У Ігара Пастнова запатрабавалі тлумачэнняў за запісы ў блогу

2014 2014-06-06T13:34:47+0300 2014-06-06T13:34:47+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-doktar-pastnou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ігар Пастноў

Ігар Пастноў

Віцебскі "урач-праўдаруб" мае ўласную блогерскую калонку на сайце freeregion.info. Апошнія ягоная допісы тычыліся праблемы алкагалізацыі насельніцтва ў Беларусі і Віцебшчыны ў прыватнасці. Пасля з'яўлення гэтых допісаў у інтэрнэце ў блогера запатрабавалі тлумачэнняў і прыгразілі крымінальнай адказнасцю.

Ігар Пастноў распавёў, што яго выклікаў намеснік галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя «Віцебскі абласны клінічны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі» Ігар Свіркуноў:

"Ён сказаў, што галоўны ўрач Алена Мартынава запатрабавала, каб я напісаў тлумачальную з нагоды выступаў у маім блогу і ў іншых СМІ. Бо я, маўляў, падаў нейкую завышаную статыстыку, і мяне можна прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за скажэнне статыстычных дадзеных. Я і напісаў, што дадзеныя ўзяў у інтэрнэце, яны агульнадаступныя – з афіцыйнайх дакладаў чыноўнікаў і міністэрства аховы здароўя. А што яны за 2012 і 2013 гады, дык свяжэйшых дадзеных у інтэрнэце няма. Калі мне дадуць свежыя звесткі, я з задавальненнем іх агучу. Так я і напісаў у тлумачэннях. Што да скажэння статыстыкі, то хачу дадаць: тая ж галоўурач Алена Мартынава таксама мае дачыненне да такога роду правінаў: ва ўстанове, якой яна кіруе, некалькі гадоў заніжаліся заробкі супрацоўнікам. Гэта выявіла адмысловая фінансавая праверка. Так што калі мяне ў камеру за злачынства, то і яе – таксама, каб было па справядлівасці".

Ігар Пастноў згадаў у сваім блогу, што Беларусь – сярод "лідараў", калі казаць пра колькасць ужывання алкаголю. І прывёў пэўную статыстыку па Віцебскім рэгіёне: "Узровень спажывання алкагольных напояў у Віцебскай вобласці працягвае заставацца высокім. Так, на 1 ліпеня 2012 года пад наглядам нарколагаў у лячэбна-прафілактычных установах рэгіёну знаходзілася 33,7 тыс. чалавек (за аналагічны перыяд 2011 года - 35 тыс.), з іх на дыспансерным уліку з дыягназам алкагольная залежнасць - 22,5 тыс. жыхароў (адпаведна - 23,5 тыс.), на прафілактычным назіранні з нагоды ўжывання алкаголю са шкоднымі наступствамі знаходзцца 11,1 тыс. чалавек (11,5 тыс.). Захворванне алкагольнай залежнасцю за першае паўгоддзе склала 126,2 чалавека на 100 тыс. насельніцтва, што на 13% ніжэй аналагічнага перыяду мінулага года. Шырока распаўсюджана спажыванне алкагольных напояў сярод моладзі. Большасць маладых людзей далучаюцца да спажывання алкагольных напояў у 11-12-гадовым узросце".

Гэтыя звесткі, нягледзячы на ўказаную тэндэнцыю да паляпшэння сітуацыі, кіраўніцтва Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псіхіятрыі і наркалогіі назвала "несапраўднымі, працягвае Ігар Пастноў:

"Мне ўвогуле сказалі, што падлікі няверныя, бо ў Віцебску праходзяць "Славянскія базары", а ў Мінску іншыя буйныя мерапрыемствы з вялікай колькасцю прыезжых. І што, маўляў, гэта "госці" псуюць нам статыстыку, а самі беларусы алкаголю ўжываюць мала. Тады, атрымліваецца, нейкая Бразілія, дзе бываюць знакамітыя карнавалы з мільёнамі прыезжых, павінна проста захлынацца алкаголем! Але ж не – гэтая краіна далёка не з самых "пітушчых"…

Куды пойдуць ягоныя тлумачэнні, і ці бралі іх на загад вышэйшага кіраўніцтва, Ігару Пастнову не патлумачылі. Аднак ён згадвае, што менавіта з выклікаў да начальства, пагроз і ўшчуванняў за крытычныя выступы ў інтэрнэце пачыналася мінулагодняя гісторыя – калі яго гвалтам забралі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне пасля крытыкі стану медычных устаноў Віцебскай вобласці.

Ігар Пастноў лічыць, што прымусовае лячэнне ў закрытым аддзяленні абласнога пісхіятрычнага шпіталю – гэта помста за крытыку і адкрытую грамадзянскую пазіцыю. Яму не ўдалося аспрэчыць рашэнне суда Віцебскага раёна, які санкцыянаваў для яго прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Таму ён звярнуўся ў КПЧ ААН, і там ягоны зварот ад 22 лютага 2014 году быў зарэгістраваны.

Віцебскі ўрач прайшоў і незалежнае медычнае асведчанне ў Маскве, у Незалежнай псіхіятрычнай асацыяцыі Расіі (НПАР). Тамтэйшыя адмыслоўцы прызналі, што ягоныя правы былі парушаны, бо стан Пастнова не вымагаў тэрміновай шпіталізацыі ў закрытую медычную ўстанову і гвалтоўнага прымусовага лячэння.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international