На Акрэсьціна давялі да адчаю ўдзельніка грамадзянскай вайны з Конга

2014 2014-05-30T13:15:39+0300 2014-05-30T13:15:39+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/akrescina-cip.jpg
Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсціна, 36 у Мінску. Фота: svaboda.org

Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў у завулку Акрэсціна, 36 у Мінску. Фота: svaboda.org

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу на негуманнае і неправавое стаўленьне да замежных грамадзянаў, якія да дэпартацыі месяцамі знаходзяцца ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсьціна.

Прэвэнтыўна затрыманыя напярэдадні і падчас чэмпіянату сьвету актывісты па выхадзе з Акрэсьціна, пачалі апавядаць, што затрыманых там сотні, што затрымлівалі ня толькі актывістаў, але і бяздомных, прастытутак, наркаманаў і дробных злодзеяў. Такім чынам сталі вядомыя і ўмовы, у якіх утрымліваюцца ў ЦІПе замежныя грамадзяне ў чаканьні дэпартацыі.

Праваабаронца Наста Лойка зьвярнулася ў Фэйсбуку з просьбай даслаць паштоўку са словамі падтрымкі грамадзяніну Конга Патрыку Мангалуа.

«Ён у страшэннай дэпрэсіі й адмаўляецца ўжо размаўляць з сукамэрнікамі», — піша Лойка.

Пісаць Патрыку трэба па-француску — папярэджвае дзяўчына.

Адрас: 220089, г. Менск, 1-шы завулак Акрэсьціна, 36 — ЦІП ГУУС Менгарвыканкаму, Патрыку Мангалуа.

Дарэчы, прозьвішча Мангалуа праваабаронцам вядомае толькі «на слых» — даваць пра Патрыка хоць якую інфармацыю кіраўніцтва ЦІП адмаўляецца.

Гісторыя Патрыка стала вядомая з інтэрнэт-допісу на рэсурсе «Послезавтра».

«Патрык з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга знаходзіцца ў турме каля паўгода. Ён не гаворыць па-расейску, ведае толькі францускую. Ніякага перакладчыка яму ніхто ня даў, натуральна. Ён — вэтэран няспыннай вайны, якую вядуць у Конга глябальныя карпарацыі. Ён быў неаднаразова кантужаны. Прыехаў у Менск вучыцца ва ўнівэрсытэце, паступіў на курсы... але амбасадар ягонай „дэмакратычнай“ рэспублікі выклікаў яго і сказаў, што ён ізноў мусіць ваяваць. Ён парваў пашпарт і адмовіўся. У хлопца яўна ёсьць праблемы — ён не размаўляе, ня мыецца, амаль ня есьць, а калі чуе сваё прозьвішча, яго яўна перасмыкае. Некалькі разоў яго ставілі на „ластаўку“. Ён сядзіць адзін і часта крычыць ад адчаю».

Зьвесткі, пакінутыя інтэрнэт-юзэрам valerikpunk, пацьвярджаюць Зьміцер Дашкевіч і актывіст кампаніі «Ежа супраць бомбаў» Алесь Курэц.

Зьміцер правёў у камэры з Патрыкам некалькі сутак.

Прыехаў вучыцца на лётчыка, а давялося сядзець. Але бедалагу давялі да таго, што 24 гадзіны ў суткі ляжыць

«Я сядзеў зь нейкім афрыканцам, які, кажуць, сядзіць там каля году. Прыехаў вучыцца на лётчыка, а давялося сядзець. Але бедалагу давялі да таго, што 24 гадзіны ў суткі ляжыць. Матрац прыбраў, накрываецца коўдрай. Падымаецца толькі паесьці, па патрэбах схадзіць, на паверку. Не размаўляе. Я спрабаваў зь ім камунікаваць — але ён махае рукамі. Нікуды ня ходзіць, ні мыцца, нічога».

Алесь Курэц усе прызначаныя яму 15 сутак адбывае разам з Патрыкам, і праваабаронцы спадзяюцца, што пасьля вызваленьня хлопца пра грамадзяніна Конга стане вядома больш.

Наста Лойка кажа, што дагэтуль не ўдаецца высьветліць у кіраўніцтва ЦІП дакладны статус і нават прозьвішча Патрыка.

Пакуты замежнікаў на Акрэсьціна тлумачацца рознымі прычынамі — ад абыякавасьці праваахоўнікаў да эканамічнай мэтазгоднасьці.

Аляксандар Татура, начальнік упраўленьня зьнешняй працоўнай міграцыі, уцекачоў і прытулку Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі, уважліва выслухаў праз тэлефон гісторыю Патрыка, аднак на тое, што ЦІП адмаўляецца паведамляць праваабаронцам інфармацыю пра статус Патрыка, адрэагаваў так:

«Мы ж у прававой дзяржаве жывём. Існуюць працэдуры, якія прызнаюцца легітымнымі. Калі ёсьць права зьвяртацца па нейкую інфармацыю, то гэтае права ёсьць. Калі яго няма, то яго няма».

У выніку адсутнасьці такога права ў праваабаронцаў адміністрацыя ЦІП пазбавіла Патрыка з Конга сувязі з навакольным сьветам, і ягоны лёс цалкам залежыць ад беларускай праваахоўнай сыстэмы.

Што да прычынаў эканамічных, то, паводле нашага заканадаўства, дэпартацыя адбываецца за кошт грамадзяніна, ягоных сваякоў, працадаўцаў, дыяспараў, і толькі ў выключных выпадках — за сродкі рэспубліканскага бюджэту. А гэта значыць, што сваякоў Патрыка будуць шукаць да апошняга.

Наста Лойка: «Паколькі ён парваў свой пашпарт, то ёсьць праблема з пацьверджаньнем ягонай асобы. І каб дэпартаваць чалавека, у нас звычайна шукаюць родных, каб тыя прыслалі грошы на дэпартацыю. А Конга — самая бедная краіна ў сьвеце. Магчыма, там усё так, што ані зьвязацца зь імі, ані грошай яны не прышлюць».

Калі Патрыку пагражае дэпартацыя, яе працэс можна прыпыніць. Для гэтага яму трэба папрасіць у Беларусі палітычнага прытулку. Аднак Наста Лойка сумняецца, ці ён нават ведае пра такую магчымасьць.

«Супрацоўнікі ЦІПа і нашым грамадзянам ніколі не паведамляюць пра іхнія правы, што абавязаныя рабіць. Што ўжо казаць пра гэтага замежніка», — кажа дзяўчына.

Супрацоўнікі ЦІПа і нашым грамадзянам ніколі не паведамляюць пра іхнія правы, што абавязаныя рабіць. Што ўжо казаць пра гэтага замежніка

Гісторыя Патрыка далёка не ўнікальная. Такую выснову можна зрабіць з допісу таго ж інтэрнэт-юзэра valerikpunk. Падобную ж гісторыю расказвае асуджаны на 15 сутак актывіст Андрэй Ткачоў.

Ткачоў сядзеў у адной камэры з грамадзянінам Расеі з Казані Сяргеем Пятровым. Расейца затрымалі па падазрэньні ў махлярстве, і афіцыйна ён знаходзіцца ў статусе падазраванага. Паводле заканадаўства, яго не павінны ўтрымліваць у ЦІПе.

Андрэй Ткачоў: «Яго спачатку затрымалі да высьвятленьня асобы і пратрымалі трое сутак. Пасьля на яго некалькі разоў фальсыфікавалі пратаколы за адміністратыўку, нібыта ён у нецьвярозым стане ў грамадзкім месцы лаяўся матам. У выніку яму ягоны статус ніхто не тлумачыць, а намякаюць, што ён сядзіць у чаканьні дэпартацыі, бо нібыта махлярства яму ня могуць давесьці, а вешаюць яму максымум прыводаў. Ён ад усяго адмаўляецца. Уся складанасьць сытуацыі ў тым, што яму няма належнай юрыдычнай дапамогі, ня кажуць яму пра ягоныя правы, статус, і ён там сядзіць у чаканьні невядома чаго».

На фоне дзясяткаў сьведчаньняў актывістаў, якіх падчас хакейнага чэмпіянату затрымлівалі па сфальсыфікаваных пратаколах, такую інфармацыю ўжо цяжка лічыць проста «зэкаўскімі байкамі», якія сядзельцы распавядаюць сукамэрнікам, каб дадаць сабе аўтарытэту ці данесьці пэўныя зьвесткі да вушэй сьледчых.

Радыё Свабода зьвярнулася з запытам у беларускае прадстаўніцтва агенцтва ААН па справах уцекачоў. Прадстаўнік агенцтва паведаміў, што яны ўжо даслалі адпаведны запыт кіраўніцтву Акрэсьціна, даведаўшыся пра гісторыю Патрыка з інтэрнэту.

«Мы зрабілі афіцыйны запыт у Дэпартамэнт грамадзянства і міграцыі, каб удакладніць, ці сапраўды ён там знаходзіцца. І калі ён сапраўды там, то наведаць яго і даведацца, ці зьвяртаўся ён па статус уцекача ў Беларусі».

Паводле інфармацыі Дэпартамэнту міграцыі, за 2013 год зь Беларусі было дэпартавана каля дзьвюх з паловай тысяч чалавек. Зь іх 880 выправілі зь Беларусі ў прымусовым парадку. Да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне міграцыйнага заканадаўства прыцягнулі больш за дваццаць тысяч замежнікаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international