Драма Гародні: нацыянальны праект як гульні ўлады

2007 2007-06-14T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Публікацыя інтэрнэт-парталу «Наше Мнение»:

У размове ўдзельнічаюць канцэптуальны мастак і архітэктар Артур Клінаў, палітоляг Віталь Сіліцкі, мастак і этнакультуроляг Тодар Кашкурэвіч, культуроляг Максім Жбанкоў.

Максім Жбанкоў: Кожны з нас, напэўна, ведае, што зараз адбываецца ў Гародні. Па загаду мясцовай улады разбураецца гістарычны цэнтар горада. Гінуць будынкі XVIII-XX стст. Ці ёсьць тут з чым спрачацца або гэта натуральны стан падзеяў: новае заўсёды прыходзіць на зьмену старому, будуецца на нейкіх фрагмэнтах былога… Той жа цэнтар Масквы – Калінінскі праспэкт – быў узьведзены Саветамі на рэштках старажытных будынкаў…

Артур Клінаў: Я думаю, што гэта вельмі старая беларуская традыцыя. У нашай краіне ўжо шмат гадоў існуе такі горадабудаўнічы прынцып: калі ёсьць пустэча, на якой стаіць дом, а нехта хоча пабудаваць яшчэ адзін дом, то ён яго не пабудуе побач, а зьнясе стары і на гэтым месцы пабудуе новы. І ў гэтым ёсьць свая канцэпцыя – канцэпцыя каляніяльная, якая пачалася ў ХІХ ст. Зьнішчэньне гарадоў было, безумоўна, сьвядомым імпэрскім праектам: спачатку царскім, потым савецкім. Першы горад, які цалкам паў пад гэтай канцэпцыяй, было Берасьце – адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі. У 1840-я гг. яго зьнесьлі, збудавалі там цытадэль – Брэсцкую крэпасьць.

Тодар Кашкурэвіч: Сапраўды, Берасьце было сапраўднай пярлінай Вялікага княства Літоўскага, другім горадам па прыгажосьці і па статусе пасьля Вільні. Готыка-рэнэсансовы горад. Ён быў зьнішчаны прынцыпова, да рэшты, бо гэта быў горад-сымбаль. Ужо тады пачаў адбудоўвацца ўсходні фарпост, які не павінен быў мець заходняга кшталту.

А.К.: А потым, пасьля Берасьця, у гэтай канцэпцыі «ляглі» амаль усе беларускія гарады. Апроч Гародні, якая з большага ўсё-ткі захавалася. Лёгіка наяўных падзяў такая: усіх дабілі, а Гародню чамусьці не дабілі. Дык давайце паставім кропку і даб’ем Гародню!

М.Ж.: Пачыналася гэта як расейскі каляніяльны праект, мела працяг як савецкі каляніяльны праект. А зараз чый гэта каляніяльны праект?

Т.К.: Пытаньне мае ў сабе адказ: гэта працяг каляніяльнага праекту, які быў замысьлены ў часы Расейскай імпэрыі, падхоплены наступнікамі падчас Савецкай імпэрыі, а ў наш час – яе нашчадкамі, альбо носьбітамі савецкай мэнтальнасьці. У гэтым сэнсе трэба казаць пра тое, хто зьдзяйсьняе. Утварылася пэўная супольнасьць, якая ня мае патрэбы мець каля сябе, адчуваць пэўны гістарычны фон, гістарычнае асяродзьдзе. Гэта – каляніяльны праект не-гараджанаў. Але ўжо і не вяскоўцаў, а пэўнай соцыякультурнай групы, якая апанавала нашымі гарадамі.

Віталь Сіліцкі: Тут я бачу тры цікавыя ракурсы. Першы ракурс: рэч тут ня чыста беларуская. У Ангельшчыне было праведзенае дасьледваньне, якое выявіла, што галоўны фактар небясьпекі для гістарычных забудоваў – гэта ня войны, не катастрофы, а імклівая міграцыя насельніцтва на працягу апошніх пяцідзесяці гадоў, прадукуючая людзей без мясцовых каранёў, гістарычнай памяці і г.д. Як фармавалася тое грамадзтва, якое стварае зараз Рэспубліку Беларусь? Можна сказаць, што гэтае насельніцтва (асабліва на ўсходзе краіны, дзе міграцыйныя працэсы падчас катастрофаў XVII-XVIII стст. былі вельмі моцныя) сфармавалася насамрэч цягам мінулых двух стагодзьдзяў. Прычым, пад імпэрыямі. Людзі без гістарычнай памяці – прычына ўсіх катаклізмаў, якія адбыліся. І тут другі ракурс, у сувязі зь якім можна ўзгадаць працэс рэкрутаваньня беларускіх элітаў: у Магілеве сядзіць губэрнатарам гарадзенец, а ў Гародні – таварыш з Магілёву. Вось так і адбываецца цыркуляцыя гістарычнага бяспамяцтва. Трэці аспэкт. Мне падаецца, што, калі б спадар Лукашэнка ствараў нейкі палітычны рух ці партыю, то ён бы меў нашмат большае права назваць яе «Другая Россия», чым спадар Каспараў ці спадар Лімонаў. Ідэалёгія сучаснай Беларусі – гэта ідэалёгія «другой России»: «белорусы – те же русские, только со знаком качества». Больш чыстыя, менш запэцканыя цывілізацыяй, мадэрнізмам і Захадам, сапраўдная цьвярдыня ўсходнеславянскага і праваслаўнага сьвету. Людзі з такім мэнталітэтам эўрапейскую, вялікалітоўскую спадчыну проста не ўспрымаюць.

Другі момант. На прыкладзе Нацыянальнай бібліятэкі ці прапанаванага Мінск-сіці можна казаць пра тое, што ўзьнікае пэўны брэндавы сродак самалегітымізацыі. Уладзе трэба ствараць відавочныя вобразы, афармляць публічную прастору. Прычым, у тым стылі, які яна ведае: правінцыйна-расейскі стыль «новага рускага».

М.Ж.: Насамрэч, будаўніцтва пераўтвараецца ў фактар перапраграмаваньня нацыянальнай сьвядомасьці. У Артуравым тэксьце «Горад СОНца» вельмі цікава паказанае спалучэньне сталінскай архітэтуры і пэўнага стану мысьленьня. Калі паспрабаваць зрабіць праекцыю гэтай схэмы на нашыя часы, што за новую сьвядомасьць адбудоўвае новая лукашэнкаўская архітэктура?

В.С.: У старым КВЗ жартавалі: архітэктура – гэта музыка ў камні, архітэктура Цюмені – гэта тры блатных акорда. Дык вось, лукашэнкаўская архітэктура – суцэльнае шоў «Две звезды».

М.Ж.: А можа стылю «Л» няма і ня можа быць? Калі ўзгадаць ідэю Тодара, што мы маем справу з культурніцкай інтэрвэнцыяй і не вяскоўцаў, і не гарадзкіх, атрымліваецца ня цэльная канцэпцыя, а трасянка.

Т.К.: Рэалізацыя нацыянальнага праекту дэсацыялізавана. Калі вясковец прыязджае ў горад, ён не стварае ў ім вёскі. Акружэньне Лукашэнкі пераважнай большасьцю менавіта людзі зь вёскі, якія дасягнулі пэўнай пасьпяховасьці ў соцыюме, але, тым ня менш, па волі лёсу сталіся дэсацыялізаванымі, у культурным пляне ў тым ліку. І яны твораць дэсацыялізаваную нацыю, соцыякультурную прастору. Але дэсацыялізаваная група ня можа ствараць поўнавартаснай мадэлі нацыі і, адпаведна, пэўных прадуктаў.

Архітэктура, калі зьвяртацца да вопыту эўрапейскай (або шырэй – эўра-атлянтычнай) культуры, адзін з самых важных аспэктаў фармаваньня пэўнага кшталту сьвядомасьці. Архітэктура, перадусім, фармуе горад, гарадзкую структуру, прастора арганізуе пэўны эмацыйны кшталт, пэўны кшталт мысьленьня, паводзінаў. Няма прыбіральні – будзеш спраўляць патрэбу ў падваротні. Сталінская архітэктура вельмі канкрэтная, усьвядомленая, канцэптуальная рэч. Горад Мінск плянаваўся як канцэпт сталіцы савецкай рэспублікі, тут фармаваўся сталічны стыль і свой варыянт імпэрскасьці. У нашым выпадку мы пакуль маем пэўныя прадчуваньні ў паўставаньні стылю. Ідэалёгія недадуманая, недапрацаваная, яна яшчэ фармуецца. Тое самае з архітэктурай. Але ёсьць адназначная тэндэнцыя: стварэньне новага стылю, новага тыпу чалавека, зьнішчаючы сьляды папярэдніх эпохаў.

В.С.: Калі мы прымаем, што архітэктура неяк зьвязана зь ідэалёгіяй, варта зьвярнуць увагу, што адрозьненьне аўтарытарнай ідэалёгіі (у нас яшчэ аўтарытарнае грамадзтва) ад таталітарнай у тым, што ў аўтарытарнага рэжыму няма ідэалёгіі. Ёсьць проста ad hoc спрыяючыя моманту лёзунгі, лякальныя піяр-кампаніі, якія ёсьць сродкам тактычнай легітымізацыі і якія заўжды можна зьмяніць, прыстасаваць да пэўнага моманту, што наш рэжым і дэманструе. Мне падаецца, тое самае адбываецца і ў архітэктуры. Вось глядзіце: пабудавалі падземны цэнтар у Маскве і Кіеве – зараз дайшлі да Менску, пабудавалі Храм Хрыста Спасіцеля ў Маскве – Філярэт будуе на Прытыцкага амаль такіх жа памераў. І ў гэтым прасочваецца не стварэньне нейкага ўласнага канцэпту, а чыстая запазычанасьць. Вясковец у горадзе – такі памежны чалавек: дарваўся да грошаў, выехаў за мяжу, штосьці пабачыў, вырашыў тое ж самае паставіць у сябе.

А.К.: Для мяне відавочна, што гэта эпоха свайго стылю не стварыла і ня можа стварыць, бо на самой справе не сфармуляваныя ні ідэалёгія, ні сыстэма каштоўнасьцяў… Ясна, што стыль гэтай эпохі – трасянка як адсутнасьць стылю. І яе сымбаль – «Саша и Сирожа». Сапраўды, што стварыла гэтая эпоха? Усё, што было зроблена – той жа Палац Рэспублікі – нашчадкі савецкай эпохі, савецкага стылю.

М.Ж.: Атрымліваецца, што ўладныя структуры, пазбаўленыя ўцямнай ідэалёгіі, уцямнай сыстэмы каштаўнасьцяў, пачуцьця пэрспэктывы свайго разьвіцьця, у прынцыпе ня здольныя быць крэатыўнымі. Яны здольныя быць толькі разбуральнымі.

В.С.: Так, разбураць і запазычваць. Але ёсьць інстынктыўнае разуменьне, што трэба рабіць: напрыклад, будаваць праваслаўную царкву…

М.Ж.: Але ж каму замінала старая Гародня? Ну патрэбны хмарачос – будуйце яго дзе-небудзь на ўскраіне. Але ідзе менавіта барацьба за цэнтар…

А.К.: Тут ёсьць пэўная містычная лёгіка. Раней, калі разбуралі гарады, быў, умоўна кажучы, Уфін Джус і яго драўляныя жаўнеры, якія прыходзілі і па загадзе Ўфіна Джуса ўсё нішчылі. Зараз быццам бы Ўфіна Джуса няма, а драўляныя жаўнеры засталіся і нішчаць быццам бы па сваёй ініцыятыве. Зьнішчаць апошні, цудам захаваўшыся горад – лёгікі ў гэтым няма. У гэтым ёсьць, пэўна, наўмыснае злачынства.

В.С.: Памятаеце, герой Мальера казаў, што ўсё жыцьцё размаўляў прозу і нават ня думаў пра гэта. Адсутнасьць памяці, бяспамяцтва мае на ўвазе, што чалавек гэтага бяспамяцтва і не ўсьведамляе. Ён робіць, як робіць: ёсьць бізнэс-праект, ёсьць задача штосьці пабудаваць на пэўным месцы і гэта прынясе грошы. І потым: ёсьць яшчэ саўковы спосаб дасягненьня сацыяльнага статусу – «жыць у цэнтры».

Т.К.: Наконт Гародні паказальна тое, што замест мураваных будынкаў XVIII-га ст. павінна ўзьнікнуць праваслаўная царква. І гэта, я б сказаў, усьвядомлены культурны аспэкт. Мы маем справу з тэндэнцыяй: прасоўваньнем пэўнага стылістычнага моманту як вельмі істотнага ідэалягічнага. Карані цягнуцца з Масквы. Уся Беларусь – цэнтральныя гарады, цэнтральныя дарогі – застаўленыя рускай праваслаўнай царквой у псэўдарускім стылі. Амаль у тым жа кшталце, як у ХІХ ст. рабіліся «мураўёўкі». Яны вельмі добра разумеюць палітычны патэнцыял гэтага стылістычнага моманту: «грыбы» паставяць – пазначаць сваю тэрыторыю ўплыву. Як сабака меціць дрэвы. Гэта агромністы палітычны капітал, які вымяраецца нават грашовым эквівалентам. Зь іншага боку, што мы будзем рабіць з гэтымі цэрквамі, калі зьменіцца сытуацыя? Што мы іх – зьнішчаць будзем?..

В.С.: Мы будзем адраджаць нэаготыку і будаваць побач!

Т.К.: Яны застануцца і будуць працаваць на будучыню геапалітычнага і геакультунага статусу нашай краіны.

А.К.: Таму я і кажу, што ў гэтым ёсьць сьвядомае злачынства. Калі б гэта было несьвядома, то тыя хлопцы, якія хочуць мець офіс у цэнтры знайшлі б месца. Я быў неаднойчы ў Гародні. Там дастаткова пустэчаў, дзе можна будаваць, не зьнішчаючы старой Гародні. Тое, што адбываецца, безумоўна, працяг каляніяльнага праекту па зьнішчэньні беларускіх гарадоў.

М.Ж.: Дыягназ відавочны: мы маем справу са злачынствам. І тады лягічнае пытаньне: што можна зрабіць? Зараз ёсьць спробы грамадзкага супраціву, пэўныя рухі, але выглядае на тое, што будзе так, як вырашылі наверсе.

В.С.: З беларускімі справамі робіцца такая рэч: унутраная мабілізацыя, грамадзянская кампанія – гэта ўсё добра, але бязь нейкай зьнешняй легітымізацыі не абыходзіцца. Трэба прыцягваць сілы звонку, якія, напрыклад, будуць трубіць пра тое, што адбываецца, як пра зьнішчэньне эўрапейскай каштоўнасьці.

М.Ж.: А на нашым лякальным полі ці магчыя пэўныя эфэктыўныя рухі або толькі нейкія сымбалічныя крокі?

В.С.: Я калісьці пытаўся ў генэрала Грыба, які сам гарадзенец, чаму Гародня не ператварылася ў беларускі Львоў. А ён кажа: «Павучы гісторыю, была ж міграцыя, столькі расейцаў панасялілі…»

М.Ж.: То бок няма каму змагацца? Ці няма стымулу?

В.С.: Часткова тое, часткова гэтае. Я думаю, што трэба ствараць нейкія канструктыўныя прапановы: хочаш нешта пабудаваць у цэнтры гораду, бяры пустэчу, не знасі. Але калі ў незалежнага грамадзтва амаль няма каналаў камунікацыі, гэта рабіць вельмі цяжка, амаль немагчыма. І тады патрэбныя абсалютна дысыдэнцкія крокі, кшталту кіданьня пад бульдозеры ці камэры Euronews. Барацьба за гістарычны цэнтар Гародні з паліталягічнага пункту гледжаньня – чыста дысыдэнцкае змаганьне.

Т.К.: Трагічнасьць сытуацыі ў тым, што нават у асяродзьдзі апазыцыйных, нацыянальных элітаў не сфарміраванае пэўнае кола людзей, якія б усьведамлялі праблему стылю як палітычную праблему. Я пытаўся ў літоўцаў: як сталася, што Літва рэалізавалася як краіна ў культурным пляне? Таму, што прызначаны Сталіным сакратар кампартыі Сьнечкус распрацаваў праграму, якая дала плён у 80-90-я гг. ХХ ст. для рэалізацыі літоўскай краіны і літоўскага стылю: масавая мастацкая адукацыя – у гарадах, мястэчках, вёсках. Літоўцы прайшлі праз школу мастацкага густу, праз фармаваньне нацыі як пэўнага брэнду. Гэта вельмі істотна.

А.К.: Быць можа, спробы грамадзкасьці абараніць горад нічога не дадуць, але я ўпэўнены, што ў гэтай сытуацыі нельга маўчаць. Калі адбываецца злачынства, калі гэта сьвядомае злачынства, то грамадзтва мусіць ведаць, што адбываецца менавіта злачынства. Калі гэта праект Уфіна Джуса з Масквы, калі гэта праект не Ўфіна Джуса, а яго драўляных жаўнераў, якія несьвядома гэта робяць, то тут таксама, важна не маўчаць, каб яны ўсьвядомілі тое, што яны робяць. Да іх гэта, можа, не дайшло, але ёсьць шанец, што дойдзе.

В.С.: У некаторых нашых палітыкаў і аналітыкаў назіраецца такі стэрэатып, што ўсе антыбеларускія справы мусяць ініцыявацца з Масквы. Ды лухта гэта ўсе! Яны вырасьцілі антыбеларускую эліту, яна ня можа парадзіць нейкія канструктыўныя праекты (за выключэньнем імітацыі), а разбуральныя праекты яна цалкам можа параджаць самастойна.

М.Ж.: Напрыканцы хацелася б запытацца: як вы лічыце, за што змагаюцца людзі, абараняючы старую Гародню, – за камяні, за архітэктуру ці за нешта большае?

В.С.: Для мяне гэта барацьба за захаваньне нацыянальнай тоеснасьці.

А.К.: Змаганьне ідзе за Эўропу, за эўрапейскую спадчыну.

В.С.: За Беларусь!

А.К.: За нашую эўрапейскасьць, якую ў Гародні мы яшчэ маем матэрыялізаванай.

Т.К.: Ёсьць адна рэкруцкая песьня, якую сьпявае хлопец з усходняй Беларусі, якога забіраюць у войска: «Прашчай мая старонка, прашчай мая дзяўчонка! / Ай, згары мая старонка, а памры мая дзяўчонка!». Гэта прамовіў традыцыйны чалавек. І я, як прадстаўнік этнакультурнай традыцыі, падтрымаў бы гэтыя словы: гарадзкая цывілізацыя стараэўрапейскага тыпу, праект стараэўрапейскай арыентацыі Беларусі, на жаль, памірае. І памрэ. Змаганьне за эўрапейскасьць мы прайгралі і прайграем стопрацэнтова. Фактам гэтаму ёсьць Нясьвіж, Мір і г.д. Эўрапейскую старажытнасьць мы страцім. Але мы набудзем эўрапейскасьць новага часу: мадэрновыя перабудовы ідуць у эўрапейскім накірунку і нашая краіна будзе набываць новы эўрапейскі выгляд. Мы апынаемся ў сытуацыі чаканьня новых сур’ёзных нацыянальных мадэрновых праектаў, якія, магчыма, будуць грунтавацца (і гэта істотна) на падмурках нашай гісторыі, этнічнай культуры.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international