Гэнік Лойка судзіцца з КДБ за беларускую мову

2014 2014-04-10T10:29:59+0300 2014-04-10T12:31:51+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/henik-loika.jpg
Генадзь Лойка

Генадзь Лойка

Працэс пачаўся. Судьдзя Сямак Алена Мікалаеўна. 5-7 чалавек прыйшлі падтрымаць Генадзя Лойку ў судзе, сярод іх – былы лідэр БНФ Вінцук Вячорка. Судьдзя размаўляе па-расейску.


 10:24 На пачатку працэсу Лойка просіць, каб паседжаньне вялося па-беларуску. Судьдзя Сямак адмаўляе ў вядзеньні працэса па-беларуску, спасылаючыся на арт.16 і 17, а таксама сьцвярджае, што права выбара мовы вядзеньня працэса залежыць ад асобы, якая вядзе паседжаньне.
«Я не маю права абавязаць кагосьці выказвацца на той ці іншай мове ў адпаведнасьці з заканадаўствам РБ», — кажа судзьдзя Алена Сямак.

Гэнік Лойка заяўляе, што абсалютна не валодае расейскай мовай:
«У нас дзьве дзяржаўныя мовы, вы мусіце імі валодаць. Калі вы не валодаеце, то забясьпечце сабе перакладчыка», — адказвае судзьдзя.
— Я хачу пачуць пытаньні на беларускай мове — кажа Лойка.

— Чуйце, — адказвае Сямак.— Колькі вам трэба часу, каб знайсьці перакладчыка? Я буду весьці працэс на расейскай мове.
— Я хачу пачуць беларускую мову.
— Можаце выдаліцца з залі паседжаньняў. Калі вы ня будзеце ўдзельнічаць, я вас не затрымліваю.
— Паведаміце суду вашае імя, імя па бацьку, прозьвішча.
— Я хачу пачуць пытаньні на беларускай мове.
— Адмовіўся прадставіць сьведчаньні. Сядайце.

10:26.  Генік Лойка заявіў адвод судзьдзі: «Парушаныя правы грамадзяніна, артыкул 50 Канстытуцыі, які гарантуе права выбару мовы, артыкул 6 закона аб мовах. Для мяне тут створаныя перашкоды ў карыстаньні беларускай мовай. Мяне прымушаюць карыстацца іншай мовай, якой я не валодаю». Судзьдзя выйшла з залі, каб вызначыць мэтазгоднасьць адводу, заяўленаму Лойкам.

10-31.  У перапынку Гэнік Лойка падсеў да прадстаўніка КДБ і спытаўся, ці будзе ён адказваць у працэсе па-беларуску. Прадстаўнік адказаў, што адказ на скаргу яны даслалі па-беларуску, таму, магчыма, і ў працэсе будзе адказваць па-беларуску:
— Я магу спадзявацца, што вы ў мяне прабачэньня папросіце па-беларуску? — запытаўся Лойка.
— Спадзявайцеся.
Прычынай скаргі Генадзя стала адмова супрацоўніка КДБ размаўляць зь Генадзем Лойка па-беларуску, калі Лойка наведваў прыёмны пакой КДБ.

Судовае паседжаньне ўзнавілася. Судзьдзя зачытала «вызначэньне», у якім адмовіла Генадзю Лойку ў адводзе судзьдзі на падставе артыкулаў 35 і 36 Грамадзянскага кодэксу.
Абвінавачаньні Лойкі ў неаб’ектыўнасьці судзьдзі назвала неабгрунтаванымі.

10:44.  Генадзь Лойка заяўляе хадайніцтва пра прадстаўленьне перакладчыка. На падставе арт. 14 Закона аб мовах суд павінен забясьпечыць поўнавартасны ўдзел перакладчыка ў судовым працэсе.
«Прашу забясьпечыць вядзеньне працэсу кампэтэнтным перакладчыкам за кошт суда. Я за гэты працэс ужо заплаціў 130 тысяч. Прашу перакладчыка зь дзяржаўнай беларускай мовы на дзяржаўную расейскую мову».
Судзьдзя адхіляе хадайніцтва:
«У нас дзьве дзяржаўныя мовы. І перакладчык з адной дзяржаўнай мовы на другую не прадстаўляецца».
Судзьдзя нагадала Лойку, што ў яго ёсьць права запрасіць перакладчыка за свой кошт.

10:47. Судзьдзя Сямак: Вашае права на дзяржаўную беларускую мову ніхто не парушае
Лойка: Мне ўсчыняюць перашкоды. Мяне прымушаюць карыстацца мовай, якой я не разумею. Грамадзянін мае права валодаць адной мовай, а службоўца мусіць валодаць дзьвюма мовамі.
Сямак: Я вас цудоўна разумею. Калі вы не валодаеце дзяржаўнай мовай, хадзіце ў суд зь перакладчыкам.
Лойка: Я ня бачу прычыны, чаму службоўца ня можа весьці працэс па-беларуску
Сямак: Сядайце. Я вам патлумачыла вашы правы. У мяне такія ж правы, як і ў вас.

Сямак пытаецца ў Лойкі, ці ён не супраць далучэньня да справы абвяржэньняў, якія прадставіў супрацоўнік КДБ. Лойка адказвае, што не разумее пытаньня. Судзьдзя выносіць рашэньне далучыць абвяржэньні прадстаўніка КДБ да справы.

11:05.Лойка прымусіў судзьдзю гаварыць па-беларуску. Судзьдзя чытала скаргу Лойкі па-беларуску яна зачытвала вельмі няўпэўнена, як дзеці ў пачатковай школе. Але цяпер яна ўжо цалкам зьвяртаецца да Лойкі па-беларуску. Лойка перамог – піша з залі суда карэспандэнт Свабоды.

11:09.Лойка хоча звальненьня супрацоўніка КДБ. Сямак далей зьвяртаецца да Генадзя Лойкі цалкам па-беларуску. Пытаецца, чаму ў сваёй скарзе ён просіць кіраўніцтва КДБ звольніць супрацоўніка, які адмовіўся адказваць яму па-беларуску.
Генадзь Лойка:
«Я прашу кіраўніцтва КДБ узьдзейнічаць на свайго супрацоўніка аж да звальненьня. Бо калі чалавек хоча карыстацца адной дзяржаўнай мовай, то хай карыстаецца, але ня будзе тады супрацоўнікам дзяржустановы. Бо 4-ы артыкул абавязвае службоўца валодаць дзьвюма мовамі. Я прашу адпусьціць чалавека з працы, даць яму магчымасьць не валодаць адной дзяржаўнай мовай».

11:16. Прадстаўнік КДБ тлумачыць, чаму там не шануюць беларускую мову
Прадстаўнік КДБ па-расейску тлумачыць, што КДБ рэагавала на скаргу Лойкі ў адпаведнасьці з заканадаўствам і адпраўляла адказы на беларускай мове праз пошту «з паведамленьнем».
Прадстаўнік КДБ сьцьвярджае, што асоба валодае абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі ў аб’еме, неабходным для выкананьня службовых абавязкаў.
Лойка зьвяртаецца да прадстаўніка КДБ па-беларуску, той адказвае яму на добрай беларускай мове:
— Вы разумееце беларускую мову?
— Разумею.
— Вы чулі, што я казаў пра 4-ы артыкул "Закона аб мовах"
— Чуў.
— Супрацоўнік КДБ Кайдуноў валодае дзяржаўнымі мовамі?
— Валодае ў аб’еме, неабходным для выкананьня службовых абавязкаў.
— Але ж мне ён сказаў, што не валодае.
— Ён валодае. Вы зьвярнуліся ў КДБ са зваротам на беларускай мове. Вам адказалі па-беларуску. Што тычыцца артыкула 4-га. Артыкул 5-ы апісвае вашыя гарантыі пры звароце ў дзяржаўную ўстанову. 4-ы артыкул не датычыцца вашых грамадзянскіх правоў. Ён кажа пра абавязкі службовых асоб. Мы зьвярталі ўвагу на артыкул 5-ы, бо ён гарантуе вашыя правы. А артыкул 4-ы тычыцца толькі службовых асобаў і не гарантуе вашыя правы.
— Я зразумеў, але парушэньне 4-га артыкула цягне за сабой 6-ы артыкул, што зьяўляецца стварэньне перашкодаў у карыстаньні дзяржаўнай мовай. 5-ы артыкул мяне не цікавіць. Дарэмна вы столькі паперы патрацілі на тлумачэньне гэтага артыкула. Я грамадзянін гэтай краіны. Я народ. Я гаспадар гэтай краіны. А службоўца — гэта служка народу. Сяргей Кайдуноў мне сказаў, што ён не валодае дзяржаўнай мовай. Магчыма, ён ня хоча. Тады адпусьціце яго з працы, звольніце.

11:29. Прайшлі спрэчкі бакоў.
Генадзь Лойка: На гэтым судзе парушаныя мае правы грамадзяніна Канстытуцыі РБ, менавіта Арт. 50 — права выбару мовы. Дзяржаўны службоўца, судзьдзя, не забясьпечыла гарантаванае мне Канстытуцыяй права выбару мовы і стварала перашкоды ў карыстаньні. Я хацеў бы пачуць ад супрацоўніка КДБ Сяргея Міхайлавіча Кайдунова беларускую мову. Прашу суд забясьпечыць мне гэтую магчымасьць”.
Прадстаўнік КДБ ад удзелу ў спрэчках адмаўляецца:
«Дадаць няма чаго. Просім у задавальненьні скаргі адмовіць, бо, на наш погляд, парушэньня ягоных правоў дапушчана не было».
Разьбіральніцтва скончанае. Судзьдзя пайшла выносіць рашэньне. Яно будзе абвешчанае праз 30 хвілін.

12:26. Рашэньне суду: У задавальненьні скаргі адмовіць. Рашэньне можа быць абскарджанае ў Менскім  гарадзкім судзе.
Судзьдзя Алена Сямак ня выявіла падстаў, што правы грамадзяніна Лойкі былі парушаныя,  абавязак дзяржаўных служачых на камунікацыю з грамадзянамі на беларускай мове нідзе не пацьверджаны заканадаўча.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international