Юрась Алейнiк будзе судзiцца з Акадэмiяй кiравання

2007 2007-06-13T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Артыкул друкуе "Народная воля":

Ён скончыў школу з залатым медалём. На ўступных экзаменах у Акадэмiю набраў другую суму балаў сярод усiх абiтурыентаў — 27 па трох прадметах. Яго сярэднi бал за чатыры курсы навучання ў ВНУ — 8,4, а апошнюю сесiю Юрась Алейнiк здаў на ўсе “дзевяткi”. I ўсё ж яго адлiчылi з Акадэмii кiравання з такой звыклай для сучаснай Беларусi фармулёўкай — “за сiстэматычнае парушэнне вучэбнай дысцыплiны i правiлаў унутранага распарадку”. Адразу ж выкiнулi з iнтэрната, а ў будынак акадэмii дазваляюць заходзiць толькi ў прысутнасцi супрацоўнiкаў службы аховы.

Менавiта па такiм сцэнарыi ў мiнулым годзе падчас прэзiдэнцкiх выбараў выцiскалi з вядучых ВНУ краiны студэнтаў, якiя бралi актыўны ўдзел у палiтычным жыццi краiны. Толькi па праграме Калiноўскага сёння ў Польшчы навучаецца 300 адлiчаных з ВНУ на радзiме беларускiх студэнтаў. У гэтым годзе аб'яўлены конкурс яшчэ на 100 месц.

— Мяне адлiчылi iмгненна, — расказвае Юрась. — Ранiцай 16 мая я прыйшоў на валейбольны матч. З раздзявальнi — я нават не паспеў пераапрануцца — мяне выклiкалi ў дэканат. Там ужо знаходзiлiся тры намеснiкi дэкана, дакладней сказаць, намеснiкi дырэктара Iнстытута дзяржаўнага кiравання i эканомiкi, у якiм я навучаюся. Мне паведамiлi, што ўчора я быў адлiчаны з Акадэмii. Падстава — 22 гадзiны пропуску заняткаў у красавiку, а таксама неактыўны ўдзел у грамадскiм жыццi краiны. Нiхто не пацiкавiўся, па якой прычыне я адсутнiчаў, не спытаў, цi ёсць у мяне адпаведны дакумент. А я, напрыклад, хварэў i маю бюлетэнь. Калi падлiчыць, то атрымаецца, што толькi 6 гадзiн заняткаў я прапусцiў без уважлiвай прычыны. Што тычыцца грамадскага жыцця, то мне сказалi, што быццам бы я не браў удзел у апошнiх мясцовых выбарах. Так, я сапраўды не галасаваў, але ж я быў назiральнiкам на тых выбарах. Хто можа сказаць, што гэта меней адказна, чым непасрэдна галасаванне? Але гэта нiкога не цiкавiла. Мне нават не далi азнаёмiцца з загадам. Паказалi лiст, а потым вывесiлi яго на дошцы аб'яў.

Я думаю, што сапраўднай прычынай майго адлiчэння, як гэта ўжо здаралася не раз у Беларусi, стала мая грамадзянская пазiцыя. Я нiколi не ўтойваў сваiх поглядаў, у дэканаце ведалi, што я ўдзельнiчаю ва ўсiх санкцыянаваных мерапрыемствах апазiцыi, што я сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналiстаў” i ГА “Таварыства беларускай мовы iмя Францыска Скарыны”. У мiнулым годзе пасля “Чарнобыльскага Шляху” ў мяне i яшчэ трох такiх, як я, студэнтаў адбылася размова з намеснiкам рэктара па выхаваўчай працы Таццянай Печанёвай. Аднак тады яна сказала, што нам дадуць давучыцца, а вось ужо пры размеркаваннi... сашлюць па iнтарэсах, у чарнобыльскую зону... Я думаю, што апошняй кропляй для адмiнiстрацыi стаў i той факт, што ў красавiку я арганiзаваў сярод студэнтаў Акадэмii збор подпiсаў супраць адмены льгот. Сабраў больш за паўтысячы подпiсаў. Уяўляеце, па сутнасцi, Адмiнiстрацыя прэзiдэнта iнiцыявала законапраект аб адмене льгот, а студэнты, якiя навучаюцца ў прэзiдэнцкай установе, выступiлi супраць!

— Вы адзiны студэнт, якi папаў пад адлiчэнне?

— У загадзе ўзгадваюцца яшчэ чатыры прозвiшчы. 21 студэнту аб'яўлена вымова. Я даведаўся, што ў некаторых гэта ўжо другая вымова за семестр. А ў мяне ў гэтым семестры вымоў не было. Тыя, каго адлiчылi, вучылiся вельмi дрэнна, пераздавалi экзамены амаль кожную сесiю i мелi сапраўды шмат пропускаў. Мяне, атрымлiваецца, паставiлi з iмi ў адзiн шэраг.

Услых нiхто з адмiнiстрацыi Акадэмii не сказаў, за што рэальна мяне адлiчылi. Знайшоўся толькi адзiны чалавек з адмiнiстрацыi, якi на вуха мне прашаптаў: “Юрась, ты ж разумееш, што цябе адлiчылi не за прагулы, а за пазаакадэмiчную дзейнасць”. Чаму ж тады чэсна не напiсаць, што я адлiчаны за палiтыку?!

Самае прыкрае, што мяне адразу ж выкiнулi з iнтэрната. Нават не дазволiлi забраць асабiстыя рэчы. 31 мая, калi я прыйшоў у iнтэрнат, вахцёр выклiкаў мiлiцыю i ўчастковага. Жах ды i толькi! Участковы нават параiў мне напiсаць скаргу ў пракуратуру. У Акадэмiю мне таксама не дазваляюць зайсцi. Калi я туды прыйшоў адразу пасля адлiчэння, да мяне прыставiлi ахоўнiка, якi хадзiў за мною з кабiнета ў кабiнет. А пасля выклiкалi начальнiка службы аховы Акадэмii, якi, дарэчы, знаходзiўся ў адпачынку. Рэктар Станiслаў Князеў адмаўляецца прыняць мяне. Кожную сераду з 15 да 17 гадзiн ён вядзе прыём па асабiстых пытаннях. Я спрабаваў праз яго дарадцу запiсацца на гэты прыём, i кожны раз мне адмаўлялi ў сустрэчы. Дарадца Сяргей Сабалеўскi казаў, што ў рэктара няма часу для сустрэч.

— Юрась, а чаму ў свой час Вы вырашылi паступаць менавiта ў Акадэмiю пры прэзiдэнце ды яшчэ на такi факультэт — дзяржаўнае кiраванне?

— Ведаеце, сёння ў краiне адно дзяржаўнае кiраванне, а заўтра — iншае. Трэба ж рыхтавацца... Да таго ж пасля школы мяне адразу без iспытаў прымалi ў БДУ на эканамiчны факультэт. Дома на сямейным савеце мы вырашылi, што спачатку я паспрабую паступiць у Акадэмiю кiравання. Установа сур'ёзная, конкурс вялiкi. I я паступiў. Усе экзамены здаў на “дзевяткi”.

Я вельмi люблю вучыцца. Нас у бацькоў тры сыны. I ўсе мы прагнем ведаў. Сёлета мой старэйшы брат з чырвоным дыпломам скончыў маскоўскi МДIМА (МГ?#152;МО), зараз рыхтуецца да паступлення ў аспiрантуру. Малодшы яшчэ школьнiк, вучыцца выдатна. У гэтым годзе я паралельна паступiў у БДУ на факультэт сацыяльных тэхналогiй на спецыяльнасць рэферэнт-перакладчык. Пасля заканчэння Акадэмii збiраўся атрымаць яшчэ i юрыдычную адукацыю.

— Вы былi задаволены ведамi, якiя атрымлiвалi ў Акадэмii?

— Я амаль скончыў чатыры курсы, засталiся толькi залiкi i iспыты, таму, напэўна, магу даць нейкую ацэнку ведам. У свой час Акадэмiя кiравання стваралася як установа, куды за другой адукацыяй паступалi кiраўнiкi розных узроўняў i ўжо потым з'явiўся iнстытут студэнцтва, куды iшлi выпускнiкi школ. I мне здаецца, што адукацыю студэнты атрымлiваюць слабую, таму што няма спецыялiзацыi. Выходзiш з установы i не кiраўнiком, i не эканамiстам. Таму я для сябе вырашыў атрымаць абавязкова яшчэ адну адукацыю. Менавiта гэта i стала прычынай таго, што паралельна вучыўся ў БДУ.

— Вы маеце намер даказаць праз суд, што Вас адлiчылi незаконна?

— Так. У панядзелак 4 чэрвеня я падаў iскавую заяву ў суд. Адказчыкам па справе будзе Акадэмiя кiравання пры прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь. У заяве я пiшу, што парушаны мае правы i парушаны прынцып Канстытуцыi пра недапушчальнасць дыскрымiнацыi. З абаронцам мы налiчылi 6 пунктаў дыскрымiнацыi ў дачыненнi да мяне.

Ведаеце, занадта шмат ва ўсёй гэтай справе хiбаў, адчуваецца непадрыхтаванасць з боку адмiнiстрацыi. Такое ўражанне, што рашэнне ў адносiнах да мяне прымалася ў апошнюю хвiлiну.

— Юрась, Вы не адзiны студэнт, якi праз суд хоча дамагчыся аднаўлення ў ВНУ. У 2006 годзе Таццяна Хома — таксама выдатнiца, якая, як i Вы, была афiцыйна адлiчаная з эканамiчнага унiверсiтэта за пропускi заняткаў, — звярталася ў суд. Яе справа скончылася тым, што суд прызнаў адлiчэнне справядлiвым. Сёння Таццяна — студэнтка аднаго з аўстрыйскiх унiверсiтэтаў. Што Вы збiраецеся рабiць у выпадку, калi не атрымаецца даказаць праз суд неправамернасць Вашага адлiчэння?

— Першая мая рэакцыя на адлiчэнне — 5 хвiлiн шоку. А потым я зразумеў, што трэба нешта рабiць, трэба баранiць свае правы. За два тыднi я абышоў шмат якiя iнстанцыi, сустракаўся нават з кiраўнiком офiса АБСЕ ў Мiнску Оке Петарсанам. Яго вельмi зацiкавiла мая справа, асаблiва той момант, што ў маю падтрымку выступiла 250 студэнтаў. На iх аказваецца жорсткi цiск, iх выклiкалi ў дэканат, i некалькi чалавек адазвалi свае подпiсы. Наколькi мне вядома, на iмя рэктара была пададзена заява, якую падпiсалi 228 студэнтаў. Пераважна гэта мае аднакурснiкi i суседзi па iнтэрнаце. Многiя з iх збiраюцца iсцi ў суд баранiць мае правы. Ведаеце, можа, гэта дзiўна будзе гучаць, але я нават удзячны гэтаму адлiчэнню за тое, што я пабачыў, колькi ў мяне сапраўдных сяброў...

А што тычыцца будучынi... Ужо зараз паступаюць прапановы вучыцца ў Кiеве, Маскве, Вiльнюсе, Варшаве. Але я вельмi хачу вучыцца на Радзiме.

— Юрась, апошняе пытанне. Як родныя ўспрынялi навiну аб Вашым адлiчэннi?

— Я сказаў бы, мужна. Хаця апошнiм часам мацi прыходзiцца вельмi складана, здароўе падарвала, хапiла ёй нервовых сiтуацый з-за маёй грамадзянскай пазiцыi... У сакавiку мiнулага года пасля прэзiдэнцкiх выбараў я, вядома ж, быў на Кастрычнiцкай плошчы. Мяне затрымалi, але не арыштавалi, на мяне павесiлi крымiнальную справу, якую, дзякуй богу, праз два месяцы прыкрылi. Цяпер перад кожнай акцыяй апазiцыi i нават тады, калi ў горадзе што здарыцца, да мяне дадому ў Маладзечне прыходзяць мiлiцыянты з крымiнальнага аддзела. Бацька звычайна на працы, таму ўсе размовы яны вядуць з мацi.

Але я хацеў бы сказаць сваiм бацькам вялiкi дзякуй за падтрымку. Яны адразу ж сказалi: будзем трымацца разам, каб перамагчы гэтую несправядлiвасць.

ЗВАНОК У АКАДЭМIЮ КIРАВАННЯ

Дарадца рэктара Сяргей Сабалеўскi кажа, што студэнт 4-га курса Юрась Алейнiк быў адлiчаны з Акадэмii за сiстэматычныя пропускi заняткаў. Па яго словах, лiтаральна кожны месяц адзiн-два навучэнцы Акадэмii па гэтай прычыне пазбаўляюцца студэнцкiх бiлетаў. Ён, праўда, не патлумачыў, што значыць “сiстэматычныя пропускi заняткаў”. Калi за гэта выключылi выдатнiка Ю.Алейнiка, то што казаць пра дзесяткi, а можа i сотнi студэнтаў-парушальнiкаў, адзнакi якiх значна горшыя.

— Выпадак з Алейнiкам самы шараговы, — так, працягваючы размову, пракаменцiраваў сiтуацыю з адлiчэннем Юрася Алейнiка Сяргей Сабалеўскi. — Ён некалькi гадоў не хадзiў на заняткi (i як гэта хлопец умудрыўся заставацца выдатнiкам i дайшоў амаль да апошняга курса? — Рэд.). Па-чалавечы яго шкада. Але талент i веды не пазбаўляюць чалавека, тым больш будучага дзяржаўнага служачага, ад неабходнасцi адказваць за свае ўчынкi. На другiм курсе Юрый Алейнiк меў вымовы i папярэджанне за пропускi заняткаў, на трэцiм курсе ў яго была вымова i на чацвёртым таксама. За пропускi трэнiровак яго адлiчылi з каманды па валейболе. З боку Акадэмii не было нiякiх парушэнняў нарматыўнай базы. Калi ён мяркуе, што яго адлiчылi незаконна, можа звяртацца ў суд.

Калi слухаць спадара Сабалеўскага, то Ю.Алейнiка пакаралi справядлiва. А дзе логiка? Атрымлiваецца, што выдатнiкi вучобы не патрэбны Акадэмii кiравання пры прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь?

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international