Пасля прыезду ў Мінск Міхась Кукабака завітаў у «Вясну» і наведаў Курапаты (фота)

2014 2014-04-22T23:10:31+0300 2014-04-22T23:12:05+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kukabaka_u_kurapatah-0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міхась Кукабака

Міхась Кукабака

22 красавіка вядомы дысідэнт, праваабаронца і публіцыст Міхась Кукабака прыехаў у Беларусь - на роднай зямлі ён не быў 15 гадоў.

Зранку Міхась Ігнатавіч завітаў у Праваабарончы цэнтр “Вясна”, каб пазнаёміцца з сябрамі арганізацыі. Гэтая сустрэча была даўнім жаданнем кіраўніка “Вясны” Алеся Бяляцкага, якую ён, на жаль, не паспеў рэалізаваць да зняволення. Узрадаваны навіною пра прыезд такога шаноўнага госця, ён даслаў сваё вітальнае слова. “Дзядзьку Міхасю перадавайце маё цёплае прывітанне і шанаванне бясконцае. Ён – праўдзівы асілак духу і ўласнай годнасці”, - піша палітвязень на паштоўцы з краявідамі старога Бабруйска, які з’яўляецца родным горадам адрасата.

Міхась Кукабака, якога чатыры разы судзілі па палітычных матывах, у размове з праваабаронцамі ўзгадваў свае турэмна-лагерныя гісторыі, распавядаў, як яго “прэсавалі”, каб дамагчыся прашэння пра памілаванне. “Мне казалі, маўляў, напішы хаця б коратка: прашу мяне вызваліць. На гэта я адказваў, што мяне ж не прасілі напісаць: прашу мяне пасадзіць”, - іранізуе сёння апошні палітычны вязень савецкіх лагераў, які прынцыпова настойваў на рэабілітацыі. І, зразумела, тут не абыйшлося без паралеляў з сённяшняй беларускай рэчаіснасцю.

Пасля Міхась Кукабака наведаў Курапаты – урочышча-напамін пра сталінскія рэпрэсіі. Ён распавёў, што ўпершыню пабываў на месцы масавых расстрэлаў праз пару гадоў пасля вызвалення і спрычыніўся тады да ўсталявання вялікага памятнага крыжа.

Сёння асоба “антысаветчыка” Кукабакі, як і ўрочышча Курапаты, з’яўляецца сімвалам змагання супраць камунізму. “Пад імем камунізма хаваўся рускі фашызм… Калі параўноўваць з традыцыйным фашызмам, то камунізм яго вышэйшая стадыя… Раскрыем галоўны палітычны міф, які культывуецца ў Расіі. Па сканчэнні Другой сусветнай вайны і да сённяшняга дня насельніцтву намаўляецца адкрытая хлусня, што СССР нібыта “перамог” фашызм. Насамрэч фашызм перамагла англа-амерыканская кааліцыя, на занятых ёю тэрыторыях. Там былі сфармаваныя дэмакратычныя органы ўлады. На тэрыторыях жа акупаваных Сталіным гітлераўскі фашызм змяніўся на рускі…” – выкладае ён сваё бачанне ў адным з нядаўніх артыкулаў.

Нагадаем, за плячыма Міхася Кукабакі каля 17 гадоў зняволення ў турмах, лагерах і псіхбальніцах. Ён быў вызвалены з пермскага лагера ў снежні 1988 года ў сувязі з "гарбачоўскай амністыяй палітвязняў". Быў рэабілітаваны Вярхоўным Судом БССР па ўсіх абвінавачваннях ў 1991 годзе, тады ж вярнуўся ў Беларусь, дзе меў намер працягнуць праваабарончую дзейнасць, чаго не пажадалі мясцовыя ўлады. Вядомы дысідэнт быў вымушаны з'ехаць, перабраўся ў Маскву, дзе жыве і цяпер.

Міхась Кукабака ў офісе "Вясны". 22.04.2014

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international