Прафэсар Пастухоў: «Рэфэрэндум 1995 году юрыдычна нікчэмны»

2014 2014-05-14T11:38:43+0300 2014-05-14T11:38:43+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kanstytuzija.jpg
Канстытуцыя

Канстытуцыя

14 траўня 1995 году адбыўся першы ў гісторыі незалежнай Беларусі рэфэрэндум, ініцыяваны Аляксандрам Лукашэнкам.

У выніку беларуская мова страціла статус адзінай дзяржаўнай, а нацыянальныя сымбалі — бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня — былі замененыя ў якасьці дзяржаўных на падкарэктаваныя савецкія. Некаторыя юрысты і палітыкі дагэтуль упэўненыя — наступствы таго рэфэрэндуму юрыдычна нікчэмныя.

Рэфэрэндум 1995-га стаў першым у гісторыі незалежнай Беларусі. У бюлетэнь для галасаваньня ўключылі чатыры пытаньні:

«1. Ці згодны Вы з наданьнем расейскай мове аднолькавага статусу зь беларускай?

2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?

3. Ці падтрымліваеце Вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?

4. Ці згодны Вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі?»

Першыя тры пытаньні выносіліся на абавязковы рэфэрэндум, рашэньне якога было канчатковым, а апошняе мела рэкамэндацыйны характар.

Доктар юрыдычных навук, прафэсар, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду краіны Міхаіл Пастухоў сёньня сказаў Свабодзе, што ён доўга разважаў над легітымнасьцю рэфэрэндуму. І прыйшоў да высновы — такі рэфэрэндум нельга прызнаць законным:
  

Міхаіл ПастухоўМіхаіл Пастухоў

«Да нас у Канстытуцыйны суд тады зьвяртаўся Ніл Гілевіч. Ён прасіў праверыць правамернасьць вынясеньня на ўсенароднае апытаньне замены сымболікі, наданьня расейскай мове статусу дзяржаўнай, інтэграцыі з Расеяй. Суд ухіліўся ад гэтай справы.

Прайшоў час. Я пераканаўся — суду трэба было займацца разглядам скаргі народнага пісьменьніка і дэпутата. І выказаць сваю прынцыповую пазыцыю».

Міхаіл Пастухоў кажа: пытаньні на рэфэрэндум выносіліся з парушэньнем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, законаў аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме), аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь і шэрагу іншых заканадаўчых актаў:

«Для прыкладу возьмем моўнае пытаньне. Беларуская мова была адзінай дзяржаўнай, пра што запісана ў артыкуле 17 Канстытуцыі. Гэта пацьвярджалася і ў Законе аб мовах, які прынялі яшчэ ў 1990 годзе. І была прынятая доўгатэрміновая праграма паступовага ўвядзеньня беларускай мовы ва ўсе сфэры жыцьця.

Да таго ж у законе аб народным галасаваньні (рэфэрэндуме) было прапісана, што нельга выносіць на рэфэрэндум пытаньні, зьвязаныя з нацыянальнай гісторыяй, традыцыямі, культурай, мовай. То бок гэтыя пытаньні наагул не павінны былі стаць прадметам нейкіх сумненьняў і абмеркаваньняў. І тым ня менш гэтыя пытаньні былі пастаўленыя на галасаваньне».

Спадар Пастухоў падсумоўвае: «Гэтыя пытаньні не павінны былі выносіцца на рэфэрэндум. У выніку тое, што адбылося, супярэчыла і Канстытуцыі, і дзейнаму тады заканадаўству. І таму вынікі рэфэрэндуму ня могуць мець легітымнасьці і юрыдычнай моцы з моманту вынясеньня гэтых пытаньняў на разгляд».


Аляксандар Лукашэнка вырашыў дамагацца рэфэрэндуму празь Вярхоўны Савет, — успамінае тагачасны дэпутат Лявон Дзейка. 11 красавіка парлямэнт пачаў абмяркоўваць магчымасьць уключэньня ў бюлетэнь пытаньня пра мову. У выніку дыскусіі і галасаваньня ініцыятыва прэзыдэнта не знайшла падтрымкі. Захаваліся афіцыйныя вынікі — з агульнай колькасьці 238 дэпутатаў у галасаваньні ўдзельнічаў толькі 141. «За» выступілі 124. Але гэтага было мала.

Пасьля адхіленьня парлямэнцкімі камісіямі прапановы аб ініцыяваньні рэфэрэндуму Лукашэнка заявіў, што правядзе рэфэрэндум бяз згоды парлямэнту. У адказ на гэта больш за два дзясяткі дэпутатаў абвясьцілі галадоўку пратэсту непасрэдна ў Авальнай залі.
  

Лявон ДзейкаЛявон Дзейка

У ноч з 11 на 12 красавіка людзі ў масках і камуфляжнай форме жорстка зьбілі дэпутатаў, праігнараваўшы іх недатыкальны статус, і выкінулі на вуліцу. Толькі пасьля гэтых падзеяў дэпутаты 13 красавіка прынялі з парушэньнем працэдуры пастанову аб правядзеньні рэфэрэндуму.

Распавёўшы пра гэта, Лявон Дзейка робіць выснову — рэфэрэндум нельга лічыць легітымным. І справа ня толькі ў парушэньнях заканадаўства:

«Тут, мне падаецца, самае галоўнае іншае. Пасьля таго як у парлямэнт увялі войска, узброеныя сілы, ён перастаў быць парлямэнтам. Бо гэты орган у любой краіне абсалютна недатыкальны для любой іншай структуры. Вярхоўны Савет — гэта орган найвышэйшай прадстаўнічай улады.

галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 красавіка 1995 году

галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 красавіка 1995 году


Наступствы гэтага незаконнага рэфэрэндуму мы бачым ужо цягам амаль дваццаці гадоў. Ідзе татальнае вынішчэньне беларускай мовы. Улада і тая, і цяперашняя, а па сутнасьці адна і тая ж, у шэрагу пытаньняў — грамадзкіх, культурных, сацыяльных — пакідае пасьля сябе проста папялішча».

«Што было б сёньня з роднай мовай у Беларусі, калі б рэфэрэндум 1995 году не адбыўся?» — такім пытаньнем задаецца кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў. І сам жа адказвае:
  

Уладзімер НякляеўУладзімер Някляеў

«Калі б не было рэфэрэндуму і беларуская мова захавала свой статус адзінай дзяржаўнай, дык, вядома, сытуацыя б выглядала значна лепшай. Я ня ўпэўнены, што яна была б ідэальная. Бо нейкі час ва Ўкраіне была такая сытуацыя, калі там не было ніякага статусу рэгіянальнай мовы для расейскай мовы. Адзінай дзяржаўнай была ўкраінская. І тым ня менш праблемы з мовай там былі.

Мы выйшлі ўсе з Савецкага Саюзу, дзе ўсё магло быць па форме нацыянальным, а па зьмесьце — савецкім. Мы засталіся савецкімі і маем савецкі зьмест. І пра тое, што яго ніхто ня хоча мяняць, сьведчыць адмова Менскага гарвыканкаму, а гэта значыць — уладаў, рэжыму, у правядзеньні агульнага маршу за незалежнасьць. А гэта значыць — і за мову нашу нацыянальную, і за культуру, і за гісторыю нашу, а не прыдуманую кімсьці.

Мы хацелі правесьці марш пад усімі, якія сёньня ёсьць, сьцягамі. І пад дзяржаўнымі, і пад нацыянальнымі. Але гэтага ўлады не захацелі. Аглядкі на Ўсход, на Расею як былі, так і ёсьць».
  

Лявонці ЗданевічЛявонці Зданевіч

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьняЛявонці Зданевіч, як і Лявон Дзейка, удзельнічаў у галадоўцы пратэсту. Перад гэтым спадар Зданевіч выступіў у Авальнай залі. Архітэктар і дызайнэр паводле адукацыі спрабаваў пераканаць калегаў па парлямэнце не галасаваць за правядзеньне рэфэрэндуму.

Сёньня ў размове са Свабодай Лявонці Зданевіч казаў: у сваім выступе ён спрабаваў пераканаць дэпутатаў, што бел-чырвона-белы сьцяг — гэта вышыня эстэтыкі, сымбалізму і стылізацыі:

«З пункту гледжаньня густу, прыгажосьці, ляканізму што можа быць больш стылізаваным і ляканічным, як палоска крыві на белай тканіне, праўда? Гэта ж — вяршыня. А са зьмястоўнай сутнасьцю? Гэта ж проста Божы дар, што нам гісторыя дала магчымасьць гэта выкарыстаць. І гэта заўсёды застанецца за намі. Ніводная краіна сабе гэта ня возьме. Бо ўсе ведаюць, што гэта наша.

І, вядома, гэты сымбаль ёсьць і будзе. Ён заўсёды ў маім сэрцы. Пройдзе час, і ён вернецца на нашу зямлю. Я ў гэтым абсалютна ўпэўнены».

Яшчэ два рэфэрэндумы ў Беларусі праходзілі ў 1996 і 2004 гадах.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international