viasna on patreon

Жыхары Віцебска патрабуюць вярнуць ім права на правядзенне пікетаў і мітынгаў

2014 2014-06-05T16:38:08+0300 2014-06-05T16:38:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/svab-shodau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Некалькі дзесяткаў жыхароў абласнога цэнтру падпісаліся пад калектыўным лістом у Савет Міністраў з просьбай паспрыяць змяненню рашэння Віцебскага гарвыканкама №881 ад 10.07.2009 г., якое рэгламентуе правілы звароту да ўладаў з заяўкамі на вулічныя акцыі. Віцябляне просяць таксама, каб Саўмін ініцыяваў зварот у Канстытуцыйны суд дзеля праверкі адпаведнасці гэтага дакумента Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Зварот ініцыяваў каардынатар Руху "За Свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў. Ён тлумачыць неабходнасць гэткіх захадаў поўнай немагчымасцю правесці масавыя акцыі з ініцыятывы грамадскіх актывістаў:

"З часу прыняцця рашэння гарвыканкаму №881 актывістам не далі дазволу ні на адзін пікет, ні на адзін мітынг, ні на адзін сход. Прычым не толькі ў Віцебску, але і ў Оршы, і ў Глыбокім, і ў іншых рэгіёнах. Бо апошнія рашэнні рэгіянальных выканкамаў перапісаны на ўзор віцебскага: паўсюль патрабуюць, каб разам з заяўкай на акцыю ініцыятары прыкладалі дамовы на абслугоўванне супрацоўнікамі міліцыі, ЖКГ, а таксама медыкамі. Гэтыя структуры ўхіляюцца ад заключэння дамоў любымі магчымымі шляхамі. Прыкладам, з гарадской паліклінікі нам перыядычна адказваюць, што за 2-3 тыдні да планаванай акцыі ім вядома пра будучую ўспышку сезонных захворванняў, і якраз у гэты самы дзень. Так што, маўляў, вольных работнікаў няма – і супрацоўнічаць з вамі мы не будзем ".

Змусіць да заключэння дамоў праз суды таксама не ўдавалася ні разу, хаця такія працэсы неаднойчы былі і ў Віцебску, і ў Оршы. Дырэчы, якраз у Аршанскім судзе ўпершыню прагучала прызнанне работнікаў ЖКГ, што яны не аказваюць паслугі паводле замоў прыватных асоб, нават калі яны – ініцыятары масавых акцый. Высветлілся, што такія дамовы не можа заключыць і паліклініка – там таксама не маюць прэйскуранту на паслугі такога кшталту. Не мае расцэнак на нейкія паслугі па замовах грамадзян і міліцыя…

Дарэчы, міліцыянты, адмаўляючыся заключаць дамовы, перадусім спасылаюцца на закоанадаўства, а не на рашэнне мясцовых уладаў. З міліцэйскіх управаў пішуць, што дамовы будуць заключаць толькі тады, калі будзе дазвол мясцовай адміністрацыі, як патрабуе закон. А не наадварот, як запісана ў рашэнні гарвыканкаму ці райвыканкаму.

Віцебскі актывіст аргкамітэту па стварэнні па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", юрыст Аляксей Гаўруцікаў прааналізаваў рашэнні мясцовых уладаў – не толькі на Віцебшчыне, але і ў другіх абласцях. Высветлілася, што мясцовыя ўлады выпрацавалі дакументы, якія супярэчаць дзеючаму заканадаўству, не толькі ў Віцебскай вобласці, але і ў шэрагу раёнаў Гомельшчыны, Магілеўшчыны, Брэстчыны…

"40 з вывучаных мной рашэнняў мясцовых органаў улады рэгламентуюць, каб грамадзяне заключалі дамовы папярэдне, перад акцыямі, яшчэ не атрымаўшы на іх дазвол. І толькі 28 рашэнняў маюць змест, які адпавядае патрабаванням заканадаўства і не вымагае ад грамадзяняў нейкіх дадатковых крокаў. Такім чынам, у пераважнай большасці рэгіёнаў парушаецца права грамадзяніна на публічнае выказванне ўласных меркаванняў шлхам правдзення мірных сходаў".

Віцебскія актывісты першымі звярнуліся ў Савет Міністраў, каб адтуль распарадзіліся ўнесці змены ў рашэнне гарвыканкаму. Ранейшыя спробы ініцыяваць гэты працэс былі беспаспяховыя: з усіх інстанцый актывістам адказвалі, што рашэнне прайшло юрыдычную экспертызу, зацверджана, а значыць прызнана дасканалым.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства