Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу Георгія Станкевіча

2014 2014-05-20T10:16:56+0300 2014-05-20T10:16:56+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/stankevich-georg-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Настаўнік з Бешанковічаў, паэт і бард Георгій Станкевіч хацеў аспрэчыць рашэнне раённага суда. 3 красавіка яго аштрафавалі на 7 з паловай мільёнаў рублёў (50 базавых велічынь) за выраб і распаўсюд газеты "Крывінка", якая выдаецца на ўласныя сродкі заснавальніка.

Разгляд ягонай скаргі адбыўся ў Віцебскім абласным судзе 7 траўня. Аднак сам Станкевіч не змог прыехаць, а суддзя Святлана Іванова адмовілася разглядаць ягоную скаргу публічна, нягледзячы на тое, што ў зале прысутнічалі аднадумцы Георгія Станкевіча і віцебскія праваабаронцы.

Рашэнне абласнога суду пра тое, што скарга Георгія Станкевіча не задаволена, ён атрымаў толькі цяпер. З дасланай па пошце пастановы вынікае, што абласны суд не ўбачыў працэсуальных парушэнняў падчас суду над заснавальнікам і выдаўцом "Крывінкі", і не заўважыў парушэння правоў Георгія Станкевіча.

"Так і напісана: "працэсуальных парушэнняў, якія маглі б пацягнуць за сабой адмену судовага рашэння, не выяўлена". А пра тое, што суд праходзіў без адваката, бо суддзя Наталля Рэут адмовілася пачакаць абаронцу з Мінску, якому я давяраў абарону сваіх інтарэсаў, напісана ўвогуле незразумела што: "сведчанне пра парушэнне права на абарону пацверджання не знайшло", бо я нібыта "пакінуў пасяджэнне без дазволу суддзі". Дзе тут логіка? Суддзя сама загадала мне пакінуць залу – пасля таго, як я некалькі разоў выказваў хадайніцтва, каб ў працэсе ўзяў удзел мінскі адвакат, з якім ужо дамовіліся, а не прадстаўнік раённай адвакацкай канторы, куды мяне адпраўляла суддзя. Гэтаксама я хадайнічаў, каб на суд паклікалі перакладчыка, бо я не дастаткова валодаю рускай мовай, каб зразумець усе юрыдычныя моманты. Аднак мне і ў гэтым адмовілі," – каментуе атрыманую пастанову Георгій Станкевіч.

Выдалены з залы суда выдавец "Крывінкі" падаў у пракуратуру скаргу на дзеянні суддзі Наталлі Рэут. Пракурор паабяцаў даць пісьмовы адказ, а ўмяшацца ў справу неадкладна не палічыў патрэбным. Была напісана і другая скарга на імя старшыні суда. Тым часам суддзя завяршыла працэс.Вынікам стаў штраф паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП за парушэнне парадку выдавецтва і распаўсюду "Крывінкі"

Суд па падобным абвінавачанні быў ужо трэцім для Георгія Станкевіча. Першую адміністрацыйную справу супраць яго і "Крывінкі" распачалі ў 2010 годзе. Скончылася на судом і штрафам памерам 20 базавых велічынь. Наступны штраф у 2012 г. быў ужо ў два разы большым – 40 базавых велічынь. Ранейшыя судовыя рашэнні таксама не ўдавалася абскардзіць у абласным судзе і ў вышэйшых судовых інстанцыях. Скарга Георгія Станкевіча наконт абвінавачання ў 2010 годзе чакае разгляду ў КПЧ ААН.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international