Ігар Пастноў абвясціў “вайну” ЛПП

2014 2014-06-09T19:02:24+0300 2014-06-09T19:02:24+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ltp-rus.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота http://tuulik.org

Фота http://tuulik.org

Віцебскі "ўрач-праўдаруб" кажа, што абвясціў "вайну" ЛПП, бо лічыць, што гэта не дзейсны сродак змагання з адкагалізацыяй насельніцтва, а спосаб ціску на асобу і пазбаўлення правоў.

"Алкаголь - гэта без перабольшання нацыянальная катастрофа Беларусі. Гэта не «народзец» вінаваты. Гэта дэградацыя культуры, развал грамадства. Беларусы п'юць ад нявыкруткі, беспрасветнасці, з-за абмежавання магчымасцяў уласнай працай стварыць дабрабыт сваёй сям'і. А дзяржава стварае ілюзію барацьбы з адкагалізмам, накіроўваючыбеларусаў у "ГУЛАГі", якія назвалі па-сучаснаму – Лячэбна-працоўны прафілакторый! А сутнасць тая ж самая: тая самая рабская праца, бясплатная", -- піша ў сваім блогу на сайце www.freeregion.info Ігар Пастноў.

Паводле спадара Пастнова, які працуе ўрачом-нарколагам і таму валодае статыстыкай, у адным толькі Віцебску дзейнічаюць два ЛПП, дзе ўтрымліваюцца 1500 чалавек:

"А трапіць у сучасны "канцлагер" сёння лягчэй чым у 37-м! Тры адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя ўчастковым, дзве фармальных камісіі ... і ты ў ЛПП на год ці больш ... І вядома, гэта інструмент, каб пазбавіцца ад непажаданых "элементаў", падстава для кватэрных махінацый, для звядзення асабістых рахункаў. Вы думаеце, што ў ЛПП трапляюць адны сапраўдныя алкаголікі? Не! Тамтэйшыя пацыенты – таксама і тыя, каго пазбавілі правоў і волі з тымі ці іншымі мэтамі! Мяне заўжды абуралі зачысткі, на правядзенне якіх губернатар даў дабро напярэдадні мінулагодняга фестывалю «Славянскі базар»: "вартавыя парадку" хапалі людзей проста з вуліц. Іх дастаўлялі ў псіхлякарні, афармлялі ў ЛПП. Такім чынам "ачышчалі" вуліцы ад бамжоў і ўсякіх асацыяльных элементаў! Хачу падкрэсліць: практыка прымусовай ізаляцыі грамадзян, якія пакутуюць на алкагалізм і наркаманію, знаходзіцца ў супярэчнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека. Дадзеная практыка ўключае прымусовую працу, што забаронена Канвенцыяй № 29 МАП, падпісантам якой з'яўляецца Беларусь. А таксама парушае правы, гарантаваныя грамадзянам Беларусі Канстытуцыяй краіны".

Маніпуляваць залежным чалавекам вельмі проста, таму рэклама піва і іншага алкаголю так і ліецца з экранаў дзяржаўнага тэлебачання, лічыць Ігар Пастноў:

"Не магу пагадзіцца, што вытворчасць і продаж алкаголю вельмі выгадныя для дзяржавы. Бо ці лічыў нехта выдаткі наступстваў? Утрыманне за кошт бюджэтных сродкаў тых самых ЛПП – якраз такія выдаткі. І іх патрабуецца ўсё болей: нездарма ёсць рашэнне стварыць у Віцебску яшчэ адзін, ужо трэці ЛПП. Сёння Беларусь пакрываецца сеткай папраўчых працоўных лагераў. Бо лячэбныя прафілакторыі мала чым адрозніваюцца ад ГУЛАГа: 7 красавіка 1930 года выйшла пастанова СНК СССР «Аб зацвярджэнні палажэння аб папраўча-працоўных лагерах». У пастанове адзначалася, што папраўча-працоўныя лагеры маюць задачай ахову грамадства ад правапарушальнікаў, шляхам ізаляцыі іх, злучанай з грамадска-карыснай працай, і прыстасаванні гэтых правапарушальнікаў да ўмоў працоўнага інтэрната. А вось вытрымка з палажэнні аб Лячэбна-прафілактычных установах: «Суд накіроўвае людзей у ЛПП у мэтах ізаляцыі ад грамадства і медыка-сацыяльнай рэабілітацыі або медыка-сацыяльнай рэадаптацыі». Але ёсць адно адрозненне, і вельмі важнае: у ЛПП народ трапляе, не здзейсніўшы крымінальнага злачынства ... Толькі за дробныя правапарушэнні. Бо галоўная ўмова - знаходжанне ў п'яным выглядзе. А ў краіне, дзе па статыстыцы не п'е толькі немаўля, арганізаваць п'яную «адміністрацыйку» можна практычна любому, было б жаданне ўчастковага".

Паводле Ігара Пастнова, курс лячэння ў ЛПП - 1 год. Першыя два месяцы пацыенты знаходзяцца ў карантыне, а астатні тэрмін жывуць пад наглядам лекараў-нарколагаў і нават працуюць за межамі закрытага лячэбнай установы, вяртаючыся на ноч ў "казённы дом". Цалкам вылечваюцца ўсяго каля 20 % хранічных алкаголікаў, астатнія неўзабаве вяртаюцца ў ранейшы стан. І каля 10% трапляюць на лячэнне ў ЛПП паўторна. Таму спадар Пастноў лічыць, што стварэнне ЛПП для лячэння ад алкагалізму – малаэфектыўная справа. І зусім недапушчальная рэч, калі туды "ізалююць" асоб без пэўнага месца жыхарства, каб толькі не трапіліся на вочы гасцям нейкіх важных імпрэзаў.

Мінулым летам Ігар Пастноў выступіў з крытыкай абласных уладаў, якія арганізавалі ў Віцебску такую зачыстку. І неўзабаве пасля пагроз ад непасрэднага начальства за "парушэнне прафесійнай этыкі" яго таксама накіравалі на прымусовае лячэнне, толькі псіхіятрычнае… Ігар Пастноў лічыць, што прымусовае лячэнне ў закрытым аддзяленні абласнога пісхіятрычнага шпіталю – было помстай за крытычны выступ. Віцебскаму “урачу-праўдарубу”, якога гвалтам накіравалі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне, не ўдалося абскардзіць рашэнне раённага суда, вынесенае суддзёй Тацянай Дзегцяровай. Ягоныя сведчанні пра тое, што ў судзе не прысутнічалі ні ён сам, ні адвакат, да паслуг якога адміністрацыя псіхіятрычнага шпіталю ўвогуле не дазволіла звярнуцца, не былі прынятыя ні Віцебскім абласным, ні Вярхоўным судом. Таму ён звярнуўся з заявай у КПЧ ААН, і атрымаў адказ, што ягоны зварот ад 22 лютага 2014 году зарэгістраваны.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international