viasna on patreon

Чавусы: кіраўніцтва вобласці разлічвае на добраахвотна-прымусовую дапамогу

2014 2014-05-14T14:49:04+0300 2014-05-14T14:49:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rudnik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама параіў, дзе знайсці грошы на будаўніцтва лыжа-ролеравай трасы ў Чавусах. Пётр Руднік лічыць, што неабходныя грошы можна знайсці праз “выцісканне” спонсарскай дапамогі ў камерцыйных структур і метад “народнага будаўніцтва”.

На мінулым тыдні ў Чавусах адбылася пазачарговая сесія Чавускага раённага Савета дэпутатаў 27 склікання, на якой было разгледжана шэраг пытанняў.

Як паведамляе інтэрнэт-сайт чавускай раённай газеты “Іскра”, пасля завяршэння сесіі перад дэпутатамі выступіў і адказаў на шэраг пытанняў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік.

У праватнасці, Пётр Руднік паведаміў дэпутатам, што для завяршэння будаўніцтва лыжа-ролернай трасы ў Чавусах у абласным бюджэце няма грошай, таму былі накіраваныя лісты на адрас кіраўнікоў шэрагу камерцыйных структур для аказання на гэты конт спонсарскай дапамогі, грошы ўжо пачалі паступаць.

Старшыня аблвыканкама распавёў пра тое, што грошы ў абласным бюджэце таксама няма і на рэканструкцыю раённага цэнтра культуры і адпачынку, і зарыентаваў мясцовае кіраўніцтва на пошук “спонсарскай дапамогі” і выкарыстанне метада “народнага будаўніцтва”.

Як адзначыў адзін з каментатараў на сайце газеты “Іскра”: “Як звычайна, грошай з абласнога бюджэта для Чавус няма. Разлічваць можна на ўласныя сродкі, а дакладней, на добраахвотна-прымусовую дапамогу арганізацый і жыхароў раёна”.

Неабходна адзначыць, што рэгулярнае выцісканне “добраахвотных” ахвяраванняў з боку прадпрыемстваў і арганізацый на самыя розныя патрэбы, і прымус людзей да ўдзелу ў разнастайнай безаплатнай працы даўно сталі нормай у Магілёўскай вобласці.

Цікава таксама, што на сесіі Чавускага райсавета адбылося прызначэнне на пасаду новага старшыні Чавускага райвыканкама Сяргея Драздоўскага. Папярэдні старшыня райвыканкама Анатолій Мацюлін, які ўзначальваў Чавускі раён з 2001 года, раней быў перасунуты на пасаду старшыні Чавускага райсавета. Між тым шмат хто з жыхароў Чавускага раёна лічыць, што менавіта “дзякуючы” шматгадоваму кіраванню Анатоля Алегавіча ў раёне практычна цалкам разваленая прамысловасць, не дэманструе значных поспехаў і сельская гаспадарка.

Вось так у Магілёўскай вобласці выконваюць кіруючае ўказанне Аляксандра Лукашэнкі аб недапушчальнасці перасоўвання “праваліўшыхся” кіраўнікоў з адной пасады на другую…

Спасылка на матэрыял: http://www.chausynews.by/?p=5639#more-5639

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства