Бабруйск: Цэнтр горада не прыдатны для самастойных выездаў вазочнікаў (фота)

2014 2014-04-09T16:50:33+0300 2014-04-09T16:50:33+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/babr-invalid-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Для здаровага чалавека пераадолець адлегласць ад гарадской выставачнай залы да мастацкага музея Паплаўскага справа некалькіх хвілін. Гэтыя ўстановы культуры размешчаны паабапал цэнтральнай плошчы Леніна. Але іх раздзяляюць непераадольныя для інвалідаў-вазочнікаў пешаходныя пераходы з высокімі бардзюрамі. Таму для бабруйчан на колах гэты шлях расцягваецца ў часе і немагчымы без суправаджэння валанцёраў ці сваякоў.

Сяргей Мацкевіч ў мінулым годзе адсудзіў у мясцовага дарожна-эксплуатацыйнага прадпрыемства грашовую каменсацыю. Ён звярнуўся ў суд пасля таго, як перакуліўся на вазку проста на праезнай частцы, бо пешаходны пераход не быў прыстасаваны для людзей з дадатковымі патрэбамі. У выніку падзення Сяргей пашкодзіў грудную клетку, рукі, разбіў галаву.

-Зараз я рыхтую зварот да мясцовых чыноўнікаў, у якім прашу яшчэ раз звярнуць увагу на пешаходныя пераходы, на высокія бардзюры, якія складана пераадолець вазочнікам і бацькам з калыскамі, - кажа Сяргей Мацкевіч. - Звярніце ўвагу на бардзюры ў раёне выставачнай залы і гандлёвага цэнтра "Вэстар", як высока даводзіцца суправаджаючым падымаць вазок, каб выехаць на пешаходны пераход. І гэта ў самым цэнтры горада, недалёка ад гарвыканкама!

У Сяргея Мацкевіча трохколавы вазок, і па горадзе ён рухаецца самастойна. Але нават з такім вазком яму даводзіцца часта ездзіць уздоўж праезнай часткі, бо забрацца на высокія бардзюры ў адзіночку проста немагчыма.

Гарадская выставачная зала, куды прыехала цэлая група вазочнікаў, шчодра аздобленая з усіх бакоў прыступкамі. Тут няма ніводнага пандуса. Сяргей Мацкевіч прапанаваў вазочніцам скарыстацца ўласным перанасным пандусам. Зразумела, што для яго ўстаноўкі патрабуецца дапамога пабочных людзей. Іншых вазочніц падымаюць па прыступках іх суправаджаючыя.

-Часам падчас такіх пераадоленняў шматлікіх прыступак вазок можа перакуліцца, паверце, гэта вельмі непрыемна, - кажа Насця Фёдарава. - Асабіста я не аднойчы ўжо так падала.

-Зразумела, што выставачная зала будавалася ў савецкія часы, калі "інвалідаў у нас не было", - з іроніяй дадае Інга Татур. - Але і зараз, калі так шмат гаварыцца пра безбар'ерны асяродак, праблема з патрапленнем у культурніцкія ўстановы застаецца для бабруйчан актуальнай.

Наведаць пасля выставачнай залы мастацкі музей адважваюцца па запрашэнню Сяргея Мацкевіча толькі дзве вазочніцы - Насця Фёдарава і Вераніка Крычко. Яны прапануюць прайсці з імі даволі просты, на першы погляд, шлях. Яны пераадольваюць нязручныя бардзюры проста каля будынка залы і ўжо праз некалькі дзесяткаў метраў з'яўляюцца два варыянты перахода аўтадарогі. Першы, які выходзіць да крамы "Чайка", з разбітым асфальтавым пакрыццём і ямінай. Вазочнікі абіраюць другі шлях - пераход на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і Горкага. Тут іншая праблема - высокі бардзюр без спуску. Насця пераадольвае яго з дапамогай маці, Вераніка - з дапамогай валанцёра Іллі, Сяргею даводзіцца ехаць па краю праезнай часткі.

Праз некалькі метраў трэба яшчэ раз перайсці дарогу, у накірунку кавярні "У фантана". Тут вазочнікаў зноў чакаюць высокія бардзюры, і зноў на дапамогу прыходзяць іх суправаджаючыя. Наступны пераход - праз вуліцу Савецкую, са спушчанымі бардзюрамі, яго вандроўнікі пераяжжаюць хутка.

Нарэшце вазочнікі дасягаюць пункта прызначэння, музея імя Паплаўскага. Тут ёсць запасны ўваход з пандусам. Адзіная, але істотная праблема - ён зачынены. Каб патрапіць праз яго ў залу ўнутр, трэба ехаць да цэнтральнага ўвахода, каб паразмаўляць з супрацоўнікамі. Ніякай кнопкі выкліку ці нечага падобнага тут няма, таму вазочнікам зноў не абыйсціся без дапамогі валанцёраў. Адзін з іх трымае дзверы, другі дапамагае Сяргею пераадолець высокую прыступку, ён заязджае ўнутр і дамаўляецца з супрацоўнікам наконт экскурсіі для сябровак. Апошні штрых: пасля таго, як супрацоўнік музея адчыняе дзверы, ён жа іх і прытрымлівае, бо яны не аздобленыя сістэмай блакіроўкі ці аўтаматычнага адкрыцця. І вось, нарэшце, вазочнікі трапляюць у музей.

-У параўнанні з іншымі ўстановамі культуры патрапіць у гэты музей, можна сказаць, проста, - каментуе Насця Фёдарава. - Абавязкова зладзім сюды групавы выезд. Але вось дабрацца да самога будынка вельмі няпроста. Маім сяброўкам, якія ехалі сёння ў раён плошчы з іншага канца горада, давялося спачатку прастаяць доўгі час на прыпынку, каб "злавіць" нізкападлогавы аўтобус ці тралейбус. Потым узнікае праблема з усімі гэтымі бардзюрамі-прыступкамі. Безумоўна, прагуляцца нават у цэнтры горада без суправаджэння валанцёра пакуль нерэальная задача. Я ўжо маўчу пра спальныя раёны, спушчаныя бардзюры і пандусы там вялікая рэдкасць.     

 

Фота:

1. Перанасны пандус Сяргея Мацкевіча

2. Прыступкі гарадской выставачнай залы

3. Бардзюр на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і Горкага

4. Пешаходны пераход ля кафэ "У фонтана"

5-6. Цэнтральны уваход мастацкага музея імя Паплаўскага

7. Сяргей Мацкевіч

8. Запасны ўваход у музей, абсталяваны пандусам

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international