Камітэт ААН прызнаў парушэнне правоў жлобінскага апазіцыянера Уладзіміра Кірсанава

2014 2014-05-21T11:19:43+0300 2014-05-21T13:12:44+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/aan-sciag.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28 сакавіка бягучага года Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што беларускія ўлады парушылі правы сябра Жлобінскай раённай арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Уладзіміра Кірсанава на правядзенне мірнага сходу, забараніўшы яму ў 2008 годзе правесці ў Жлобіне пікет з мэтаю прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблем ліквідацыі ў краіне палітычных партый ды грамадскіх аб’яднанняў.  

Адпаведнае рашэнне ААН даступна ў Інтэрнэце пакуль на ангельскай мове. На жаль, 77-мі гадовы мужчына рашэння ААНаўскага Камітэту не дачакаўся, памёр некалькі года таму. Яго інтарэсы ў Камітэце прадстаўляў кіраўнік Гомельскага Цэнтру стратэгічных цяжбаў Леанід Судаленка.

У Камітэт ААН Уладзімір Кірсанаў паскардзіўся пасля таго, як не знайшоў абароны сваіх правоў унутры краіны. Жлобінскі райвыканкам забараніў яму, як і іншым актывістам, правесці ў раённым цэнтры серыю масавых мерапрыемстваў у сувязі з забаронай мінюстам на паўгода дзейнасці партыі камуністаў Беларускай (зараз Беларуская партыя левых “Справядлівы мір”). Мясцовыя чыноўнікі запатрабавалі тады ад камуністаў аплаціць паслугі міліцыі, камунальшчыкаў ды хуткай дапамогі.

Камітэт па правах чалавека нагадаў, што калі дзяржава накладае абмежаванне на свабоду мірнага сходу, тады ёй варта садзейнічаць ажыццяўленню права, а не шукаць непатрэбныя або неадпаведныя абмежаванні. А паколькі Урад Беларусі палічыў, што толькі забаронай мірных сходаў можна забяспечыць грамадскі парадак і бяспеку, ахову маральнасці і здароўя насельніцтва ці абарону правоў і свабодаў іншых асобаў, то парушыў права заяўніка на свабоду правядзення мірнага сходу паводле артыкула 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

На падставе рашэння Камітэту ААН Урад Беларусі мусіць забяспечыць «ахвяры парушэння эфэктыўны сродак прававой абароны, уключна з поўным пакрыццём выдаткаў і належнай кампенсацыяй», а таксама абавязаны «не дапускаць падобных парушэньняў у будучыні».  

Прынятае рашэнне Урад Беларусі павінен апублікаваць у афіцыйных СМІ ў тым ліку і на беларускай мове, а таксама выканаць яго цягам 180 дзён.

"Гомельская вясна".

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства