З распаўсюдам наркотыкаў змагаюцца "лоўляй на жыўца"

2014 2014-05-14T16:08:21+0300 2014-05-14T16:08:21+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/milicejskajamashyna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхарка Нароўлі Таццяна Бедарава накіравала зварот у Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай дапамагчы дабіцца перагляду крымінальнай справы яе сына, якую жанчына лічыць сфабрыкаванай. Раней яна, як і яе сын Аляксей, спрабавалі дабіцца перагляду справы ва ўсіх магчымых інстанцыях – судах, ад раённага да Вярхоўнага, пракуратуры, іншых органах, але марна.

Жыхар Нароўлі Аляксей Бедараў быў прызнаны вінаватым у збыце наркатычных сродкаў (ч.3 арт.328 Крымінальнага кодэксу) і пакараны пазбаўленнем волі на 9 з паловай гадоў. Маці ўпэўнена, што дадзенае пакаранне і крымінальная справа – вынік помсты з боку мясцовых міліцыянераў за адмову супрацоўнічаць і «узяць на сябе» крадзяжы, якія былі здзейснены невядомымі ў райцэнтры. «У майго сына былі раней праблемы з законам, і таму, што б ні здарылася ў Нароўлі – першай справай міліцыянеры прыходзілі да яго, праводзілі ператрусы, пагражалі. Так, у 2011 годзе на Аляксея ўзбудзілі крымінальную справу за захоўванне наркотыкаў. Падчас следства супрацоўнікі міліцыі настойліва патрабавалі ад сына, каб ён «узяў на сябе» некалькі нераскрытых крадзяжоў. Узамен абяцалі, што дапамогуць яму, і пакаранне па наркотыках будзе мінімальным. Сын адмовіўся, і тады яму пачалі пагражаць – маўляў, мы тут начальнікі, захочам – пасадзім надоўга. Так і здарылася потым», - распавяла Таццяна Бедарава.

Міліцыя правяла «праверачную закупку» - накіравала да Аляксея Бедарава з мэтай купіць у яго наркотыкі маладую жанчыну, у адносінах якой на момант правядзення «аператыўнага эксперыменту» таксама была распачата крымінальная справа за наркотыкі, - і ў выніку жыхар Нароўлі атрымаў больш за 9 гадоў пазбаўлення волі па прысуду раённага суда.

Між тым, пазней дадзены прысуд быў адменены Гомельскім абласным судом, а ў адрас супрацоўнікаў міліцыі было вынесена «прыватнае вызначэнне» за шматлікія парушэнні пры правядзенні следства. Але дадзеныя захады не дапамаглі Аляксею.

У крымінальнай справе і пры судовым следстве шматлікія парушэнні міліцыі пры «праверачнай закупцы» (калі жанчына, залежная ад наркотыкаў, і якая знаходзіцца «на кручку», пад следствам, дапамагае міліцыі «злавіць і пакараць» свайго ж «брата па няшчасці») былі выяўлены бокам абароны. Адны з іх – у крымінальнай справе фігуравалі дзве сведкі нібыта продажу наркотыкаў з боку Аляксея Бедарава. «На судзе ж выявілася, што дзве сведкі – гэта адна і тая ж асоба, але пад рознымі прозвішчамі. Я маю інфармацыю, што тая жанчына, якая нібыта купіла наркотыкі ў майго сына, сама была запалохана міліцыяй, таму што ў яе адносінах была ўзбуджана крымінальная справа, а міліцыя пагражала забраць у яе дзяцей. У крымінальнай справе напісана, што «праверачная закупка» была праведзена з 19.30 да 05.35, але гэты працяглы час – 8 гадзін, сведка знаходзілася невядома дзе, па-за ўвагай міліцыі, і таму як можна верыць такім «праверачным закупкам?», - здзіўляецца жанчына.

Згодна яе скарзе, пратаколы следчых дзеянняў увесь час перапісваліся і выпраўляліся. На шматлікія парушэнні з боку следства звяртае ўвагу жанчына ў звароце ў Адміністрацыю прэзідэнта. «Да сына падаслалі наркатычна залежную жанчыну, у адносінах якой была на той момант узбуджана крымінальная справа, каб яна падставіла майго сына, і такім чынам сама пазбегла адказнасці. Пры гэтым нават аформіць паперы, следчыя дакументы пісьменна і ў адпаведнасці з законам аператыўнікі не змаглі – столькі там парушэнняў, якія бачны нават звычайнаму абывацелю. Вось так і робяцца крымінальныя справы», - прыйшла да высновы жанчына.

Варта заўважыць, што міліцыя выкарыстоўвае часам такую практыку пры правядзенні «аператыўных эксперыментаў», калі наркаманаў, у адносінах якіх узбуджана крымінальная справа, выкарыстоўваюць, каб злавіць іх жа «братоў па няшчасці». Такімі людзьмі лёгка кіраваць і маніпуляваць за абяцанні змякчыць пакаранне.

У 2012 годзе 21-гадовая жыхарка Гомеля атрымала 8 гадоў пазбаўлення волі за знойдзеныя ў яе 0,18 грам амфетаміну. Да дзяўчыны падаслалі чалавека, які нібыта хацеў купіць наркотыкі, прычым ён не хаваў падчас следства, што правакаваў дзяўчыну па просьбе міліцыянераў. Гэты ж сведка раней быў затрыманы міліцыяй за продаж наркотыкаў, і, каб пазбегнуць суровага пакарання, згадзіўся «злавіць на жыўца» маладую дзяўчыну. Тая не адмаўляла, што ўжывала наркотыкі, але сцвярджала, што нікому іх не прадавала. Тым больш 0,18 грамаў – гэта ў пяць разоў менш мінімальнай партыі на продаж у 1 грам. Дарэчы, пасля шматлікіх скаргаў у судовыя інстанцыі крымінальная справа дзяўчыны была перагледжана, і пакаранне было зменшана.

У 2011 годзе па рашэнню суда Чыгуначнага раёна Гомеля быў поўнасцю апраўданы жыхар абласнога цэнтра Канстанцін Балуеў. Да гэтага ён чатыры гады правёў у калоніі за нібыта продаж наркотыкаў. Тое, што крымінальная справа была фальсіфікавана міліцыяй, было даказана ў час дадатковага следства, праведзенага пракуратурай.

Канстанцін Балуеў быў першапачаткова (у 2006 годзе) прызнаны судом вінаватым у збыце амфетаміну. Ён атрымаў пакаранне – 8 гадоў пазбаўлення волі. Расследаванне пракуратуры ў 2011 годзе паказала, што сведка (накіраваны на «кантрольную закупку» міліцыяй) не набываў наркотыкі ў Канстанціна Балуева, - грошы на «закупку», як і сам наркотык – амфетамін, сведка атрымаў у супрацоўнікаў міліцыі. Потым і грошы, і наркотыкі сведка аддаў міліцыі, і даў паказанні, што ён купіў амфетамін у Балуева. Потым, у час дадаткова следства, дадзены сведка прызнаўся, што даў паказанні пад ціскам міліцыі. Усе панятыя, якія прысутнічалі і фігуравалі ў справе, былі сябрамі аператыўніка.

Але і міліцыянеры часам самі актыўна ўключаліся ў барацьбу з наркотыкамі шляхам... продажу тых самых наркотыкаў. У 2010 годзе ў Гомелі суд вынес прысуд групе наркадылераў, адзін з якіх служыў у міліцыі. Маладыя жыхары Гомеля, у тым ліку 23-гадовы сяржант аднаго з аддзелаў Дэпартамента аховы, былі затрыманы міліцыяй за продаж марыхуаны.

У 2009 годзе суд Калінкавіцкага раёна пакараў 25-гадовага супрацоўніка палка ППСМ за збыт марыхуаны 8 гадамі пазбаўлення волі. У Гомелі ў 2009 годзе міліцыянер узвода ППСМ аддзела ўнутраных спраў на транспарце быў пакараны 10 гадамі пазбаўлення волі за продаж наркотыкаў.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international