viasna on patreon

Маніторынгавая справаздача па выніках назірання за ходам масавага мерапрыемства "Чарнобыльскі шлях - 2014"

2014 2014-04-28T08:28:56+0300 2016-06-15T23:34:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/charnobyl-2014-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
"Чарнобыльскі шлях-2014"

"Чарнобыльскі шлях-2014"

У дзень гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 26 красавіка 2014 г., у Менску адбылося санкцыянаванае масавае мерапрыемства (дэманстрацыя і мітынг). Мерапрыемства з’яўляецца традыцыйным для беларускай апазыцыі і грамадскіх экалагічных аб’яднанняў. Падчас дадзенай акцыі ажыццяўлялася грамадскае назіранне па ініцыятыве РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і Праваабарончага цэнтра “Вясна” ў складзе 10 назіральнікаў, якія запаўнялі ўніфікаваныя карты з мэтай аб’ектыўнай ацэнкі характару сходу, а таксама фіксацыі магчымых парушэнняў правоў чалавека ў ходзе мерапрыемства. Паводле інфармацыі з гэтых картаў (пазначаных там фактаў) быў зафіксаваны ход масавага мерапрыемства, дзеянні супрацоўнікаў праваахоўных органаў і ўдзельнікаў. У дадзенай справаздачы абазначаныя асобныя аспекты вынікаў назірання, аналіз адпаведнасці масавага мерапрыемства міжнародным стандартам у галіне свабоды мірных сходаў, а таксама рэкамендацыі для прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і арганізатараў.

І. Высновы:

  1.                 Можам адзначыць мірны характар масавага мерапрыемства (калі “арганізатары маюць мірныя намеры і сход мае негвалтоўны характар”) цягам усёй акцыі.
  2. Мелі месца факты абмежавання права на мірныя сходы ў выніку адмовы аднаму з арганізатараў у правядзенні масавага мерапрыемства, адвольнай змены часу і маршруту масавага мерапрыемства, а таксама празмерна неабгрунтаваныя меры бяспекі пад час збору на месца правядзення мітынгу;
  3. Асаблівую занепакоенасць выклікаюць факты адвольных затрыманняў як прэвентыўна (8 чалавек – спіс вышэй), так і пасля мерапрыемства (вядома пра затрыманне Юрыя Рубцова, Леаніда Смаўжа, Мікалая (прозвішча ўдакладняецца), яшчэ 3х актывістаў, што з’яўляецца грубым парушэннем правоў дадзеных асобаў.

3.1.   Затрыманні ўдзельнікаў масавага мерапрыемства насілі незаконны характар, і былі скіраваныя на запалохванне ўдзельнікаў акцыі, а таксама як працяг практыкі палітычных рэпрэсій у дачыненні да палітычнай апазіцыі і грамадскіх актывістаў.

  1.                 Трэба адзначыць немагчымасць ідэнтыфікаваць на масавым мерапрыемстве супрацоўнікаў праваахоўных органаў як такіх праз адсутнасць у значнай часткі форменнай вопраткі, а таксама адсутнасць ідэнтыфікацыйных бэйджаў на пераважнай большасці супрацоўнікаў у форме.

Да таго ж варта адзначыць, што рэгуляванне парадку правядзення масавых сходаў у Беларусі, замацаванае Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” ад 30 снежня 1997 года (у рэдакцыі ад 08.11.2011), супярэчыць міжнародным стандартам. У сумесным заключэнні Венецыянскай камісіі і БДІПЧ/АБСЕ (CDL-AD (2012) 006) адзначана: “Закон аб масавых мерапрыемствах характарызуецца падрабязным празмерным рэгуляваннем працэдурных аспектаў правядзення сходаў. Закон стварае складаную працэдуру захавання жорсткай і працаёмкай працэдуры атрымання дазволу, у той жа час пакідаючы большую свабоду дзеянняў адміністрацыйным органам для прымянення Закона. Гэтая працэдура не адлюстроўвае пазітыўнае абавязацельства дзяржавы забяспечваць і заахвочваць ажыццяўленне права на свабоду мірных сходаў і на свабоду выказвання меркаванняў”. Акрамя таго, Камітэт па правах чалавека ААН неаднаразова адзначаў парушэнні права на свабоду мірных сходаў з боку Беларусі (арт.21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.).

ІІ. Кантэкст масавага мерапрыемства

Першапачаткова заяўка на правядзенне масавага мерапрыемства была пададзеная 8 красавіка 2014 года ад імя трох арганізатараў – Янукевіча А.А. (Старшыня Партыі БНФ), Хоміч М.У. (кіраўнік моладзевага крыла БХД ) і Дабратвора І.М. (палітычны актывіст) на збор удзельнікаў на пляцоўцы каля ўваходу ў кінатэатр “Кастрычнік”, дэманстрацыю па маршруце вул.Хмяльніцкага  –  вул.Я.Коласа – вул.Лагойскі тракт – вул.Мірашнічэнкі – урочышча Курапаты (з наступным мітынгам там) у часе з 11.30. Аднак рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэту ад 17.04.2014 г. №4-3/776 Дабратвору І.М. было адмоўлена ў статусе арганізатара масавага мерапрыемства ў сувязі з тым, што ён мае адміністратыўную адказнасць за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (24.03.2014 – арт.23.34 КаАП) і таму згодна з арт. 4 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” ад 30 снежня 1997 года (далей – Закон) “не можа быць арганізатарам масавага мерапрыемства 26.04.2014, выступаць у сродках масавай інфармацыі, глабальнай камп’ютэрнай сетцы Інтэрнэт альбо іншых інфармацыйных сетках ў якасці іх арганізатара ці ад імя арганізатараў”. Да таго ж, у рашэнні ад 17.04.2014 г. №4-3/775 Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт змяніў час і месца правядзенне масавага мерапрыемства. Арганізатары вымушаныя былі падпарадкавацца дадзенаму рашэнню.

Мы расцэньваем дадзеныя рашэнні як абмежавальныя ў кантэксце права на свабоду мірных сходаў, якія не могуць мець месца ў дэмакратычнай дзяржаве і не маюць легітымнай падставы згодна з міжнароднымі стандартамі.

Варта адзначыць, што напярэдадні дадзенага масавага мерапрыемства былі затрыманыя 8 чалавек: Максім Вінярскі, Ілля Дабратвор, Аляксандр Сцепаненка, Уладзь Сяргееў, Зміцер Дашкевіч,  Аляксандр Францкевіч, Анатоль Мірашнічэнка і Уладзіслаў Запасаў. Затрыманні і адміністратыўныя арышты былі праведзены па сфальсіфікаваных абвінавачваннях у дробным хуліганстве, альбо па іншых беспадстаўных матывах. Дадзеныя затрыманні расцэньвацца як адвольныя. Фактычна органы ўнутраных спраў, а таксама суды прыцягваюць практыку незаконных затрыманняў па сфабрыкаваных абвінавачваннях, чым парушаюць ня толькі нормы нацыянальнага заканадаўства, але і міжнародныя абавязацельствы краіны.

ІІІ. Ход масавага мерапрыемства

Падчас масавага мерапрыемства былі зафіксаваныя наступныя факты:

-                     пры заяўленай колькасці ўдзельнікаў да 950 чалавек на месцы збору колькасць ўдзельнікаў – каля 510 чалавек, каля 420 чалавек бралі ўдзел на падыходзе да Парку Дружбы народаў, 30 чалавек – у мітынгу;

-                     адсутнічалі перашкоды з патрапленнем на месца збору, а таксама для працы назіральнікаў і СМІ;

-                     арганізатары масавага мерапрыемства былі абазначаныя бэйджамі. Дружына адсутнічала;

-                      заклікаў да гвалтоўных дзеянняў з боку ўдзельнікаў не зафіксавана;

-                     удзельнікі выкарыстоўвалі наступныя плакаты і транспаранты: "Чарнобыльскі шлях", “Чарнобыль - наш боль, мы памятаем", "За незалежную Беларусь", "Нет другой АЭС", "Нет АЭС в Беларуси",“Нет АЭС”, "Нет самострою Островецкой АЭС", "Купила АЭС для внуков на свою пенсию", "Мирному атому нет места даже на свалке", "АЭС светит, греет, убивает", “Твоё молчание – знак согласия”, "Строитель, на лекарства потратишь больше, чем заработаешь на строительстве", "Технологии бывают разные: чистые и грязные, что выбираешь ты?", "Свабоду Васьковічу, свабоду палітвязьням!", "Нашим детям не нужен новый Чернобыль", "Мой дом - моя крепость?", "Белорус - ты на счётчике - с тебя 1000 $ на АЭС", "Беларуская аўтакефальная царква”, "Верните льготы чернобыльцам", "2 головы - хорошо?", "Радиация не воробей - выпустишь - не воротишь", "Мы супраць будаўніутва Астравецкай АЭС";

-                     былі выкарыстаная наступная сімволіка: бела-чырвона-белыя сцягі (каля 10), 1 сцяг Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, 2 сцягі “Еўрапейскай Беларусі”, 2 - “Маладой Беларусі”;

-                     ужываліся лозунгі: “Жыве Беларусь”, “Слава Ўкраіне – героям слава”, “Нет АЭС”;

-                     патрабаванняў да ўдзельнікаў з боку арганізатараў не паступала, з боку праваахоўных органаў усе патрабаванні ўдзельнікі выконвалі;

-                     былі зафіксаваныя спыненні 2-х машын з удзельнікамі з боку супрацоўнікаў ДПС, першыя падавалі гукавыя сігналы і мелі адметныя налепкі на бамперах (Пагоня, нацыянальны сцяг);

-                     сярод прадстаўнікоў органаў аховы правапарадку былі заўважаныя: асобы ў форме з надпісам “омон” – 40 чалавек, “міліцыя” – 30 чалавек, ДПС – 10 чалавек, супрацоўнікі міліцыі ў цывільнай вопратцы (з навушнікамі, мікрафонамі, відэакамерамі, рацыямі) – каля 60 чалавек. Пры сабе яны мелі: кайданкі, гумовыя палкі, спецыяльныя хімічныя рэчывы, сродкі сувязі, табельную зброю;

-                     падчас масавага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі не ўжывалі фізічную сілу, але назіральнік зафіксаваў факты выкарыстання сілы пры затрыманні Юрыя Рубцова, Леаніда Смаўжа і Мікалая (прозвішча высвятляецца) на прыпынку тралейбуса “вул.Валгаградская”;

-                     ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў міліцыі як такіх можна было пераважна па форменнай вопратцы, толькі некалькі супрацоўнікаў мелі пры гэтым бэйджы і нагрудныя знакі (з дробным тэкстам і лічбамі, непрыстасаванымі для ідэнтыфікацыі). Вялікая колькасць кіраўнікоў РУУСаў Мінску, кіраўнікоў ГУУС Мінгарвыканкама знаходзіліся на масавым мерапрыемстве ў цывільнай вопратцы;

-                     супрацоўнікі міліцыі не ішлі на належную камунікацыю з назіральнікамі.Так, яны не маглі назваць колькасць супрацоўнікаў, якія ахоўваюць масавае мерапрыемства, а толькі абыходзіліся дзяжурнымі фразамі “дастаткова” ці “не ведаю”;

-                     пры падыходзе на месца правядзення мітынгу мелі месца перашкоды ў выглядзе металічных рамак (5) з выкарыстаннем металашукальнікаў і абавязковым асабістым даглядам. Гэтая працэдура займала шмат часу і мела нізкую прапускную здольнасць, што прымусіла значную частку ўдзельнікаў адмовіцца ад удзелу ў мітынгу;

-                     выступы на мітынгу прафесара Георгія Лепіна, Аляксея Янукевіча, Тацяны Новікавай, Дмітрыя Кучука не ўтрымлівалі агрэсіўных і гвалтоўных заклікаў;

-                     толькі некалькі назіральнікаў зафіксавалі 2 машыны хуткай дапамогі, але адзначалі аддаленасць іх знаходжання ад удзельнікаў масавага мерапрыемства і немагчымасць пад’ехаць для аказання экстрэннай меддапамогі пры неабходнасці;

-                     пасля завяршэння акцыі беспадстаўна былі затрыманыя 6 ўдзельнікаў акцыі, сярод іх вядомы прозвішчы Юрыя Рубцова і Леаніда Смаўжа. Затрыманыя былі дастаўлены ў ЦІП па 1м зав. Акрэсціна ў Менску, адкуль 28 красавіка яны будуць дастаўлены ў суд Савецкага раёну для разгляду адміністратыўных спраў.

IV. Рэкамендацыі

Арганізатарам:

*Ажыццяўляць больш актыўную камунікацыю з праваахоўнымі органамі і ўдзельнікамі, асабліва звярнуць увагу на забеспячэнне бесперашкоднага руху праз перакрыжаванні і пры патрапленні на месца правядзення мітынгу. Па магчымасці арганізоўваць дружыну.

Супрацоўнікам праваахоўных органаў:

*спыніць паслядоўную практыку адвольных затрыманняў напярэдадні і падчас мірных сходаў;

*у адпаведнасці з арт.5 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб органах унутраных спраў", "дзейнасць органаў унутраных спраў з'яўляецца галоснай". Кіруючыся гэтай нормай, лічым, што ўсе супрацоўнікі павінны ажыццяўляць ахову грамадскага парадку падчас масавых мерапрыемстваў у форменнай вопратцы, а таксама быць пазначанымі ідэнтыфікацыйнымі карткамі (бэйджамі);

*абазначыць кантактную асобу з ліку супрацоўнікаў міліцыі для камунікацыі з назіральнікамі, СМІ і арганізатарамі масавага мерапрыемства;

* забяспечыць бесперашкодны рух калоны ўдзельнікаў праз перакрыжаванні са спыненнем руху транспартных сродкаў.

Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:

*ініцыяваць змены ў беларускае заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды мірных сходаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства