У сядзібе БНФ у Менску адкрылася выстава, прысьвечаная народнаму паэту Рыгору Барадуліну

2007 2007-06-06T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сядзібе БНФ адкрылася выстава “Мастакі – Рыгору Барадуліну. “Каб рунела душа”. Арганізатарамі выставы зьяўляюцца цэнтар імя Язэпа Драздовіча, аб'яднаньне мастакоў “Віцебская акварэль”, суполка “Пагоня”. Палотны, прадстаўленыя гледачам, – гэта вынік мастацкага пленэру, які ладзіўся ў мінулым годзе на Вушаччыне – радзіме народнага паэта Рыгора Барадуліна.

Як паведаміў belngo.info, усяго на выставе зьмешчана каля 40 работ мастакоў з усяе Беларусі. Мастакі ня толькі занатавалі ў сваіх працах навакольле малой радзімы Барадуліна, але і змаглі перадаць беларускую мэнтальнасьць. У экспазыцыі шмат партрэтаў паэта-філёзафа.

У адрас дзядзькі Рыгора прагучала мноства цёплых шчырых словаў, пажаданьняў здароўя і творчага плёну. Нягледзячы на нядаўнюю хваробу, Рыгор Іванавіч выглядаў вельмі бадзёра.

“Тут я адчуў сябе зноў маладым. Таму што шчырасьць, беларускасьць і высокая творчасьць мяне натхняюць, – зазначыў Рыгор Барадулін. – На гэтых працах ня толькі я, але і агульныя з Быкавым нашы мясьціны. Я быццам бы пабываў дома. Вялікі дзякуй мастакам за гэта. Гэта не заказное савецкае, а перш за ўсё нацыянальнае. Як бы там не гаварылі, але я лічу, што мастацтва павінна быць нацыянальнае. І мастацтва, і паэзія аберагаюць мову, нацыю. А так званае інтэрнацыянальнае, яно – нічыё”.

Выставу “Мастакі – Рыгору Барадуліну” спрабавалі арганізаваць у мастацкіх залях. Але, на жаль, кожны раз кіраўніцтва знаходзіла прычыны, каб адмовіць у гэтым. У сядзібе БНФ выстава будзе працаваць каля месяца.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international