Хоцімск: акруговая камісія адмовілася пералічваць выбарчыя бюлютэні

2014 2014-04-09T13:58:35+0300 2014-04-09T13:58:35+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/karankevich-valery-hocimsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Былы кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 Валерый Каранкевіч атрымаў адказ з акруговай выбарчай камісіі на сваю скаргу з патрабаваннем правесці паўторны пералік галасоў на трох выбарчых участках.

Акруговая выбарчая камісія Хоцімскай выбарчай акругі №54 адмовіла Валерыю Каранкевічу ў задавальненні скаргі аб правядзенні паўторнага пераліку галасоў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54. Камісія адзначыла, што, “згодна пратаколаў вышэйпералічаных камісій (№1,3,4 – з. р.), парушэнняў не ўстаноўлена. Такім чынам, падставаў для прыняцця рашэння аб паўторным пераліку галасоў выбаршчыкаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 не маецца”.

“Гэта проста нейкі здзек з боку акруговай камісіі. Замест таго, каб пералічыць галасы выбаршчыкаў на канкрэтных выбарчых участках, яны мне распавядаюць пра тое, што пратаколы напісаныя правільна, - кажа Валерый Каранкевіч. – Не сумняюся, што пратаколы аформлены належным чынам, аднак я скардзіўся на канкрэтныя грубыя парушэнні працэдуры галасавання на выбарчых участках №1 і №3 у Хоцімску і патрабаваў пералічыць выбарчыя бюлютэні на гэтых участках.

Цікава яшчэ і тое, што ліст з акруговай выбарчай камісіі, датаваны 28.03.2014 г., я здолеў атрымаць толькі на гэтым тыдні. Неяк вельмі своеасабліва ў Хоцімску пошта працуе, калі ліст у маленькім гарадскім пасёлку ідзе да адрасата такі тэрмін”.

Нагадаем, што 4 красавіка Валерый Каранкевіч асабіста падаў і зарэгістраваў у Цэнтрвыбаркаме скаргу на тое, што Хоцімскія раённая, акруговая і Магілёўская абласная выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў так і не далі адказ на яго скаргі, у якіх ён распавядаў пра грубыя парушэнні працэдуры галасавання на выбарчых участках №1 і №3 у Хоцімску і прасіў выбарчыя камісіі правесці пералік выбарчых бюлетэняў на дадзеных участках для галасавання.

У дзень выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў 23 сакавіка каля 20-00 Валерый Каранкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС на ўваходзе ў Інтэрнацыянальны выбарчы участак №3 у Хоцімску. Кандыдат у дэпутаты быў дастаўлены ў Хоцімскі РАУС, дзе яго ўтрымлівалі каля 40 хвілін без складання пратакола затрымання, а пасля адпусцілі. Падставай для тэрміновага затрымання супрацоўнікі назвалі заяву на адрас Каранкевіча з боку сябра акруговай выбарчай камісіі Хоцімскай выбарчай акругі №54 Мікалая Тамашова. З-за незаконнага затрымання Валерый Каранкевіч не змог прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэняў.

Валерый Каранкевіч лічыць, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі яго адмыслова, каб не даць магчымасці прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэняў на ўчастку №3 у Хоцімску.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international