Хоцімская міліцыя не можа (ці не хоча) знайсці паклёпнікаў (дакумент)

2014 2014-04-21T13:35:38+0300 2014-04-21T13:35:38+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/milicija-belarusi1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч атрымаў адказ з Хоцімскага РАУС на сваю заяву з патрабаваннем правесці расследванне, выявіць асобаў, якія здзейснілі абразу і паклёп на яго адрас, і прыцягнуць іх да адказнасці па закону.

У адказе, у прыватнасці, паведамляецца, што “па Вашай заяве аб прыцягненні да адказнасці асоб, якія ў глабальнай сетцы інтэрнэт у зневажальнай форме пракаментавалі Вашы фотаздымкі, Хоцімскім РАУС праводзілася праверка. У адпаведнасці з п. 2, ч.1, арт.1026 ПВКаАП Рэспублікі Беларусь у адносінах да неўстаноўленых асоб вынесена пастанова аб спыненні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні з-за не ўстанаўлення дадзеных асоб.

Пры устанаўленні асоб, якія здзейснілі правапарушэнне, правапарушальнікі будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці”.

“Фактычна нашы хоцімскія міліцыянеры ўласнаручна распісаліся ва ўласным бяссіллі, - кажа Валерый Каранкевіч. – Яны не змаглі ці не захацелі знайсці тых людзей, якія не проста нешта пракаментавалі, а якія на інтэрнэт-сайце voskresinfo.com рэгулярна змяшчаюць матэрыялы паклёпніцкага зместу адносна мяне і іншых грамадскіх актывістаў Магілёўскай вобласці. Не магу сказаць, ці ім сапраўды не хапае ведаў, ці яны проста не захацелі нікога шукаць, аднак я абавязкова абскарджу рашэнне хоцімскіх міліцыянераў у Магілёўскім УУС”.

Здзіўленны адказам з Хоцімскага РАУС і магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. На думку спадара Бухеля, калі супрацоўнікі Хоцімскага РАУС самі не маглі даць рады ў росшуку інтэрнэт-паклёпнікаў, то яны павінны былі перанакіраваць заяву Валерыя Каранкевіча ў адмысловы аддзел Магілёўскага УУС, які займаецца злачынствамі ў гэтай галіне. Праваабаронца дапаможа Валерыю Каранкевічу ў складанні адпаведнай заявы ва ўпраўленне унутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама.

Нагадаем, што грамадскі актывіст з гарадскога пасёлка Хоцімск Валерый Каранкевіч 7 красавіка падаў заяву аб здзяйсненні правапарушэння ў Хоцімскі РАУС.

У заяве на імя начальніка Хоцімскага РАУС А. Талкачова Валерый Каранкевіч прасіў супрацоўнікаў міліцыі правесці расследванне, выявіць асоб, якія здзейснілі абразу і паклёп на яго адрас і прыцягнуць іх да адказнасці па закону.

Падставай для напісання заявы ў Хоцімскі РАУС паслужылі змешчаныя ў перыяд перадвыбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў і раней на інтэрнэт-рэсурсе voskresinfo.com матэрыялы паклёпніцкага і ганьбячага зместу ў адносінах Валерыя Каранкевіча, зневажаючыя яго гонар і годнасць.

Напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы на пэўных інтэрнэт-рэсурсах Магілёўскай вобласці рэгулярна пачалі з’яўляцца публікацыі паклёпніцкага зместу пра дэмакратычных актывістаў і незалежных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў Магілёўскай вобласці. На электронныя адрасы некаторых мясцовых журналістаў хтосці пастянна дасылае лісты са спасылкамі на такія матэрыялы.

На жаль, супрацоўнікі міліцыі чамусці не выказваюць вялікага імпэту ў пошуках “невядомых” інтэрнэт-паклёпнікаў.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international