viasna on patreon

Міліцыя апытвае суседзяў і сваякоў наваполацкага актывіста, які жыве ў замежжы

2014 2014-05-17T22:10:10+0300 2014-05-17T22:10:10+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/drazdou-vadzim-navapolack.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вадзім Драздоў

Вадзім Драздоў

Вадзім Драздоў ужо некалькі гадоў жыве ў Швейцарыі, але да падзеяў на Беларусі ён неабыякавы. Таму заснаваў незалежны інтэрнэт-рэсурс freeregion.info, дзе змяшчаюцца крытычныя матэрыялы на палітычныя тэмы, а таксама вядуць свае блогі вядомыя ў рэгіёне асобы. Нядаўна стала вядома, што міліцыя праводзіць праверку, ці не парушыў Вадзім Драздоў беларускае заканадаўства.

Пра тое, што вядзецца праверка, Вадзім Драздоў даведаўся ад адваката, нанятага ягонымі сваякамі. Але што за высновы зрабілі наваполацкія міліцыянты, так і застаецца таямніцай, кажа Драздоў:

"Падобна, тэрміны праверкі некалькі разоў працягвалі, бо яна праводзіцца на працягу ўжо больш як 40 дзён. Міліцыя ўсё яшчэ нешта шукае: мне паведамілі, што ў пачатку траўня супрацоўнікі прыходзілі да майго бацькі – у кватэру, дзе я прапісаны. Распытвалі пра мяне, пыталіся, ці мае ён кампутар. Потым хадзілі па суседзях, тлумачылі ім, што я "выступаю супраць Лукашэнкі", распытвалі, ці даўно мяне бачылі, і што могуць пра мяне распавесці. Складалі пратаколы апытанняў, напалохалі людзей, з якімі наша сям'я мірна жыла побач амаль 25 гадоў!"

Паводле Вадзіма Драздова, праверка ў дачыненні да ягонай асобы вядзецца з пачатку красавіка. Паводле звестак, атрыманых ад адваката, супрацоўнікі міліцыі пільна зацікаваліся сайтам freeregion.info, заснавальнікам якога з'яўляецца Вадзім Драздоў.

"А таму праверка праводзіцца з мэтай высветліць, ці не падпадае змест некаторых крытычных артыкулаў на нашым сайце пад крымінальны артыкул 369-1 "Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь". Яшчэ вядзецца і пра іншае – пра дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Адказнасць за гэта прадугледжана крымінальным артыкулам 193-1", -гаворыць актывіст.

Ён звяртае ўвагу не тое, што думкі пра заснаванне сайта freeregion.info з'явіліся разам з ідэяй стварыць грамадскае аб'яднанне "Свабодны рэгіён". Зараз існуе аргкамітэт па стварэнні гэтай суполкі. Адным з актывістаў з'яўляецца аўтар шэрагу матэрыялаў на аднайменным сайце, Яўген Парчынскі. Вядома, што і ён таксама апошнім часам трапіў у поле зроку мясцовай міліцыі.

На думку Вадзіма Драздова, якраз існаванне незалежнага інтэрнэт-рэсурсу стала падставай для праверак:

"У нас ёсць сталыя чытачы, некаторыя з іх дасылаюць нам для публікацыі сапраўдныя дакументы, агалошванне якіх недаспадобы ўладам. Таксама ў нас ёсць некалькі блогаў, дзе пішуць вядомыя ў рэгіёне асобы, у прыватнасці "урач-праўдаруб" Ігар Пастноў, якога летась прымусова накіравалі ў "псіхушку" пасля шэрагу крытычных выступаў… Блогерамі з'яўляюцца журналісты і грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў усёй Віцебскай вобласці. Яны пішуць дастаткова рэзка і крытычна. Адсюль – і ўвага з боку міліцыі, якая добра ведае, што я ўжо не першы год жыву ў Швейцарыі. Але старанна высветляе, якія стасункі ў мяне засталіся ў Беларусі".

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства