viasna on patreon

“Кіруючыя прынцыпы абароны праваабаронцаў”: спрыяць і не перашкаджаць законнай дзейнасці праваабаронцаў

2014 2014-06-13T18:05:00+0300 2014-06-13T16:40:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kirujuchyja-prryncypy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На канферэнцыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ  ў Берне некалькі дзён таму быў прадстаўлены адмысловы дакумент –  Кіруючыя прынцыпы абароны праваабаронцаў (Guidelines on the Protection of Human Rights Defenders). У распрацоўцы, абмеркаванні і прыняцці важнага праваабарончага акта прымалі ўдзел і беларускія праваабарончыя арганізацыі – Беларускі Хельсінскі камітэт і ПЦ “Вясна”. Пра неабходнасць стварэння Кіруючых прынцыпаў і ягоную сутнасць распавядае намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч:

 

Неабходнасць стварэння такога дакумента ўзнікла таму, што праваабаронцы ў рэгіёне АБСЕ на працягу апошняга часу часта падвяргаліся і цкаванню, і нападам, ажыццяўляліся перашкоды з боку дзяржаўных органаў ў іх дзейнасці, здаралася нават і горш – забойствы. Прыкладам – трагічны лёс  Наталлі Эстэміравай, якая была забітая менавіта за сваю праваабарончую дзейнасць. Некалькі год назад узнікла такая ідэя: стварыць адмысловы дакумент, які атрымаў назву  “Кіруючыя прынцыпы абароны праваабаронцаў” у межах Бюро па дэмакратыі і правах чалавека  АБСЕ (Guidelines on the Protection of Human Rights Defenders).  Гэтаму папярэднічала спачатку прыняцце Дублінскай дэкларацыі аб намеры стварэння такога дакумента. Пачатак гэтаму працэсу быў закладзены пад час старшынства ў АБСЕ Ірландыі, а завершылася ўсё зараз, калі старшынствуе ў гэтай еўрапейскай арганізацыі Швейцарыя.

Самі ж "Кіруючыя прынцыпы" ўяўляюць сабой пэўную кампіляцыю найлепшых практык, заснаваных на абавязацельствах дзяржаў-удзельніц АБСЕ, якія былі прынятыя імі раней у межах ААН, Рады Еўропы. якія не ствараюць нейкіх новых абавязацельстваў для дзяржаў. Гэта ўсяго толькі кампіляцыя са спасылкамі на КПЧ ААН і Еўрапейскі суд, якія прымаюць рашэнні па індывідуальных зваротах грамадзян у частцы парушэння іх правоў на свабоду асацыяцый, выказвання свайго меркавання і гэтак далей. Ну, а паколькі Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Першага факультатыўнага пратаколу да яго, таму яна адпаведна прызнае кампетэнцыю КПЧ у прымяненні Пакта ў канкрэтных выпадках.

Мы вельмі задаволеныя тым, што такі дакумент быў прыняты, паколькі раней праваабаронцы абапіраліся толькі на адзін падобны акт – гэтак званую Дэкларацыю аб праваабаронцах, альбо “Дэкларацыю аб праве і абавязках асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды”, прынятую Генасамблеяй ААН 9 снежня 1998 года. Гэта быў кансэнсусны дакумент, ухвалены ўсімі сябрамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у тым ліку і Рэспублікай Беларусь.

Новы дакумент, па-першае, утрымлівае вызначэнне таго, хто такія праваабаронцы, што для нас, праваабаронцаў, таксама вельмі важна, паколькі ў сваёй практыцы мы і раней кіраваліся гэтым вызначэннем. Яно заснаванае на Дэкларацыі аб праваабаронцах, хіба што больш канкрэтызаванае ў новым дакуменце, які вызначае праваабаронцаў як "індывідуальныя асобы альбо групы, якія абараняюць і прапагандуюць правы чалавека і фундаментальныя свабоды, рэалізуюць іх на мясцовым, рэгіянальным, нацыянальным і міжнародным узроўнях, якія вызнаюць універсальнасць правоў чалавека для ўсіх без выключэнняў і абараняюць іх мірным шляхам". Мы не можам казаць, што праваабаронца можа прызнаваць адныя правы і адмаўляць пры гэтым нейкія іншыя. Правы чалавека ад нараджэння належаць усім, незалежна ад іх нацыянальнай рэлігійнай, расавай прыналежнасці, гендэрнай ідэнтычнасці альбо сэксуальнай арыентацыі. Гэта асноўны прынцып дзейнасці праваабаронцаў, якога мы прытрымліваемся ў нашай паўсядзённай практыцы.

- Наколькі эфектыўным і дзейсным будзе гэты дакумент у розных краінах, што ўваходзяць у зону АБСЕ?

- Так, дакумент нарэшце прыняты, і тут узнікае пытанне яго імплементацыі на нацыянальным узроўні, якім чынам ён будзе працаваць на практыцы. Пад час абмеркавання, а канферэнцыя, нагадаю, адбывалася ў Швейцарыі, якая зараз завяршае свае старшынство ў АБСЕ і таму прымеркавала на гэты час канферэнцыю, каб паставіць кропку ў распачатым працэсе, прысутнічалі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку праваабарончыя арганізацыі розных краін рэгіёна АБСЕ. Беларусь прадстаўлялі прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэта і Праваабарончага цэнтра “Вясна”, арганізацый, якія ўдзельнічалі ў кансультацыях па абмеркаванні "Кіруючых прынцыпаў" два гады назад у Кіеве, дзе збіраліся прадстаўнікі праваабарончых арганізацый часткі рэгіёна АБСЕ (Малдова, Україна, Беларусь, Расія). Мы выказвалі свае бачанні і меркаванні на гэтую тэму, само абмеркаванне было вельмі жывое, выступалі прадстаўнкі розных краінаў і мяне вельмі ўразіла, што ў шмат якіх краінах створаныя адмысловыя дзяржаўныя органы на нацыянальным узроўні, якія прызваныя камунікаваць з праваабаронцамі і грамадзянскай супольнасцю. Выступала прадстаўніца Сербіі, дырэктар офіса па камунікацыі з грамадзянскай супольнасцю пры Урадзе Сербіі Івана Цырковіч, якая распавядала аб тым, як краіна працуе з прадстаўнікамі НДА, як фінансуе многія праграмы няўрадавых арганізацый, у тым ліку і ЛГБТ-арганізацый. Было прыемна, што прадстаўнікі нацыянальных дэлегацый многіх краін, у асноўным краін Еўразвяза, прадэманстравалі поўнае разуменне важнасці правоў чалавека і ролі праваабаронцаў у дэмакратычным грамадстве.

- Але ж, мусіць, былі і іншыя погляды пры прыняцці "Кіруючых прынцыпаў" сярод прадстаўнікоў розных краін?

- Былі, канешне, і іншыя погляды, і іншыя падыходы, у асноўным у дэлегацый постсавецкага рэгіёна, а дэлегацыя Беларусі ўвогуле не прымала ўдзелу ў працы гэтай канферэнцыі. Але  былі афіцыйныя дэлегацыі Расійскай федэрацыі, Азербайджана, Таджыкістана, Прадстаўнікі  Азербайджана, напрыклад, абураліся на крытыку, якая гучала ў іх адрас за пераслед праваабаронцаў, у тым ліку і нашага калегі, Анара Мамедлі, які нядаўна атрымаў пяць з паловай год пазбаўлення волі за рэалізацыю праекта па назіранні за выбарамі. Двойчы выступаў прадстаўнік Расійскай федэрацыі, настойліва агучваючы пазіцыю краіны ў тым, што гэты дакумент цалкам непрымальны, што гэта ўсяго толькі “некансэнсусная брашура”, выдадзеная пад эгідай БДІПЧа АБСЕ, што незразумела, з якімі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці дакумент абмяркоўваўся, што дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ не галасавалі за гэты дакумент, і таму ніякай гаворкі аб імплементацыі яго весціся ня можа. Хаця на канферэнцыі неаднаразова тлумачылася, што неабходнасці ў прыняцці гэтага дакумента краінамі АБСЕ на падставе кансэнсуса, (усе рашэнні АБСЕ прымаюцца кансэнсусна) няма, паколькі ён не ўводзіць аніякіх новых абавязацельстваў. Гэта тыя абавязацельствы, што былі прынятыя раней, у тым ліку і кансэнсусна, маецца на ўвазе Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Дэкларацыя аб праваабаронцах Генеральнай асамблеіі ААН і іншыя. Расійскія прадстаўнікі завастралі ўвагу на тым, што нібыта, вылучэнне праваабаронцаў у асобную касту з правамі, большымі чым у астатніх, з’яўляецца ні чым іншым, як дыскрымінацыяй. Хаця неабходнасць прыняцца такога дакумента ўзнікла менавіта таму, што праваабаронцы, якія прафесійна займаюцца праваабарончай дзейнасцю, з’яўляюцца надзвычай уразлівай групай, якая вельмі часта падвяргаецца рэпрэсіям, ціску і разнастайным абмежаванням з боку дзяржавы ў сувязі са сваёй дзейнасцю. І менавіта таму ўзнікла неабходнасць прыняцця "Кіруючых прынцыпаў". Ніякіх асаблівых правоў для праваабаронцаў гэты дакумент не ўводзіць, а гаворыць пра абавязацельствы дзяржавы спрыяць і не перашкаджаць законнай і легітымнай дзейнасці праваабаронцаў. Даволі дзіўна, што і прадстаўнік Святога прастолу з Ватыкану заняў прыкладна такую ж пазіцыю адносна гэтага дакумента, сцвяржаючы, што дакумент не з’яўляецца кансэнсусным. Прадстаўнік афіцыйнай дэлегацыі Нарвегіі не ўстрымаўся ад рэплікі і сказаў, што і Біблія таксама не кансэнсусны дакумент, і гэта выклікала бурнае ажыўленне сярод прысутных. А калі без жартаў, то я мяркую, што і пазіцыя афіцыйнай Беларусі па гэтым дакуменце таксама будзе вытрыманая ў тым жа стылі, што і Расійскай Федэрацыі.

Але дакумент прыняты і для нас ёсць магчымасць гаварыць аб тых абавязацельствах па спрыянні дзейнасці праваабарончых арганізацый, якія дабраахвотна Беларусь на сябе ўзяла, а не аб стварэнні перашкодаў для іх.

Менавіта ў гэтым кантэксце неаднаразова на канферэнцыі ўзгадвалася імя старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, як прыклад таго, як Рэспубліка Беларусь стварае ўсялякія перашкоды дзейнасці праваабарончых арганізацый. Прыклад “Вясны” ў гэтым сэнсе паказальны. Арганізацыю пазбавілі рэгістрацыі і выпхнулі ў нелегальнае поле дзейнасці. Усе магчымасці для новай рэгістрацыі ўлады праігнаравалі, сайт арганізацыі ўнесены ў спіс абмежаванага доступу для карыстальнікаў, старшыня арганізацыі знаходзіцца ў турме, сябры арганізацыі неаднаразова падвяргаліся розным формам ціску, у тым ліку і абмежаванню права выезду за межы краіны. Гэта якраз і ёсць тыя прыклады, якія сведчаць пра неабходнасць прыняцця такога сур’ёзнага дакумента БДІПЧ АБСЕ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства