванітавала. Толькі тады яму выклікалі медыкаў. 23 траўня Паўла выпісалі з лякарні, ён знаходзіцца пад наглядам у тэрапеўта.

30 траўня сястра 21-гадовага Ігара Пцічкіна, які памёр у СІЗА на Валадарскага 4 жніўня 2013 года пры нявысветленых абставінах, паведаміла, што нягледзячы на тое, што эксгумацыю цела была праведзена яшчэ 4 снежня, родныя да гэтага часу не маюць вынікаў паўторнага ўскрыцця. Следчы спасылаецца на недахоп часу. Прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова паведаміла, што па выніках паўторнай экспертызы праводзіцца праверка правільнасці аказання медыцынскай дапамогі супрацоўнікамі СІЗА, і вынікі будуць пазней. Родныя Пцічкіна таксама адзначылі, што пасля смерці Ігар стаў фігурантам яшчэ аднаго расследавання — па спайсах. У Следчы камітэт пачалі выклікаць сяброў Ігара, цікавіцца ў іх, на якіх машынах брат ездзіў і куды. Яны сказалі, што на Андрэя Н. завялі крымінальную справу, і ён нібыта сведчыў, што Ігар прадаваў спайсы. Але родныя адшукалі Андрэя, і ён сказаў, што праходзіць толькі як сведка. Родныя Ігара Пцічкіна апасаюцца, што паколькі ён мёртвы — на яго могуць сказаць што заўгодна. Маці І. Пцічкіна выклікалі даваць паказанні, у выніку чаго ўзнікла падазрэнне, што на Ігара завялі крымінальную справу. Прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў абверг гэтую інфармацыю. На дадзеным этапе ў смерці хлопца вінавацяць фельчара мінскага СІЗА № 1, які дзяжурыў у ноч смерці. Распачата крымінальная справа за неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медработнікам, што пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць пацыента.

 

Адміністрацыйны пераслед грамадска-палітычных актывістаў, адвольныя затрыманні

 

3 траўня ў Барысаве быў затрыманы фанат БАТЭ Аляксандр Марозаў, асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

 

4 траўня позна ўвечары на падыходзе да дома ў Гомелі быў затрыманы сустаршыня «Маладога Фронту» Андрэй Цянюта. Супрацоўнікі міліцыі склалі на яго два адміністрацыйныя пратаколы: за дробнае хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. 6 траўня ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля сведкамі выступілі тры міліцыянты, якія заявілі, што падчас патрулявання заўважылі на вуліцы актывіста, які гучна лаяўся, таму і затрымалі яго. Міліцыянты давалі сведчанні стандартнымі фразамі, пры гэтым іншых сведкаў, простых мінакоў, не апытвалі. А.Цянюта на судзе адзначыў, што ў той вечар вяртаўся дадому ад сяброўкі, паводзіў сябе спакойна і ніякім чынам не лаяўся, бо матаў у беларускай мове проста няма. Актывіст упэўнены, што ягонае затрыманне звязана з хуткім пачаткам чэмпіянату свету па хакеі. Суддзя Анатоль Сотнікаў прызнаў Цянюту вінаватым і пакараў 10 суткамі арышту: трое сутак за «хуліганства» і сем сутак - за «непадпарадкаванне».

 

5 траўня ў Лідзе завяршыўся суд над грамадскімі актывістамі, на якіх за ўшанаванне памяці беларускіх дзеячоў у Дзень Волі былі складзены пратаколы нібыта за правядзенне несанкцыянаванай акцыі. На могілках у той дзень былі людзі ў цывільным, якія перапісалі прозвішчы ўдзельнікаў акцыі памяці. Ужо 2 красавіка грамадскіх актывістаў пачалі выклікаць у міліцыю. Суд пачаўся яшчэ ў красавіку, але быў перанесены з-за таго, што на працэс не з’явіліся ўсе выкліканыя сведкі. Суд Лідскага раёну аштрафаваў на 5 базавых велічынь Сяргея Трафімчыка, Вітольда Ашурака, Мурата Мусава, Сяргея Сідарэнку і Юрыя Дзяшука, грамадскія актывісты Міхаіл Бурачэўскі і Станіслаў Суднік былі папярэджаныя.

 

6 траўня адбыліся суды над затрыманымi актывістамі зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі “Малады Фронт”. Суд Ленінскага раёна Мінска разгледзеў справы Міхаіла Мускага і Дзмітрыя Крэмянецкага, якіх схапілі каля новабудоўлі людзі ў цывільным, павалілі на падлогу, на голавы апранулі мяхі і ўкінулі ў аўтамабіль. У такім стане актывістаў трымалі больш за гадзіну. Суддзя Міхаіл Хома вынес пакаранне Міхаілу Мускаму ў выглядзе арышту на 20 сутак, прызнаўшы яго вінаватым у дробным хуліганстве і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Гэты ж суддзя прызнаў Дзмітрыя Крэмянецкага вінаватым у дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП) і пакараў штрафам памерам 15 базавых велічынь. Сведкам выступіў камандзір узводу АМАП Ткачэнка. У судзе Фрунзенскага раёна Мікалая Дземідзенку асудзілі па 2 артыкулах КаАП да арышту на 20 сутак. Справу разглядала суддзя Людміла Лапо. Сведкі - супрацоўнікі міліцыі Крук і Зянько -- засведчылі, што Дземідзенка спраўляў натуральную патрэбу ў грамадзкім месцы і на заўвагі міліцыі не рэагаваў.

 

6 траўня раніцай у Мінску былі затрыманыя чацвёра актыўных фанатаў сталічнага клуба «Партызан». Пасля складання пратаколаў па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) іх адвезлі ў суд Партызанскага раёна. Суддзя Юрый Гарбатоўскі пакараў арыштамі на 10 сутак усіх чатырох:  Іллю Валавіка, Сяргея Пазняка, Кірылу Ермаловіча і Кірылу Клыкава.

 

6 траўня ў Мінску быў затрыманы прадстаўнік арганізацыйнага камітэта па стварэнні нацыянал-бальшавіцкай партыі Аляксандр Палякоў. Суддзя суда Заводскага раёна Алена Някрасава адправіла пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 17.1 (дробнае хуліганства) на дапрацоўку ў РУУС. Раніцай 7 траўня Палякова ізноў прывезлі ў суд і пакаралі арыштам на 10 сутак нібыта за брыдкаслоўе. 6 траўня доўгі час каля кватэр актывістаў НБП Дзмітрыя Паліенкі, Дзяніса Сахара і Яўгена Контуша дзяжурылі міліцыянеры і невядомыя людзі ў цывільным. Перыядычна яны тэлефанавалі у дамафоны і званкі, патрабуюць ў актывістаў прайсці з імі ў аддзяленне міліцыі. Затрыманы быў толькі Аляксандр Палякоў. Актывісты лічаць, што дзеянні праваахоўнікаў звязаныя з нядаўняй акцыяй нацболаў супраць палітычна матываваных пераследаў, падчас якой каля галоўнага ўваходу ў парк Чалюскінцаў была вывешаная расцяжка "Усіх не пасадзіш!". 26 траўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска была разгледжана яшчэ адна адміністрацыйная справа Аляксандра Палякова. Актывіст быў затрыманы АМАП увечары 24 траўня каля сцэны ў Зоне гасціннасці ля Палаца спорту за тое, што размахваў нацыянальным беларускім бел-чырвона-белым сцягам. Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала А.Палякова вінаватым у парушэннні артыкула 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і пакарала штрафам у дзве базавыя велічыні. Да суду Палякоў больш за суткі правёў пад вартай.

 

7 траўня ў судзе Савецкага раёна Мінска адбыўся судовы працэс над Андрэем Ткачовым, які раней быў вядомы як мадэратар суполак «Толькі ШОС!» і «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» ў сацыяльнай сетцы «Укантакце». Супрацоўнікі міліцыі склалі на яго пратаколы адміністрацыйных правапарушэнняў па “класічных” артыкулах: 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі). Суддзя Якубоўскі пакараў актывіста арыштам на 15 сутак.

 

7 траўня да мадэратара суполак “Надакучыў нам гэты Лукашэнка” і “Толькі ШОС!” Сяргея Бяспалава ўвечары ў кватэру спрабавалі патрапіць супрацоўнікі міліцыі. Як паведаміў ягоны сябар Раман Пратасевіч, міліцыянеры каля 22.00 выламалі дзверы. Сяргей выскачыў з акна спальні і змог уцячы. Бацькоў і дзяўчыну Сяргея адвезлі ў РУУС Фрунзенскага раёна Мінска, дзе пасля допыту адпусцілі. Сяргей паведаміў, што знаходзіцца ў вельмі бяспечным месцы. Міліцыя Партызанскага і Савецкага РАУСаў сталіцы працягвала пошукі кіраўніка “Маладых хрысціянскіх дэмакратаў” Марыны Хоміч. Супрацоўнікі міліцыі наведвалі знаёмых Марыны і нават зазіралі ў шафы, калі тыя казалі, што Марыны ў іх няма. Зачэпкамі для ўваходу супрацоўнікі міліцыі называлі званкі са скаргамі на гучную музыку, якія паступілі нібыта ад суседзяў. Пасля візіту да яе сваякоў 5 траўня М. Хоміч патэлефанаваў аперупаўнаважаны, які запрасіў прыйсці на апытанне. 8 траўня сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Павел Севярынец быў выкліканы ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Фрунзенскага раёна Мінска, дзе яму вынеслі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці супрацьпраўных дзеянняў. Міліцыя расшуквала таксама актывіста «Zмены» Ягора Віняцкага, аднак дома яго не знайшлі. Сустаршыню аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Віталя Рымашэўскага выклікалі ў РУУС Савецкага раёна Мінска. Былога палітвязня Сяргея Марцэлева выклікалі ў аддзяленне міліцыі. 

 

8 траўня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска была разгледжана адміністрацыйная справа актывіста "Еўрапейскай Беларусі" Сяргей Мацкойця. Супрацоўнікі міліцыі забралі яго з дому і адвезлі ў РУУС. Па абвінавачанні ў парушэнні артыкулаў 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) и 23.4 (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі) С. Мацкойць асуджаны на 20 сутак арышту. У судзе Фрунзенскага раёна сталіцы адбыліся працэсы над сацыяльнымі актывістамі Настассяй Кухто і Аляксандрам Арловым (арт17.1 і 23.4 КаАП). Настассі Кухто (суддзя Юля Закрэўская) прысудзілі 17 сутак арышту, Аляксандру Арлову (суддзя Лапо) - 20 сутак арышту. У судзе Першамайскага раёна была разгледжана адміністрацыйная справа актывіста кампаніі "Еўрапейская Беларусь” Леаніда Кулакова, які быў затрыманы напярэдадні ў другой палове дня і дастаўлены ў Першамайскі РУУС. Суддзя - Юрый Гарбатоўскі, рашэнне - 10 сутак арышту. Суд Заводскага раёна асудзіў актывіста “Маладога Фронту” Уладзіслава Запасава на 15 сутак арышту. Суддзя Някрасаў суда Заводскага раёна асудзіў актывіст нацыянал-бальшавіцкага руху Дзмітрыя Паліенку на - 10 сутак арышту, арыштаваны абвясціў галадоўку. У судзе Ленінскага раёна былы палітвязен Сяргей Казакоў асуджаны на 20 сутак арышту. У Слоніме сябра “Маладога Фронту” Дзмітрый Юшкевіч асудзілі на 20 сутак арышту.

 

8 траўня ў Барысаве быў затрыманы фанат БАТЭ Сяргей Кузьміч, асуджаны на 15 сутак арышту. У гэты ж дзень у Мінску быў затрыманы Даніла Ганчароў, які па абвінавачанні ў здзяйсненні дробнага хуліганства (арт. 17.1 КаАП) і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП) быў асуджаны на 25 сутак адміністрацыйнага арышту.

 

8 траўня ў Гродна ў судзе Кастрычніцкага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйных пратаколаў у дачыненні да актывіста “Маладога Фронту” Станіслава Рачкеля і ягонага сябра Вячаслава Завінеўскага . Суддзя Алена Тоўсцік-Самойла не захацела ўзяць пад увагу акалічнасці справы і асудзіла абодвух па абвінавачанні ў дробным хуліганстве да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Станіслаў Рачкель і Вячаслаў Завінеўскі  былі затрыманыя яшчэ 25 красавіка ў раёне аўтавакзала. На іх былі складзены адміністрацыйныя пратаколы нібыта за хуліганства і  выпіванне ў грамадскім месцы, хоць экспертыза ў той жа дзень не выявіла алкаголю ў арганізмах абодвух. Гэта было ў пятніцу, і хлопцы трое сутак да панядзелку прабылі ў ізалятары часовага ўтрымання. Пасля гэтага ім выдалі позвы ў суд на 8 траўня.

 

8 траўня каля рэстарана “Маклональдс” на праспекце Незалежнасці ў Мінску быў затрыманы Мікалай Бабушкін. Супрацоўнікі АМАП звярнулі ўвагу на цэтлік з сімволікай “Еўрамайдану”. Пры затрыманні Мікалаю не дазволілі скарыстацца магчымасцю папярэдзіць родных па тэлефоне. Суд адбыўся ў нядзелю, 11 траўня. Як яму патлумачылі супрацоўнікі міліцыі, зараз вельмі шмат затрыманняў, таму суды праходзяць і ў выходныя дні. Суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня пакарала М. Бабушкіна арыштам на 5 сутак па абвінавачанні ў дробным хуліганства (арт.17.1 КаАП). Падчас адбыцця пакарання М. Бабушкіна апыталі супрацоўнікі КДБ. Іх цікавіла, ці ведае ён тэхналогіі вырабу выбухоўкі, а таксама мэты ягонага знаходжання на Еўрамайдане. Пра затрыманне і суд над моладзевым актывістам Мікалаем Бабушкіным стала вядома толькі пасля ягонага вызвалення вечарам 13 траўня. У адной камеры з Бабушкіным знаходзіўся жыхар Мінска Яўген Новікаў, які распавядаў, што яго затрымлівалі непасрэдна ў кватэры, ударыўшы пры гэтым па твары, а суд над ім адбыўся 13 траўня. Новікава асудзілі на 13 сутак.

 

10 траўня каля 15 гадзін былы прэс-сакратар кампаніі "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" Уладзімір Кумец быў затрыманы, калі выйшаў з дому і сеў у аўтамабіль. Некалькі невядомых ў цывільным спынілі яго на сваёй машыне, актывіст выскачыў, паспрабаваў уцячы, але ў яго гэта не атрымалася. У. Кумец быў дастаўлены ў РУУС Ленінскага раёна, дзе яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП РБ) і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 23.4 КаАП). Судовы працэс адбыўся 12 траўня ў судзе Ленінскага раёна Мінска. Згодна з рашэннем суддзі Міхаіл Хомы У. Кумец арыштаваны на 20 сутак. 

 

12 траўня ў Нясвіжы пачаўся судовы працэс над актывісткай аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Наталляй Бордак. Яна была затрымана 9 траўня за антываенны самаробны плакат "Не пуцінскай вайне з Украінай!", з якім выйшла ў парк Нясвіжа. На выхадзе з парку да яе пад'ехала міліцэйская машына. Супраціву пры затрыманні актывістка яна не аказвала. Нягледзячы на наяўнасць няпоўнагадовага сына, жанчыну пратрымалі ў пастарунку да суда. Ёй было прад'яўлена абвінавачванне ў арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Актывістку каля зранку даставілі ў будынак суда праз чорны ход і хацелі судзіць ў кабінеце суддзі. Але знаёмыя Наталлі, якія чакалі пачатку працэсу, запатрабавалі адкрытага разгляду справы. Паколькі Наталля Бордак мае няпоўнагадовага сына і запатрабавала ўдзелу ў працэсе адваката, суддзя Вольга Крупец дала ёй час на пошук абаронцы. Да гэтага часу актывістка была вызваленая з залы суда. 19 траўня Наталля Бордак была прызнана вінаватай і пакарана штрафам памерам 30 базавых велічынь.
 

13 траўня каля Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску затрымалі Алега Кераля, які расклейваў налепкі з тэкстам салідарнасці з затрыманымі напярэдадні ЧС па хакеі. Актывіст паспеў паведаміць праваабаронцам, што яго вязуць у Першамайскі РУУС. А. Керуль абвінавачаны ў “дробным хуліганстве” і "непадпарадкаванні патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі". 14 траўня суддзя суда Першамайскага раёна Юрый Гарбатоўскі, які вёў адміністратыўны працэспа справе Алега Кераля, накіраваў справу актывіста на дапрацоўку. Падчас разгляду справы ўзнікла шмат спрэчных момантаў, бо сведкі з боку міліцыі В.С. Жарскі і Б.Г. Бык разыходзіліся ў сваіх паказаннях. Алег Кераль быў адпушчаны з суда. Аднак ён вырашыў зайсці за сваімі рэчамі ў РУУС Першамайскага раёна і там яго ізноў затрымалі. 15 траўня прадоўжыўся  разгляд адміністратыўнай справы актывіста Алега Кераля. Рашэнне - 25 сутак арышту.

 

17 траўня ў Брэсце побач са сваім домам быў затрыманы актывіст Яўген Скрабец. Пра гэта сам ён паспеў папярэдзіць калег, даслаўшы смс-паведамленне пра сваё знаходжанне ў Ленінскім РАУС. У міліцэйскім пастарунку ўдакладнілі, што на Скрабца складзены адміністрацыйны пратакол за дробнае хуліганства, выходныя ён правядзе ў ізалятары часовага ўтрымання, а 19 траўня адбудзеца суд. Што канкрэтна зрабіў Яўген, у міліцыі распавядаць адмовіліся. Раніцай 19 траўня, пасля таго, як Яўген Скрабец заявіў хадайніцтва пра допуск да судовага разбіральніцтва адваката, суддзя вырашыў перанесці працэс на 21 траўня і вызваліў яго. Аднак супрацоўнікі міліцыі, якія прывезлі журналіста ў суд, адразу заявілі, што зноў яго затрымліваюць і адвязуць у пастарунак. У выніку Яўгена Скарбца другі раз прывезлі ў суд Ленінскага РАУС г.Брэста, дзе пакаралі адміністрацыйным арыштам на 10 сутак па абвінавачанні ў дробным хуліганстве.

 

17 траўня пад час правядзення акцыі “Ежа замест бомб” каля Міхайлаўскага сквера ў Мінску, дзе праходзіла раздача ежы для бедных грамадзян, быў затрыманы Аляксандр Курэц. Крыху пазней міліцыя затрымала яшчэ 5 удзельнікаў раздачы ежы, сярод якіхУладзімір Лугін, Аляксандр Зубрыцкі, Яўген Зубрыцкі, і Алена Нямцова. Усе затрыманыя былі дастаўлены ў РУУС Партызанскага раёна Мінска. Пасля дактыласкапіі і вобшуку у аўтамабілі, які належаў аднаму з удзельнікаў раздачы ежы, праз некалькі гадзін усе былі адпушчаныя без складання пратаколаў. У РУУСе пакінулі толькі  Аляксандра Курца. 19 траўня ў судзе Партызанскага раёна Мінска справу А.Курца разглядедзела суддзя Вольга Паўлоўская. Актывіст абвінавачаны ў дробным хуліганстве (арт. 17.1 КаАП).Сведкай выступіў супрацоўнік ДАІ Аляксандр Гардзіенка.  Суддзя вынесла рашэнне - 15 сутак арышту.

 

21 траўня маці 20-гадовага чэмпіёна Беларусі па чатырох відах адзінаборстваў Яўгена Манько паведаміла, што яе сын быў затрыманы 8 траўня ў сябе дома. Суд Савецкага раёна Мінска асудзіў яго да 20 сутак адміністратыўнага арышту.  

 

21 траўня жыхар Гомеля Юрый Рубцоў быў вызвалены з мінскага ЦІП пасля 25-сутачнага арышту, які быў вынесены актывісту 28 красавіка пасля традыцыйнага масавага мерапрыемства “Чарнобыльскі шлях”, дзе Рубцоў прысутнічаў у майцы з надпісам “Лукашэнка, сыходзь!”. Актывіст быў дастаўлены ў аддзяленне міліцыі чыгуначнага вакзалу, дзе ад яго патрабавалі падпісаць паперы аб адсутнасці прэтэнзій наконт канфіскаванай майкі, на што ён адказаў катэгарычнай адмовай. Паколькі асабісты мабільны тэлефон Рубцова за час адсідкі разрадзіўся, ён папрасіў у курсанта на вакзале патэлефанаваць жонцы, паведаміўшы, што зранку будзе дома. У Гомель Рубцоў прыехаў цягніком Баранавічы-Марыупаль 22 траўня каля 4 гадзінаў раніцы, дадому накіраваўся пешшу. Недалёка ад чыгуначнага вакзалу, у раёне вуліцы Цыялкоўскага, да яго са словамі "Юры - гэта Вы?" падбеглі два супрацоўнікі АМАПу і тут жа запатрабавалі пашпарт. Актывіста спрабавалі абшукваць на прадмет знаходжання наркотыкаў, аднак прапаршчык і старэйшы лейтэнант атрымалі катэгарычны пратэст. На пад'ехаўшым тут жа міліцэйскім УАЗе Юрыя даставілі ў аддзяленне міліцыі Чыгуначнага раёна Гомеля, дзе затрымаўшыя яго АМАПаўцы падалі рапарты аб непадпарадкаванні і нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы з боку Рубцова. Пры складанні пратаколаў на патрабаванне затрыманага пра адваката яму было адмоўлена, таксама як і ў магчымасці патэлефанаваць жонцы.
Пасля складання пратаколаў Рубцова адвезлі ў ІЧУ, адтуль - у суд Чыгуначнага раёна Гомеля. У судзе супраць актывіста ілжыва сведчылі ўсё тыя ж прапаршчык і старэйшы лейтэнант АМАПу, са слоў якіх "пры затрыманні Рубцоў упаў на зямлю, супраціўляўся, лаяўся ў іх бок нецэнзурна". Суддзя, прозвішча якога актывіст не запомніў, асудзіў Ю. Рубцова па двух пратаколах да 5 сутак арышту. 27 траўня, пасьля 30 сутак арышту і галадоўкі ў зняволеньні Юры Рубцоў быў шпіталізаваны ў Гомельскі абласны клінічны шпіталь. За час галадоўкі ён страціў 39 кілаграмаў.

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

 

3 траўня вулічны выступ тэатра “Крылы халопа” са спектаклем-парадам “Малефіцыум” мусіў адбыцца падчас фестываля асаблівых тэатраў “Непратаптаны шлях” у Брэсце. Гэты фестываль адбываецца штогод, і ў ім бяруць удзел дзеці з псіха-фізічнымі асаблівасцямі развіцця. Калектыў "Крылаў халопа" збіраўся правесці майстар-класы для гэтых самадзейных артыстаў, а пасля прайсціся разам з імі па цэнтральных вуліцах горада. Аднак за некалькі дзён да выступу з’явіліся звесткі, што арганізатары імпрэзы - грамадскае аб’яднанне “Інвалід і асяроддзе” выключылі спектакль з праграмы фестываля. Прычым зрабілі гэта пасля таго, як пра вулічны выступ даведаліся чыноўнікі з аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкама.

 

5 траўня незалежная журналістка Алена Сцяпанава атрымала ліст за подпісам намесніка начальніка Кастрычніцкага райаддзела міліцыі г. Віцебска А. Захарчанкава, што адміністрацыйная справа ў адносінах да яе спынена. У лісце было сказана, што А. Сцяпанава нібыта без акрэдытацыі супрацоўнічала з "Радио Свободная Европа – Радио Свобода". Так называецца руская служба радыё, якая мае ўласны сайт і эфірны час, і перадусім асвятляе падзеі ў Расіі. Ніякіх матэрыялаў пра Віцебск ад 20.01.2014 г. на сайце няма, хаця супрацоўнікі міліцыі сцвярджалі, што менавіта ў гэты дзень журналістка "асвятляла падзеі, што адбываюцца на тэрыторыі г.Віцебска РБ без акрэдытацыі журналіста", парушыўшы такім чынам п.1 арт.1 Закону РБ "Аб СМІ"… Падчас апытання старэйшы інспектар Аддзелу аховы правапарадку і прафілактыкі Сяргей Вяракса казаў А. Сцяпанавай, што гаворка ідзе пра беларускую службу Радыё Свабода. Паведамленне пра спыненне адміністрацыйнай справы было даслана толькі праз тыдзень пасля прыняцця рашэння (25 красавіка), прычым афіцыйную пастанову віцебскай журналістцы не даслалі. Такім чынам, у Алены Сцяпанавай не засталося часу на абскарджанне выкладзеных у лісце фактаў.

 

12 траўня Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне газеце «Свободные новости плюс». Чыноўнікі вінавацяць рэдакцыю ў нанясенні шкоды грамадскім інтарэсам і фармаванні негатыўнага стаўлення да Чэмпіянату свету па хакеі. Папярэджанне тычыцца №17 выдання ад 6 траўня 2014 года, дзе «СНплюс. Свободные новости плюс» паведамлялі пра тое, што Расійская Федэрацыя не заявіла для ўдзелу ў чэмпіянаце ніводнага з хакеістаў, якія прымалі ўдзел у алімпіядзе ў Сочы. Галоўны рэдактар выдання Васіль Зданюк адзначыў, што на момант падпісання нумару ў друк - 5 траўня - інфармацыя цалкам адпавядала рэчаіснасці, і рэдакцыя ніякім чынам не збіралася падаваць непраўдзівыя дадзеныя. Але 6 траўня, у дзень выхаду газеты, расійская зборная раптоўна змяніла ўласную заяўку на чэмпіянат, уключыўшы туды двух хакеістаў, якія ўдзельнічалі ў алімпійскім турніры ў Сочы. Менавіта гэты факт стаў падставай для рэакцыі чыноўнікаў Міністэрства інфармацыі Беларусі. Папярэджанне падпісана міністрам інфармацыі Беларусі Алегам Праляскоўскім.

15 траўня сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў паведаміў, што журналістаў шэрагу СМІ не акрэдытавалі на чэмпіянат свету па хакеі, які праходзіць у Мінску. Паводле журналістаў, яны своечасова падавалі дакументы на акрэдытацыю, але ў выніку атрымалі прабачэнні і адмовы. Сярод тых, хто атрымаў адмовы ў акрэдытацыі, Радыё “Свабода”, “ВВС”, “Еўрапейскае радыё для Беларусі”, карпункт НТВ і яшчэ шэраг выданняў, якія працуюць у Беларусі. У большасці выпадкаў адмова была матываваная тым, што Міжнародная хакейная федэрацыя, якая праводзіла акрэдытацыю, аддавала перавагу спартовым выданням.

 

22 траўня гродзенскі сябра БАЖ Віктар Парфёненка атрымаў з Міністэрства замежных справаў Беларусі ўжо шостую адмову ў акрэдытацыі. У чарговай адмове МЗС спасылаецца на закон аб сродках масавай інфармацыі і палажэнне аб акрэдытацыі беларускага МЗС. Для гродзенскіх незалежных журналістаў склалася сітуацыя замкнёнага кола – перыядычна яны атрымліваюць папярэджанні з пракуратуры, зараз пайшла ўжо хваля адміністрацыйных працэсаў і штрафаў за нібыта “незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі”. Па-сутнасці гэта азначае фактычную забарону на прафесію. У выніку журналістаў з Гродзеншчыны пераследуюць за супрацоўніцтва з Беларускім Радыё Рацыя і тэлеканалам Белсат.

 

23 траўня ад раніцы ў кватэры бабруйскага блогера Алега Жалнова пачаўся ператрус. Нагодай для візіта міліцыянтаў стала заведзеная на Жалнова ў пачатку траўня крымінальная справа па 340 артыкуле Крымінальнага кодэкса РБ "Заведама непраўдзівае паведамленне аб небяспецы" і тычыцца лютаўскага выпадку ў будынку УУС. Тады блогер у адказ на пытанне дзяжурнага, ці ёсць у яго пры сабе зброя, аджартаваўся адказам, што любую рэч можна выкарыстаць у гэтай якасці, і нават бірулька сігналізацыі можа выбухнуць пры пэўнай тэмпературы. Міліцыянты зафіксавалі гэтыя словы Алега Жалнова як паведамленне пра небяспеку. У кватэры Жалновых правяраючыя шукалі відэазапіс, зроблены блогерам падчас гэтай размовы з дзяжурным УУС.

 

23 траўня незалежны журналіст з Магілёва Аляксандр Буракоў атрымаў ужо другое ўведамленне з мясцовай міліцыі аб тым, што расследванне справы па яго заяве працягнута яшчэ на адзін месяц. Папярэдняе ўведамленне аналагічнага зместу Аляксандр Буракоў атрымаў у красавіку. Сваю заяву ў аддзел па барацьбе са злачынствамі ў сферы высокіх тэхналогій УУС Магілёўскага аблвыканкама незалежны журналіст падаў яшчэ 19 сакавіка, пасля таго, як 14 сакавіка невядомыя асобы ўзламалі інтэрнэт-сайт “Свабодны фармат” і размясцілі на ім паклёпніцкія матэрыялы ў адносінах да дэмакратычных актывістаў Магілёўскай вобласці. Менавіта Аляксандру Буракову належыць даменнае імя сайта formats.by. У заяве Аляксандр Буракоў прасіў супрацоўнікаў міліцыі ўстанавіць асоб, датычных да ўзлому пароляў сайта “Свабодны фармат” і прыцягнуць іх да адказнасці паводле беларускага заканадаўства. Таксама журналіст прасіў супрацоўнікаў міліцыі высветліць асобу аўтара электронных лістоў правакацыйнага зместу, якія дасылаліся ад яго імя вялікай колькасці людзей з электроннага адраса <a.burakov74@gmail.com>, які Аляксандру Буракову не належыць, і таксама прыцягнуць яго да адказнасці.

 

27 траўня начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Баранавіцкага гарвыканкама Таццяна Чылік адмовіла незалежнай рэгіянальнай газеце “Intex-press” у інфармацыі. Карэспандэнт газеты Арцём Гарбацэвіч звярнуўся да Таццяны Чылік з пытаннем, у колькі абышлося гарадскому бюджэту трохдзённае свята горада, колькі каштавалі феерверк і прыезд у Баранавічы беларускага фіналіста Еўрабачання Тэо. Чыноўніца ў бесцырымоннай форме адмовіла карэспандэнту ў інфармацыі. "Я не буду даваць вашай газеце інфармацыю, таму што не жадаю з вамі наогул размаўляць", - сказала супрацоўніца гарадской адміністрацыі. Карэспандэнту “IP” давялося выслухоўваць абразлівыя выпады чыноўніцы на адрас незалежнага выдання, якое, на думку Чылік, "скажае інфармацыю". А вось грамадска значную інфармацыю, якую маюць права ведаць чытачы газеты, за чые падаткі і фармуецца бюджэт, грошы якога ідуць, як на свята горада, так і на заработную плату спадарыне Чылік, даваць адмовілася. Па пытаннях правядзення свята горада газета накіравала ў гарвыканкам пісьмовы запыт.

 

28 траўня аўтара і вядоўцу праграм “Людскія справы” ды “Рэпартаж Залеўскага” на тэлеканале “Белсат” Алеся Залеўскага Карэліцкі раённы суд пакараў штрафам у 30 базавых велічыняў па абвінавачанні ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ (арт. 22.9 КаАП). А. Залеўскі з’яўляецца супрацаўнікам Польскага грамадскага тэлебачання TVP, часткаю якога з’яўляецца тэлеканал “Белсат”. Супрацоўнікі тэлеканала “Белсат” ужо некалькі гадоў дамагаюцца ад МЗС Беларусі адпаведнай акрэдытацыі, але ўвесь гэты  час атрымліваюць адмовы па надуманых, на іх погляд, прычынах.

28 траўня старшыня бабруйскай суполкі АГП Віктар Бузінаеў атрымаў па пошце дакументы з УУС ад маёра міліцыі Сяргея Рудзько і начальніка упраўлення УУС Аляксандра Васільева. З іх актывіст даведаўся, што па факце распаўсюду газеты "Новы Час" была праведзена праверка, але адміністрацыйная справа была спынена "ў сувязі з адсутнасцю ў Вашых (Бузінаева) дзеяннях складу адміністрацыйнага парушэння, прадугледжанага ч. 2 артыкула 22.9 КаАП РБ", - сказана ў лісце Васільева. Віктар Бузінаеў адзначыў, што не ведаў, што па ягоных дзеяннях праводзіцца праверка. У паперах з міліцыі датай раздачы газет называецца 8-е, а не 7-е траўня. У пастанове Сяргея Рудзько пазначана, што менавіта "8 траўня 2014 года ў УУС Бабруйскага гарвыканкама паступіла інфармацыя аб тым, што на цэнтральным рынку грамадзянінам Бузінаевым распаўсюджваліся газеты "Новы Час". Падчас адпрацоўкі тэрыторыі рынка і прылеглай тэрыторыі фактаў распаўюду газеты "Новы Час" выяўлена не было". І тут жа сцвярджаецца, што ў УУС на гэтую тэму ўсё ж "не паступала якой-небудзь інфармацыі". Далей паведамляецца, што выявіць парушэнне заканадаўства было немагчымым з-за адсутнасці асобніка выдання, якое распаўсюджвалася. І, такім чынам, віна Бузінаева не даказана.

 

28 траўня грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч атрымаў адказ на сваю скаргу на імя начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, у якой актывіст прасіў адмяніць пастанову начальніка Хоцімскага РАУС аб спыненні справы ў сувязі быццам бы з немагчымасцю ўстанаўлення асоб, якія ў глабальнай сетцы Інтэрнэт размясцілі публікацыі, якія абражаюць і прыніжаюць яго гонар і годнасць. У адказе за подпісам намесніка начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Іванова С. Б. было сказана, што супрацоўнікі міліцыі не могуць высветліць асоб, якія змяшчалі на інтэрнэт-рэсурсе voskresinfo.com матэрыялы паклёпніцкага і ганьбячага зместу ў адносінах Валерыя Каранкевіча. Месцам рэгістрацыі ўладальніка гэтага інтэрнэт-рэсурса (ААТ “Тэхналогіі будучыні”, 65082, Україна, г. Адэса, завулак Маякоўскага, 6) з’яўляецца Україна, устанавіць ІП-адрас гэтай асобы ці асоб не ўяўляецца магчымым, бо запыты падраздзяленняў МУС Беларусі застаюцца без адказу, таму яны не могуць быць прыцягнутыя да адказнасці. Таксама палкоўнік Іваноў паведаміў Валерыю Каранкевічу, што пастанова Хоцімскага РАУС пакінутая без зменаў, а скарга Валерыя Каранкевіча без задавальнення.

 

30 траўня ў судзе Кастрычніцкага раёну Гродна пачаўся адміністрацыйны працэс у адносінах да незалежнага журналіста Андрэя Мялешкі, якога абвінавачваюць у незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыйнай прадукцыі. Працэс праводзіць суддзя Дзмітрый Кедаль. Справу на Андрэя Мялешку пачалі за яго матэрыял, які быў апублікаваны ў красавіку на сайце Беларускага Радыё Рацыя. Працэс працягваўся толькі пару хвілін. Андрэй Мялешка заявіў хадайніцтва пра перанос разгляду справы для таго, каб заключыць пагадненне з адвакатам і вывучыць матэрыялы справы. Працяг працэсу прызначаны на 4-га чэрвеня.

30 траўня журналіст-фрылансер, сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Мікалай Бянько з Гомеля звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Гомеля са скаргай на незаконнасць афіцыйнага папярэджання, вынесенага яму 5 сакавіка першым намеснікам пракурора Гомельскай вобласці Вадзімам Сушчынскім. Пракуратура абвінаваціла Міколу Бянько ў падрыхтоўцы інфармацыйных матэрыялаў без акрэдытацыі для замежнага СМІ – “Беларускага Радыё Рацыя”, які зарэгістраваны на тэрыторыі Польшчы. Фрылансер спрабаваў абскардзіць афіцыйнае папярэджанне ў пракурора Гомельскай вобласці Сяргея Аземшы і генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, але безвынікова. Начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб дзяржаўнай бяспецы генеральнай пракуратуры В. Шуляк напісаў у адказе журналісту: “Вынесенае ў дачыненні да Вас афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб СМІ не ўшчамляе Вашых грамадзянскіх правоў на атрыманне і распаўсюд інфармацыі і не супярэчыць Канстытуцыі і міжнародна-прававым дамовам, названым у Вашым звароце”. Мікола Бянько, у сваю чаргу, бачыць у неабгрунтаваных папярэджаннях  нішто іншае, як запалохванне і перашкоду прафесійнай дзейнасці.

 

Абмежаванне свабоды сходаў

 

8 траўня актывіст Руху “За свабоду” Дзмітрый Рабцэвіч накіраваў зварот у Савет Міністраў, у якім просіць унесці ў парламент прапанову аб выключэнні са сферы дзеянняў Закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” адзіночнага пікетавання. У сваім звароце Рабцэвіч адзначае, што зараз склалася ненармальная сітуацыя, калі згаданы закон рэгламентуе правядзенне адзіночных мерапрыемстваў у выглядзе пікетавання. Актывіст Руху “За свабоду” лічыць, што прапанаваныя ім змены ў закон дазволяць у большай ступені рэалізаваць грамадзянамі права на выказванне свайго меркавання. Гэтую прапанову падтрымаў і праваабронца Раман Кісляк, які назваў абсурдным з’яўленне у згаданым законе словазлучэння “адзіночнае масавае пікетаванне”. Па меркаванні Кісляка, “заканадаўчыя абмежаванні гэтага закона актуальныя для сапраўды масавых мерапрыемстваў, але не для адзіночнага пікетавання”. Праваабаронца ўдакладніў, што ў іншых краінах адзіночныя пікеты ладзяцца без атрымання дазволу і без абмежаванняў, якія ўсталёўваюцца для масавых мерапрыемстваў.

 

10 траўня актывістку кампаніі “Без візы!” з Саліорску Вікторыю Фогель выклікалі ў мясцовае аддзяленне міліцыі, дзе вынеслі ёй афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці супрацьпраўных дзеянняў. Выклік у міліцыю быў звязаны з яе заяўкай на правядзенне пікету ў падтрымку кампаніі “Без візы!”. Мерапрыемства планавалася правесці ў Мінску 11 траўня на пляцоўцы каля хакейнага спартовага комплексу “Чыжоўка-Арэна”. Сталічныя ўлады заяўву актывісткі на пікетаванне ў пазначаным месцы не задаволілі. Ладзіць несанкцыянаваную акцыю Віка Фогель не збіралася. Салігорскія міліцыянты, аднак, выклікалі яе ў мясцовае аддзяленне, заявілі пра недапушчальнасць правядзення забароненага мерапрыемства і прымусілі падпісаць адпаведнае папярэджанне.

 

13 траўня ў судзе Бярозаўскага раёна пачаўся разгляд скаргі праваабаронцаў Тамары Шчапёткінай, Сяргея Русецкага і грамадскай актывісткі Таццяны Тарасевіч на дзеянні райвыканкаму, які спачатку даў дазвол, а потым забараніў правядзенне пікета 25 сакавіка. На паседжанні суда юрыст райвыканкама Яўген Кашталян паведаміў, адклікаць дазвол на пікет Бярозаўскі райвыканкам прымусіла вышэйстаячая арганізацыя – Брэсцкі аблвыканкам. Ініцыятары заявы ў суд прапанавалі выклікаць на паседжанне намесніка старшыні Бярозаўскага райвыканкама Міхаіла Крэйдзіча, які паставіў свой подпіс пад дазволам і адозвай, а таксама чыноўніка з Брэсцкага аблвыканкама, які ўбачыў у адной з мэтаў пікету распальванне нацыянальнай варожасці (адной з мэтаў пікету было выказванне пратэсту супраць увядзення Расійскай Федэрацыяй сваіх войск на тэрыторыю незалежнай Украіны і размяшчэння расійскіх ваенных баз на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь). Праваабаронцы таксама заявілі пра неабходнасць правядзення лінгвістычнай экспертызы. Суддзя Алена Нямкова пагадзілася выклікаць на чарговае паседжанне вышэйзгаданых асоб. 21 траўня на судзе прадстаўнік райвыканкама Яўген Кашталян нечакана запярэчыў сваім жа словам, сцвярджаючы, што Брэсцкі аблвыканкам не мае адносінаў да забароны пікета, а рашэнне прымалася чыноўнікам райвыканкаму, але назваць канкрэтную асобу Яўген Кашталян катэгарычна адмовіўся. Суддзю Алену Нямкову не зацікавіла прозвішча гэтага чыноўніка, як і прадстаўніка пракуратуры Аксану Гардзеюк. 22 траўня суд адмовіў праваабаронцам у задавальненні скаргі, прызнаўшы законнай адвозву дазволу на пікет. Тамара Шчапёткіна, Сяржук Русецкі і Таццяна Тарасевіч накіравалі касацыйную скаргу ў Брэсцкі абласны суд, у якой просяць адмяніць рашэнне суда Бярозаўскага раёна і накіраваць скаргу на разгляд у суд Бярозаўскага раёна іншаму суддзі.

 

14 траўня каардынатар бабруйскай суполкі БХД Таісія Кабанчук атрымала адказ з гарвыканкама з адмовай у правядзенні пікета, які планаваўся ў якасці падтрымкі палітвязня Яўгена Васьковіча. Адмова ў правядзенні пікета падпісана намеснікам старшыні гарвыканкама Аляксандра Маркачова. У ёй указваецца, што заяўка не адпавядае артыкулу № 2 Закона “Аб масавых мерапрыемствах": не ўказаны парадак аплаты паслуг на медыцынскае абслугоўванне і прыборку тэрыторыі. Таксама Маркачоў палічыў за парушэнне інфармацыю ў СМІ, некалькі выданняў напісалі пра запланаваны пікет. Яшчэ адна нагода для адмовы: правядзенне спартовых спаборніцтваў, якія нібыта запланаваны менавіта за заяўлены дзень, час і места правядзення пікета -- на стадыёне фабрыкі "Славянка".

 

18 траўня ў цэнтры Магілёва актывісты аргкамітэта партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя мелі намер правесці пікет у падтрымку палітычнага зняволенага Яўгена Васьковіча, але атрымалі адмову. Прычына адмовы, згодна з адказам чыноўніка з гарвыканкама Кунцэвіча, заключаецца ў тым, што ініцыятар пікета Алег Аксёнаў не прыклаў дамовы да заяўкі на мерапрыемства з міліцыяй аб ахове правапарадку, медыкамі, а таксама камунальнікамі. У сувязі з гэтым заўка на правядзенне пікета не адпавядае рашэнню Магілёўскага гарвыканкама ад 19 снежня 2007 года “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве”, адзначана ў афіцыйным лісце. Алег Аксёнаў адзначыў, што калі б чыноўнікі далі б дазвол на правядзення пікета, то ніякіх праблем у заключэнні згаданых дамоў не было, бо гэтыя службы адмаўляюцца заключаць дамовы на аказанне сваіх паслуг, калі няма адпаведнага рашэння гарвыканкама.

 

21 траўня стала вядома, што Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што беларускія ўлады парушылі правы сябра Жлобінскай раённай арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Уладзіміра Кірсанава на правядзенне мірнага сходу, забараніўшы яму ў 2008 годзе правесці ў Жлобіне пікет з мэтаю прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем ліквідацыі ў краіне палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. У Камітэт ААН Уладзімір Кірсанаў паскардзіўся пасля таго, як не знайшоў абароны сваіх правоў унутры краіны. Жлобінскі райвыканкам забараніў яму, як і іншым актывістам, правесці ў раённым цэнтры серыю масавых мерапрыемстваў у сувязі з забаронай мінюстам на паўгода дзейнасці партыі камуністаў Беларускай (зараз Беларуская партыя левых “Справядлівы мір”). Мясцовыя чыноўнікі запатрабавалі тады ад камуністаў аплаціць паслугі міліцыі, камунальшчыкаў ды хуткай дапамогі. Камітэт па правах чалавека нагадаў, што калі дзяржава накладае абмежаванне на свабоду мірнага сходу, тады ёй варта садзейнічаць ажыццяўленню права, а не шукаць непатрэбныя або неадпаведныя абмежаванні. А паколькі Урад Беларусі палічыў, што толькі забаронай мірных сходаў можна забяспечыць грамадскі парадак і бяспеку, ахову маральнасці і здароўя насельніцтва ці абарону правоў і свабодаў іншых асобаў, то парушыў права заяўніка на свабоду правядзення мірнага сходу паводле артыкула 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. На падставе рашэння Камітэту ААН Урад Беларусі мусіць забяспечыць «ахвяры парушэння эфэктыўны сродак прававой абароны, уключна з поўным пакрыццём выдаткаў і належнай кампенсацыяй», а таксама абавязаны «не дапускаць падобных парушэньняў у будучыні». На жаль, 77-мі гадовы заяўнік рашэння ААНаўскага Камітэту не дачакаўся, памёр некалькі гадоў таму. Яго інтарэсы ў Камітэце прадстаўляў праваабаронца Леанід Судаленка.

 

27 траўня магілёўскія ўлады не далі дазволу на пікетаванне гарвыканкаму. Праз пікет у цэнтры горада Ірына Ільінская хацела прыцягнуць увагу магілёўскіх чыноўнікаў і гараджан да яе высялення з інтэрната з двума непаўнагадовымі дзецьмі. Пікет жанчына планавала выставіць 1 чэрвеня ў Міжнародны дзень абароны дзяцей. Падставай для адмовы ў правядзенні мерапрыемства стала тое, што жанчына выбрала нявызначанае для пікета мясцовымі ўладамі месца. Ірына Ільінская 14 гадоў пражыла ў інтэрнаце будаўнічага трэста №12. У яе была бестэрміновая дамова на пражыванне па хадайніцтву трэцяй арганізацыі. Год назад з ёй падманным шляхам адміністрацыя трэста заключыла тэрміновую дамову на пражыванне тэрмінам на 1 год, пасля сканчэння якой пачала працэдуру высялення жанчыны. Ільінская спрабавала адстаяць сваё права на пражыванне з дзецьмі праз суд, аднак суддзя Ленінскага раённага суда Юлія Трапыніна стала на бок адміністрацыі трэста. Магілёўскі абласны суд адмяніў рашэнне раённага суда ў сувязі са шматлікімі парушэннямі працэса і накіраваў справу на новы разгляд.

 

28 траўня каля помніка Тарасу Шаўчэнку ў Мінску Партыя БНФ планавала правядзенне мітынга салідарнасці з народам Украіны, але атрымала адмову. У лісце за подпісам намесніка старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Ігара Карпенкі адзначана, што правядзенне мітынгу ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці Украіны не дазволенае ў сувязі з тым, што «на месцы перасячэння вуліц Кісялёва і Старавіленскай, у Сцяпанаўскім скверы каля помніка Тарасу Шаўчэнку, запланаванае іншае мерапрыемства». Аднак, што гэта за «іншае мерапрыемства» не ўдакладнялася.

 

Абмежаванне свабоды асацыяцый

 

5 траўня актывіст незалежнага прафсаюзу РЭП з Мазыра Павел Наздра атрымаў паведамленне, што працоўны кантракт з ім не будзе працягнуты «у сувязі з заканчэннем тэрміну дзеяння». Актывіст працаваў электраманцёрам у ЖЭУ па працоўнаму кантракту з 2010 года, тэрмінам на чатыры гады. Па працоўнай дзейнасці да А. Наздры не было ніякіх прэтэнзій ці заўваг. Актывіст непрацягненне кантрактая звязвае са сваёй грамадскай дзейнасцю, таму што праблемы з кіраўніцтвам у яго пачаліся ў мінулым годзе менавіта з-за стварэння структурнага падраздзялення незалежнага прафсаюза.

 

5 траўня сябра пярвічкі СПБ завода ТДіА (трактарных дэталяў і агрэгатаў) у Бабруйску, грузчык складметала АМТС Віктар Осіпаў даведаўся, што з ім не працягнуты кантракт. Дагэтуль ён атрымаў на рукі апавяшчэнне, што тэрмін яго працоўнага кантракта заканчваецца 30 красавіка. У Віктара Осіпава ў калектыве вельмі добрая рэпутацыя, таму яго калегі адразу звярнуліся да дырэктара завода Аляксандра Аграновіча з хадатайніцтвам, каб Віктару працягнулі кантракт. Таксама вельмі добрую характарыстыку яму напісаў начальнік аддзела Алег Кавалевіч. Але гэтыя захады не паўплывалі на рашэнне намесніка дырэктара па кадрах і ідэалагічнай працы Уладзіміра Елісеенка. Непрацягнення кантракта з Віктарам Осіпавым звязваецца з ягоным удзелам у сакавіцкай галадоўцы і сяброўствам у СПБ. На працягу гэтага года таксама не працягнулі кантракты з сябрамі СПБ Аляксандрам Мікітка, у мінулым – Дзмітрыем Курмазам, Дзмітрыем Сакалоўскім і Сяргеем Пічуговым.

 

23 траўня лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што АГП адмоўлена ў 15 памяшканнях для правядзення з'езду. Партыйцы разглядаюць гэта як спробу сарваць з'езд, паколькі калі АГП яго не правядзе, то Мінюст можа пачаць працэдуру ліквідацыі партыі.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international