Аўтуховіч: “Калі я выйшаў на свабоду, былая начальніца падатковай папрасіла сабе асабістую ахову”

2014 2014-04-17T19:08:00+0300 2014-04-18T11:22:47+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mikalai-autukhovich-2014-04-18.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Былы палітвязень і вядомы ваўкавыскі бізнэсоўца распавёў пра ўмовы ўтрымання і парадкі ў беларускіх турмах, пра тое, якім ён бачыць прадпрымальніцкі рух на Беларусі і як ацэньвае ўзровень карупцыі ў краіне. 

 

-  Паводле прысуда вы не можаце ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць. Чым думаеце заняцца ў бліжэйшы час?

-  Сапраўды, паводле першага прысуду я не магу займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю пяць год. Паколькі мяне ў 2008 вызвалілі на два месяцы раней, пасля лішак тэрміну дадалі да другога прысуду. У выніку, адлік гэтых пяці год забароны на ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці ідзе ад майго апошняга вызвалення. Але разам з тым, ліквідаваць ІП я не магу – на мне вісіць доўг перад дзяржавай. Вось такая прававая калізія. Пакуль дакладна не ведаю, чым буду займацца. Жонка можа весці бізнэс, а ёй дапамагаць. Але зараз  найперш хачу заняцца сваім здароўем.

Шмат год прайшло, як вы спынілі займацца бізнэсам. Як ацэньваеце сённяшні прадпрымальніцкі рух на Беларусі? Можа, штосьці чулі ад знаёмых, якія засталіся ў гэтай сферы…

-  Вельмі шмат прадпрымальнікаў сышло. Некаторыя за гэтыя гады падняліся вышэй. Але гэта больш датычна малога бізнэсу. Зараз вельмі цяжка працаваць. Хоць я сядзеў у турме, стараўся адсочваць, як змяняецца заканадаўства. Бачу, што становіцца толькі горш. Нават у мой час было вельмі цяжка выйсці ў нейкі “плюс”, калі працаваць сумленна. І раней, і зараз людзі шукаюць магчымасць неяк падмухляваць, каб мець нармальны прыбытак.

-  Як на вас паўплывалі ўмовы ўтрымання ў турме?

-  Па-іншаму глядзіш на жыццё і свае патрэбы. Калі раней я працаваў для таго, каб напрыклад, мець на беразе мора дом, яхту, невялікі верталёт, і я да гэтага ішоў, калі б у мяне нічога не забралі, я б мог сабе гэта дазволіць, то цяпер я да гэтага не імкнуся. Матэрыяльнае адыйшло на другі план. Адчуў, што духоўнае нашмат важней. Пасля турмы бачу моцную падтрымку ад знаёмых, сяброў. Людзі імгненна адгукаюцца. Нешта дапамагаюць, прывозяць, проста так, без грошай.

Вы вядомы як барацьбіт з карупцыяй. На ваш погляд, наколькі глыбока гэтая “хвароба” пранікла ў нашыя дзяржаўныя органы?

- Вельмі глыбока. Я адбыў за кратамі пяць год і два месяцы, а тут нічога не змянілася. Мае блізкія сачылі за тымі людзьмі, хто мяне пасадзіў. Як былі хапугамі, так і засталіся. Яны нават падняліся па кар’ернай. Супрацоўніца падатковай Ганна Місько стала начальнікам інспекцыі ў Ваўкавыску. А яе ж судзілі! Хай сабе яна пазбегла адказнасці, бо сышоў тэрмін даўніны, але як з такім мінулым чалавека можна прызначыць на такую пасаду? Або Тамара Стасевіч, якая ўзначальвала падатковую… Яна незаконна ўладкавала дачку вучыцца ва ўніверсітэт за дзяржаўныя грошы, а яе павысілі да намесніка начальніка Гродзенскай абласной падатковай інспецыі! Дарэчы, мне казалі, што ў дзень майго вызвалення яна папрасіла, каб ёй выдалі асабістую ахову. Калі яна не займалася карупцыяй, калі яна ні ў чым не вінаватая, то чаго ёй баяцца майго выхаду на свабоду?

Лукашэнка ў свой час прыйшоў да улады менавіта на хвалі барацьбы з карупцыяй. Пасля ягоных разгромных выступленняў можа падасца, што ён дагэтуль актыўна змагаецца з гэтай заганнай з’явай. Чаму ж тады не атрымліваецца яе перамагчы?

- Усе ягоныя “змаганні” – гэта проста смешна. Кожны раз, калі падыходзім да прэзідэнцкіх выбараў, пачынаюць усё актыўней гучаць лозунгі пра барацьбу з карупцыяй, так было у 1996, 2001, 2006, 2010… Усё змагаюцца і ніяк не могуць перамагчы!

Дык што, на ваш погляд,  трэба зрабіць?

- Працаваць. Я не належу ні да якіх кантралюючых ці іншых дзяржаўных структур, але за паўгады сабраў столькі крымінальных фактаў пра нашых чыноўнікаў, што спачатку сам не даваў веры, у якіх аб’ёмах яна крадуць. А органы, якія павінны расследаваць гэтыя факты, робяць выгляд, што нічога не заўважаюць. Сёння сітуацыя такая самая. Чаму? Дзейнічае “кругавая парука”: суды, пракуратура, міліцыя адзін аднаго пакрываюць.

Хачу вярнуцца да пытання вашага знаходжання ў турме. Ці шмат за кратамі людзей, пакараных незаконна?

- У івацэвіцкай калоніі я рабіў маніторынг. Узяў сто выпадковых вязняў, якім задаваў адны і тыя ж пытанні: ці згодзен чалавек з прысудам, ці правільна да яго прымянілі артыкул Крымінальнага кодэкса. Вынікі былі такія: 6% адказлі, што цалкам згодныя з вынесеным прысудам. 47% адказалі, што так, яны парушылі закон, але не па тым артыкуле, па якім іх пакаралі. Астатніяя 47 % адзначылі, што сядзяць ні за што.

- Наколькі перапоўненыя беларускія калоніі і турмы?

- Па першым тэрміне, калі я быў у калоніі ў Мінску на вул.Кальварыйскай, на 900 месяцаў сядзела каля 2 200 чалавек. Івацэвіцкая калонія разлічана на 1 200 чалавек, але там сядзела больш за 3 тысячы. Ложкі былі на тры ярусы, але ўсё адно здаралася, што людзі ляжалі проста на калідоры, бо ўсе не змяшчаліся ў жылыя памяшканні атрада.

Па законе асноўная задача крымінальнага пакарання – выправіць чалавека і папярэдзіць наступныя злачынствы. Наколькі наша выпраўленчая сістэма спраўляецца з гэтай мэтай? І ці не ператварылася яна з выпраўленчай у карную?

- Для адміністрацыі калоніі выправіць чалавека – гэта значыць  прымусіць яго баяцца. Толькі тады, па іх меркаванні, вязня можна адпускаць. Бо ён гатовы маўчаць, выканаць любы загад. А калі ты будзеш не пагаджацца з незаконнымі дзеяннямі, адстойваць свае правы і змагацца за справядлівасць, цябе не адпусцяць. Бо цябе яшчэ не да канца апрацавалі.

Асобна хачу спытаць вас пра сістэму, якая даўно склалася ў беларускіх турмах, але многім, хто за кратамі не апынаўся, можа быць невядомай. Ці праўда, што выпраўленнем і ўсталяваннем парадку ў калоніях і турмах займаецца не толькі адміністрацыя, якая па законе надзеленая такімі паўнамоцтвамі, але і кола так званых “блатных”, якія, па сутнасці, жывуць у межах “сваіх законаў”, але ўсе астатнія вязні чамусьці мусяць ім падпарадкоўвацца? І наколькі іх дзейнасць узгоднена з адміністрацыяй калоніі?

- Так і ёсць. Адміністрацыя прызнае, што існуюць крымінальныя традыцыі і выкарыстоўвае гэтыя механізмы ў сваіх мэтах. Якім чынам? Начальнікі прывязваюць да сябе блатных, якія могуць уплываць на іншых вязняў, і праз іх устанаўліваюць патрэбны парадак. Блатныя, па сутнасці, з’яўляюцца дадатковымі надзіральнікамі.  За гэта яны маюць пэўныя паблажкі ва ўмовах утрымання. Да мяне ні раз прыходзілі зэкі, якія скардзіліся, што больш не могуць трываць гэтыя парадкі. Я спрабаваў ім дапамагчы – напісаць скаргу, напрыклад. Адміністрацыя, калі бачыла, што вязень звяртаецца па дапамогу, звярталася да блатных. Тыя падыходзілі да гэтага чалавека і пачыналі разборкі: “Што табе не падабаецца? Ужо збегаў да Аўтуховіча? Храбет табе пераламаць?”. Пасля  такога скардзіцца ці адстойваць свае правы многія перадумвалі. Менавіта з такім разлікам і створана кааперацыя паміж блатнымі і адміністрацыяй.

Як да вас ставіліся гэтыя так званыя “крымінальныя аўтарытэты”?

- У калоніі, апроч тых, хто супрацоўнічае з адміністрацыяй, ёсць і тыя аўтарытэты, якія адмовіліся даносіць на вязняў ці дапамагаць начальнікам, яны самі па сабе. З гэтымі людзьмі я кантактаваў. Варта заўважыць, што яны, як правіла, вельмі справядлівыя і не маўчаць. Калі ёсць неякія праблемы, спрабуюць іх вырашыць, патрабуюць выканання абавязкаў ад адміністрацыі. Таму іх часцей за ўсіх кідаюць у штрафны ізалятар, каб у калоніі не было нават бачна. Пасля некалькіх ШІЗА адбываецца суд і такіх вязняў закрываюць у турме, дзе магчымасць кантактаваць з іншымі зэкамі мінімальная.

Як ставяцца да палітычных вязняў у калоніях і турмах?

- Адразу скажу, што палітвязні паміж сабой падтрымліваць сувязь не могуць – гэта забаронена па законе. Таму ўсю інфармацыю я атрымліваў з газет. Загадзя ведаў, напрыклад, што Зміцер Дашкевіч едзе ў гродзенскую турму. Напярэдадні мяне выклікала начальства, спыталі, ці не супраць я сядзець з ім у адной камеры. Я адказаў станоўча. Але пасля яны перадумалі і загадалі мне перайсці ў іншае памяшканне, у маю камеру пасля змясцілі Дзіму. Мы з ім ні разу не бачыліся ў турме. Што датычыцца стаўлення іншых вязняў да палітычных, то яно добрае. Агрэсія і недавер хутчэй выключэнне.

Задам пытанне, якое вы, напэўна, чулі ні раз. Можа быць, не варта было пачынаць тую барацьбу? Спакойна, як усе, плыць па цячэнні: нешта плаціць органам, каб не чапалі, але працягваць ранейшае жыццё бізнэсоўцы?

- У мяне было шмат магчымасцяў мець грошы, лічы, з паветра. Паступалі прапановы ад чыноўнікаў з выканкама, але для мяне гэта было непрымальна. Я добра разумеў, што зарабіў свае грошы сам. У мяне не было бацькоў-чыноўнікаў, нікога не было. Я плаціў заўсёды падаткі. Ведаў, што ў мяне ніколі не было запазычанасцяў. І калі да мяне прыходзілі чыноўнікі і патрабавалі ім заплаціць, мяне гэта проста абурала. Да мяне ў 90-я нават бандыты не наведваліся, бо ведалі, нічога добрага яны ад мяне чакаць не могуць. Вырашаць з чыноўнікамі пытанні, як з бандытамі, я не мог, таму звярнуўся ў кампетэнтныя органы. Да чаго гэта прывяло, усім вядома. З іншага боку, я б і не змог пайсці на здзелку з сумленнем. Не такі я чалавек.

Калі палітвязні выходзяць на волю, людзі вітаюць іх падзякамі, добрымі словамі. У многіх існуюць спадзяванні, што вось менавіта гэты чалавек, які прайшоў столькі пакутаў і не зламаўся ў турме, і стане тым доўгачаканым беларускім лідарам. Ці ёсць у вас палітычныя амбіцыі? У 2004 вы балатаваліся на парламенцкіх выбарах…

- Я пайшоў у кандыдаты не таму, што прагнуў палітычнай кар’еры. Проста я не бачыў іншага спосаба, як можна было б змяніць жыццё ў рэгіёне, як можна было б палепшыць умовы для вядзення бізнэсу. Усе гэтыя праблемы і зараз актуальныя для маіх землякоў. У 2004 у мяне была моцная падтрымка паплечнікаў, якія на тых выбарах мне дапамагалі. Што датычыцца сённяшняй сітуацыі. Як і раней, я не належу ні да якіх палітычных партыяў і рухаў. І не бачу сябе пакуль у палітыцы. Мне патрэбны час, каб разабрацца, што зараз наогул адбываецца ў грамадска-палітычным жыцці краіны. Чытаў, што многія дзеячы з’ехалі за мяжу. Настрой у людзей пасіўны, ёсць пэўнае расчараванне. Апазіцыя сапраўды не апраўдала многія спадзяванні народа. Але каб даць больш поўную ацэнку, мне патрэбны час, каб запоўніць інфармацыйны вакуум, які ўтварыўся за час майго зняволення.

Вы былі ў Афганістане. Ці праўда, што той, хто хоць раз прайшоў вайну, ніколі не здаецца?

- У гэтым ёсць рацыя, але я б і без вайны ніколі не здаўся. Вядома, служба ў войску мяне сфарміравала. Як кіраўнік я дастаткова катэгарычны. На маёй фірме быў такі парадак: што я сказаў – закон. Супрацоўнікі павінны былі безумоўна адпавядаць патрабаванням прадпрыемства. Я не цярпеў п’янства, неахайнасці, разгільдзяйства. Многіх кіроўцаў я кадзіраваў, калі яны былі на гэта згодныя. Што датычыцца вайны ў Афганістане, ёсць такое паняцце “афганскі сіндром”, якое прыпісваюць многім, хто там знаходзіўся. Сапраўды ў афганцаў да болю павышанае пачуццё справядлівасці. Яны проста на псіхафізічным узроўні не выносяць парушэнне закону. Не будзем забываць, з якімі высакароднымі ідэямі савецкіх салдатаў адпраўлялі ў Афганістан, а што там адбывалася насамрэч і якім пасля было расчараванне вайскоўцаў, калі стала вядома спраўдная мэта той вайны.

Зараз таксама неспакойны час, калі паглядзець на сітуацыю ва Украіне. Ведаю, што вы сачылі за навінамі. Як ацэньваеце дзеянні Расіі? І рэакцыю афіцыйнага Мінска?

- Тое, што падавалася немагчымым яшчэ некалькі месяцаў таму, сёння адбылося. Я маю на ўвазе анэксію Крыма і далейшыя дзеянні Расіі на Усходзе Украіны. Гэта сітуацыя паказала, што механізмы міжнароднага публічнага права не працуюць супраць тупой сілы, падмацаванай энэргетычнымі рэсурсамі і ядзернай зброяй. Беларусь у гэтым сэнсе яшчэ больш слабая за Украіну – у нас няма пратэстнай масы, грамадзянскай супольнасці, палітычных сілаў, якія будуць супрацьстаяць агрэсіі Крамля. Не ведаю, ці разумее гэта Лукашэнка, але ягонае палітычнае і фактычнае жыццё будзе моцна ад гэтага залежаць. 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international